БагатаДата: 9-15 лістапада

На наступным тыдні віншуем з прафесійнымі святамі бухгалтараў, лагапедаў і кавалёў. А вы ведалі, што ёсць сусветны дзень шопінгу? Чым не нагода адзначыць! Іншыя падзеі і даты — у нашым аглядзе. 

Фота: nemidobro.blogspot.com

9 лістапада

Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму, а таксама дзень антыядзерных акцый і лізінгу.

1949. У Магілёве нарадзіўся архітэктар Сяргей Багласаў. Асноўныя працы: рэстаўрацыя і рэканструкцыя Траецкага прадмесця ў Мінску ў пачатку 1980-х гадоў, праекты аднаўлення шэрагу сталічных будынкаў па вуліцах Інтэрнацыянальная, Ракаўская, Рэвалюцыйныя, Няміга, Зыбіцкая, на плошчы Свабоды, а таксама ратушы і гатэля «Еўропа». Некаторыя праекты крытыкаваліся адмыслоўцамі за навабудныя скажэнні аўтэнтыкі.

Мінская ратуша

Мінская ратуша

10 лістапада

Сусветныя дні бухгалтэрыі, а таксама навукі за мір і развіццё.

1749. У сталіцы Польшчы Варшаве нарадзіўся Мацей Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, драматург і кампазітар. Быў вялікім падкаморым літоўскім (дарадца вялікага князя і адказны за парадак у яго пакоях), кашталян (кіраўнік адміністрацыі) віленскі. Браў удзел у падрыхтоўцы паўстання 1794 года, дараваў волю сваім сялянам, якія ўдзельнічалі ў ім. Напісаў лібрэта да оперы «Агатка, або Прыезд пана», якую паставілі ў Нясвіжы да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Затым гэтая опера, у якой папулярызавалася ідэя аблегчыць долю сялян, ставілася ў шмат якіх гарадах — ад Варшавы да Львова. Стварыў шэраг кампазіцый — паланезы, серэнаду, санату.

Мацей Радзівіл

Мацей Радзівіл

11 лістапада

Міжнародны дзень энергазберагання, а таксама шопінгу.

1909. У Мінску нарадзіўся архітэктар Георгій Заборскі. Па ягоных праектах былі ўзведзеныя: манумент на плошчы Перамогі ў Мінску, будынак Сувораўскай вучэльні, помнік Якубу Коласу і яго музей, кінатэатр «Пяінер», Дзяржаўны тэатр лялек, карпусы педуніверсітэту, аэравакзал «Мінск-1».
1929. У вёсцы Малыя Лукі Баранавіцкага раёна на Брэстчыне нарадзіўся заолаг і гідрабіёлаг Леанід Сушчэня. Прэзідэнт Акадэмі навук Беларусі ў 1992-1997 гадах.

12 лістапада

Сусветны дзень барацьбы з пнеўманіяй.

13 лістапада

Міжнародны дзень сляпых, а таксама дабрыні.

1884. У Чавусах на Магілёўшчыне нарадзіўся мастак Уладзімір Кудрэвіч. Бацька мастачкі Раісы Кудрэвіч. Уладзімір Кудрэвіч быў пейзажыстам: адна з самых вядомых яго карціна — «Раніца вясны».

14 лістапада

Сусветны дзень барацьбы з дыябетам, якасці і Міжнародны дзень лагапеда. А таксама Дзень каваля ў Беларусі.

1954. Ва ўкраінскім Дняпры нарадзіўся Юрый Жадобін. Быў старшынём Камітэту дзяржбяспекі Беларусі і міністрам абароны.

15 лістапада

Сусветны дзень другаснай пераапрацоўкі (рэцыклінгу).


1919. У вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна нарадзіўся беларускі грамадска-культурны дзеяч у ЗША Алесь Міцкевіч. Сябра Рады БНР, выдаваў і распаўсюджваў у Нью-Ёрку і яго ваколіцах шэраг выданняў для тамтэйшых беларусаў. Пляменнік Якуба Коласа.

1974. У расійскім горадзе Арцёмаўскі нарадзіўся біятланіст Аляксей Айдараў. Прынес зборнай Беларусі бронзавы медаль Алімпіяды-1998, а таксама мае залаты медаль чэмпіянату свету ў эстафетнай гонцы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: