БагатаДата 6–12 чэрвеня

Хто б мог падумаць, што Палац Рэспублікі ў Мінску спраектаваў чалец Ценявога ўраду Апазіцыі БНФ і ўдзельнік галадоўкі пратэсту супраць рэферэндуму–1995? Іншыя цікавыя факты — у нашым традыцыйным аглядзе.

Сцэна са спектакля «Чорная панна Нясвіжа»


6 чэрвеня

1945. Савет Народных Камісараў БССР заснаваў у Брэсце настаўніцкі інстытут. Цяпер гэта Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт.

1950. У вёсцы Кляны Дубровенскага раёна на Віцебшчыне нарадзіся драматург Аляксей Дудараў. Старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Аўтар папулярных п’ес «Вечар», «Радавыя», «Чорная панна Нясвіжа». Аўтар сцэнарыя мастацкага фільма «Белыя Росы».

1955. Ва ўкраінскім Мікалаеве нарадзіўся акцёр-комік Яўген Крыжаноўскі. Стваральнік і кіраўнік тэатра сатыры і гумару «Хрыстафор». 


Служыў у Купалаўскім тэатры, здымаўся ў некалькіх мастацкіх фільмах (напрыклад, «Ідзі і глядзі»).


7 чэрвеня

Сусветны дзень бяспекі харчовых прадуктаў.

1880. У фальварку Лябёдка Шчучынскага раёна на Гро­дзеншчыне нарадзіўся грамадска-палітычны дзеяч Вацлаў Іваноўскі. Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — «Загляне сонца і ў наша ваконца», выдаў першы беларускі буквар. 

Міністр асветы БНР, рэктар Мінскага педінстытута. Бургамістр Мінска падчас Другой сусветнай вайны з 1942 года і да самой смерці ў выніку тэракту напрыканцы 1943-га.


8 чэрвеня

Сусветны дзень акіянаў.

1895. У вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся грамадска-палітычны дзеяч і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін. Выкладаў беларускую літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі. Абіраўся ад Навагрудскай выбарчай акругі ў польскі Сейм. Быў арыштаваны польскімі ўладамі і прысуджаны да 8 гадоў турмы. 

Вызвалены ў выніку абмену палітзняволенымі паміж Польшчай і СССР. Стаў выканаўцам абавязкаў дырэктара Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. У 1933-м арыштаваны ДПУ па «справе Беларускага нацыянальнага цэнтру». Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена на 10 гадоў лагераў. У 1938 годзе адбыўся новы суд, пасля якога Дварчанін быў расстраляны.


9 чэрвеня

Міжнародны дзень сяброў.


10 чэрвеня

1925. Янку Купалу першаму прысвоілі званне народнага паэта Беларусі ў сувязі з 20-годдзем яго творчай дзейнасці. Разам са званнем класік беларускай літаратуры атрымаў вельмі вялікую ў той час пажыццёвую пенсію ў памеры 180 рублёў.

1955. У вёсцы Аркадзія пад Брэстам нарадзіўся архітэктар і палітык Лявонцій Зданевіч. Дэпутат Вярхоўнага савета ў першай палове 1990-х гадоў, сябар Ценявога ўраду Апазіцыі БНФ, удзельнік галадоўкі пратэсту супраць рэферэндуму–1995 па пытаннях аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай і змяненні дзяржаўных сімвалаў (герба «Пагоня» і бела-чырвона-белага сцяга), а таксама аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент. Яго самыя вядомыя архітэктурныя праекты: пасольства Украіны ў Мінску, Палац Рэспублікі.


11 чэрвеня

1945. У Гродне нарадзіўся архітэктар Віктар Крамарэнка. Асноўныя працы: санаторый «Беларусь» у літоўскіх Друскеніках, кінатэатр «Масква» ў Мінску, стэла «Мінск — горад-герой», новы чыгуначны вакзал у сталіцы, Нацыянальная бібліятэка і помнік Скарыну каля яе.


12 чэрвеня

1895. У фальварку Кур’янаўшчына Лагойскага раёна на Міншчыне нарадзіўся тэатральны дзеяч, драматург Леапольд Родзевіч. У 1920-я гады рэдагаваў шэраг газет у Вільні і Мінску. Аўтар п’ес «Пакрыў­джаныя», «Блуднікі», «Збянтэжаны Саўка», «Багаты і бедны», «Конскі партрэт». У 1933 годзе арыштаваны і высланы ў Саратаў, у 1938-м пасля паўторнага арышту загінуў.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: