БагатаДата 6–12 красавіка

Вы ведаеце, што агульнага паміж паўночным Тыбетам і шляхецкім родам Перавальскіх? А хто быў першым беларусам, які ўзначаліў ЦК КПБ? Шмат іншых цікавостак у нашым аглядзе.


7 красавіка

Сусветны дзень здароўя.

Чытайце таксама:

Як паўплываюць на чэргі ў паліклініках лекарскія «тройкі»?



1914. У вёсцы Рудня-Прыбыткоўская, якая цяпер у Гомельскім раёне, нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Кірыл Мазураў. Стаў у 1956 годзе першым беларусам на чале ЦК КПБ (калі не лічыць Васіля Шаранговіча, які пабыў першым сакратаром некалькі месяцаў у 1937 годзе і быў расстраляны). Затым Мазураў быў першым намеснікам старшыні Саўміну СССР.

Менавіта за кіраваннем у БССР Мазурава адбыўся эпізод з вядомым выслоўем Мікіты Хрушчова: «Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм». Такой была ягоная рэакцыя праз некаторы час на даклад Мазурава ў студзені 1959 года з нагоды 40-годдзя БССР, зачытаны па-беларуску.


8 красавіка

У Беларусі адзначаецца Дзень супрацоўнікаў ваенных камісарыятаў.

Тамара Віннікава

1999. З-пад хатняга арышту ва ўласнай кватэры ўцякла былая старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Тамара Віннікава. Арыштаваная яна была ў 1997 годзе па абвінавачванні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, што пацягнула шкоду дзяржаве ў буйных памерах. Пасля ўцёкаў пра Віннікаву некалькі месяцаў не было чу­ваць. Азвалася банкірка ў снежні 1999 года ў Лондане, заявіўшы пра пераслед з боку ўладаў Беларусі па палітычных матывах. У інтэрв’ю незалежным СМІ распавядала, што збегчы ўдалося праз шчаслівы выпадак, бо ёй было наканавана памерці.

9 красавіка

1899. У Мінску нарадзіўся тэатральны дзеяч Леў Літвінаў (сапраўднае прозвішча — Гурэвіч). Быў галоўным рэжысёрам Купалаўскага тэатра, а затым тэатра імя Качалава ў Казані, дзе і памёр. Прэм’ера славутага спектакля Купалаўскага «Паўлінка» адбылася ў 1943 годзе падчас эвакуацыі ў расійскім Томску менавіта ў пастаноўцы Літвінава.

10 красавіка

Міжнародны дзень руху Супраціву — на знак пашаны тым, хто змагаўся з фашызмам падчас Другой сусветнай вайны.

1944. У вёсцы Забалацце Нясвіжскага раёна нарадзіўся Аляксандр Абрамовіч, старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі ў 1992–1996 гадах. Затым — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і намеснік старшыні Савету Рэспублікі. Памёр у снежні мінулага года.

11 красавіка

Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцлагераў — у гэты дзень у 1945 годзе адбылося паўстанне вязняў Бухенвальда.

1919. У Санкт-Пецярбургу нарадзіўся оперны рэжысёр Дзмітрый Смоліч. Працаваў галоўным рэжысёрам шмат у якіх тэатрах оперы і балета былога СССР. У тым ліку і ў Мінску ў 1962–1969 гадах (пастаноўкі «Атэла», «Трубадур», «Хаваншчына», «Алеся», «Брэсцкая крэпасць»). Быў і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

1954. Ва Уладзімірскай вобласці Расіі нарадзіўся Леанід Анфімаў, старшыня ад 2014 года Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі. Таксама займаў пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, намесніка старшыні КДК, намесніка старшыні Мінгарвыканкаму.

12 красавіка



Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі (або першага палёту чалавека ў космас).

1839. У вёсцы Кімбарава Смаленскай вобласці нарадзіўся славуты падарожнік, географ і даследчык Цэнтральнай Азіі беларускага паходжання Мікалай Пржавальскі. Належаў да беларускага шляхецкага роду Перавальскіх, з цягам часу прозвішча паланізавалася. Грунтоўна даследаваў горную сістэму Кунь-Луня, хрыбты Паўночнага Тыбету, басейны Лоб-Нара і Куку-Нара, а таксама вытокаў Жоўтай ракі. Акрамя таго, ім быў адкрыты цэлы шэраг новых відаў жывёл — напрыклад, дзікі вярблюд і конь Пржавальскага.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!