БагатаДата 4–10 красавіка

Было прынятае рашэнне абвесціць Дзень Чарнобыльскай трагедыі, а таксама нарадзіўся наш зямляк, які выправіў чалавека на Месяц. Якія яшчэ падзеі мінулага мы можам узгадаць?


4 красавіка

Дзень інтэрнэту.

1945. У вёсцы Петрашунцы Валожынскага раёна на Міншчыне нарадзіўся доктар фізіка-матэматычных навук Віктар Карзюк. Працаваў прарэктарам БДУ і рэктарам Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Акадэміі навук.


5 красавіка

1950. У Мінску нарадзіўся трэнер па фрыстайле Мікалай Казека. Яго вучні заваявалі шэсць алімпійскіх медалёў, з іх чатыры — залатыя. У маладосці Мікалай Казека займаўся скачкамі на батуце і быў чэмпіёнам СССР.

1990. Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР абвясціў 26 красавіка Днём Чарнобыльскай трагедыі. Грамадскасць у той час толькі дамагалася праўды пра гэтую катастрофу, якая здарылася ў 1986 годзе, і дзеянняў па ліквідацыі яе наступстваў.


6 красавіка

Міжнародны дзень спорту дзеля развіцця і міру.

1910. У Санкт-Пецярбургу нарадзіўся беларускі грамадскі дзеяч, матэматык, фізік, знаны адмысловец у касманаўтыцы Барыс Кіт. У 1930-я гады працаваў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, а таксама гімназіі ў Навагрудку. Падчас нямецкай акупацыі арганізоўваў настаўніцкія семінары. Арыштоўваўся гестапа, пазбег расстрэлу і пасля вайны эміграваў.


Жыў і працаваў у ЗША ды Германіі. Барыс Кіт быў сярод тых навукоўцаў, дзякуючы якім чалавек паляцеў на Месяц. Яго імя замуравана ў капсуле часу ў сцяне Капітолія ў Вашынгтоне. Памёр узімку 2018 года на 108-м годзе жыцця.


7 красавіка

1580. На Піншчыне нарадзіўся багаслоў Лявонцій (Логвін) Карповіч. Узначальваў у ВКЛ антыўніяцкі рух. За гэта сядзеў у вязніцы. У 1620 годзе на смерць Лявонція Карповіча быў напісаны найбуйнейшы ў ВКЛ паэтычны твор на старабеларускай мове — «Лямант на смерць Лявонція Карповіча». Пасля скону ўшаноўваўся як святы.

1580. На Піншчыне нарадзіўся багаслоў Лявонцій (Логвін) Карповіч. Узначальваў у ВКЛ антыўніяцкі рух. За гэта сядзеў у вязніцы. У 1620 годзе на смерць Лявонція Карповіча быў напісаны найбуйнейшы ў ВКЛ паэтычны твор на старабеларускай мове — «Лямант на смерць Лявонція Карповіча». Пасля скону ўшаноўваўся як святы.



Сусветны дзень здароўя.

1905. У Дуброўне на Віцебшчыне нарадзіўся аператар, сцэнарыст і рэжысёр кіно Натан Аксельрод. Ён зняў першыя ў ізраільскім кінематографе мастацкія фільмы.


8 красавіка

У Беларусі — Дзень супрацоўнікаў ваенных камісарыятаў. Міжнародны дзень ромаў.


9 красавіка

1911. У Генічэску (Херсонская вобласць Украіны) нарадзіўся Ісай Казінец, да Другой сусветнай вайны — інжынер у Беластоку, а затым — кіраўнік падполля ў Мінску. Схоплены фашыстамі і павешаны ў траўні 1942 года. У гонар Казінца названыя вуліца і плошча ў Мінску.


10 красавіка

Міжнародны дзень руху супраціву.

1900. У вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся геолаг, географ, грамадскі дзеяч Гаўрыла Гарэцкі. Адзін з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі. Малодшы брат пісьменніка Максіма Гарэцкага. Бацька вучонага Радзіма Гарэцкага. Быў рэпрэсаваны: асуджаны да расстрэлу, але застаўся жывым. Браў удзел у будоўлях амаль усіх буйных ГЭС у Расіі. Вярнуўся ў Мінск у 1969 годзе.

Гаўрыла Гарэцкі з сынамі Радзімам і Усяславам. Пасёлак Мурмашы Мурманскай вобл. 16 кастрычніка 1936 г.

Апрача геалогіі, меў навуковыя працы па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі. Вярнуў з нябыту імя і творчасць Максіма Гарэцкага.

1975. У Мінску нарадзіўся гімнаст Іван Іванкоў. Неаднаразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету. Жыве ў ЗША.

2010. У авіякатастрофе пад Смаленскам, кіруючыся на жалобныя мерапрыемствы ў Катынь, загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі, а таксама многія іншыя асобы з тагачаснага кіраўніцтва гэтай краіны. Бацькі Леха Качынскага і яго брата-блізнюка Яраслава больш за дзясятак гадоў у міжваенны перыяд жылі ў Баранавічах.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: