БагатаДата 8–14 чэрвеня

Вось якія юбілеі і круглыя даты чакаюць вас на наступным тыдні.

Стадыён «Дынама»


8 чэрвеня

1934. Пачаўся І Усебеларускі з’езд пісьменнікаў, на якім арганізацыйна аформіўся створаны некалькімі гадамі раней Саюз беларускіх пісьменнікаў. Першым яго старшынёй быў Міхась Клімковіч, аўтар словаў гімна БССР «Мы, беларусы».


9 чэрвеня

1919. У Залатаношы, што ў Чаркаскай вобласці Украіны, нарадзіўся савецкі шахматыст, прэтэндэнт на сусветнае першынства Ісаак Баляслаўскі. З 1951 года жыў у Беларусі. Дапамог як секундант Тыграну Петрасяну стаць чэмпіёнам свету. Быў старшым трэнерам зборнай СССР па шахматах, распрацаваў шэраг сістэмаў у сіцыліянскай і стараіндыйскай абаронах. Памёр у Мінску.

На фота з «Фізкультурніка Беларусі» 1958 г. — Ісак Баляслаўскі (злева) і Навум Левін падчас навагодняга бліцтурніра ў мінскім шахматна-шашачным клубе.

1949. У вёсцы Цёмнае Балота (цяпер Сасновы Бор), што ў Шчучынскім раёне на Гродзеншчыне, нарадзіўся тэкстолаг, крытык, літаратуразнаўца Віктар Дарашкевіч. Падрыхтаваў да друку паэму «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага і каментары да яе. Пераклаў «Слова пра паход Ігараў» ды выказаў ідэю, што аўтарам гэтага твора быў хтосьці з Полацкага княства.


10 чэрвеня

1919. У вёсцы Хляўно Кармянскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся паэт Авяр’ян Дзеружынскі. Многія яго вершы пакладзеныя на музыку. Напрыклад, «Мінскі вальс», «Песня аб Мінску», «Мяцеліца».


11 чэрвеня

1959. У вёсцы Танежыцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся бізнесовец і дэпутат Вярхоўнага Савета, удзель­нік імпічменту Уладзімір Кудзінаў.

Уладзімір Кудзінаў з жонкай. Фота nn.by

Пасля спробы імпічменту датычна яго фірмы пачаліся праверкі, яе будынак адышоў у дзяржуласнасць, а самога Кудзінава асудзілі нібыта за хабар. Пасля вызвалення ў 2001 годзе ён з’ехаў у Крым, дзе наладзіў новы бізнес.

12 чэрвеня

1934. Адкрыўся мінскі стадыён «Дынама». На трыбунах змяшчалася 10 тысяч чалавек. Пасля разбурэння падчас Другой сусветнай вайны адноўлены да 1954 года ў разліку на 35 тысяч чалавек. Да Алімпіяды–1980 стадыён зноў рэканструявалі: на трыбунах маглі сесці 50 тысяч заўзятараў.

У 1999-м лавы замянілі на сядзенні — і колькасць гледачоў скарацілася да 34 тысяч. Апошняя рэканструкцыя скончылася ў 2018 годзе: цяпер «Дынама» змяшчае 22 тысячы балельшчыкаў.


13 чэрвеня

1889. У вёсцы Цяцераўка Капыльскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся Павел Жаўрыд, адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну. Арыштаваны ДПУ БССР у 1930 годзе і асуджаны да 5 гадоў лагераў, зноў арыштаваны ў 1937-м — і неўзабаве ў лагеры памёр.


14 чэрвеня

1894. Ва ўкраінскім Жытоміры нарадзіўся Ян (сапраўднае імя — Якаў) Гамарнік. У 1928–1929 гадах працаваў першым сакратаром ЦК КПБ Беларусі, падтрымліваў калектывізацыю. У траўні 1937 года Гамарніка знялі з пасады начальніка Палітупраўлення РСЧА — Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, а праз паўтара тыдні ён застрэліўся ў Маскве напярэдадні немінучага арышту па «справе Тухачэўскага».

1939. У расійскім Камсамольску-на-Амуры нарадзіўся народны артыст Беларусі, акцёр Купалаўскага тэатра Арнольд Памазан. Найбольш вядомыя яго ролі: Адольф Быкоўскі («Паўлінка»), Чарнавус («Хто смяецца апошнім»), Навум Прыгаворка («Ідылія»), Эгей («Сон у чарадзейную ноч пасярэдзіне лета»), Поп («Тутэйшыя»), у камедыйным фільме «Свежына з салютам».

Арнольд Памазан у ролі Дзеда Данілы (Сымон-музыка). Фота kupalauski.by

1959. У Таджыкістане нарадзіўся беларускі раварыст, алімпійскі чэмпіён і чэмпіён свету ў каманднай гонцы Валерый Моўчан.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!