БагатаДата: 30 сакавіка — 5 красавіка

Вы ведалі, што ёсць Дзень дзяржаўнасці беларускай мовы? А пра міжнародны дзень бэкапа і Дзень супоў? Больш цікавостак у нашым аглядзе.

Міжнародны дзень птушак — 2 красавіка

30 сакавіка

1689. Быў пакараны смерцю за атэізм філосаф родам з-пад Брэста Казімір Лышчынскі, аўтар трактату «Аб неіснаванні Бога». Спачатку яму адсеклі галаву, а потым спалілі. Рукапіс трактату быў таксама спалены. Да нас дайшлі толькі асобныя фрагменты твора, якія захаваліся ў матэрыялах судовага працэсу над Казімірам Лышчынскім. У вёсцы Малыя Шчытнікі Брэсцкага раёна да 300-годдзя пакарання Лышчынскага быў усталяваны памятны знак.

Мікалай Халезін

Мікалай Халезін


1964. У Мінску ў сям’і спевака філармоніі нарадзіўся Мікалай Халезін, журналіст, сцэнарыст, заснавальнік Беларускага свабоднага тэатра, які зарэгістраваны ў Лондане і пазіцыянуецца як падпольны.


31 сакавіка

Міжнародны дзень рэзервовага капіявання (бэкапа).

1949. Нарадзіўся адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы, біёлаг, галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зміцер Санько.

1969. У Чыкага пайшоў з жыцця Мікола Шчаглоў-Куліковіч, беларускі кампазітар, адзін з арганізатараў у Мінску Тэатра оперы і балета Беларусі, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі. На лібрэта Наталлі Арсенневай напісаў оперы «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей».


1 красавіка

Дзень смеху, або дзень дурня. А таксама Міжнародны дзень птушак.

1919. У Мінску нарадзілася жывапісец і графік Раіса Кудрэвіч. У 1999 годзе ўганараваная званнем «Народны мастак Беларусі».

2 красавіка

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Адзначаецца ў дзень нараджэння вядомага пісьменніка-казачніка Ханса Хрысціяна Андэрсена.


1949. У Лагойску нарадзіўся кампазітар, дырыжор, збіральнік беларускага фальклору Алесь Рашчынскі. Музычны кіраўнік ансамбля «Харошкі», квартэта «Купалінка», групы-капэлы аўтэнтычнага фальклору «Агмень». У верасні 2016 года ў Мінску пасля яго смерці быў створаны народны хор імя Алеся Рашчынскага.

3 красавіка

Дзень дзяржаўнасці беларускай мовы. Некаторыя прапануюць адзначаць такую дату. Нагода — прыняцце ў гэты дзень 1918 года пастановы Народнага камісарыяту БНР, якой беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай і абавязковай для выкарыстання ў дакументах урадавых установаў.

4 красавіка

1914. У вёсцы Паддзягцярня Пухавіцкага раёна нарадзілася Алена Мазанік, савецкая выведніца, Герой Савецкага Саюза, непасрэдная выканаўца знішчэння ў ноч з 21 на 22 верасня 1943 года генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. За некалькі месяцаў да ўчынення забойства яна ўладкавалася працаваць у дом, дзе жыла сям’я Кубэ, прыбіральшчыцай. Мазанік падклала бомбу пад ложак гаўляйтара. Да таго Алена Мазанік працавала афіцыянткай у казіно, там яе і знайшоў Кубэ, запрасіўшы ў абслугу свайго трохпавярховага дома ў Мінску. Міну Мазанік перадала падпольшчыца Марыя Осіпава.

Алена Мазанік, Марыя Осіпава, Надзея Траян.

Таксама існуе версія, што замах маглі падрыхтаваць самі немцы — палітычныя апаненты Кубэ з СС, незадаволеныя тым, што той пратэставаў супраць жорсткіх метадаў акупацыі і крыху падтрымліваў беларускі нацыянальны рух. Ці, прынамсі, СС і СД маглі ведаць пра падрыхтоўку замаху і не прадухіліць яго. Што да наступстваў ліквідацыі Кубэ, то, з аднаго боку, такім чынам Гітлеру далі моцную рэзанансную аплявуху, а з другога — у Мінску былі схопленыя і расстраляныя дзве тысячы жыхароў. Мазанік і Осіпаву ўдалося вывезці ў Маскву.

1904. Нарадзіўся каталіцкі святар, пакутнік Юрый Кашыра. Памёр у лютым 1943 года ў выніку Росіцкай трагедыі. Яна адбылася ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна. Фашысты праводзілі тут маштабную карную аперацыю. У касцёле мясцовых жыхароў сартавалі: каго адправіць на працы ў Германію, а каго — на знішчэнне. Кашыру загадалі блаславіць асуджаных да смерці і стаць у іншую калону. Але святар пайшоў да тых, каго адправілі ў апошні шлях, — на спаленне ў стайні. Усяго падчас карнай аперацыі ў Росіцы за некалькі дзён былі спаленыя некалькі тысяч чалавек.


5 красавіка



Нефармальны Міжнародны дзень супоў, які звяртае ўвагу на важнае месца ў харчаванні першых страваў, якія здаўна ў Беларусі называліся поліўкамі, — крупнік, граматка, халаднік, боршч, панцак...



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!