«Брацтва рускай праўды». Рускія манархісты ў беларускім Палессі

Аддзел бяспекі Віленскага ваяводскага кіраўніцтва 10 студзеня 1930 года праінфармаваў палітычны дэпартамент Міністэрства ўнутраных спраў Другой Рэчы Паспалітай, што на тэрыторыі ваяводства распаўсюджваюцца ўлёткі арганізацыі «Брацтва рускай праўды».

Савецкія памежнікі ля Заслаўя


Тэкст адозвы быў на беларускай мове. У ёй казалася: «Беларускі тэрор — Божы меч! Імем Бога і Беларусі “Брацтва рускай праўды” — цела ад цела народа і косць ад косці народнай, абвяшчае крамлёўскую камісарскую ўладу і ўсіх яе дзейных памагатых па-за законамі Божымі і чалавечымі і заклікае ўсіх беларусаў, якія жадаюць прынесці ахвяру “За Хрыста і Бацькаўшчыну”, пачаць жорсткі і бязлітасны тэрор супраць прадстаўнікоў чырвонай улады! Не людзям служым, але Богу і Бацькаўшчыне! Беларускі тэрор — Божы меч. Хай жыве беларускі народны тэрор! Вярхоўны круг Брацтва рускай праўды».

Нягледзячы на тое, што тэкст улёткі быў па-беларуску, арганізацыя, якая распаўсюджвала гэтыя матэрыялы, стаяла на крайне манархічных пазіцыях, выступала за аднаўленне «адзі­най і непадзельнай» Расіі.

Улётка БРП на беларускай мове

Ідэйная барацьба з элементамі тэрору

Ужо 23 студзеня 1930 года палескі ваявода інфармаваў Варшаву, што і на яго тэрыторыях назіраецца ўсплёск распаўсюду адозваў таямнічай арганізацыі. «У палове чэрвеня 1928 года жыхар вёскі Чучэвічы Лунінецкага павету Пётр Гашко атрымаў 10 экземпляраў часопіса “Руская праўда”, якія былі дасланыя поштай з Берліна. У палове снежня 1929 года солтыс вёскі Бярэжнае Столінскага павета Даніэль Закун атрымаў тым жа шляхам некалькі экземпляраў зваротаў “Загад аўтаномным атрадам Брацтва рускай праўды” і “Паўстанцкая памятка”», — адзначалася ў справаздачы польскага чыноўніка. У лютым таго ж года палескі ваявода выявіў, што жыхар мястэчка Бярозаў Столінскага павета Павал Бань атрымаў часопіс «Руская праўда», якія адаслаў у павятовую камендатуру паліцыі ў Століне. Бань не ведаў, хто дасылаў яму гэтыя выданні. На канверце стаяў парыжскі адрас.

Выданне «Брацтва рускай праўды»


«Брацтва рускай праўды» (далей БРП) было створана ў Берліне герцагам Рыгорам Лейхтэнбергскім, літаратарам Сяргеем Сакаловым (літаратурны псеўданім «Крэчатаў», у арганізацыі быў вядомы, як Брат №1. — І.М.), генералам Пятром Красновым і іншымі дзеячамі рускай «белай» эміграцыі, якія былі адэптамі крайняга антыкамунізму і манархізму. БРП дзейнічала ў двух кірунках: агітацыйным і паўстанцка-тэрарыстычным. Кіраваў арганізацыяй Вярхоўны круг. Ніжэй быў Асноўны круг, які займаўся выканаўчымі і прадстаўнічымі функцыямі. У арганізацыі былі тылавыя і баявыя аддзелы.

Першыя знаходзіліся ў дзяржавах, памежных з Савецкім Саюзам. Яны займаліся падрыхтоўкай кадраў і назапашваннем сродкаў. Баявыя групы змагаліся супраць бальшавікоў непасрэдна на савецкай тэрыторыі. Пры гэтым дзейнічалі яны аўтаномна і не ведалі пра існаванне іншых атрадаў. Яны знішчалі партыйных актывістаў, нападалі на цягнікі, забівалі вайскоўцаў і міліцыянтаў. Асаблівая ўвага надавалася агітацыі, якая праводзілася як сярод жыхароў памежных з СССР раёнаў, так і сярод савецкіх грамадзян (напрыклад, экіпажаў савецкіх гандлёвых караблёў ці савецкай памежнай аховы і жаўнераў РСЧА).

Палешукі

У агітацыйных матэрыялах людзей заклікалі супрацьстаяць мерапрыемствам савецкай улады, праводзіць антысавецкую прапаганду, забіваць чэкістаў і прадстаўнікоў савецкага дзяржапарату. Незвычайным быў заклік аб перадачы пасля перамогі над камуністамі ўсёй свецкай улады праваслаўнай царкве. У сярэдзіне 1920-х гадоў БРП стварыла радыёстанцыю ў Латвіі, што вяшчала на тэрыторыю Савецкага Саюза.

Пінск. Апоры даваенная маста


Пінскія манархісты

Арганізацыя мела свае лагеры для падрыхтоўкі агентаў-дыверсантаў у Парыжы, Далёкім Усходзе, краінах Балтыі, Югаславіі. Паводле дадзеных Замежнага аддзела Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення, БРП мела свае прадстаўніцтвы ў 22 краінах, у тым ліку і на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Вялікая стаўка рабілася на беларускія антысавецкія атрады генерала Станіслава Булак-Балаховіча, а таксама на партызан «зеленадубаўцаў».

Польскі дакумент пра ўлётку БРП

Ужо ў 1922 годзе ў Пінску, які польскія ўлады планавалі зрабіць сталіцай Палескага ваяводства, была створана руская манархічная арганізацыя. Сярод яе ўдзельнікаў былі і афіцэры-балахоўцы. У гэты ж час пачаліся кантакты паміж рускімі манархістамі і кіраўніцтвам беларускай паўстанцкай арганізацыі «Зялёны дуб». Акрамя гэтага з сярэдзіны 1920-х гадоў ішла актыўная супраца рускіх манархістаў з Пінску з Расійскім агульна-вайсковым хаўрусам (РАВХ). У адной са сваіх справаздач польская дзяржаўная паліцыя адзначала:

«Бібліятэка Ключановіча, што знаходзіцца пры яго кніжнай краме, ужо шэраг гадоў з’яўляецца пунктам збору расійскай нацыяналістычнай моладзі, набіраючы яе з ліку выхаванцаў мясцовай расійскай гімназіі, а таксама выпускнікоў замежных вышэйшых навучальных устаноў. [...] На чале гэтай моладзі стаяць літаратары-пачаткоўцы і «артысты», уласнік бібліятэкі і кніжнай крамы Міхаіл Ключановіч, Зміцер Майкаў, Васіль Каратышэўскі (накіраваны ў турму падчас праходжання абавязковай службы ў Войску Польскім за антыпольскія выступленні), Арсен Заяц, мастак, які прыехаў год таму з Парыжа, Павел Бурчанка і Павел Шчарбачэвіч — студэнты ўніверсітэта ў чэшскай Празе. Гэтыя людзі збіраюцца ў бібліятэцы Ключановіча з мэтай сумеснага чытання літаратурных твораў ці то аўтараў-манархістаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, ці то ўласных твораў і праводзяць літаратурныя, філасофскія і палітычныя дыспуты. Гуртком апякуецца інжынер Канстанцін Пятроўскі, галоўны прадстаўнік чарнасоценнага “Брацтва рускай праўды” ў Пінску, а таксама Мікалай Беразніцкі, выдавец штотыднёвіка “Пінскі голас”, якія прыцягнулі чальцоў гуртка да працы ў выдавецтве. [...] Апека над гэтай групай моладзі Пятроўскага, а таксама ўцягванне яе для працы ў часопісе, мэтай якога з’яўляецца абуджэнне нацыянальнага пачуцця сярод “рускіх сялян Палесся”, моцна паўплывала на амбіцыі моладзі, якая з яшчэ большым запалам распачала развіваць сваю нацыянальную акцыю».

Расійскі гісторык Пётр Базанаў піша, што інжынер Канстанцін Пятроўскі скончыў Санкт-Пецярбургскі інстытут шляхоў зносін, быў уласнікам маёнтку Крысцінава ў Драгічынскім павеце, а таксама займаўся будаўнічым бізнесам у Пінску. Польская паліцыя характарызавала Пятроўскага як прадстаўніка радыкальнага крыла рускай калоніі, які групуе моладзь і адначасова варожа ставіцца да польскай дзяржаўнасці. Паводле польскіх паліцыянтаў, інжынер Пятроўскі быў «непрыхаваным шавіністам і манархістам», а яго дзейнасць ішла ў накірунку «абуджэння народнага духу сярод мясцовага рускага грамадства». У 1934 годзе ён быў абраны старшынёй пінскага аддзялення Рускага дабрачыннага таварыства.

Варта дадаць, што ў пінскіх прарасійскіх выданнях Пятроўскі часта публікаваў свае опусы пра «развіццё і абуджэнне рускай самасвядомасці палешукоў у праваслаўным духу».

Улётка БРП

Беларускі даследчык Аляксандр Ільін адзначае, што галоўнымі манархістамі ў Пінску былі ўдзельнік «Кіеўскага абласнога цэнтра дзеянняў Зміцер Капацінскі (арганізатар забойства савецкага пасла ў Польшчы Пятра Войскава), былы намеснік камандуючага Каўказскай дывізіі палкоўнік Станіслаў Мацкевіч, былы віцэ-губернатар (родны брат аднаго з кіраўнікоў БРП Сяргея Палеалога) Барыс Палеалог, інжынер Мікалай Катовіч. Апошні паспеў пабудаваць у Пецярбургу будынкі Ліцейнага тэатра, кінатэатраў «Парызіяна» і «Пікадзілі».

Катовіч знаходзіўся на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай з 1922 года. Акрамя дзейнасці ў БРП, ён узначальваў «Рускае дабрачыннае таварыства», а таксама «Рускае нацыянальнае аб’яднанне». У Брэсце ён узначальваў мясцовую секцыю баявой арганізацыі генерала Куцепава, працаваў галоўным архітэктарам горада на Бугу, аднак за растрату (прысабечыў 300 амерыканскіх долараў) быў зняты з пасады. Займаўся актыўнай прапагандай ідэй БРП на Палессі і распаўсюджваў выданні арганізацыі сярод насельніцтва.

Польскі памежнік ля слупа, 1930-я гады

Міхаіл Ключановіч па польскіх дакументах праходзіў як беларус, які ў 1920 годзе служыў у беларускіх антыбальшавіцкіх фарміраваннях. Аднак з цягам часу ператварыўся ў «рэлігійнага фанатыка», які верыў, што яго місія — барацьба супраць бальшавіцкага ладу ў Расіі з дапамогай сусветнага хаўрусу братоў-хрысціян. У справаздачы польскай паліцыі напісана: «Робіць уражанне вар’ята на фоне сваёй веры, і такім яго лічыць большасць пінскага грамадства».

Цікава, што ў сакавіку 1933 года Ключановіч выехаў на сталае жыхарства ў СССР. Там ён працаваў бухгалтарам у Чымкенцкай вобласці, але 15 верасня 1937 года быў арыштаваны НКУС, асуджаны па 58-м артыкуле і расстраляны. Актыўна супрацоўнічаў з БРП і адзін з кіраўнікоў «Зялёнага Дуба» «атаман Дзяргач» Вячаслаў Адамовіч, які з 1926 года стаў кіраўніком віленскага філіялу БРП.

Польская карыкатура на перабежчыкаў


«Брацкі» тэрор

Для перакідкі на савецкі бок «братчыкі» карысталіся вокнамі на мяжы ў раёне мястэчак Ленін і Лахва. Часта яны камуфляваліся пад звычайных кантрабандыстаў. Таму разам з антыбальшавіцкай літаратурай і зброяй мелі тавары на продаж, а таксама валюту. У 1925 годзе ў адным з дакументаў АДПУ адзначалася: «Вайсковым камандаваннем на тэрыторыі Польшчы фарміруюцца банды з мэтай дыверсійных нападаў на нашу тэрыторыю. Ва ўнутраным раёне ёсць некалькі бандаў у 10–15 чалавек (усяго 14 бандаў са 113 удзельнікамі). Актыўнасць праяўляюць банды Гаршкова “Каўко” і Іванова. За мінулы перыяд варта адзначыць рабунак двух параходаў на рацэ Бярэзіна і Сож, напад на Віцебскі аэрадром, рабунак Бранскай гарадской станцыі Маскоўска-Беларуска-Балтыйскай чыгункі і касы завода “Профінтэрн” у Бежыцкім павеце Бранскай губерні».

У 1927 годзе (і пазней) у газеце «Руская праўда» друкаваліся справаздачы аб дзейнасці «зеленадубцаў» на тэрыторыі БССР. «Паміж Гомелем і Новазыбкавам адна з нашых брацкіх дружын захапіла цягнік, у якім знаходзіліся адказныя камуністы Гомельскай акругі. Трое чыноў ДПУ былі расстраляныя на месцы, а пятнаццаць чалавек захопленыя ў закладнікі. Хутка пасля гэтага падчас сутычкі паміж чырвонымі і адной з нашых дружынаў у рукі чырвоных трапілі два начальнікі дружыны, Аляксей Грушніцкі і Мікалай Абрамаў. Яны былі дастаўленыя ў Мінск і расстраляныя па загадзе Мінскага ДПУ», — пісала выданне за травень-чэрвень 1927 года. «Пад Крайскам нашая трэцяя брацкая дружына тры дні білася супраць высланага з Мінска коннага атрада ДПУ і адбіўшы яго (атаку), сышла ў лес. 3 жніўня братамі "Рускай праўды" спалены будынак Саўнаргасу ў Мінску», — пазначалася ў іншым нумары выдання.

Савецкія памежнікі ў Заслаўі, 1920я гады

Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, гібель паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ ў БССР і Беларускай вайсковай акрузе Язэпа Апанскага 7 чэрвеня 1927 года ля чыгуначнай станцыі Ждановічы пад Мінскам — справа рук менавіта баевікоў БРП. У выніку той трагедыі таксама загінуў кіроўца АДПУ Голубеў, а яшчэ два супрацоўнікі — Карытаў і Федасеенка — былі цяжка параненыя. Адзначым, што чэкіст ехаў з памежнай станцыі Радашковічы пасля выканання задання на савецка-польскай мяжы, дзе напярэдадні бальшавіцкія памежнікі затрымалі парушальніка кардона.

Можна ставіць пад сумнеў тэрарыстычную актыўнасць сяброў БРП на тэрыторыі савецкай Беларусі, аднак трэба браць пад увагу, што незадаволенасць бальшавікамі на гэтых тэрыторыях у другой палове 1920-х гадоў была ўсё яшчэ высокай. У выніку «рыжскага міру» людзі страцілі зямельныя надзелы, маёмасць. «Кардон» падзяліў сем’і на «сваіх» і «чужых». Да таго ж на беларускіх землях актыўна ішла вайна выведак (польскай і бальшавіцкай), і кожны жыхар Беларусі быў яе патэнцыйным удзельнікам.

Дарэчы, паводле дадзеных АДПУ, асаблівую актыўнасць «братчыкі» праяўлялі ў Слуцкай акрузе, дзе «быў створаны шэраг паўстанцкіх арганізацый і тэрарыстычных групаў, якія супрацоўнічалі з Другім (выведвальным) аддзелам польскага Галоўнага штаба». Няма нічога дзіўнага: мясцовыя жыхары памяталі Слуцкі збройны чын і жадалі паквітацца за яго паразу.

Супрацоўнікі НКУС


Вершы пра фюрэра і раскол

Адзін з лідараў белаэмігранцкага руху «чорны барон» Пётр Урангель скептычна ставіўся да дзейнасці БРП і падазраваў, што шматлікія яго чальцы завербаваныя ДПУ. У 1927 годзе, у сувязі з забойствам савецкага паўпрада Пятра Войкава, польскія ўлады выслалі ў Данцыг Вячаслава Адамовіча. Яго і абвінавачвалі ў супрацы з ДПУ. Алею ў агонь падлілі вынікі праведзенай чэкістамі аперацыі «Трэст», калі ў рукі ДПУ трапіў брытанскі выведнік Сідні Рэйлі і шэраг іншых дзеячаў белаэмігранцкага і манархічнага рухаў.

Сяргей Сакалоў

Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нацыстаў Сяргей Сакалоў адкрыта выказваўся ў падтрымку Гітлера. Але гэта не ўратавала «Брата №1» ад няласкі з боку нацыстаў, і хутка кіраўнік БРП вымушаны быў пераехаць з Берліну ў Парыж. У пачатку 1930-х гадоў у арганізацыі адбыўся раскол. Да гэтага прыклала сваю руку бальшавіцкае ДПУ. Шэраг чальцоў арганізацыі былі забітыя, іншыя — завербаваныя бальшавікамі. Аднак у часопісе «Руская праўда» за студзень-люты 1930 года яшчэ распавядалася пра «сялянскае паўстанне ў Бабруйскай акрузе, якое каардынавалі брацкія дружыны». Там, нібыта, «дзве дружыны некалькі месяцаў трымалі раён мястэчка Любань і пагражалі захопам Бабруйска».

Пры гэтым агенты БРП працягвалі выведавальную дзейнасць супраць бальшавікоў. У лістападзе 1931 года на савецка-польскай мяжы быў затрыманы начальнік групы «Брацтва» ў Баранавічах, былы кіраўнік контрвыведкі войска Станіслава Булак-Балаховіча палкоўнік Шклярэўскі. На тэрыторыі БССР ён павінен быў збіраць дадзеныя аб дыслакацыі бальшавіцкіх вайсковых частак, а таксама распаўсюджваць часопіс «Рускае слова». У 1933 годзе на кардоне з Польшчай савецкія «зялёныя фуражкі» ліквідавалі групу з трох узброеных чальцоў БРП.

Кантрабандысты


Лісты з-за кардона

Дзейнасць «Брацтва» ў Пінску была накіраваная і на працу сярод перабежчыкаў з БССР і дэзерціраў РСЧА і памежнай аховы. У Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы ў Рэмбертаве сярод дакументаў Другога аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага (выведкі) захоўваюцца лісты савецкіх жаўнераў, якія тыя пісалі ў СССР. Напрыклад, у сакавіку 1930 года ў Пінску апынуўся радавы 8-га сапёрнага батальёна РСЧА Аляксей Ігошын. Падчас допыту, праведзенага афіцэрам 3-га батальёна польскага Корпуса аховы памежжа, чырвонаармеец паведаміў, што «падчас службы ў савецкім войску кожны дзень усё больш разумеў, што савецкая ўлада не вядзе да дабрабыту народа».

Польская карыкатура на перабежчыкаў


«Кожны дзень усё горш і горш. Урад, што праводзіць усеагульную калектывізацыю, знішчае сельскую гаспадарку і вядзе да голаду. Кожны дзень мае калегі атрымліваюць лісты, дзе іх блізкія пішуць, што іх маёмасць канфіскуюць, а іх саміх могуць саслаць у Сібір. Бацька мой, які працуе на фабрыцы, пісаў, што атрымлівае 45 рублёў, і на гэтыя грошы ён не можа ўтрымаць сям’ю. Атрыманых на карткі прадуктаў не хапае. Усё гэта мяне змусіла задумацца пра тое, каб перабегчы за мяжу. У савецкую Расію вяртацца не хачу, бо я праціўнік савецкай улады», — напісана ў пратаколе допыту.

А 29 сакавіка 1930 года чырвонаармеец напісаў ліст да аднаго са сваіх саслужыўцаў у Жытомір. Вось яго тэкст: «Прывітанне шаноўны таварыш Булыгін! Дасылаю цябе свае таварыскае прывітанне. Мы жывем вельмі добра. […]. Мая парада цябе, кідай залішнюю валакіту і ідзі да нас, да новага жыцця. Нам унушалі, што за мяжой моцнае беспрацоўе і голад, але гэтага нічога няма. Калі мы перайшлі мяжу 22 сакавіка ў 9 гадзін 40 хвілін, нас прынялі вельмі добра. Зараз мы знаходзімся ў Польшчы, у горадзе Пінску з рускімі эмігрантамі, якія нам дапамаглі з працай, і мы жывем вельмі добра. […] Таварыш, гэты ліст ты атрымаеш з Расіі, таму што ён праз мяжу не пяройдзе, а будзе перасланы расійскімі эмігрантамі. Так што, таварыш, арганізуйся і ідзі смела».

Фрагмент ліста чырвонаармейца з Пінска


У гэты час на тэрыторыі савецкіх Украіны і Беларусі пачалася жорсткая калектывізацыя. Ва Украіне гэта прывяло да жудаснага голаду, які наклаў свой адбітак таксама і на войска. Нават чырвонаармейцы не бачылі іншага выйсця, як бегчы «за кардон». Гэтым карысталася не толькі польская выведка, але і расійскія белаэмігранцкія арганізацыі. У той жа час з Пінску быў адпраўлены і яшчэ адзін ліст, напісаны былым чырвонаармейцам Змітром Кудраўцавым. У ім казалася: «Таварыш Марчанка! Спяшаюся Вам і ўсёй Вашай арганізацыі камсамола паведаміць, што я паспяхова, без усялякіх затрымак перайшоў мяжу і жыву цяпер у Польшчы, у горадзе Пінску. Паважаныя таварышы камсамольцы, тут, у Польшчы, жывуць вельмі добра, няма стогнаў і слёз, як у Вас, у СССР. У Вас сёння няма такога кута, дзе б не плакаў селянін. Нас прынялі тут вельмі добра. Працы дастаткова, і мая Вам парада, ідзіце сюды — і Вас прымуць добра. Не здзіўляйцеся, што ліст атрымаеце з Масквы. Я трапіў у арганізацыю рускіх, і гэтая арганізацыя патаемна перадасць гэты ліст у СССР, а там яго перашлюць Вам. Вам, бедным, палітрукі затуманілі мазгі, і вы не можаце нават валодаць сабой. Арганізуйцеся і энергічна ідзіце за мяжу. Горад Пінск, 28 сакавіка 1930 года».

Яшчэ некалькі лістоў перабежчык Кудраўцаў напісаў сябру па службе Сінёву, сваім сёстрам Зінаідзе і Таццяне. Такая карэспандэнцыя была своеасаблівым смяротным прысудам для тых, каму яна адрасавалася. Аўтар ліста для бальшавікоў быў «ворагам народа», а яго сваякі — па-за законам.

Савецкі дэзертыр, затрыманы на мяжы


Бальшавіцкая помста

У верасні 1939-га ў Заходнюю Беларусь прышлі тыя, супраць каго змагаліся чальцы БРП і ад каго ратаваліся перабежчыкі з «бальшавіцкага раю».

На працягу 1920–1930-х гадоў Замежны аддзел АДПУ, а потым і НКУС, збіралі інфармацыю аб дзейнасці і агентуры арганізацый расійскіх манархістаў, якая за міжваеннае дваццацігоддзе паспела ўкараніцца ў беларускім Палессі. Вялікую ролю ў гэтым адыграў рэзідэнт савецкай выведкі ў Польшчы з 1927 года, удзельнік аперацый «Сіндыкат-2» і «Трэст» Станіслаў Глінскі. Яму атрымалася ўвесці сваю агентуру ў белаэмігранцкія арганізацыі на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў БРП. Да таго ж у рукі савецкіх органаў трапілі шматлікія архівы спецслужбаў і выведкі. З дапамогай дакументаў, якія там утрымліваліся, бальшавікі вышуквалі «ворагаў народа» з ліку «былых».

У выніку разгляду дакументаў архіва Баранавіцкага ўпраўлення польскай паліцыі ў поле зроку бальшавікоў трапіў Рыгор Сушчэня, якога абвінавацілі не толькі ў супрацы з польскай паліцыяй, але і ў тым, што ён быў арганізатарам і кіраўніком баранавіцкага філіялу БРП. На допытах Сушчэня прызнаўся, што ў БРП трапіў у 1929 годзе пад уплывам былога афіцэра войска Булак-Балаховіча Міхаіла Шклярэўскага. Пазней займаўся вярбоўкай новых чальцоў, а некаторыя з завербаваных ім хадзілі на тэрыторыю БССР для распаўсюду там «контррэвалюцыйнай літаратуры».

У верасні 1939 года ў рукі НКУС трапіў ураджэнец Ковеля Васіль Ягораў, які ў даваенны час працаваў «карэспандэнтам белагвардзейскіх газет у г. Вільня». На допытах ён сказаў, што цэнтр БРП знаходзіўся ў Берліне, а ў кіраўніцтва арганізацыі ўваходзілі атаман Красноў і мітрапаліт Антоні, а таксама Вячаслаў Адамовіч, праз якога адбывалася рассылка літаратуры БРП на тэрыторыі Польшчы.

Варта адзначыць, што расійскія «белаэмігранты» працавалі і з цывільнымі перабежчыкамі з СССР. Адзін з такіх — былы жыхар памежнага Слуцкага раёна Іван Крукоўскі, які падчас раскулачвання ў 1930 годзе вырашыў збегчы «за бугор». Аднак «карны меч пралетарыяту» ўсё ж дастаў яго. У лістападзе 1939 года, знаходзячыся пад следствам НКУС, ён прызнаўся, што быў завербаваны сяржантам польскага КАП Майскім і стаў агентам Стаўпецкай выведвальнай «пляцуўкі». Але ў 1930-я гады Крукоўскі па заданні БРП хадзіў у БССР.

Савецкія памежнікі

У 1940 годзе НКУС знайшоў жыхара вёскі Бастынь Лунінецкага павета, татарына Аляксандра Палтаржыцкага. Падчас польска-бальшавіцкай вайны ён служыў у кавалерыйскім палку імя палкоўніка Мустафы Ахматовіча. У міжваенны час жыў на Палессі, працаваў на лесазаводзе ў вёсцы Мальковічы. Чальцом БРП Палтаржыцкі стаў у 1933 годзе. У яго сяброўскім пасведчанні пазначана «брат №50». Па артыкуле 74 Крымінальнага кодэксу БССР «за контррэвалюцыйную дзейнасць» савецкія ўлады прысудзілі яго да 8 гадоў лагерных прац, якія ён адбываў ва Унжэнскім лагеры.

У верасні 1941 года па амністыі, якая прадугледжвалася дамовай Сікорскі—Майскі, Палтаржыцкі апынуўся на волі. Далейшы яго лёс невядомы. У красавіку 1989 года Аляксандра Палтаржыцкага рэабілітавалі.

Рэпрэсіі не маглі абмінуць і кіраўніцтва «беларускага прадстаўніцтва» БРП. Адзін з яе лідараў, інжынер Канстанцін Пятроўскі быў арыштаваны НКУС 31 снежня 1940 года. Відавочна, манархіст добра валодаў тэхнікай канспірацыі, калі ў яго атрымалася хавацца ад чэкістаў больш за год пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР. Гэтага «ворага народа» прысудзілі да пяці гадоў знаходжання ў папраўча-працоўных лагерах ГУЛАГ, дзе ён і памёр.

Польскія памежнікі КАП

У лістападзе 1939 года за выкрыццё дзейнасці БРП шэраг супрацоўнікаў НКУС БССР былі прадстаўленыя да ўрадавых узнагародаў. Гэта начальнік УНКУС Навагрудскай вобласці палкоўнік Аляксандр Місюраў, які «кіраваў ускрыццём і ліквідацыяй на тэрыторыі былога Навагрудскага ваяводства філіялаў контррэвалюцыйных арганізацый, сярод якіх было і белаэмігранцкае БРП»; лейтэнант памежных войскаў Анатоль Багачук, які ў Вільні арыштаваў членаў белаэмігранцкага «брацтва» Ягорава, Нядаматава, Мінаева і іншых; намеснік начальніка Баранавіцкага павятовага аддзела НКУС, капітан памежных войскаў Мікалай Скрабін, які ўдзельнічаў у арышце 183 агентаў былой польскай паліцыі, сярод якіх былі і чальцы БРП.

Чальцоў белаэмігранцкай арганізацыі, якія трапілі ў рукі чэкістаў у верасні 1939-га, хутчэй за ўсё, чакалі гады катаргі ў сталінскіх лагерах. Магчыма, нехта з іх уратаваўся ў 1941 годзе — надзеў андэрсаўскі мундзір. Лёсы іх, як і іншых ахвяр сталінскіх рэпрэсій, схаваныя ў архіўных спецсховішчах у Мінску і Маскве.



Фота з архіву Ігара Мельнікава



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: