БагатаДата 9–15 студзеня

У гэтыя дні ў мінулым Мінск атрымаў свой герб, а таксама была ўведзеная ў эксплуатацыю Вілейска-Мінская водная сістэма. А ўжо колькі знакамітасцяў нарадзілася! Сапраўды — багата.

Пікет на плошчы Незалежнасці супраць рэферэндуму 1996 г., vytoki.net


9 студзеня

1801. У пасёлку Вялікая Бераставіца Бераставіцкага раёна на Гродзеншчыне нарадзіўся мовазнаўца Восіп Кавалеўскі. Скончыў Віленскі ўніверсітэт, удзельнічаў у таемных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны расійскімі царскімі ўладамі і высланы ў Казань. Пасля падарожжа па Манголіі выдаў «Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскую хрэстаматыю» і «Мангольска-руска-французскі слоўнік». Працаваў рэктарам Казанскага ўніверсітэту.

1896. У Глыбокім на Віцебшчыне нарадзіўся пісьменнік Лявонцій Ракоўскі. Аўтар гістарычных раманаў «Адмірал Ушакоў», «Кутузаў», аповесцяў «Канстанцін Заслонаў» і «Міхаіл Тухачэўскі». Пераклаў на рускую мову п’есу Янкі Купалы «Паўлінка».

1996. Распачаў працу Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13 склікання — апошні склад парламенту пад такой назвай. Яго паўнамоцтвы спыніў Лукашэнка пасля рэферэндуму 26 лістапада 1996 году, якім ён пашырыў сваю прэзідэнцкую ўладу. Спікерам Вярхоўнага Савету 13 склікання быў лідар Аграрнай партыі Сямён Шарэцкі.

10 студзеня

1961. У ГДР (Германскай дэмакратычнай рэспубліцы) нарадзіўся вядомы беларускі прапагандыст, старшыня Белтэлерадыёкампанііў у 2005-1010 гадах Аляксандр Зімоўскі.

1966. У пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна нарадзіўся вядомы беларускі эканаміст, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Яраслаў Раманчук.

1981. У Бялынічах на Магілёўшчыне нарадзіўся дзяржаўны дзеяч Беларусі Дзмітрый Крутой. У 2018-2019 гадах працаваў міністрам эканомікі.

11 студзеня

Міжнароднае свята слова «Дзякуй».

12 студзеня

1591. Мінск атрымаў герб «Узнясенне Багародзіцы».
1941. У расійскім Свярдлоўску (Екацерынбургу) нарадзіўся музыка Уладзімір Мулявін, заснавальнік і мастацкі кіраўнік славутага ансамблю «Песняры», народны артыст СССР.

13 студзеня

1841. У Вільні нарадзіўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў Ігнат Здановіч. Быў касірам паўстанцаў і начальнікам Вільні. Павешаны на тамтэйшай Лукішскай плошчы.

1961. У вёсцы Турная Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці нарадзіўся гісторык Генадзь Сагановіч. Аўтар кніг «Невядомыя вайна 1654-1667 гадоў», «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (у суаўтарстве з Уладзімірам Арловым). Галоўны рэдактар часопіса «Беларускі гістарычны агляд».

14 студзеня

Стары Новы год.
1896. У літоўскай вёсцы Антандрыя нарадзіўся ваенны дзеяч Іеранім Убарэвіч. Служыў намеснікам наркама абароны СССР. У 1931 годзе стаў камандуючым войскамі Беларускай ваеннай акругі. Арыштаваны ў 1937 годзе супрацоўнікамі НКУС у цягніку «Мінск — Масква» за «ўдзел у ваеннай змове ў Чырвонай арміі і падрыхтоўку звяржэння савецкай улады шляхам узброеннага паўстання». Расстраляны.

15 студзеня

1976. Уведзена ў эксплуатацыю Вілейска-Мінская водная сістэма — сістэма каналаў і вадасховішчаў, прызначаная для водазабеспячэння прамысловасці і камунальнай гаспадаркі сталіцы Беларусі, а таксама для добраўпарадкавання прыгараднай зоны. Гаворка пра водасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае (Мінскае мора), Крыніца, Дразды.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: