БагатаДата 5-11 снежня

Аўтар «Арбузіка і Бябешкі», народзіны якога адзначаюцца на тыдні, пісаў, аказваецца, не толькі дзіцячую фантастыку. А імя яшчэ аднаго імянінніка — Фердынанда Рушчыца, — сёлета мы згадваем побач з імём Віктара Бабарыкі. Чаму? Чытайце ў нашым аглядзе.



5 снежня
1925. У вёсцы Пранчакі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці нарадзіўся поўны кавалер ордэна Славы (то-бок, усіх трох яго ступеняў) за подзвігі падчас Другой Сусветнай вайны, кулямётчык Рыгор Нагорны.

6 снежня
Дзень юрыста ў Беларусі.

1520. Меркавана ў Вільні нарадзілася Барбара Радзівіл, каралева польская і вялікая княгіня літоўская. Супраць яе шлюбу з Жыгімонтам Аўгустам выступілі многія магнаты і шляхта, якім не падабаўся рост уплыву Радзівілаў, а таксама свякроў Бона Сфорца. Барбара памерла праз паўгода пасля каранацыі: па версіі некаторых гісторыкаў яе атруцілі.
1800. У мястэчку Крывічы Мядзельскага раёна на Міншчыне нарадзіўся Іосіф Ходзька, сусветна вядомы географ і геадэзіст. Падчас паўстання 1830-1831 гадоў меркавалася, што Ходзька стане камендантам Вільні. Калі расійскія ўлады даведаліся пра гэта, то накіравалі вучонага займацца тапаграфічнымі працамі куды падалей — на Дунай.

7 снежня
Міжнародны дзень грамадзянскай авіяцыі.
1550. Згаданая вышэй Барбара Радзівіл была каранаваная ў Кракаве.

8 снежня
1935. У Мінску нарадзіўся пісьменнік Эдуард Скобелеў. Працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Інфармацыйны бюлетэнь Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Аўтар папулярнай дзіцячай кніжкі «Прыгоды Арбузіка і Бябешкі».

9 снежня
Міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй.

10 снежня
Міжнародныя дні правоў чалавека і футболу.
1870. У маёнтку Багданава Валожынскага раёна на Міншчыне нарадзіўся мастак Фердынанд Рушчыц. У пецярбургскай Акадэміі мастацтваў вучыўся ў Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы. На дэбютнай выставе прадставіў тры вялікія карціны, адну з якіх — «Вясна», — набыў мецэнат Павел Траццякоў, заснавальнік Траццякоўскай галерэі ў Маскве. Быў выкладчыкам жывапісу ў Вільні, Варшаве, Кракаве. У Беларусі яшчэ пяць гадоў таму захоўвалася толькі адна яго карцина «Ля касцёла» (у Нацыянальным мастацкім музеі). Цяпер іх тры — «Белгазпрамбанк» пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкі набыў у 2015 годзе ў карпаратыўную калекцыю палотны «Пейзаж. Вілія» і «Пуня і азярод».

11 снежня
Міжнародны дзень гор. Гара Дзяржынская, найвышэйшая кропка Беларусі, мае 345 метраў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: