Белавежская пушча: на роварах у Польшчу

Днямі з сябрам, вопытным раварыстам Алесем Сапяжынскім, наведалі польскую частку Белавежскай пушчы.
Увесь маршрут у два бакі на роварах ад беларускага адміністрацыйнага цэнтру пушчы Камянюкі да адпаведнага польскага – Белавежы – склаў 48 кіламетраў.

Сухое і неспякотнае надвор’е з-за суцэльнай хмарнасці цягам усяго дня вельмі спрыяла нашай вандроўцы. Ехаць было прыемна і таму, што мяне чакала сустрэча з раней незнаёмай польскай часткай старажытнага запаведнага лесу, які ёсць помнікам Сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Адпачынку спрыялі цудоўнае паветра, насычанае водарамі пушчы, амаль поўнае бязлюддзе на веласцежцы, а таксама адсутнасць нейкіх іншых абмежаванняў па маршруце.

Пасля невялікага адпачынку ля вадасховішча Лядскае на беларускім баку пушчы не прыпыняліся аж да самай мяжы, дзе з 2005 года дзейнічае пешаходна-роварны пераход Перароў-Грудкі. Тут затрымаліся на лічаныя хвіліны і падоўжылі вандроўку, каб праз 4 кіламетры сустрэцца з Белавежай – былой паляўнічай рэзідэнцыяй польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх, а пазней – расійскіх імператараў.  
Каля вадасховішча Лядскае ў беларускай частцы Белавежскай пушчы

Каля вадасховішча Лядскае ў беларускай частцы Белавежскай пушчы


Гэтая вялікая, шматлюдная і жывая вёска Хайнуўскага павета Падляшскага ваяводства стаіць на Бельскай раўніне ля рэчкі Нараўка і з’яўляецца не толькі цэнтрам Белавежскага нацыянальнага парку, але і аднайменнай гміны. У вёсцы месцяцца геабатанічная станцыя і Цэнтр даследавання млекакормячых Польскай акадэміі навук. Ёсць у Белавежы і былая станцыя пачатку XX стагоддзя чыгуначнай веткі з Хайнуўкі, што працавала да 1994 года. У 1930-я гады ўрад II Рэчы Паспалітай меркаваў працягнуць гэтую ветку праз Пружаны да чыгункі Берасце – Масква, аднак гэтыя планы так і не здзейсніліся.

У Белавежы добра наладжаная турыстычная інфраструктура з гатэлямі, кемпінгамі, пансіянатамі і шматлікімі аграсядзібамі, якія штогод прымаюць да 100 тысяч польскіх і замежных турыстаў.

Найбольшую цікавасць выклікае найстарэйшы будынак месца – былая сядзіба гарадзенскага губернатара. Узведзеная ў 1845 годзе ў руска-шведскім стылі, сядзіба зараз рэстаўруецца. Менавіта ў гэтым гістарычным будынку гарадзенскі губернатар прымаў высокіх гасцей – манархаў Расіі і Прусіі. У розныя гады ў сядзібе месціліся музей пушчы, шпіталь, афіцэрскае казіно, вучэбны цэнтр для супрацоўнікаў запаведанага лесу з рэстарацыяй для жыхароў і наведнікаў Белавежы. Дарэчы, дзеля большай прывабнасці пушчы ў сядзібе ўзвялі фантан і штучны вадаспад з падсветкай. Апроч таго, у міжваенныя гады сядзіба выконвала ролю цэнтру ваенна-патрыятычнага выхавання мясцовай моладзі, якая займалася тут стральбой, тэнісам і грэбляй.
Белавежа. Каля старэйшага будынку месца — сядзібы гарадзенскана губернатара

Белавежа. Каля старэйшага будынку месца — сядзібы гарадзенскана губернатара


Праз 50 гадоў насупраць сядзібы губернатара на высокім беразе Нараўкі быў збудаваны царскі палац – восеньская паляўнічая рэзідэнцыя расійскага імператарскага дому, які з 1888 года стаў уладальнікам Белавежскай пушчы. Там, дзе спрадвеку ў Белавежы жылі польскія каралі, пачынаючы ад Жыгімонта I, па праекце графа Мікалая дэ Рашфора быў узведзены цагляны двухпавярховы палац з глыбокімі сутарэннямі і высокімі мансардамі ў стылі сярэднявечнага замку з дзвюма круглымі востраканечнымі вежамі на заходнім і ўсходнім кутах.

У аздабленні і мэбліроўцы палаца былі выкарыстаны ўсе пароды дрэваў запаведнага лесу, у тым ліку хвоя, яліна, дуб, граб, бяроза, клён, вольха і асіна. Каб сцішыць гулкасць крокаў, усе паркеты былі пакладзены на тонкі слой сухога пяску. Кожны пакой меў сваё непаўторнае аздабленне. Так, адзін з пакояў для царскай світы быў паклеены старымі паштовымі маркамі з усяго свету, другі – аздоблены картамі для гульні. Большасць памяшканняў мелі свае назвы, а ванныя пакоі – басейны. Перад Першай сусветнай вайной адкрылі музей пушчы з калекцыямі мясцовай флоры і фаўны, гістарычных артэфактаў, зброі, карцін, гравюр і фатаздымкаў, на якіх было адлюстраванае жыццё запаведнага лесу і яго непаўторнасць.
Царская брама для варты і арсеналу, дзе зараз месціца галерэя “Памяткі з Падляшша”

Царская брама для варты і арсеналу, дзе зараз месціца галерэя “Памяткі з Падляшша”


Паміж палацам і наваколлем з раўнінных лугоў і палёў уздоўж Нараўкі заклалі англійскі парк плошчай 50 гектараў з сажалкамі, дамбамі і іншымі маляўнічымі краявідамі. Сваёй агароджай парк нагадваў Летні сад у Санкт-Пецярбургу. Ансамбль упрыгожвалі шыкоўныя збудаванні аднаго стылю, што захаваліся і па сёння – Палацавая брама і царква Мікалая Цудатворца, аздобленая кітайскім фарфорам.

З пачаткам Першай сусветнай вайны комплекс стаў занепадаць. Ён перажыў эвакуацыю, марадзёрства, аднаўленне пад адміністрацыйныя патрэбы, музей і бібліятэку. У памяшканнях палаца месцілася фірма Цэнтура, капліца і дзяржаўная школа ляснічых. Пазней у палацы з'явіліся апартаменты прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага, упрыгожаныя вялікім дываном з выявай белага арла на чырвоным фоне, шматлікімі карцінамі з галовамі лясных звяроў і міфалагічнымі сюжэтамі. 
Царскі палац перад I сусветнай вайной. Здымак Зьмітра Корха з сайту ragdzima.org

Царскі палац перад I сусветнай вайной. Здымак Зьмітра Корха з сайту ragdzima.org

Перад Другой сусветнай вайной у палацы прымалі міністраў Трэцяга Рэйху Германа Герынга і Генрыха Гімлера, за тыдзень да пачатку вайны размясцілі ваенны шпіталь, які эвакуявалі на ўсход 11 верасня 1939-га. Амаль два гады Белавежа знаходзілася пад Саветамі, а падчас германа-савецкай вайны ў палацы месціўся Хорн – аддзел нямецкай ваеннай выведкі (Абвера). У ноч з 16 на 17 ліпеня 1944-га падчас вызвалення пушчы ад нацыстаў палац разам з яго зборамі згарэў. Руіны будынку былі ўзарваныя ў 1961 годзе, а на месцы палацу пазней узвялі сучасны гмах дырэкцыі Белавежскага нацыянальнага парку з Музеем прыроды, рэстарацыяй і гатэлем.
Вярталіся дахаты старой дарогай. Спадар Алесь патлумачыў, што раней памежны пераход быў досыць прымітыўным. Вандроўніку трэба было самому знайсці памежнікаў, каб яны адчынілі цяжкі вісячы замок на весніках у металічнай сетцы і самому за сабою загрэсці граблямі свае сляды на памежна-следавой паласе. Зараз пераход мяжы стаў зусім іншым – цывілізаваным, як ва ўсёй Еўропе.
Захаваны фрагмент вузкакалейкі ў польскай частцы пушчы

Захаваны фрагмент вузкакалейкі ў польскай частцы пушчы


Дарога дахаты

Дарога дахаты

Ззаду застаўся Еўразвяз з Польшчай, а наперадзе – першая беларуская пушчанская вёска Ляцкая з высокай назіральнай вежай, ціхай і соннай цэнтральнай вуліцай, абмежаванай пацёмкінскімі зрубамі і плотам з каменных слупоў, злучаных прамакутнікамі аднолькавых каваных сюжэтаў пушчанскай тэматыкі… 
Вёска Ляцкія на беларускім баку запаведнага лесу

Вёска Ляцкія на беларускім баку запаведнага лесу


Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Пушчанскі
  • 2018-09-04 09:55:37
этнічнабеларускі горад мае назву -- Гайнаўка
  • Яна Запольская
  • 2018-09-04 12:39:34
толькі не Хайнуўскі, а Гайнаўскі - па-беларуску горад Гайнаўка і павет Гайнаўскі.
  • Марат Гаравы
  • 2018-09-04 13:31:38
Згодны,
дзякуй