БагатаДата 5–11 кастрычніка

Што такое «Канстытуцыя развітога сацыялізму» і хто быў аўтарам плакатаў «Кадры вырашаюць усё»? Пра гэта і не толькі — у нашым аглядзе.

5 кастрычніка

Сусветны дзень настаўніка. А таксама Міжнародны дзень дзіцячага цэрабральнага паралічу і Міжнародны дзень супраць прастытуцыі.

1974. У Іерусаліме памёр ізраільскі пісьменнік і палітык Залман Шазар (сапраўднае прозвішча — Рубашоў). Ураджэнец беларускага мястэчка Мір, ён быў трэцім прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (дзве кадэнцыі).


6 кастрычніка

1994. Прыняты Закон «Аб Нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». Гэтая дата стала адзначацца ў нашай краіне як Дзень архівіста.


7 кастрычніка

Сусветны дзень архітэктуры і Міжнародны дзень лекара.


1977. Была прынята трэцяя і апошняя Канстытуцыя СССР — «Канстытуцыя развітога сацыялізму», або «Брэжнеўская Канстытуцыя». Камуністычная партыя абвяшчалася «авангардам народа» і «кіруючай сілай савецкага грамадства» — палітычная сістэма была аднапартыйнай. «Развітое сацыялістычнае грамадства» апісвалася як «грамадства сапраўднай дэмакратыі» і як «заканамерны этап на шляху да камунізму». Фармальна рэспублікі мелі «права вольнага выхаду» з Савецкага Саюза.


8 кастрычніка

1959. У Мінску нарадзіўся мастак і дызайнер Дзмітрый Сурскі. Старшыня Беларускага саюза дызайнераў. Аўтар вядомых плакатаў 1980-х гадоў: «Эканомія ў быце», «Кадры вырашаюць усё», «Хлеб усяму галава».


9 кастрычніка

Сусветны дзень пошты.


1924. У вёсцы Кунтараўка Веткаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся Аляксандр Аксёнаў, палітычны дзеяч БССР. Узначальваў беларускі камсамол, быў паслом СССР у Польшчы, міністрам унутраных справаў і старшынёй Савета міністраў БССР. Кіраваў Дзяржаўным камітэтам СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні падчас Перабудовы.

1929. У Варшаве памёр святар, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху Адам Лісоўскі. Ураджэнец вёскі Каранды Смаргонскага раёна, Адам Лісоўскі намагаўся беларусізаваць касцёл, пераклаў на беларускую мову часткі Новага Запавету: Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі, лісты Святога Паўла. Арыштоўваўся савецкімі ўладамі, трапіў у Польшчу ў выніку абмену палітвязнямі ў 1924 годзе.


10 кастрычніка

Сусветныя дні псіхічнага здароўя, а таксама зроку і барацьбы са смяротным пакараннем.

1929. У вёсцы Станькава (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) нарадзіўся знакаміты партызан-разведчык, Герой Савецкага Саюза Марат Казей. Гэтае званне ён атрымаў пасмяротна за здзейснены подзвіг у траўні 1944 года каля вёскі Хараміцкія Уздзенскага раёна. Казей адзін вёў перастрэлку з фашыстамі. Калі скончыліся патроны, і вораг падышоў да яго ўшчыльную, партызан падарваў сябе гранатай. Па адной версіі, разам з немцамі. Паводле другой — толькі сябе, каб у акупантаў не было нагоды для карнай аперацыі ў вёсцы. У Мінску ёсць помнік Марату Казею і вуліца яго імя.

1939. СССР перадаў Літве Вільню і Віленскую вобласць.


11 кастрычніка

Міжнародны дзень дзяўчынак. Мэта адзначэння — звярнуць увагу на іх сацыяльныя праблемы.


А таксама Дзень камінг-аўта.

1919. У Вільні адбылося ўрачыстае адкрыццё Універсітэта Стэфана Баторыя.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!