БагатаДата 6–12 лютага

На гэтым тыдні прафесійнае свята адзначаюць тыя, каго баяцца літаральна ўсе — гэта стаматолагі. А таксама дзень нараджэння аўтара азначэння «Залаты век». Хто ён і што яшчэ здарылася ў гэтыя дні ў мінулым? Чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.

6 лютага
Міжнародны дзень бармэна. Як пяецца ў вядомым хіце «Крамы»: «Гэй там, налівай, налівай ды выпівай — танчым!»
1891. У Мінску з’явіўся першы хатні тэлефон — у доме гарадскога галавы.
1921. Выйшаў дэкрэт, які надаў беларускай, яўрэйскай (ідыш), польскай і рускай мовам статус дзяржаўных у БССР.

7 лютага
1546. У Ляхавічах на Брэстчыне нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі, аўтар аднаго з першых старабеларускіх мемуарных твораў — «Дзённіка». Прыдумаў азначэнне «Залаты век», якім характарызаваў трэцюю чвэрць XVI стагоддзя.
1956. У расійскім Смаленску нарадзіўся міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў (2000-2009 гады). Да гэтага ачольваў АМАП і спецпадраздзяленне «Алмаз». Таксама кіраваў Беларускай федэрацыяй хакею.
1979. Нарадзіўся каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» палітвязень Яўген Афнагель. Быў затрыманы 25 верасня 2020 года ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»). Сілавікі выламалі дзверы ў кватэры, дзе ён пражываў. Утрымліваецца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага, 2 у Мінску.

8 лютага
1886. У вёсцы Блудзень Пружанскага павету Гарадзенскай губерні (цяпер вёска Першамайская Бярозаўскага раёну Берасцейскай вобласці) нарадзіўся беларускі гісторык, прафесар Васіль Дружчыц. Ён даследаваў беларускае сярэднявечча, магдэбурскае права ў беларускіх местах, гісторыю кнігадрукавання. Васіля Дружчыца арыштавалі 14 студзеня 1937 і расстралялі 20 снежня 1937 у Мінску. Рэабілітаваны 5 ліпеня 1958.
1921. У вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ. Аўтар культавага рамана «Людзі на балоце».
2001. Нарадзіўся беларускі палітвязень Вячаслаў Шэлямет. Быў затрыманы па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 293 Крымінальнага кодэкса) 20 жніўня 2020 года. Утрымліваецца ў СІЗА-6 г. Баранавічы.

9 лютага
Міжнародны дзень стаматолага.
1946. У вёсцы Красны Кут Саратаўскай вобласці Расіі нарадзіўся беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі. Народны артыст Беларусі. Аўтар сотняў песняў, сярод іх — «Белыя крылы», «Лісток календара», «Начныя кастры», «Пахне чабор».
1971. У вёсцы Княжыца Віцебскага раёна нарадзілася велагоншчыца Зінаіда Стагурская. Чэмпіёнка СНД, пераможца ў групавой гонцы на чэмпіянаце свету. У 2009 годзе загінула ў аўтакатастрофе.
1995. Нарадзіўся беларускі палітвязень Марк Антонаў. Быў затрыманы 27 лістапада ў Брэсце па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Брэсце 10 жніўня. Утрымліваецца ў СІЗА-7 у Брэсце.

10 лютага
1921. Была створана Навукова-тэрміналагічная камісія па распрацоўцы тэрміналогіі на беларускай мове. Потым на яе грунце быў створаны Інстытут беларускай культуры.
1986. Нарадзіўся беларускі палітвязень, грамадзянін Расіі Аляксандр Геджадзэ. Быў затрыманы 27 кастрычніка, пазней яму прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Утрымліваецца ў СІЗА-1 у Мінску.

11 лютага
Сусветны дзень хворага.
1961. У вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся Уладзімір Палуян, міністр па падатках і зборах у перыяд з 2009 па 2014 год.

12 лютага
Сусветны дзень пацалунку
1941. У пасёлку Тонеж Лельчыцкага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся Міхаіл Дрынеўскі, былы мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусі, народны артыст.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: