БагатаДата 30 траўня — 5 чэрвеня

На гэтым тыдні юбілеі і круглыя даты святкуюць Юрка Віцьбіч, Васіль Зуёнак і Аляксей Кузьміч. Хто яшчэ адзначыўся ў нашым традыцыйным аглядзе?

Сусветны дзень Тай-цзы і Цыгун


30 траўня

Сусветны дзень Тай-цзы і Цыгун. Звычайна адзначаецца ў 80 краінах у апошнюю суботу красавіка. Але ў 2020 годзе ў сувязі з пандэміяй каронавіруса перанесены на апошнюю суботу траўня.

1910. У вёсцы Нізок Уздзенскага раёна на Міншчыне нарадзіўся акцёр, народны артыст Беларусі Анатоль Трус. Шмат гадоў уваходзіў у трупу Коласаўскага тэатра ў Віцебску. Здымаўся ў кіно — у прыватнасці, у фільме «Атланты і карыятыды».


31 траўня

Дзень хіміка (адзначаецца ў апошнюю нядзелю траўня). Сусветны дзень бландзінак, а таксама Сусветны дзень без тытуню.


1 чэрвеня

Міжнародны дзень абароны дзяцей. Сусветныя дні малака і бацькоў.

1945. У вёсцы Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці нарадзіўся мастак Аляксей Кузьміч. Шмат маляваў партрэты, перадусім жанчын. Стварыў галерэю Мадоннаў. Кузьміч казаў: «Хто любіць жанчыну, хто любіць свет, хто піша жанчыну, таму дапамагае Бог». Маляваў партрэты многіх сучасных дзеячаў культуры — Віктара Турава, Барыса Луцэнкі ды іншых.

«Ева» з серыі «Залатыя мадонны», 2005 год. Палатно, алей

Бацька мастака Аляксея Кузьміча, які ў 2019 годзе зладзіў голым нашумелы перформанс падчас сваёй выставы на знак пратэсту супраць цэнзуры Міністэрства культуры.


2 чэрвеня

1905. У горадзе Веліж (цяпер Смаленская вобласць Расіі) нарадзіўся грамадскі дзеяч, краязнавец, пісьменнік Юрка Віцьбіч. Сапраўдныя імя і прозвішча — Серафім Шчарбакоў. Напачатку 1941 года арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў Віцебску, дзе жыў. Падчас нямецкай акупацыі займаўся публіцыстыкай і літаратурай. Перавёз з Віцебска ў Полацк парэшткі Еўфрасінні Полацкай. Затым пераехаў у Мінск, а пасля вайны выехаў на Захад. Выдаваў шэраг эмігранцкіх газет і часопісаў: «Шыпшына», «Беларускае слова», «Беларус», «Бацькаўшчына».


3 чэрвеня

Сусветны дзень ровара.


1915. У сталіцы Аўстрыі Вене нарадзіўся беларускі мастак Адольф Гугель. Шмат маляваў агульныя карціны з жонкай — мастачкай Раісай Кудрэвіч.

1935. У вёсцы Мачулішча Крупскага раёна на Міншчыне нарадзіўся паэт Васіль Зуёнак. Галоўны рэдактар часопісаў «Бярозка» і «Маладосць». У 1990-х гадах — старшыня праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пра яго творчасць пісалі Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Пімен Панчанка, Алег Лойка, Анатоль Вярцінскі і многія іншыя, адзначаючы фенаменальны мастацкі дар, дзякуючы якому паэт аказаўся здольны спалучыць у натхнёных радках сучаснасць і гісторыю, лірыку і эпас, міф і рэальнасць, імкненне да вечнага і фельетонную стракатасць звычайнай паўсядзённасці.


4 чэрвеня

Міжнародны дзень дзяцей — ахвяраў агрэсіі.

1810. Выйшаў указ расійскага імператара Аляксандра І пра будаўніцтва Бабруйскай крэпасці. Яе ўзвялі на месцы старажытнага замка. Крэпасць вытрымала працяглую аблогу французскай арміі ў вайне 1812 года. Затым крэпасць выкарыстоўвалася як палітычная турма. У розны час тут былі зняволенымі, напрыклад, «дзекабрысты», Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Паўлюк Багрым. Падчас Другой сусветнай вайны тут быў канцлагер.


5 чэрвеня

Дзень эколага.

1925. У Мінску нарадзілася актрыса, тэатразнаўца і педагог Эльвіра Герасімовіч. Працавала рэктаркай Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: