БагатаДата 8–14 лютага

Гэтыя дні можна назваць «тыднем мастацтва» ў нашай краіне, бо нарадзіліся мастакі, пісьменнікі, драматургі, архітэктары, акцёры… Хто? Чытайце ў нашым аглядзе!


8 лютага

1810. У мястэчку Ула Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся Іван Хруцкі, мастак, які лічыцца заснавальнікам жанру акадэмічнага нацюрморта ў беларускім жывапісе.

Яго карціны — у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і Нацыянальным музеі ў Варшаве.

9 лютага

Міжнародны дзень стаматолага.

1930. У Мінску нарадзіўся пісьменнік Валянцін Тарас. Вядомы ў тым ліку як аўтар тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры». Пераклаў на рускую мову раман «Восень патрыярха» Габрыеля Гарсія Маркеса і «Доўгую дарогу дадому» Васіля Быкава. За савецкім часам Тарас пацярпеў ад рэпрэсіяў як дысідэнт.


10 лютага

1940. Пачалася першая з чатырох хваляў дэпартацыі часткі насельніцтва Заходняй Беларусі, далучанай да СССР. У Сібір ды Казахстан у тым лютым эшалонамі вывезлі 50 тысяч чалавек. Перадусім гэта былі былыя леснікі, польскія дзяржслужбоўцы, сем’і вайскоўцаў, у асноўным палякі па нацыянальнасці.


11 лютага

Сусветны дзень хворага.

1875. У Вільні нарадзіўся знакаміты артыст савецкага тэатру Васіль Качалаў — беларус па паходжанні з сапраўдным прозвішчам Шверубовіч.


Дарэчы, вядомы радок «Дай, Джим, на счастье лапу мне...» з верша Сяргея Ясеніна «Сабаку Качалава», напісаны пра гадаванца нашага акцёра-суродзіча.


12 лютага

Францішка Уршуля Радзівіл. Невядомы мастак, XIX ст.

Францішка Уршуля Радзівіл. Невядомы мастак, XIX ст.



Сусветны дзень навукі і гуманізму (або Дзень Дарвіна).

1910. У Вільні адбылося першае выступленне тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага, які лічыцца заснавальнікам нацыянальнага прафесійнага тэатру. Былі паказаныя некалькі танцавальных нумароў.

«Публіка проста адурэла, усе бясконца крычалі: “Брава, біс!” Па 3–4 разы прыйшлося танцаваць адзін танец. Танцоры, хлопцы і дзяўчаты, пад кіраўніцтвам Буйніцкага падабраліся такія, што аж сцэна грымела ад заліхвацкага тупату і ў вачах мільгацела, як танцавалі «Лявоніху», «Мяцеліцу» або калі дзесяць прыгожа апранутых пар завіваліся даўгім хвастом у «Вераб’і», — пісала тагачасная «Наша ніва».

Выступленні адбыліся ў межах так званай Першай беларускай вечарынкі, на якую прыйшла аж тысяча гледачоў.


1930. У Мінску нарадзіўся архітэктар Вальмен Аладаў. Пэўны час быў старшынёй Саюза архітэктараў БССР. Асноўныя працы — Камароўскі крыты рынак у Мінску, жылыя дамы на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова, універсам «Цэнтральны», спартовы комплекс «Раўбічы».


13 лютага

Сусветны дзень радыё.

1705. У мястэчку Чартарыйск (цяпер Валынская вобласць Украіны) нарадзілася беларуска-польская пісьменніца Францішка Уршуля Радзівіл. Першая жанчына-драматург у ВКЛ. Паходзіла з княжацкага роду Карыбут-Вішнявецкіх.

Яе муж — Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», найбагацейшы магнат Рэчы Паспалітай у той час. Паколькі ён часта адсутнічаў у Нясвіжы па дзяржаўных справах, то шмат чаго выпадала там рабіць Францішцы Уршулі. У тым ліку курыраваць аднаўленне замка пасля разбуральных войнаў са Швецыяй і трымаць абарону горада супраць расійскага нашэсця.

Захапілася тэатрам і пачала пісаць п’есы. Пастаноўкі адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Напачатку 2000-х гадоў выйшла кніга яе драматургіі ў беларускім перакладзе.

1955. У Мінску нарадзіўся Рыгор Васілевіч, былы старшыня Канстытуцыйнага суда і генеральны пракурор Беларусі.


14 лютага

Дзень святога Валянціна (або Дзень закаханых), а таксама Сусветны дзень дарэння кніг.

Акцыя любові, 14 лютага 2009 года


1800. У вёсцы Калюжыцы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся мастак Валянцін Ваньковіч. Адна з яго вядомых карцін — «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг». На руках паэта мастак і памёр ад сухотаў у Парыжы.

«Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг»

У Мінску дзейнічае дом-музей Ваньковічаў (вуліца Інтэрнацыянальная, 33а) — помнік палацава-паркавай архітэктуры эпохі класіцызму: там экспануюцца архіўныя дакументы, фотаздымкі работ Валянціна Ваньковіча. Каля музею ўсталяваны помнік мастаку.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: