Беларуская Праваслаўная Царква: перарваны шлях да аўтакефаліі

Ад амаль стогадовага перыяду бязвер’я і атэізму найбольш пацярпела нацыянальная свядомасць беларусаў. Адным з наступстваў яго стала стварэнне беларускай гісторыі, у якой рэлігійныя людзі наогул адсутнічаюць, быццам іх і не было. 

Епіскап Мелхіседэк (у цэнтры) з аднадумцамі ў Мінску (першая палова 1920-х гадоў). Справа — святар Антоній Кіркевіч

У развагі пра матывацыю гістарычных учынкаў, постаці герояў да сённяшняга часу не ўключаецца аспект рэлігійнага жыцця чалавека.


Невядомыя старонкі

Жыццё беларускага духавенства ў ХХ стагоддзі найменш вядомае. Памяць часткі насельніцтва ўтрымлівае гратэскныя вобразы святароў, асабліва іерархаў, — як людзей, ніяк не звязаных з праблемамі штодзённага жыцця, не маючых матэрыяльных турбот. У сучасным выяўленні яшчэ горш: царкоўны іерарх — чалавек, які мае раскошу за кошт ахвяравання вернікаў. Каштоўнасці рэлігійнага чалавека — удзел у еўхарыстыі, споведзі, прычашчэнне, пост, малітва — пазбаўленыя публічнасці, у грамадскай думцы не з’яўляюцца сведчаннем станоўчых якасцяў.

Беларусам дасталася яшчэ адна дрэнная спадчына. Нас навучылі думаць, што беларускай царквы няма, яе ніколі не існавала. Быў польскі Касцёл, былі расійскія праваслаўныя, былі нейкія пратэстанты і секты. У савецкія часы пад гэтыя думкі падвялі ідэалагічны падмурак: беларусы — калі не ўсе атэісты, то масава няверуючыя.

Разам з тым, рэлігія як частка духоўнага жыцця чалавека і Царква як найбуйнейшы грамадскі інстытут былі і ёсць важнай часткай як беларускай гісторыі, так і сучаснага жыцця. Асабліва гэта тычыцца Праваслаўнай Царквы.


Рэпрэсіі

Савецкая дзяржава вызначыла духавенства варожым класам, які падлягае знішчэнню, а Царкву — варожай арганізацыяй. Святароў пазбаўлялі элементарных сродкаў да існавання, яны былі бяспраўныя перад уладай. Людзі ў прыходах баяліся хадзіць у царкву: апасаліся кпінаў і абвінавачванняў у «цемры», хваляваліся, што з верай у Бога не змогуць зрабіць кар’еру ў бязбожнай краіне, баяліся, што іх абвінавацяць у дапамозе варожым класам.

У цяжкім становішчы было вышэйшае духавенства. Знішчэнне ўплыву Праваслаўнай Расійскай Царквы (ПРЦ — такая была тады афіцыйная назва сучаснай РПЦ) савецкая дзяржава пачала з пазбаўлення Царквы сакральнага значэння і эканамічнай падтрымкі. Першы ўдар быў накіраваны на ліквідацыю інстытута манаства. Згодна з Дэкрэтам «Аб зямлі», манастыры пазбавіліся сродкаў да існавання, і яны не маглі аказваць матэрыяльную дапамогу ў правядзенні розных царкоўных мерапрыемстваў, забяспечваць царкоўную іерархію.

Савецкія ўлады загадалі праверыць («ці няма падману вернікаў») хрысціянскія рэліквіі, да якіх здзяйснялася паломніцтва. У лютым 1919 года наркамат юстыцыі РСФСР выдаў пастанову аб арганізацыі выкрыцця цудадзейных святых мошчаў. У жніўні 1920-га ён разаслаў выканкамам мясцовых саветаў цыркуляр аб ліквідацыі святых мошчаў з указаннем пазбягаць «усялякай нерашучасці і палавіністасці пры правядзенні мерапрыемстваў». 21 жніўня 1920 года ў газеце «Звязда» пачалася серыя публікацый пад рубрыкай «Цемрашальства» — пра паказальны судовы працэс у Маскве над іераманахам Дасіфеем і ігуменняй Серафімай, якія абаранялі ад знішчэння святыя мошчы Віленскіх пакутнікаў, нацыянальную беларускую царкоўную рэліквію.

Пазбаўленне матэрыяльнага дабрабыту, знішчэнне святыняў былі не апошнімі выпрабаваннямі. Пасля заканчэння працы Памеснага сабора Праваслаўная Расійская Царква сутыкнулася з праблемай легітымнасці царкоўнага кіравання. Гэтая праблема мела два бакі — дзяржаўны і царкоўны. Першы быў звязаны з рэгістрацыяй органаў царкоўнага кіравання дзяржавай, якая забяспечвала легальнае кіраванне прыходамі, другі быў абумоўлены выкананнем самім духавенствам рашэнняў Сабору. Ужо ў пачатку 1919 года ў рабоце органаў царкоўнага кіравання — Свяшчэннага Сінода і Вышэйшага Царкоўнага Савета — па розных прычынах прымалі ўдзел менш за палову членаў, абраных Памесным саборам. У 1921 годзе трохгадовы тэрмін іх працы наогул скончыўся, для абрання новых органаў кіравання павінен быў сабрацца чарговы Памесны сабор. Але ён скліканы не быў. Гэта выклікала новую хвалю незадаволенасці сярод іерархаў і духавенства, хто ўвядзення патрыяршаства, адноўленага ў 1917 годзе, не падтрымліваў або ставіўся да яго скептычна.

14 мая 1922 года царкоўныя «рэвалюцыянеры» выклалі сваё бачанне сітуацыі ў бальшавіцкай «Праўдзе», якая апублікавала «Заклік прадстаўнікоў групы прагрэсіўнага духавенства». Іх сталі называць абнаўленцамі.

У пачатку 1920-х да лідараў абнаўленчага руху належалі протаіерэй Увядзенскі, які выконваў ролю галоўнага ідэолага, епіскап Антанін (Граноўскі), былы обер-пракурор Сінода Уладзімір Львоў, прафесар Петраградскай духоўнай акадэміі Барыс Цытлінаў і іншыя. Рух абвясціў неабходнасць «дэмакратычных рэформаў», закліканых зблізіць праваслаўе з «рэвалюцыйным народам». Абнаўленскія рэформы прадугледжвалі спрашчэнне структур царкоўнага кіравання, узрастанне ролі прыхадской грамадскасці, дазвол епіскапам жаніцца, а святарам уступаць у шлюб больш за адзін раз, скарачэнне абавязковых службаў, увядзенне рускай мовы ў набажэнства, увядзенне грыгарыянскага календара, адмену манаства і іншае.

Да 1922 года абнаўленцы ўстрымліваліся ад размежавання з ПРЦ на чале з патрыярхам Ціханам. Вясной 1922 года размежаванне адбылося, і абнаўленцы былі абвешчаныя раскольнікамі.


Як жа без чэкістаў?

АДПУ пачаў працу з лідарамі і ўдзельнікамі абнаўленчага руху, прыцягваючы іх да асведамляльнай дзейнасці, заахвочваючы да збору матэрыялаў на прыхільнікаў патрыярха Ціхана.

Савецкі ўрад афіцыйна падтрымаў абнаўленчыя арганізацыі, зарэгістраваў іх орган кіравання — Вышэйшае царкоўнае ўпраўленне (ВЦУ). З 1922 па 1926 гады абнаўленчая царква была адзінай афіцыйна прызнанай уладамі праваслаўнай царкоўнай арганізацыяй з легальнай структурай кіравання. Абнаўленцы сталі афіцыйна называць сябе таксама, як і Царква на чале з патрыярхам Ціханам — Праваслаўнай Расійскай Царквой. Пазней найменне абнаўленцаў трансфармавалася ў Праваслаўную царкву ў СССР.

Каб кіраўніцтва ПРЦ не перашкаджала рабоце лаяльных да савецкай улады структур, чэкісты адвезлі патрыярха Ціхана ў Данскі манастыр у Маскве, дзе ён знаходзіўся ў строгай ізаляцыі. Для вырашэння царкоўных праблем у спецслужбах былі створаныя спецыяльныя аддзелы, якія займаліся выпрацоўкай палітыкі вынішчэння веры, царквы як арганізацыі і духавенства як варожага класа.


Беларусь: на шляху да аўтаноміі

У пачатку 1920-х духавенства епархій, якія знаходзіліся на тагачаснай тэрыторыі Беларусі (іх у ПРЦ называлі паўночна-заходнімі), распачало працэс стварэння Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ). Кіраваў гэтым епіскап Мінскі і Слуцкі Мелхіседэк (Паеўскі). Арганізацыйнай формай для БПЦ спачатку была абраная царкоўная аўтаномія.

Мелхіседэк (Паеўскі)

Аўтаномія — досыць распаўсюджаная з’ява ў гісторыі праваслаўя. Пад ёй разумеецца Царква, якая дзейнічае на тэрыторыі самастойнай дзяржавы, валодае шырокай (але не поўнай) самастойнасцю ад так званай кірыярхальнай Царквы. Падставай для абвяшчэння аўтаноміі служылі розныя фактары — часцей за ўсё знаходжанне Царквы па-за межамі дзяржавы, у якой знаходзілася кірыярхальная Царква, а таксама геаграфічная аддаленасць і этнічная своеасаблівасць. Залежнасць аўтаномнай Царквы ад кірыярхальнай вызначаная так: прадстаяцель (кіраўнік) аўтаномнай Царквы прызначаецца прадстаяцелем кірыярхальнай Царквы; статут аўтаномнай Царквы зацвярджаецца кірыярхальнай; аўтаномная Царква атрымлівае ад кірыярхальнай міра — асвечаны араматычны алей, які выкарыстоўваецца ў сакраманце канфірмацыі); прадстаяцель аўтаномнай Царквы падсудны яе вышэйшай судовай інстанцыі.

Усе неабходныя фармальныя ўмовы для абвяшчэння царкоўнай аўтаноміі напачатку 1920-х гадоў былі. Беларусь была дэ-юрэ самастойнай дзяржавай, тэрытарыяльна, палітычна і этнічна адасобленая ад Расіі. Царкоўная аўтаномія магла вырашаць многія праблемы праваслаўнай царквы на месцы, без кансультацый з цэнтральнай царкоўнай уладай, якая да сярэдзіны 1922 года ўвогуле невядома дзе знаходзілася.

У канцы мая 1922 года старшыня ДПУ Беларусі Ольскі сустрэўся з епіскапам Мелхіседэкам і перадаў яму «запрашэнне» ў Маскву ў Сакрэтны аддзел АДПУ для перамоваў. Мелхіседэк прыняў прапанову, як пісаў сакратар КПБ Багуцкі Сталіну, «доброотчетливо».


Епіскап Мелхіседэк не быў «кар’ерным» епіскапам, хоць і меў на той час дастаткова пашаны. Уладыка быў лагодны, спакойна выслухоўваў прапановы, не спяшаўся з адказам, ветлівы, мова ў яго была павольнай, інтэлігентнай і добразычлівай. Ён не хітраваў, не хлусіў, не спрабаваў выкручвацца, не быў цвердалобы, не навязваў сваёй думкі. Ён заўсёды спадзяваўся на Божую дапамогу, і гэта надавала яго прамовам упэўненасць. Мелхіседэку ўдавалася, як пісаў Багуцкі, «перажываць усё акупацыі і ладзіць з усімі ўрадамі». І партыйныя ўлады, і чэкісты адзначалі, што епіскап быў «вялікі дыпламат».


Складаная Масква

У сярэдзіне чэрвеня 1922 года біскуп Мелхіседэк прыбыў у Маскву. Падзеі, якія адбываліся тады, яго збянтэжылі, яснасці ў разуменні, што адбываецца, не дадалося. Патрыярх Ціхан знаходзіўся пад хатнім арыштам, і ў Маскве казалі, што яго, хутчэй за ўсё, расстраляюць. Мітрапаліт Сергій (будучы новы патрыярх), сумесна з двума архіепіскамі публічна прызналі абнаўленчае ВЦУ адзінай кананічнай уладай: прызнанне яны аформілі ў так званым «Мемарандуме трох».

Мітрапаліт Сергій удзельнічаў у хіратоніі архімандрыта Мелхіседэка ў епіскапа, быў для яго, як і для ўсяго рускага духавенства, багаслоўскім аўтарытэтам. Ігнараваць меркаванне Сергія для яго было складана. Мелхіседэк прыняў пазіцыю Сергія, але (тым не менш!) у абнаўленскі раскол не ўступіў.

Для праваслаўнага верніка ўдзел у расколе з’яўляецца вялікім злачынствам. Пазней мітрапаліт Сергій прынёс пакаянне патрыярху Ціхану за ўдзел у абнаўленстве. Епіскапу Мелхіседэку каяцца не было ў чым.

У Маскве Мелхіседэк сустрэўся і з кіраўніцтвам АДПУ. Дакументальныя сведчанні гэтай сустрэчы невядомыя, але відавочна, што чэкісты прапанавалі легалізацыю БПЦ у выпадку падтрымкі ВЦУ.

Па вяртанні ў Мінск Мелхіседэк прапанаваў, як найлепшае выйсце, мець самастойнасць і незалежнасць ад таго, што адбываецца ў Маскве. Першым крокам да незалежнасці епіскап вызначыў аўтаномію БПЦ у складзе ПРЦ.


Аўтаномія

Слова «аўтаномія» было дастаткова папулярнае ў асяроддзі беларускай як партыйнай, так і творчай інтэлігенцыі і, натуральна, сярод вернікаў. У асноўным, у спалучэнні са словам «нацыянальная». Нацыянальная культурная аўтаномія як адна з магчымых мадэляў дзяржаўнага ладу Беларусі ў складзе Расійскай Федэрацыі прадугледжвала магчымасць для беларусаў самастойна вырашаць пытанні адукацыі, развіцця нацыянальнай мовы, іншых аспектаў культуры і эканомікі. Мелхіседэк меў усе падставы меркаваць, што абвяшчэнне аўтаноміі БПЦ будзе падтрымана прыхільнікамі нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў дзяржаўным і партыйным кіраўніцтве БССР.

Калі б палітычнаму кіраўніцтву Беларусі ўдалося атрымаць пэўную самастойнасць у вырашэнні ўнутраных праблем, перадаўшы рашэнне знешнепалітычных задач Маскве, то, лічыў Уладыка, аўтаномная праваслаўная царква ў Беларусі атрымае неабходныя ўмовы для развіцця: будзе самастойнай, незалежнай ад дзяржавы, будзе будаваць сваё жыццё па запаветах Хрыстовых.

17 чэрвеня 1922 года, калі епіскап Мелхіседэк яшчэ знаходзіўся ў Маскве, у цэнтральныя органы КП(б)Б паступіў дакумент, аўтары якога прасілі дазволіць яго распаўсюд. Ён быў напісаны на беларускай мове, падпісаны вядомымі і паважанымі ў Беларусі людзьмі, сярод якіх былі протаіерэй Стэфан Кульчыцкі, протаіерэй Уладзімір Біруля, пісьменнік і выкладчык геалогіі і мінералогіі Міхаіл Грамыка, грамадскі дзеяч і працаўнік Наркамасветы Сцяпан Некрашэвіч, дацэнт кафедры рускай гісторыі Беларускага ўніверсітэта Аляксандр Савіч, Якуб Колас і іншыя. Дакумент называўся «Заклік да праваслаўных беларусаў».

У ім, у прыватнасці, гаварылася: «У дні вялікага дзяржаўнага перавароту і рэвалюцыйнага зруху ў Расіі, сярод шуму і разбурэння ваенных бур, які пранёсся над нашым краем, нарадзілася свабодная Беларусь. Шматпакутны народ на працягу доўгага гістарычнага існавання амаль не ведаў долі, апрача долі раба, меў мужнасць услых усім заявіць, што ён хоча жыць свабодна, падобна іншым народам, працаваць на сваёй зямлі, ствараць уласнае шчасце і дабрабыт. Так палітычна самавызначалася Беларусь. Рост народнай самасвядомасці, які выказаўся ў акце абвяшчэння Беларускай Савецкай Рэспублікі, павінен быў рана ці позна адбіцца важнымі наступствамі і ў галіне царкоўнага жыцця. Чуйна сочачы за лёсам нацыянальнай беларускай ідэі, царква чакала таго моманту, калі спустошаная варожымі нашэсцямі краіна ўздыхне свабодна і прыступіць да культурнай працы.

Момант гэты наступіў: крывавы прывід вайны, відаць, разышоўся і беларускі народ уступае ў паласу мірнага культурнага будаўніцтва. А таму намі, праваслаўнымі беларусамі, адданымі царкве і не забыўшымі ўрокаў гісторыі, павінна быць зроблена тое, што паказваецца самім ходам падзей і ўяўляецца наспеўшым пытаннем нашага мясцовага жыцця. Беларуская царква павінна быць прызнаная кіравацца ў сваім унутраным жыцці на пачатках аўтаноміі згодна царкоўных правіл і канонаў… Праваслаўная царква ў Беларусі менавіта таму, што яна беларуская, жадае з гэтага часу ісці ўласным шляхам…»

Партыйная ўлада публікацыю закліку не дазволіла.

Але ўлетку 1922 года была абвешчаная аўтаномія БПЦ, абранае яе кіраўніцтва. Епіскап Мелхіседэк стаў мітрапалітам Беларускім і Мінскім. На чале аўтаноміі стала Царкоўнае Упраўленне Беларусі (ЦУБ) у складзе старшыні Мелхіседэка, мітрапаліта Беларускага і Мінскага і членаў: протаіерэя Іаана Язвіцкага, протаіерэя Аляксея Касцючэнкі, протаіерэя Стэфана Кульчыцкага, протаіерэя Уладзіміра Бірулі, псаломшчыка Х. Заторскага, свецкага чалавека Уладзіміра Сакалова, сакратара протаіерэя Антонія Кіркевіча.


Што далей?

Пра тое, як адбывалася стварэнне аўтаноміі, што было далей, выкладзена ў дакладзе мітрапаліта Беларускага і Мінскага Мелхіседэка Патрыярху Ціхану ад 15 снежня 1923 года. З тэксту даклада вынікае, што мітрапаліт Мелхіседэк нездарма называўся чэкістамі вялікім дыпламатам.

Мітрапаліт, у прыватнасці, пісаў: «...Пытанне аб аўтаноміі Беларускай царквы — не новае. Яно не раз падымалася ў заходнерускіх царкоўных і грамадскіх колах. Можна сказаць, што яно даўно ўжо наспела, і калі не ўздымалася афіцыйна ў поўнай меры, то толькі таму, што ўмовы жыцця Беларусі ў апошнія гады часта змяняліся і ўскладнялі зносіны з вышэйшай царкоўнай Уладай, не далі магчымасці правесці дазвол яго ў належнай паслядоўнасці і парадку.

Настаў 1922 год, калі Праваслаўная Царква Расійская папушчэннем Божым, уступіла ў паласу цяжкай смуты і падзелу. Пазбаўленая свайго кіраўніка, раздзіраемая адсутнасцю ўнутранага свету і яднання, яна перажывала ўзмоцнены крызіс на ўсёй прасторы сваёй. У Беларусі гэты крызіс адчуваўся вастрэй, чым дзе б там ні было…»

Мітрапаліт Мелхіседэк наракаў, што ў краіне ўзмацнілася прапаганда каталіцызму і ўніяцтва — у той час, як праваслаўная царква перажывала раздоры. «Прапаганда гэтая прыняла самыя шырокія памеры, просты народ завагаўся. Небяспека становішча стала відавочная».

«Пасля неаднаразовага і стараннага абмеркавання становішча, было цвёрда пастаўлена на першую чаргу пытанне аб аўтаноміі Беларускай царквы, як найлепшым сродку, які можа паслужыць для вырашэння патрэб дадзенага моманту царкоўна-гістарычнага жыцця», — пісаў Мелхіседэк.

«Асаблівае грамадскае становішча Беларусі як незалежнай рэспублікі, якая ўваходзіць у склад федэрацыі (тут есць свой ЦВК, свой Саўнаркам, у Маскве маецца беларускае прадстаўніцтва пры РСФСР і г.д.), дае магчымасць ажыццяўлення гэтага праекта, якое не супярэчыць і царкоўным канонам. У аснову праекта ляглі два палажэнні: 1) імкненне захаваць, шляхам аўтаноміі, законную іерархію і 2) аказаць супрацьдзеянне прапагандзе, якая прыняла пагрозлівыя памеры», — азначаў ён.

Сам факт абвяшчэння Беларускай Мітраполіі здзейсніўся 10/23 ліпеня 1922 года ў Мінскім Кафедральным Саборы прад Боскай Літургіяй пры велізарнай колькасці людзей, якія маліліся. Вернікі запоўнілі да цеснаты не толькі шырокі сабор, але і ўсю прылеглую плошчу, пры ўдзеле ўсяго гарадскога і прадстаўнікоў епархіяльнага духавенства. Пасля звычайнай архіерэйскай сустрэчы архіерэй спыніўся на амбоне сярод царквы. Кафедральны протаіерэй, прыняўшы дабраславенне, з салеі прачытаў голасна акт наступнага зместу:

«У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Праваслаўныя клір і свецкія быўшай Мінскай епархіі, свята захоўваючы догмат аб адзінстве Царквы і іншыя догматы нашай святой веры, захоўваючы кананічную сувязь з законнымі святарскімі Праваслаўнай Царквы Расійскай, і кіруючыся не крывадушным, а гарачым імкненнем да дабра праваслаўнай царквы і ўмацаванню праваслаўнай веры, пастанавілі абвясціць праваслаўную царкву, якая знаходзіцца ў межах незалежнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, самакіраванай у справах мясцовага значэння (аўтаномнай). На цяперашнюю пастанову прасіць у свой час дабраславенне Вышэйшай Законнай Царкоўнай Улады, ад якой будзе залежаць таксама і дакладнае ўказанне межаў і ўмоў такога самакіравання на будучыню. Аднадушна і аднагалосна прасіць архіпастыр нашага Праасвяшчэннейшага Мелхіседэка, епіскапа Мінскага і Тураўскага, прыняць з гэтага часу найменне «Мітрапаліта Беларускага і Мінскага», як бачны выраз абвешчанага цяпер самакіравання Беларускай Царквы ў справах унутранага характару, а таксама прасіць яго заклапаціцца больш хуткім аднаўленнем біскупскіх кафедраў у Беларусі ў горадзе Слуцку, старажытным Тураве, Бабруйску і Барысаве».

Пісьмовага адказу на свой даклад мітрапаліт Мелхіседэк не атрымаў. Сярод расійскага вышэйшага духавенства на тыя часы не было прыхільнікаў утварэння самастойнай Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мелхіседэка сталі вінаваціць «у самачыне», ганарлівасці і нават абнаўленстве.



Шлях да аўтакефаліі?

З пункту гледжання савецкага заканадаўства — як агульнасаюзнага, так і беларускага, — мітрапаліт Мелхіседэк і ўзначальваемае ім Упраўленне былі абсалютна законныя і маглі дзейнічаць. Легальнасць дазваляла сфарміраваць на базе аўтаноміі паўнавартасную мітраполію. І хоць тэрыторыя Беларусі ў гэты перыяд была невялікая ў параўнанні з аналагічнымі ўтварэннямі ў Расіі, мітрапаліт Мелхіседэк звярнуўся ў абнаўленчы В.Ц.У. па дазвол на хіратонію трох новых епіскапаў. Увесну дазвол на хіратоніі быў атрыманы. Для ўдзелу ў іх у Мінск былі запрошаныя архіерэі «дараскольнага перыяду», — гэта значыць, законныя і з пункту гледжання сучаснага царкоўнага права. Гэта былі два вікарных епіскапа са Смаленскай епархіі — Венедыкт (Алентаў) і Феафан (Бярозкін). Абодва лічыліся абнаўленцамі, што не выклікала ні падазрэнняў, ні нараканняў з боку беларускіх спецслужбаў.

25 сакавіка (7 красавіка) 1925 года ва ўзросце 60-ці гадоў Патрыярх Ціхан памёр, як абвяшчалася, ад сардэчнага прыступу. У ПРЦ пачаўся перыяд поўнага безуладдзя. Афіцыйнае рашэнне па пытанні ўтварэння Аўтаномнай Беларускай мітраполіі Патрыярхам Ціханам так і не было прынятае. БПЦ і да сёння не мае статуса аўтаноміі ў складзе РПЦ.

Працэс беларусізацыі, які пашырыўся ў БССР у сярэдзіне 1920-х гадоў, вымусіў тагачаснае партыйна-савецкае кіраўніцтва па-іншаму паставіцца да ролі Царквы ў беларускай дзяржаве. А беларускае духавенства, не чакаючы рашэння Масквы, прыняло рашэнне аб падрыхтоўцы да аўтакефаліі БПЦ.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-15 10:04:40
У 2009 на Свабодзе адбылася он-лайн канферэнцыя з святаром Расейскай Праваслаўнай Царквы Андрэям Кураевым, і я задаў яму пытанне:

«Вось ужо болей за 6 год жыву ў Нью Ёрку, куды прыехаў з Мінску да дачкі. За гэты час пабываў у Свята-Траецкім мужчынскім манастыры ў Джорданвіле, штат NY, у Каліфорніі ў Кафедральным Саборы Найсвяцейшай Багародзіцы Всех скорбящих Радасці, дзе пакланіўся мошчам Свяціцеля Іяана Шанхайскага і Сан-Францыскага Цудатворца. Падчас паломніцтва ў згаданы манастыр, якое арганізавала РПЦ у Брукліне, у аўтобусе побач са мной, беларусам, былі рускія, украінцы, грузіны, а ў Саборы у Сан-Францыску быў з праваслаўнымі людзьмі з Расеі, Ўкраіны, Ўзбекістана... Таксама наведаў тут у NY некаторыя храмы Рускай Праваслаўнай Царквы, куды хадзіў з сваёй жонкай, якая як і шмат іншых беларусак і беларусаў вернікаў, была вымушана пайсці у РПЦ, а не ў Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ), што ёсць тут у Брукліне, з-за ўнутраных палітычных канфліктаў у гэтай царкве.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-15 10:04:47
Бо частка прыцаркоўных людзей, якія згуртаваліся вакол вядомага беларускага палітыка-эмігранта, фактычна павыганяла з беларускага храма і святара-беларуса, які веў службу на беларускай мове, якога, ў прыватнасці, надумана абвінавацілі ў належнасці да КДБ, і іншых вернікаў-іншадумцаў, якія таксама, як і святар, не падтрымлівалі ідэалогію згаданага палітыка. Ў выніку, вось ужо амаль 5 год у беларускім Храме гучыць пропаведзь на ўкраінскай мове, якую слухаюць згаданыя прыцаркоўныя людзі – меньшасць беларускіх эмігрантаў, змяніліся тры святары-ўкраінца (зразумела, не кадэбісты), а беларусаў і беларусак іншадумцаў – большасць беларускіх эмігрантаў - прыняла РПЦ Нью Ёрку.

Калісьці Хрыстос павыганяў гандлюючых у Храме людзей, але, як бачыце, ў нашы часы ў згаданай БАПЦ дзеля дабрабыту аднаго палітыка прыцаркоўнікі фактычна выганяюць іншадумцаў - беларускіх праваслаўных вернікаў - па палітычных матывах. Дык ці павінна быць палітыка ці палітычная барацьба ў Храме Божым?»
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-15 10:08:32
Адказ Андрэя Кураева:

«Тое, што называецца беларускай праваслаўнай царквой за межамі ўласна Беларусі, гэта сэкты. А сэкта нямецка-фашыстоўскага паходжаньня, створаная падчас другой сусьветнай вайны, ну і далей пра гэта ўжо можна нічога не казаць, гэта чыста палітыканскі інструмэнт, і ня больш за тое. Таму, што ваш шлях прайшоў міма іх -- і дзякуй Богу.

Што тычыцца палітыкі царквы, то гэтае пытаньне вельмі складанае. Я прыклад прывяду. Гэта 386 год, то бок чацьвёртае стагодзьдзе ад Нараджэньня Хрыстова..."

Цалкам адказ святара чытайце ў маім артыкуле АЎТАКЕФАЛІЯ.BY тут https://cont.ws/@starkou/1076963
  • Annav
  • 2018-11-16 19:50:04
про окатоличивание не забудьте написать.. и как Калинговский вешал православных священников.. 139, кажется