БагатаДата 8–14 жніўня

У гэтыя дні мы ўзгадваем важныя круглыя даты: смерць Тадэвуша Рэйтана, нараджэнне Ларысы Геніюш і гадавіну Крэўскай уніі. Што яшчэ было цікавага ў гісторыі? Чытайце ў традыцыйным аглядзе.

Фрагмент карціны Яна Матэйкі "Рэйтан. Заняпад Польшчы", 1866.


8 жніўня

Сусветныя дні афтальмалогіі, альпінізму і катоў.

1780. У радавым маёнтку Грушаўка пад Ляхавічамі памёр Тадэвуш Рэйтан, пасол ад Наваградскага ваяводства ВКЛ на Сойме Рэчы Паспалітай. Магіла яго не знойдзена. Быў сярод паслоў Сойма ў красавіку 1773 года, якія спрабавалі не дапусціць першага падзелу Рэчы Паспалітай. 

Падчас аднаго з пасяджэнняў ён лёг на выхадзе з залы з воклічам: «Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!». Цікава, што ў 1919–1921 гадах у цэнтры Мінска існавала вуліца Рэйтана (былая Юр’еўская).


9 жніўня

Дзень будаўнікоў Беларусі (адзначаецца традыцыйна ў другую нядзелю жніўня), а таксама Міжнародны дзень карэнных народаў і Сусветны дзень кнігалюбаў.

1890. У вёсцы Чамяры Слонімскага Павета Гродзенскай губерні нарадзіўся Максім Бурсевіч (псеўданім: Трыліснік). Арыштаваны польскімі ўладамі ў лютым 1927 года. На «працэсе 56-і» ў 1928-м прыгавораны да 8 гадоў турмы. У 1932-м у выніку абмену палітвязнямі трапіў у СССР, жыў у Мінску. Арыштаваны ДПУ БССР 21 жніўня 1933 па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Прысуджаны 9 студзеня 1934 да расстрэлу, які быў заменены 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. 9 кастрычніка 1937 прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16 жніўня 1956 года.

1910. У маёнтку Жлобаўцы Ваўкавыскага раёна на Гро­дзеншчыне нарадзілася паэтка і грамадская дзяячка Ларыса Геніюш. Падчас жыцця ў Празе ў 1930-х і 1940-х гадах займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіву Беларускай Народнай Рэспублікі. У Празе выйшаў і яе першы зборнік вершаў «Ад родных ніў». 

Узімку 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш разам з мужам Янкам да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Дапытваў паэтку сам міністр дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які хацеў здабыць архівы БНР. Пасля частковай рэабілітацыі і вызвалення Геніюш жыла ў Зэльве пад наглядам КДБ. Прынцыпова не прыняла савецкае грамадзянства, засталася з грамадзянствам Чэхаславакіі.


10 жніўня

1905. У расійскім Петраградзе нарадзілася беларуская акторка-балярына Ніна Младзінская. Была салісткай тэатраў у Ленінградзе, Свярдлоўску і цягам дзесяці гадоў — Мінскага тэатра оперы і балета. Затым выкладала ў Мінскай балетнай вучэльні.

1920. У Мінску пачала дзейнічаць тэатральная трупа Уладзіслава Галубка — пастаноўкай камедыі «Суд» паводле сцэнару заснавальніка трупы. Затым яна ператварылася ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр, а пазней — у Беларускі трэці дзяржаўны тэатр (БДТ-3).


11 жніўня

Каталіцкі касцёл адзначае ўспамін святой Клары, заступніцы швачак, радыё і тэлебачання.


12 жніўня



Міжнародны дзень моладзі.

1935. У расійскім горадзе Арзамас нарадзіўся беларускі дзяржаўны дзеяч Юрый Пуплікаў, старшыня Дзяржаўных камітэтаў БССР і Рэспублікі Беларусь па справах будаўніцтва пры канцы 1980-х — у пачатку 1990-х гадоў. Пад яго кіраўніцтвам у сярэдзіне 1980-х гадоў дабудоўвалася перад запускам першая лінія мінскага метро.


13 жніўня

Міжнародны дзень леўшуноў.

1950. У горадзе Смалявічы на Міншчыне нарадзіўся палітык, дыпламат Пётр Краўчанка. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. Міністр замежных спраў БССР, а затым і незалежнай Беларусі. Пасол Беларусі ў Японіі і на Філіпінах.

1950. У горадзе Іашкар-Ала Марыйская АССР нарадзілася беларускі мастацтвазнаўца, арт-крытык, галерыст, куратар выставак сучаснага мастацтва, экспадызайнер Ларыса Фінкельштэйн.

1990. Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падпісаў указ «Аб аднаўленні правоў усіх ахвяраў палітычных рэпрэсій 1920–1950-х гадоў». У тым ліку ў нашай краіне пачалася рэабілітацыя рэпрэсаваных.


14 жніўня

1385. Была заключана Крэўская ўнія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім (у горадзе Крэва Смаргонскага раёна на Міншчыне). Гэта была дамова аб дынастычным саюзе праз шлюб вялікага князя Ягайлы і каралевы Ядвігі.

1925. У вёсцы Пагост Салігорскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся мастак Віктар Пратасеня. У 1970-х гадах быў старшынёй праўлення Беларускага саюза мастакоў.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: