Чаго свету чакаць у год Быка? Варажым па календары

Многіх хвалюе пытанне: што нас чакае ў новым годзе, сімвалам якога з’яўляецца Бык? У пошуках адказу на яго  мы вырашылі паваражыць на календары, а таму разварушылі архівы за гады, на якія ў мінулым выпадаў гэты астралагічны знак.
Выява Герда Альтмана з Pixabay 

Выява Герда Альтмана з Pixabay 

У недалёкім і адносна далёкім мінулым год Быка прыходзіўся на 1925, 1937, 1949, 1961, 1973, 1985, 1997, 2009 гады. Безумоўна, у пераліку іх цяжка абыйсці ўвагай 1937 год, калі сталінскія рэпрэсіі дасягнулі апагею. Не выпадкова ў сеціве можна сустрэць сумны жарт, што сёлета няма патрэбы купляць каляндар на 2021-ы — можна выкарыстоўваць стары на 1937 год.

У гэтым жарце ёсць праўда. У год Быка фіксуецца шмат рэпрэсій і палітычных працэсаў. У 1949-м пачалася знакамітая «ленінградская справа». А ў Венгрыі ў 1949-м атрымаў пажыццёвы тэрмін кардынал, які супраціўляўся нацыяналізацыі каталіцкіх школ. Зрэшты, у гісторыю ён увайшоў яшчэ і тым, што пасля падаўлення вугорскага паўстання ўмудрыўся 15 гадоў пражыць у пасольстве ЗША.

Напэўна, негатыўнае ўражанне наконт года Быка можа ўзмацніць і спіс рэзанансных трагедый, якія прыпадалі на згаданыя вышэй гады. У гэтым спісе, напрыклад, незвычайная Куранёўская трагедыя — прарыў у сакавіку 1961-га дамбы ў Кіеве. Тады на раён Куранёўка пайшоў вал вадкага бруду вышынёй ад чатырох да васьмі метраў. Ён рухаўся з хуткасцю 3–5 метраў за секунду — і накрыў жылыя кварталы плошчай каля 30 гектараў. Паводле афіцыйных даных, у выніку загінулі 147 чалавек, паводле неафіцыйных — каля 1500.

Аднак імідж года Быка як года суцэльнага негатыву зманлівы. Гады Быка вядомыя як гады буйных і часам паспяховых пратэстаў у абарону палітычных і сацыяльных правоў. У 1925-м брытанскія шахцёры сваімі выступамі прымусілі прадпрымальнікаў адмяніць лакаўт у вугальнай прамысловасці. 27 лютага 1973-га амерыканскія індзейцы захапілі пасёлак Вундэд-Ні ў штаце Паўднёвая Дакота, які ўтрымлівалі 71 дзень у аблозе з боку федэральных сілаў (ФБР, паліцыя і войска). Гэта самы гучны выступ сучасных індзейцаў ЗША за свае правы. Паўстанне афінскіх студэнтаў супраць дыктатуры ў лістападзе 1973-га было падаўленае, аднак стала пачаткам крызісу рэжыму і вяртання да дэмакратыі.

Год Быка ўвогуле не вельмі спрыяе аўтарытарным палітыкам. Напрыклад, 30 траўня 1961-га — па дарозе ў загарадную вілу — змоўшчыкамі быў расстраляны дыктатар Дамініканскай Рэспублікі Рафаэль Трухільё, які раней абвясціў сябе прадстаўніком Бога на зямлі. Палітыкам гэтай катэгорыі даставалася ад Быка нават пасля смерці. Менавіта на 1961 год прыпала кульмінацыя кампаніі дэсталінізацыі ў СССР, калі Сталінград быў перайменаваны ў Валгаград.

Акрамя таго, год Быка прыносіў шмат новага ў сусветны палітычны расклад. У 1949-м была абвешчаная Кітайская Народная Рэспубліка, што цалкам перавярнула глабальную палітычную карту. У красавіку таго ж года быў падпісаны Паўночнаатлантычны дагавор паміж ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Канадай і іншымі краінамі, які паслужыў асновай для стварэння ваенна-палітычнага саюза NATO. Ну і, натуральна, нельга не ўспомніць, што менавіта ў год Быка, 12 красавіка 1961 года, Юрый Гагарын здзейсніў першы палёт чалавека ў космас.

Нарэшце, 1985-ы прынята лічыць годам пачатку ў СССР глыбокіх эканамічных і палітычных рэформаў, якія атрымалі назву «перабудова». Менавіта па яе выніках узніклі падставы для абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

У часы незалежнасці беларусы сустракалі год Быка двойчы — у 1997-м і 2009-м. 1997-ы, напэўна, увайшоў у гісторыю дзякуючы Дамове аб Саюзе Беларусі і Расіі. Тэкст дамовы, што падпісалі 2 красавіка ў Маскве кіраўнікі Беларусі і Расіі, вымагаў ад падпісантаў стварэння канфедэрацыі з адзінай валютай, выканаўчымі органамі і гэтак далей. Як вядома, узаемны недавер Масквы і Мінска хутка пахаваў гэтыя планы.

Так ці інакш, з тых часоў 2 красавіка адзначаецца ўладамі як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, хаця некаторыя бачаць у ім лагічны працяг Дня Дурня. У тым жа годзе 3 ліпеня было абвешчана нацыянальным святам Рэспублікі Беларусь — Днём Незалежнасці. Да 1997-га свята адзначалася 27 ліпеня — у гадавіну прыняцця ў 1990 годзе Дэкларацыі аб незалежнасці і суверэнітэце краіны.

Чальцам апазіцыі 1997-ы дакладна запомніўся як год, калі паўстала арганізацыя «Малады фронт» (МФ). МФ гучна заявіў пра сябе за кошт кампаніі «Горад наш», у рамках якой над будынкамі розных гарадоў Беларусі было ўзнята каля 1200 бел-чырвона-белых сцягоў.

А вось 2009-ы можна ўзгадаць хіба тым, што Беларусь увосень атакаваў свіны грып. Тады ж Беларусь стала чальцом праграмы «Усходняе партнёрства», што не выклікала эйфарыі ў Крамлі. Увогуле, гэта быў год, калі свет яшчэ не адышоў ад эканамічнага крызісу папярэдняга года, і Мінску даводзілася шукаць грошы дзе толькі магчыма.

Варта таксама адзначыць, што год Быка багаты і на культурныя прарывы. Дастаткова прыгадаць толькі адно: 21 сакавіка 1961-га The Beatles пачалі выступаць у цяпер ужо легендарным клубе Cavern Club, даючы старт сваёй фантастычнай кар’еры. У гэтыя гады з’явіліся такія шэдэўры, як серыял «Сямнаццаць імгненняў вясны» (1973), фільмы «Вестсайдская гісторыя» (1961), «Іван Васільевіч мяняе прафесію» (1973), «Тытанік» (1997), «Аватар» (2009). З’явіліся такія значныя літаратурныя творы, як «Хобіт, або Вандроўка туды і назад» (1937), «1984» (1949), «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» (1961).

Велізарны масіў інфармацыі пра тое, што адбывалася ў гады Быка ў мінулым, на жаль, не дазваляе адразу выявіць нейкую адназначную формулу, паводле якой будуць развівацца падзеі ў 2021-м. Хіба што можна ўзгадаць заявы астролагаў, якія адзначаюць такія якасці быка, як любоў да працы, цярпенне і рашучасць. Гэтая акалічнасць, па іх словах, азначае, што Год Быка будзе спрыяць тым, хто гатовы ўпарта працаваць для дасягнення сваёй мэты.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: