30 студзеня
1921. У вёсцы Карма Добрушскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Аўтар хрэстаматыйных твораў кшталту «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Сэрца на далоні».
31 студзеня
Дзень беларускай навукі. Міжнародны дзень ювеліра.
1896. У Пружанах на Брэстчыне нарадзілася матэматык і філосаф Соф’я Яноўская, заснавальніца рускай школы філасофіі матэматыкі. Першай у СССР пачала чытаць лекцыі па матэматычнай логіцы.
1946. У Оршы на Віцебшыне нарадзіўся мастак Мікола Купава. Пэўны час кіраваў творчай суполкай «Пагоня».
1 лютага
1411. Заключаны Торуньскі мір. Гэтае мірнае пагадненне, падпісанае ў польскім горадзе Торунь, завяршыла Вялікую вайну ў 1409-1411 гадах хаўрусу Польшчы і ВКЛ супраць Крыжацкага ордэну. Крыжакі страцілі невялікія тэрыторыі, таму Торуньскі мір лічыцца дыпламатычнай няўдачай Польшчы з ВКЛ пасля іх велізарнай перамогі ў Грунвальдскай бітве.
2 лютага
Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў.
1941. Нарадзіўся дыпламат Пётр Садоўскі. Першы пасол незалежнай Беларусі ў Германіі і дэпутат Вярхоўнага Савета.
3 лютага
1966. У Мінску нарадзілася баскетбалістка Алена Швайбовіч. Выступала ў тым ліку за мінскі «Гарызонт». Алімпійская чэмпіёнка 1992 года.
4 лютага
Сусветны дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі.
1746. У фальварку Мерчоўшчына Івацэвіцкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся ваенна-палітычны дзеяч Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 года. Нацыянальны герой не толькі Беларусі, але таксама Польшчы і ЗША. У гарадах гэтых краін усталявана каля дзясятка помнікаў Касцюшку — ад Кракава да Бостана. Таксама ёсць гара, выспа і нават горад Касцюшка (у ЗША).
5 лютага
1946. Пачала дзейнічаць Дамова паміж СССР і Польшчай аб дзяржаўнай мяжы. Яна юрыдычна зафіксавала пераход да СССР Заходніх Беларусі і Украіны. Між тым, Беластоцкая вобласць забіралася ў БССР і аддавалася палякам.