БагатаДата: 9–15 лютага

Ведаеце, калі забаранілі ўніятаў? А хто атрымаў прэмію «за стварэнне новай беларускай міфалогіі»? Прапануем вам цікавыя падзеі і даты наступнага тыдня.


9 лютага

У Поразаве, што на Гродзеншчыне, 60 гадоў таму нарадзіўся бард, акцёр і шоўмен Віктар Шалкевіч. Нагода паслухаць нешта з альбомаў «Правiнцыя», «Смутны беларускі блюз», «Добрай раніцы»… З цікавых творча-біяграфічных фактаў: мае Ордэн усмешкі — гэта спачатку польская, а потым міжнародная ўзнагарода для асобаў, якія прыносяць радасць дзецям. Сярод уганараваных такім ордэнам — Астрыд Ліндгрэн, Стывен Спілберг, Джоан Роўлінг. Шалкевіча ўзнагародзілі «За частыя сустрэчы з дзецьмі і папулярызацыю сярод іх ведаў пра тэатр». Бард з’явіўся на свет, калі яго маці везлі ў радзільню. З таго часу, кажа, ён заўжды ў падарожжах.


10 лютага

У 1940 годзе адбыўся першы этап дэпартацыі насельніцтва з Заходняй Беларусі, 50 тысяч чалавек адпраўлены ў Сібір і Казахстан. Першая хваля дэпартацыі тычылася ўсіх грамадзян Рэчы Паспалітай незалежна ад нацыянальнасці. Але найперш забіралі службоўцаў дзяржаўнага апарату, вайскоўцаў, паліцыянтаў, якія пераважна былі палякамі.

Дэпартацыя тычылася і проста заможных людзей, сярод якіх былі леснікі, а сярод леснікоў было шмат беларусаў. Дэпартавалі шмат заможных сялян, сярод якіх былі беларусы. Нават сярод асаднікаў і паліцыянтаў таксама сустракаліся беларусы. Пасля былі другі і трэці этапы. А ў маі-чэрвені 1941 года адбылася чацвёртая хваля дэпартацыі насельніцтва Заходняй Беларусі ўглыб СССР. Апошнія эшалоны з людзьмі пакідалі Беларусь пад бомбамі самалётаў люфтвафэ. Са справаздачы НКУС ад 5 ліпеня 1941 года дакладна вядома, што спецорганам не ўдалося вывезці ўсіх, хто быў унесены ў спісы на дэпартацыю з Заходняй Беларусі. Нехта загінуў пад нямецкімі бомбамі, другіх расстралялі савецкія карнікі.


11 лютага

65 гадоў адзначае Ге­надзь Нявыглас, былы начальнік службы бяспекі кіраўніка дзяржавы, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта (2006–2008 гады), Беларускай федэрацыі футболу, быў намеснікам генсакратара АДКБ. Ён нарадзіўся на станцыі Парахонск Пінскага раёна. Бацька быў чыгуначнікам, маці — настаўніцай беларускай мовы, а потым дырэктарам школы. Служыў як аператыўнік-чэкіст у Афганістане. Захапляецца паляваннем і рыбалкай.

70 гадоў таму ў Мінску на праспекце Незалежнасці адбылося ўрачыстае адкрыццё Дзяржаўнага цырка. Купальны будынак узведзены па праекце архітэктара Уладзіміра Жукава. Месцаў для гледачоў — 1650, дыяметр манежу — 13 метраў. Дакладней, манежаў чатыры, яны размяшчаюцца адзін пад адным і падымаюцца ў залу пры патрэбе: у залежнасці ад відовішча. Маюцца эстрадны, паркетны, гумовы і лядовы манежы. У Беларусі цырк яшчэ ёсць у Гомелі.


12 лютага

1839. Адбыўся Полацкі царкоўны сабор, які скасаваў Берасцейскую царкоўную ўнію 1596 года. Гэта была сапраўдная спецаперацыя з мэтай, паводле сакрэтнай інструкцыі расійскага ўрада ад 1834 года, ліквідацыі ўніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы ў Беларусі і ва Украіне. Да сабору расійскія ўлады некалькі гадоў рыхтаваліся, разнастайным чынам рэпрэсавалі ўніяцкіх святароў і прымушалі іх пісаць распіскі пра ўваходжанне ў праваслаўе. Полацкі царкоўны сабор пад наглядам прыбылага казацкага палка прыняў акт, якім абвяшчаў адзінства з РПЦ. Увесну імператар Мікалай І зацвердзіў акт і далучыў уніяцкую царкву да Рускай праваслаўнай царквы. Масква па яго выніках выдала спецыяльны медаль «Адабраныя гвалтам у 1596-м, уз’яднаныя любоўю ў 1839-м».

2009. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія» праведзеная першая ў Беларусі перасадка сэрца.


13 лютага



1974. У Будславе, дзе і нарадзілася, пакінула свет Паўліна Мядзёлка, артыстка і дзяячка культуры. Яна адной з першых выканала ролю Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Ёй прыпісвалі раман з класікам. Аднак Купала ў выніку ажаніўся з яе сяброўкай Уладзіславай Станкевіч. Паўліна Мядзёлка арыштоўвалася ДПУ, а пасля вызвалення, з 1932 па 1947 гады, працавала ў Маскве настаўніцай. Хадзілі чуткі, што Мядзёлка нейкім чынам мае дачыненне да гібелі Купалы ў расійскай сталіцы ў 1942 годзе. Шмат цікавага — у яе мемуарах «Сцежкамі жыцця».

2009. Памёр Валянцін Тарас, паэт, публіцыст і перакладчык. У прыватнасці, пераклаў на рускую мову «Доўгую дарогу дадому» Васіля Быкава і «Восень патрыярха» Габрыэля Гарсія Маркеса. У 1943 годзе падлеткам пайшоў у партызаны, у СССР таксама быў своеасаблівым партызанам — дысідэнтам пад пільнай увагай КДБ.

14 лютага

Дзень святога Валянціна, або Дзень закаханых.


1949. У Віцебску нарадзіўся акцёр тэатра і кіно Мікалай Яроменка-малодшы. Па выніках штогадовага апытання гледачоў часопісам «Савецкі экран» быў прызнаны лепшым акцёрам 1980 года — за ролю Сяргея Сяргеевіча ў фільме «Піраты ХХ стагоддзя». Памёр у 2001 годзе ў Маскве праз інсульт, пахаваны ў Мінску побач з бацькам на Усходніх могілках.


15 лютага

1989. Быў завершаны вывад савецкіх войскаў з Афганістану. 30 тысяч вайскоўцаў з Беларусі ад 1979 года былі прызваныя выконваць «інтэрнацыянальны доўг». 771 чалавек з іх загінуў, 12 зніклі без вестак.

1904. У Мінску нарадзілася Ларыса Александроўская, славутая беларуская оперная спявачка. Што праўда, сапраўдная дата яе нараджэння — гэты дзень у 1902 годзе, але ў пашпарце пазначаны 1904 год. Яна пакінула Мінск папросту з бомбасховішча напачатку вайны з сынам, без дакументаў і рэчаў, а ў 1942 годзе ў эвакуацыі ў Алма-Аце атрымала новы пашпарт са ссоўваннем даты нараджэння, каб памаладзець афіцыйна. Імя па бацьку мела Пампееўна. Была настолькі аўтарытэтнай і знакамітай, што асабіста выбірала месца для будаўніцтва Опернага тэатра ў Мінску. Папрацавала і яго галоўным рэжысёрам. Мела шмат прыхільнікаў і творчага таленту, і жаночай прыгажосці. Казалі, што сярод іх былі самыя высокапастаўленыя кіраўнікі БССР.

1959. Сваё 60-годдзе адзна­чыць Пятро Васючэнка, беларускі літаратуразнавец, крытык, пісьменнік, драматург, казачнік і аўтар фэнтэзі. Аўтар літаратуразнаўчых манаграфій «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995), «Сучасная беларуская драматургія» (2000), «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм» (2004), «Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён» (разам з Лявонам Баршчэўскім і Міхасём Тычынам).

Аўтар кніг прозы «Белы мурашнік» (1993), «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (1997), «Прыгоды аднаго губашлёпа» (1999), «Адлюстраванне першатвора» (2004), экалагічнай казкі «Каляровая затока» (2008), зборніка п’ес «Маленькі збраяносец» (1999), кнігі паэзіі «Піраміда Ліннея» (2008). Творы Пятра Васючэнкі перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны.

Лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (2003) і літаратурнай прэміі «Блакітны свін» (2010) «за стварэнне новай беларускай міфалогіі».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!