Бяроза-Картузская. Месца ізаляцыі, трагедыя, памяць

У савецкія часы гісторыя месца ізаляцыі, створанага польскімі ўладамі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, выкарыстоўвалася як асноўны аргумент у абгрунтаванні «фашызацыі» міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай. Маўляў, палякі не далёка адышлі ад сваіх заходніх суседзяў, карысталіся досведам нацыстаў і знішчалі «барацьбітоў за свабоду беларускага і ўкраінскага народаў».

Адзін з першых вязняў «Бярозы-Картузскай»

На жаль, і сёння гэты сумны гістарычны сюжэт выкарыстоўваецца дзяржаўнай ідэалогіяй дзеля таго, каб прадэманстраваць «фашысцкае нутро санацыйнага рэжыму». Пры гэтым не робіцца спробы прааналізаваць знешнія і ўнутраныя фактары з’яўлення і функцыянавання гэтага жахлівага месца.

Узор бралі ад нацыстаў і бальшавікоў

Афіцыйнай датай з’яўлення месца ізаляцыі ў Бярозе-Картузскай лічыцца 12 ліпеня 1934 года. Яшчэ ў чэрвені таго ж года было выдадзена афіцыйнае распараджэнне прэзідэнта Другой Рэчы Паспалітай Ігнацыя Масціцкага «ў сувязі з асобамі, якія пагражаюць дзяржаўнай бяспецы, спакою і публічнаму парадку». Фактычным прэтэкстам да стварэння лагера было забойства 15 чэрвеня 1934 года сябрам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Рыгорам Мацэйкам польскага міністра ўнутраных спраў Браніслава Пярацкага. У савецкай гістарыяграфіі падкрэслівалася, што за ўзор для новай пенітэнцыярнай установы польскія ўлады бралі нацысцкі лагер «Дахаў», які быў створаны вясной 1933 года.

Аднак палякі добра ведалі і досвед сваіх усходніх суседзяў — бальшавікоў. У жніўні 1933 года камандаванне Корпуса аховы памежжа падрыхтавала для польскай выведкі і вайсковага кіраўніцтва аналітычную працу «АДПУ. Кіраўніцтва і канцэнтрацыйныя лагеры СССР». У ёй польскія аналітыкі дэталёва апісвалі пенітэнцыярную сістэму бальшавікоў на тэрыторыі БССР, УССР, РСФСР, пры гэтым асаблівую ўвагу надавалі функцыянаванню сістэмы ГУЛАГ. Адкуль браліся дадзеныя? Іх польскія памежнікі атрымлівалі ад шматлікіх перабежчыкаў, а таксама ад асобаў, якіх абменьвалі на чыгуначнай станцыі Коласава ў 1930-я гады. З кожным з тых, хто ўратаваўся з імперыі Сталіна, польскія памежныя выведнікі праводзілі падрабязную размову і запісвалі ўсе дэталі іх знаходжання ў савецкіх турмах і лагерах.

Месца ізаляцыі ў «Бярозе-Картузскай», 1930-я гады

Чаму менавіта Бяроза? На гэтае пытанне ёсць некалькі адказаў. Па-першае, Заходняя Беларусь была даволі не спакойным для польскіх уладаў рэгіёнам, дзе пастаянна адбываліся выступленні незадаволеных жыхароў. Па-другое, кіраўніком Палескага ваяводства, на тэрыторыі якога знаходзілася месца ізаляцыі ў Бярозе, быў палкоўнік Вацлаў Костэк-Бярнацкі. Раней ён быў камендантам Брэсцкай крэпасці і праявіў сябе як жорсткі праціўнік любой апазіцыйнасці. Варшава разумела, што гэты адэпт паланізацыйнай палітыкі, ды яшчэ і жорсткі вайсковец, зможа арганізаваць эфектыўную працу па «перавыхаванні непажаданых элементаў».

Галоўнай афіцыйнай задачай «Бярозы» было супакойванне і маральнае прыніжэнне праціўнікаў дзеючай улады. Месца ізаляцыі не было ў нацысцкім сэнсе «лагерам смерці» ці бальшавіцкай «дапамогай у будаўніцтве народнай гаспадаркі».

Пастанова на арышт і змяшчэнне ў  «Бярозу-Картузскую»


Варшава імкнулася ізаляваць ад грамадства ўсіх сваіх праціўнікаў і апанентаў. Не забіваць іх, але, з дапамогай цяжкіх умоў знаходжання, зламаць і ператварыць у «паслухмяных грамадзян». Пры гэтым, безумоўна, варта падкрэсліць, што з’яўлення месца ізаляцыі ў Бярозе-Картузскай не ўпісвалася ні ў якія дэмакратычныя рамкі і сведчыла пра аўтарытарызм, які панаваў на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай у другой палове 1930-х гадоў.


Лёс вырашаў ваявода

Накіроўваў у «Бярозу-Картузскую» не суд. Першапачатковая заява пра затрыманне і накіраванне асобы ў месца ізаляцыі складалася ў павятовым камісарыяце паліцыі. У большасці дакументаў адзначалася, што затрыманага «неабходна выключыць з грамадска-палітычнага жыцця». Пазней дакументы траплялі да старасты, які рыхтаваў іх для кіраўніка грамадска-палітычнага адзела Ваяводства. Пасля гэтага дакументы перадавалі следчаму Адміністрацыйнай калегіі Акруговага суду ў Пінску, які на працягу 48 гадзін падпісваў рашэнне аб накіраванні грамадзяніна ў «чырвоныя казармы».

Чырвоныя казармы цяпер

Адзначым, што такая мера першапачаткова прымянялася супраць тых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, супраць якіх у паліцыі не было ніякіх доказаў іх «злачынства». Логіка польскіх уладаў была простай: напісаў чалавек артыкул, пакрытыкаваў афіцыйную Варшаву, да паўстання не заклікаў, але небяспечны, бо вальнадумец. Яшчэ і адукаваны. За такім могуць пайсці людзі, ці бальшавікі выкарыстаюць. Лепей яго «зачыніць» у Бярозе-Картузскай. Праўда, пазней да ліку польскіх апазіцыянераў, вязняў месца ізаляцыі ў «Бярозе» дадаліся шматлікія камуністы і, што горш, крымінальныя злачынцы.


«Штрафбат» для паліцыянтаў

Ахоўвалі лагер супрацоўнікі польскай дзяржаўнай паліцыі. Супраць гэтага выступаў галоўны камендант паліцыі генерал Кардзіян Заморскі. Справа ў тым, што турмы на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай ахоўвала спецыяльная турэмная служба (Straż Więzienna), аднак у выпадку «Бярозы-Картузскай» яе вязняў ахоўвалі звычайныя супрацоўнікі паліцыі. Заморскі неаднаразова звяртаўся да міністра ўнутраных спраў Мар’яна Зындрама-Касцялкоўскага з просьбай замяніць ахову, аднак гэтага не было зроблена.

Адміністрацыя «Бярозы-Картузскай»

Чаму ж камендант не хацеў накіроўваць паліцыянтаў у месца ізаляцыі? Справа была звязаная з тым, што ў «Бярозе-Картузскай» ахове дазвалялася «ўсё». Здзекі са зняволеных ламалі не толькі псіхіку вязняў, але і змянялі паліцыянтаў. Былі вядомыя факты, што пасля службы ў «Бярозе» супрацоўнікаў дзяржаўнай паліцыі накіроўвалі ва ўзводы рэзерву, каб толькі тыя не выходзілі на вуліцы і не ганьбілі паліцэйскую службу. Так, у 1935 годзе некаторыя ахоўнікі «Бярозы-Картузскай» былі пераведзеныя ў роту рэзерву паліцыі ў Жэрардаве. Былі выпадкі, калі пасля службы ў месцы ізаляцыі паліцыянты змянялі прозвішчы. Нарэшце, некалькі ахоўнікаў скончылі жыццё самагубствам.

«Адносіны паліцэйскіх да вязняў былі розныя. Некаторыя прыносілі ежу і давалі яе ў прыбіральні. Але гэта былі выключэнні. Большасць была вельмі грубай, сказаў бы нават па-звярынаму грубай», — адзначаў адзін з вязняў ва ўспамінах. Першым камендантам «Бярозы» быў падінспектар паліцыі Баляслаў Грэфнэр, але ўжо ў снежні 1934 года яго змяніў падінспектар Юзаф Камала-Курхальскі, які стаў апошнім камендантам месца ізаляцыі.

Праца ў «Бярозе-Картузскай»


Шлях у чырвоныя казармы

Ужо ў лютым 1934 года ў «Бярозу» прыбылі першыя вязні. Са следчага ізалятара чалавека вывозілі на чыгуначны вакзал, адкуль везлі ў кірунку станцыі Блудзень (зараз Бяроза-Картузская). Звычайна транспарціроўка адбывалася ў спецыяльным турэмным вагоне. Як адзначае польскі даследчык Войцэх Слешынскі, у цягніку паліцыянты ставіліся да арыштантаў ветліва, нават здымалі кайданкі. Аднак, калі цягнік прыходзіў на станцыю прызначэння, настрой аховы змяняўся. Станцыя Блудзень знаходзілася ў 5 кіламетрах ад месца ізаляцыі. Звычайна вязні праходзілі гэтую адлегласць пешшу, пад аховай паліцыянтаў.

Класічным тэрмінам зняволення ў «Бярозе-Картузскай» былі 3 месяцы, праўда, часта вязням даводзілася затрымацца ў месцы ізаляцыі на год і больш. Пасля вызвалення былы вязень павінен быў цалкам «развітацца» з мінулым жыццём. Аднак так рабілі не ўсе. Большасць сяброў КПЗБ і КПЗУ аказваліся ў «Бярозе-Картузскай» па некалькі разоў.

Вязні  «Бярозы-Картузскай», верасень 1939 года

Варта адзначыць, што месца ізаляцыі знаходзілася ў былых царскіх «чырвоных» казармах, якія ў пачатку ХХ стагоддзя пабудавалі з цэглы, што бралі з разбуранага картузіянскага манастыра. На ўваходнай браме быў надпіс «Miejsce Odosobienia» (месца ізаляцыі). Тут еўрапейская цывілізацыя заканчвалася і пачыналася пекла на зямлі. Новых вязняў пад крыкі і біццё гумавымі палкамі вялі ў канцылярыю, дзе яны атрымлівалі асабістыя нумары, якія выдаваліся ў храналагічным парадку.

У нацыянальным архіве Беларусі ў Брэсце захоўваюцца асабістыя справы вязняў. Апошні нумар на тэчцы — 3091. Большасць даследчыкаў адзначае, што за перыяд існавання месца ізаляцыі праз яго казематы прайшлі каля трох тысяч чалавек. Так, у кастрычніку 1934 года ў «Бярозе-Картузскай» знаходзілася 390 зняволеных; у красавіку 1938-га — 800; у студзені 1939 года — 502; у жніўні 1939-га — 524.

Вязьні  «Бярозы-Картузскай», 1930-я гады


Жудасная рэчаіснасць

Пасля рэгістрацыі вязняў гналі на склад, дзе тыя пакідалі ўсе асабістыя рэчы. Людзям выдавалі лагерныя робы, а зімой яшчэ і плашч. Вязні таксама атрымлівалі кавалкі матэрыі з нумарам. Адну трэба было нашыць на спіну, а другую — на левы рукаў. Увесь час ахова крычала на вязняў і біла гумавымі дручкамі. Якраз гэтыя паводзіны паліцыянтаў так непакоілі галоўнага каменданта польскай паліцыі Заморскага. Адміністрацыя лагера ператваралася ў беспакараных садыстаў.

Уніформа вязняў  «Бярозы-Картузскай»

Вязні знаходзіліся ў адмысловых камерах па 20–40 чалавек. Горшай была камера №15, якую паліцыянаты называлі «афіцэрскай». Туды саджалі «найгоршых парушальнікаў дысцыпліны». Дзень вязня пачынаўся ў 4 гадзіны раніцы, у 5 гадзін быў сняданак, з 6 па 11 была праца і практыкаванні, у 11-30 —13 — абед, 13–17 — праца, 17–18 вяртанне ў месца ізаляцыі, 18–19 — вячэра, 19 — адбой. Вязні працавалі ў майстэрні па вытворчасці бетоннай пліткі, брукавалі дарогі, баранавалі зямлю, выбіралі кампост. Аднак за гэтымі няхітрымі працамі хаваліся сапраўдныя цяжкія выпрабаванні. Напрыклад, падчас баранавання на барану клаўся вялікі камень. Гэтую канструкцыю цягнуў знясілены чалавек, якога яшчэ і білі.

Сапраўдным выпрабаваннем быў паход у прыбіральню. Справа ў тым, што вязні павінны былі паспець аправіцца за час, пакуль паліцыянт лічыў «да чатырох». Пры гэтым у прыбіральню заганялася некалькі дзясяткаў чалавек, якія вымушаныя былі рабіць «свае справы» наўпрост на падлозе. Прыбіралі за імі самі вязні. Пры гэтым рабілі гэта рукамі, бо ніякіх прылад працы ім не выдавалася. Найбольш лёгкай працай была ўборка казармаў і будынку адміністрацыі месца ізаляцыі.

Па суботах была лазня, пры гэтым зняволеныя мыліся… бягом. Забягалі, намыльваліся, беглі змывацца. Увесь гэты час паліцыянты білі іх гумавымі дручкамі. Падобным чынам адбываўся і «прыём ежы»: людзі забягалі ў сталоўку, атрымлівалі ежу і елі, пакуль паліцыянты не давалі сігнал аб завяршэнні сняданка, абеду ці вячэры.

Варта адзначыць, што рэжым знаходжання ў камерах быў таксама вельмі жорсткім. У выходныя вязняў ставілі тварам да сцяны — і так яны стаялі цягам дня. Пры гэтым забаранялася гаварыць і глядзець у вочы. Найбольш цяжкім пакараннем было накіраванне ў карцар, які знаходзіўся ў былым артылерыйскім складзе. Вязень вымушаны быў спаць на бетоннай падлозе, якую часта палівалі вадой. У выніку з карцара выходзіў знясілены, хворы чалавек. Адзін з вязняў за тыдзень знаходжання ў гэтай камеры… пасівеў.

Рашэнне пра накіраванне ў карцар


Ахвяры

За час існавання месца ізаляцыі ў Бярозе памерлі 13 чалавек. Так, 13 траўня 1936 года памёр сябар КПЗБ Абрам Германскі (№ 624); 26 траўня 1936 года — сябар КПЗБ з Бельскага павета Алесь (па іншых дадзеных — Ян) Мазырка (№ 511); 9 траўня 1937 года — Маісей Малізман (№ 780); 18 студзеня 1938 года — Пыжакоўскі (№ 1678); 22 сакавіка 1938 года — Рыневіч (№ 1610); 1 красавіка 1938 года — Язэп Нядзельскі (№ 1725); 15 чэрвеня 1938 года — Міхаіл Крыванос (№ 2069); 16 чэрвеня 1938 года — Підсачук (№1826); 5 лютага 1939 года — Федаровіч (№ 2601); 9 лютага 1939 года — Оскар Крэчмер (№ 2693); 30 сакавіка 1939 года — Караль Краўчык (№ 2600); 13 ліпеня 1939 года — Альберт Вальдман (№ 3000). Нехта з вязняў не вытрымаў знаходжанне ў карцары, іншыя пацярпелі ад пабояў. Большасць з гэтых людзей памерла ў шпіталі ў Кобрыне, куды іх пераводзілі з месца ізаляцыі.

5 лютага 1939 года адзін з вязняў «Бярозы-Картузскай» Давід Цымерман скончыў жыццё самагубствам. Былі і адзіныя ўдалыя ўцёкі з месца ізаляцыі. Крымінальны злачынца Уладзіслаў Новак, якога прывезлі ў Бярозу ў снежні 1937 года, зрабіў дзірку ў сцяне, прабраўся ў арыштанцкую кухню, адкуль выйшаў у двор, пералез праз агароджу і накіраваўся ў раён вёскі Кабакі. Далейшы яго лёс не вядомы.

Як і ў савецкіх лагерах, адміністрацыя «Бярозы-Картузскай» карысталася дапамогай крымінальных злачынцаў. Адзін з іх, крымінальнік Душчанка з Любліншчыны, «прыдумаў» асаблівае выпрабаванне для палітычных зняволеных — «Дарогу Сталіна». Дыстанцыю ў 30 метраў абсыпалі бітай чырвонай цэглай і прымушалі камуністаў і іншых «апазіцыянераў» поўзаць па-пластунску ці на каленях па вострай цэгле.

Падчас працы ў  «Бярозе-Картузскай»


Канец месца ізаляцыі

На момант пачатку Другой сусветнай вайны ў «Бярозе-Картузскай» знаходзіліся розныя людзі. Акрамя значнай колькасці заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх камуністаў, там сядзелі ўкраінскія нацыяналісты, польскія апазіцыянеры і грамадскія дзеячы, дзеячы беларускіх палітычных партый. Сярод іншых у сакавіку 1939 года туды трапіў польскі журналіст Станіслаў Цат-Мацкевіч. Яго абвінавацілі ў «аслабленні абарончага духу палякаў». Гэты чалавек крытыкаваў палітыку міністра замежных спраў Другой Рэчы Паспалітай Юзафа Бека.

У 1939 годзе ў чырвоных казармах аказаўся і сенатар, беларус Вячаслаў Васільевіч Багдановіч. Ён актыўна выступаў супраць аўтакефаліі польскай праваслаўнай царквы. Іншым вязням «Бярозы-Картузскай» быў забойца Сава Дранюк, які паходзіў з-пад Кобрына.

Пасля нападу Германіі на Польшчу сярод вязняў месца ізаляцыі апынуліся шматлікія польскія грамадзяне з нямецкімі каранямі, грамадзянствам Трэцяга Рэйху і проста нямецкімі прозвішчамі. Ужо падчас баявых дзеянняў паміж Войскам Польскім і вермахтам сярод зняволеных «Бярозы-Картузскай» было некалькі пілотаў люфтвафэ. «У першыя вераснёўскія дні з’явіліся два палонныя гітлераўскія лётчыкі. Яны сябе ў канцлагеры адчувалі як у гасцях. Хадзілі, гулялі свабодна. Пралятаюць нямецкія самалёты — яны ім махаюць рукой і ўсміхаюцца. І ніхто з наглядчыкаў ім нічога не казаў», — узгадваў адзін з вязняў месца ізаляцыі.

Крама былога кантрабандыста, якога накіравалі ў «Бярозу-Картузскую»

Між тым польска-германскі фронт хутка набліжаўся да Бярозы. 14 верасня 1939 года немцы пачалі штурм Брэсцкай крэпасці, а хутка жаўнеры вермахта былі пад Кобрынам. Паліцэйскія, якія ахоўвалі месца ізаляцыі, не ведалі, што рабіць, а вось вязні баяліся правакацый. Некаторыя думалі, што іх расстраляюць. Але польскія паліцыянты пра гэта ўжо не думалі. 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. У ноч на 18 верасня ахова месца ізаляцыі пакінула месца службы. Хутка вязні пачалі выходзіць з тэрыторыі месца ізаляцыі. Некаторыя з іх узбройваліся і ішлі помсціць прадстаўнікам польскай вертыкалі ўлады. Сава Дранюк пайшоў забіваць польскіх грамадзян. Некаторыя «бярозаўцы» накіраваліся ў Брэст, дзе палявалі на польскіх паліцэйскіх.

Па прызнанні аднаго з вязняў, ім удалося злавіць некалькіх польскіх паліцыянтаў у горадзе на Бугу і павесіць іх. Пазней шмат польскіх паліцыянтаў, якія ахоўвалі «Бярозу-Картузскую», трапілі ў савецкі палон і загінулі падчас расстрэлаў у Медным.

Паліцыянт Стэфан Навасельскі

Сярод іх быў і пастарунковы дзяржаўнай паліцыі Стэфан Навасельскі. Яшчэ ў 1928 годзе ён служыў у Чырвонай Арміі ў БССР, аднак потым збег у Польшчу. Служыў у камендатуры паліцыі ў Любліне, а ў чэрвені 1938 года быў пераведзены ў ахоўную роту месца ізаляцыі «Бяроза-Картузская». У 1939 годзе трапіў у савецкі палон і быў забіты ў 1940 годзе ў Калініне.

Не менш трагічна склаўся лёс і апошняга каменданта «Бярозы-Картузскай». Падінспектар Юзаф Камала-Кургальскі быў адным з тых, хто нёс поўную адказнасць за жахі, якія вымушаныя былі перажыць вязні месца ізаляцыі. У верасні 1939 года камендант эвакуяваўся з Бярозы. У 1940 годзе ў Тарнаве яго арыштавала гестапа, а ў студзені 1941 года паліцыянта накіравалі ў канцэнтрацыйны лагер «Аўшвіц». Бумеранг, які гэты чалавек запусціў ў 1934 годзе ў выглядзе здзекаў з вязняў «Бярозы-Картузскай», вярнуўся яму ў самай жорсткай форме. Вязні хутка пазналі былога каменданта. Адзін з іх паведаміў немцам, што Камала-Кургальскі здзекаваўся з нямецкіх пілотаў у верасні 1939 года. За гэта эсэсаўцы жорстка збілі паліцыянта. Зімой 1941 года іншыя вязні «Аўшвіца» зноў збілі каменданта. Урэшце ў кастрычніку 1941 года падінспектара забілі вязні-камуністы, якія ў 1930-я гады сядзелі ў «Бярозе-Картузскай».

У «Бярозе-Картузскай» не было столькі ахвяр, як у нацысцкіх лагерах смерці ці сталінскім ГУЛАГу. Аднак гэта не азначае, што польскае месца ізаляцыі варта лічыць «Домам адпачынку для палітычных праціўнікаў рэжыму санацыі». Гэта было жудаснае месца, дзе адны людзі забывалі пра маральныя і чалавечыя якасці і ператвараліся ў драпежных жывёлаў, а іншыя вымушаныя былі цярпець прыніжэнні і змагацца за жыццё.

Помнік побач з чырвонымі казармамі

У 1962 годзе побач з чырвонымі казармамі ў Бярозе паставілі помнік. Сёння ў будынках, дзе ў 1930-я гады знаходзіліся зняволеныя, размяшчаюцца крамы і камерцыйныя ўстановы. Гісторыя месца ізаляцыі «Бяроза-Картузская» даказвае, што «сон розуму нараджае пачвар». Тую трагедыю варта памятаць, каб не дапусціць яе паўтарэння.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!