«Мы б падзялілі лёс сваіх супляменнікаў Смаленшчыны, Браншчыны, Пскоўшчыны»

Ці з’яўлялася БССР сапраўднай дзяржавай? Чаго ў гэтым дзяржаўным утварэнні было больш: плюсоў ці мінусаў? На гэту тэму разважае чалавек, які шмат што бачыў на ўласныя вочы, доктар гістарычных навук Леанід Лыч.

Без БССР

Мы жывём па-за храналагічнымі рамкамі БССР. «Вінаватая» ў гэтым 6-я сесія Вярхоўнага Савета БССР, якая 19 верасня 1991 года прыняла рашэнне аб перайменаванні БССР у Рэспубліку Беларусь, на што ў народа рэакцыі не было. Ён усё яшчэ жыў свежымі падзеямі жнівеньскага путчу ў Маскве, у якога было нямала прыхільнікаў і сярод нашых палітыкаў і партыйных ідэолагаў самых высокіх катэгорый. Дый з прычыны цяжкага эканамічнага становішча ў бальшыні людзей не мелася жадання разважаць пра нечаканую трансфармацыю ў назве рэспублікі.

Але ж, акрамя шараговых народных масаў, у нас у той час было і нямала палітычнай, інтэлектуальнай эліты, якая стала такой менавіта ў гады БССР. Каму-каму, а гэтай катэгорыі грамадства варта было б хоць штосьці добрае сказаць на адрас БССР. Найперш тым, хто і на пачатку 1990-х гадоў не зведваў аніякіх сацыяльных праблем. Прамаўчалі.

Як і трэба было чакаць, пасля рашэння той сесіі Вярхоўнага Савета ў народа пачаў прыкметна зніжацца імідж БССР. 1 студзеня 1992 года, напрыклад, урадавыя газеты ані слова не напісалі пра яе, пра што яны так ахвотна і ўзнёсла апавядалі на працягу больш за 70 гадоў.

Прамаўчала ўрадавая прэса і 1 студзеня 1994 года, калі БССР стукнула 75 гадоў. Праўда, пазней у друку зрэдку з’яўляліся публікацыі па першай беларускай савецкай дзяржаве. Натуральна, самых процілеглых поглядаў.

Зусім не падобнае па маштабах асвятлення месца БССР назіралі мы ў 2019-м. Несумненна, тут найперш «вінаваты» сам юбілей: 100-годдзе з дня абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (такая яе першапачатковая назва). Аднак, не толькі.

Мы не забыліся, які масавы характар набыло святкаванне стагоддзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, пра якую савецкая гістарыяграфія альбо ўпарта маўчала, альбо напоўніцу палівала брудам. Часцей за ўсё мела месца апошняе, што зрабіла моцны асадак у памяці многіх людзей, асабліва блізкіх да бальшавіцкіх поглядаў. Каму-каму, а ім было не даспадобы бачыць, як урачыста праходзіў 100-гадовы юбілей БНР. Роля ж дзяржавы ў яго арганізацыі была чыста сімвалічная: не забараняла, але і пальцам не паварушыла, каб дапамагчы нацыянальным актывістам належным чынам правесці свята.

Але дзяржава спрычынілася да актыўнага ўдзелу ў святкаванні 100-гадовага юбілею БССР.

Сказанае ў поўнай меры пацвярджаюць шматлікія публікацыі вядомых гісторыкаў на старонках газет, правядзенне навукова-практычных канферэнцый. Найбольш масавай, самай багатай па змесце, дастаткова прафесійнай па тэарэтычным узроўні дакладаў была праведзеная 6–7 снежня ў Мінску навуковая канферэнцыя «Гістарычныя лёсы беларускай савецкай дзяржаўнасці (да 100-годдзя стварэння БССР)». Ладзілі яе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

Пазітыў

На гэтай канферэнцыі выступаў і я. І пабудаваў пазітыўна сваё выступленне на секцыі: «Павышэнне ролі нацыянальнага фактару ў першыя гады існавання БССР (1919–1924 гг.)». Пазітыўна таму, што гэта сапраўды мела месца. За тыя гады ўлады маладой БССР, у межах няпоўнага абсягу толькі Міншчыны, для нацыянальнага інтарэсу яе жыхароў зрабілі ў дзясяткі разоў болей, чым сённяшняя сістэма кіравання краінай амаль за 25 гадоў свайго функцыянавання, прычым на непараўнальна большай тэрыторыі, з дастаткова багатым эканамічным, кадравым патэнцыялам, высокім адукацыйным узроўнем людзей.

У першым выпадку ішоў мэтанакіраваны працэс увядзення беларускай мовы ва ўсе без выключэнняў сферы дзейнасці чалавека, у другім, наадварот, — недапушчэнне яе (мовы) праз хітра накінутае грамадству ліпавае афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе. У першым выпадку год ад года колькасна раслі беларускамоўныя навучальныя ўстановы, у другім — адбывалася і адбываецца іх скарачэнне. У першым выпадку расла колькасць афіцыйных газет і часопісаў на беларускай мове, у другім — яе захоўваюць практычна толькі ў загалоўках і некаторых рубрыках дзяржаўных перыядычных выданняў.

Асаблівае жаданне маю нагадаць лёсавызначальны для нашай у мінулым і сёння этнічна знявечанай Бацькаўшчыны факт: прыняцце 12 снежня 1920 года Другім Усебеларускім з’ездам Саветаў рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў пастановы аб пераводзе ўсіх дзяржаўных установаў на беларускую мову. Звярніце ўвагу: тады яшчэ не мінула і паўгода пасля другога абвяшчэння (31 ліпеня 1920 года) Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Вакол адны выкліканыя войнамі разбурэнні, страшэнная галеча. Сярод дэпутатаў таго гістарычнага з’езду і дзесяці чалавек не было з дыпломамі аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы. А якое глыбіннае разуменне ролі беларускай мовы ў пабудове ўласнай дзяржавы на яе прыродным культурна-моўным грунце, у захаванні этнічнай самабытнасці тытульнай нацыі!

Так разумна паставіліся дэпутаты з’езду да роднай мовы таму, што добра ведалі, як на гэта варожа глядзеў Часовы ўрад Расіі, а пазней бальшавікі, вырашаючы пытанне: мець ці не мець Беларусі ўласную дзяржаву? Усе яны катэгарычна заяўлялі: «Не!». І беспадстаўна сцвярджалі, што ў беларусаў няма сваёй мовы, што іх родная мова — руская.

Погляды бальшавікоў карэнным чынам змяніліся, калі наш славуты філолаг, акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук Яўхім Карскі і яго калегі-аднадумцы пераканаўча даказалі, што беларуская мова ёсць, што яна самабытная і адрозная ад рускай. І бальшавікі пагадзіліся з гэтым. Таму для тых, хто знаходзіўся пры ўладзе ў адноўленай у студзені 1919 года беларускай дзяржаве беларуская мова па ўсёй справядлівасці з’яўлялася сапраўднай Маці БССР. Яе шанавалі як найвялікшую каштоўнасць, і таму рабілі тэрміновыя крокі, каб яна не на словах, а на справе стала рэальна дзяржаўнай.

І ў бліжэйшыя гады такое адбылося, за што нельга не любіць БССР, не стаць на калені перад яе тагачаснымі палітыкамі і ідэолагамі, актыўнымі ўдзельнікамі нацыянальна-культурнага адраджэння.

Я лічу, што ўлады БССР плённа займаліся ў 1919–1924 гадах нацыястваральнай дзейнасцю, што пазітыўна адбівалася на нацыянальным настроі, нацыянальным руху і на тых нашых суродзічах, якія жылі ў межах іншых палітыка-дзяржаўных фарміраванняў — Расійскай Федэрацыі і Другой Рэчы Паспалітай. А вось сёння прэзідэнцкая вертыкаль сваёй сістэмнай руйнавальнай палітыкай дэбеларусізацыі толькі спрыяе дээтнізацыі нашых супляменнікаў як блізкага, так і далёкага замежжа, іх кантакты з метраполіяй і наадварот не напоўнены нацыянальна-адраджэнскім зместам, не спрыяюць захаванню этнакультурнай самабытнасці беларусаў.

Негатыў

Без узважанай, канструктыўнай нацыянальнай дзейнасці ўладаў БССР у 1919–1924 гадах было б немагчыма ў ліпені 1924 года трывала стаць на шлях дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, якая адыграла вялізную ролю ў пабудове жыцця нашага народа на яго ўласнай этнакультурнай аснове, нягледзячы і на сваю кароткатэрміновасць: на мяжы 1929–1930 гадоў неабходна было па волі Масквы мяняць гэты наш выратавальны, нацыястваральны курс. Спачатку на светлыя галовы нацыянальна арыентаваных колаў рэспублікі навалілася барацьба бальшавіцкіх ідэалагічных і сілавых структураў з гэтак званым «беларускім нацыяналізмам», а затым і масавыя фізічныя рэпрэсіі. Без належнага паказу ўсяго гэтага, — а такое, на жаль, мае ў нас месца — гісторыя дасавецкай БССР не можа прэтэндаваць на аб’ектыўнасць.

 І гэта адна з самых трагічных старонак з жыцця беларускага народа, за што ён павінен «дзякаваць» не рэспубліканскім дзяржаўным органам, а агульнасаюзным, як ініцыятарам барацьбы з надуманымі беларускімі буржуазнымі «нацдэмамі», ворагамі савецкага народа. Мела б БССР такі дзяржаўна-палітычны статус, як унітарная БНР, не ўваходзіла б ні ў якія палітычныя саюзы, што абмяжоўваюць нацыянальны суверэнітэт, напэўна ж, яе народ не сутыкнуўся б з такой бядой. Гэтую небяспечную з’яву неабходна нам сёння вельмі грунтоўна даводзіць да розуму, бо сучасныя непрадуманыя інтэграцыйныя палітычныя працэсы займаюць цэнтральнае месца ў дзейнасці афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь.

БССР, як недасканаламу, непаўнапраўнаму палітычнаму суб’екту СССР, мы абавязаны паўторным узвядзеннем у нашым краі з 1929 года прыгоннага права ў фармаце калектыўнай сельскай гаспадаркі (калгасы), што зрабіла нас не толькі беднымі матэрыяльна, але і істотна падарвала, аслабіла этнакультурны патэнцыял нашага народа, аслабіла сілы яго супраціву русіфікацыі. Галадамору, як ва Украіне, у нас не было, але ў 1930-я гады, у другім дзесяцігоддзі Савецкай Беларусі, яе народ жыў надгаладзь, што зведаў на сабе і народжаны ў 1929 годзе аўтар гэтых радкоў. Прыгадваецца, што нават рэдка калі даводзілася напоўніцу паесці хлеба. За абедзенным сталом даводзілася строга прытрымлівацца правіла: адзін раз кусайла — пяць разоў сярбайла, бо неставала самага неабходнага — хлеба.

Да сёння застаюцца незабытымі ў памяці напалову разабраныя ўзімку 1938/39 года стрэхі крытых саломаю хлявоў. «Распранулі» ж іх дзеля таго, каб гэтай састарэлай, неспажыўнай з-за працяглага часу знаходжання пад сонцам, снегам і дажджом саломай карміць галодную жывёлу. Нашым бацькам гэтага не давялося рабіць, бо я, 9-гадовы, і мая 10-гадовая сястра Ліда штодзённа прывозілі па дзве каляскі нарванага на полі, у балоце зелля і сушылі яго на харч для каровы.

Так бедна, як савецкія беларусы, не жылі іх суседзі — літоўцы і латышы. І так не жылі таму, што не ўваходзілі ў склад першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы СССР. Не зведалі такой нішчымніцы і нашы суродзічы з Другой Рэчы Паспалітай, не гаворачы ўжо пра саміх палякаў.

Ці вось яшчэ адна прыкрая, антысацыянальная з’ява савецкіх часоў, невядомая аніводнай краіне Еўропы. Выгадаваўшы і закалоўшы свінню, гаспадар не меў права асмаліць яе, каб есці са скуркай, што спрадвеку вадзілася ў беларусаў, прычым нават і за царскім прыгонным правам. Скуру з абеленай свінні трэба было ў абавязковым парадку здаць дзяржаве.

Нялёгка дасталася беларусам і падчас акупацыі. Нямецкія танкі на шосты дзень увайшлі ў Мінск, не сустрэўшы на сваім непераможным шляху ніякай абарончай «Лініі Сталіна». Не сустрэлі таму, што яе ніхто не ўзводзіў. Пра гэта ні радка не напісана ў выдадзенай за савецкім часам навуковай, публіцыстычнай літаратуры. Датычыць гэта і такой капітальнай працы, як «Гісторыя Мінска» (1967). На яе 438-й старонцы згадваюцца двухдзённыя баі на паўночным захадзе ад Мінска, але з падыходам 27 чэрвеня «свежых танкавых часцей ворага пацярпеўшая вялікія страты (падкрэслена мною. — Л.Л) дывізія (100-я ордэна Леніна пад камандаваннем генерал-маёра І. Н. Русіянава. — Л.Л.) вымушана была адступіць за раку Волму».

Марнымі стануцца пошукі «Лініі Сталіна» на старонках самай саліднай працы сучасных беларускіх гісторыкаў «Беларусь в годы Великой Отечественной войны. 1941–1945» (2005 год). У ёй маюцца звесткі пра рознага роду абарончыя аб’екты, якія скрозь ствараліся пры вядзенні баёў на любых участках нямецка-савецкага фронту, але пра «Лінію Сталіна» — ні слова, бо, паўтаруся, яе не існавала. Болей за тое, у згаданай кнізе савецкім абарончым аб’ектам справядліва даецца далёка не высокая адзнака. Датычыць гэта і пабудаваных да вайны, і спехам створаных напярэдадні самога ўварвання нямецкіх войскаў у беларускую сталіцу. У якасці доказу прывяду такую цытату з кнігі: «К сожалению, минский УР (укреплённый район. — Л.Л.) не смог в сложившейся обстановке выполнить те функци и задачи, для которых он предназначался».

Круці ні круці, а пад Мінскам не адбывалася таго, што ў верасні 1939 года пад Варшавай: немцы акупавалі яе толькі на 28-ы дзень вайны, панёсшы немалыя страты ў жывой сіле і тэхніцы. На тэрыторыі Беларусі войскі вермахта зведалі нешта падобнае толькі 3–26 ліпеня пад Магілёвам.

«Лінія Сталіна» — гэта вынаходніцтва сучасных палітыкаў і ідэолагаў Рэспублікі Беларусь. Калі ім так ужо рупіць на тэрыторыі Беларусі ўзвесці нешта накшталт Лініі, дык гэта трэба стварыць у якім-небудзь з усходніх раёнаў краіны і пад назвай «Лінія Лукашэнкі».

Такое абарончае збудаванне архіважнае для нас і выкарыстоўваць дзеля гэтага трэба не звычайныя жалезабетонныя канструкцыі, блокі і ім падобнае, а — не здзіўляйцеся, шаноўныя! — самабытны беларускі этнакультурны матэрыял, адметную ад усіх лексіку нашай зямлі. Чаму? Створаная прэзідэнцкай вертыкаллю ў Рэспубліцы Беларусь культурна-моўная прастора сёння ўжо амаль тоесная такой прасторы Расійскай Федэрацыі, таму вельмі негатыўна ўплывае на здольнасць беларусаў супраціўляцца русіфікацыі. Будучы з цягам часу да тла зрусіфікаванымі (а тут ужо засталося вельмі мала чаго дарабіць), яны страцяць усялякую зацікаўленасць мець, жыць у такой безаблічнай у нацыянальным плане квазісуверэннай дзяржаве, як Рэспубліка Беларусь. Наплыў у яе з Усходу ўсяго рускага, у тым ліку і войска, будзе ўспрымацца зрусіфікаванымі беларусамі, як Божы падарунак.

Таму, калі палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь усё ж не жадае такога цалкам заслужанага для сябе падарунка, неабходна ўздоўж яе ўсходняй мяжы тэрмінова ўзводзіць не жалезабетонную, а культурна-моўную «Лінію Лукашэнкі», выкінуўшы на сметнік сваё хітра навязанае, згубнае для беларусаў афіцыйнае двухмоўе. Да гэтай жа бязглуздзіцы не дадумаліся архітэктары дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі міжваеннага перыяду — самай бліскучай нацыянальнай старонкі ў гісторыі БССР.

Шмат адмоўнага было характэрна этнакультурным працэсам БССР у 1944–1991 гады. Ніводная тытульная нацыя не толькі саюзных, але і аўтаномных рэспублік не панесла ад дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі такіх вялізных этнічных стратаў, як беларуская. Глыбокі аналіз, усебаковае раскрыццё прычын такой трагедыі маглі б дапамагчы сучасным палітыкам выпрацаваць і праводзіць ва ўсіх сферах духоўнага жыцця курс, цалкам адпаведны беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Шмат часу ён упарта не ўлічваецца існай сістэмай кіравання і, як заканамерны вынік, сёння карэннае насельніцтва краіны з’яўляецца больш зрусіфікаваным, чым у пачатку 1990-х гадоў.

З адарванымі ад нацыянальна-культурных, моўных традыцый беларусамі кіраўніцтву краіны ніяк нельга весці размовы нават і пра самую элементарную форму палітычнай інтэграцыі з Расіяй. У этнакультурным плане беларусы не даспелі, не гатовыя да правільнага разумення такога лёсавызначальнага для іх будучыні пытання. Са зрусіфікаванымі беларусамі нельга нават і размовы весці пра стварэнне Саюзнай дзяржавы.

Не будучы за савецкім часам так татальна залежнай ад агульнасаюзнага цэнтру, Беларусь мела б куды больш адпаведную яе прыродна-геаграфічным умовам структуру эканамічнай вытворчасці, не перажыла б буйнамаштабнага асушэння балотаў, у што магутны ўнёсак зрабіў адкамандзіраваны Масквой да нас у 1966 годзе «Галоўпалессеводбуд». Сёння многія створаныя самой прыродай беларускія балоты стану 1950-х гадоў больш прыцягвалі б да сабе замежных турыстаў, чым штучныя аграгарадкі.

Нікому іншаму, як агульнасаюзнаму цэнтру ў Маскве, Беларусь абавязана вядомай усяму свету па сваіх цяжкіх наступствах тэхнагеннай катастрофай на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Усё гэта лішні раз сведчыць, як важна кожнаму народу, у тым ліку і беларускаму, быць сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі; як рэдка каму ўдаецца застацца самабытным, выжыць у любым фармаце саюзнай і тым больш поліэтнічнай дзяржаве — гэтай сапраўднай кузні па этнічнай пераплаўцы ўсіх сваіх нацый і народнасцяў, акрамя тытульнай.

І ўсё ж…

Выказаны шэраг сур’ёзных негатыўных ацэнак на адрас БССР, аднак, не мяняе майго станоўчага погляду на гэтае палітычнае утварэнне. Не мяняе таму, што, калі б у савецкі перыяд гісторыі беларусы знаходзіліся ў складзе Расійскай Федэрацыі ў статусе паасобных губерняў, мы б падзялілі лёс сваіх супляменнікаў Смаленшчыны, Браншчыны, Пскоўшчыны і на час распаду СССР не падалі б нават і голасу аб стварэнні ўласнай дзяржавы, паколькі не ўсведамлялі б сябе самабытным, адрозным ад рускіх этнасам.

А калі ж сёння беларусы ў непараўнальна большай ступені нагадваюць рускіх, чым на час скону СССР, дык за гэта трэба «дзякаваць» дарэшты адарваным ад базавых для нашай зямлі культурна-моўных традыцый архітэктарам, ідэолагам нацыянальнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і ў першую чаргу яе кіраўніку. На працягу ўсяго часу існавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі нацыянальнае жыццё нашага народа не было такім страшэнна пакалечаным, абяскроўленым, бесперспектыўным, як сёння.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: