Чаму ў Беларусі шырока святкуюць 9 Траўня, але ігнаруюць іншыя слаўныя перамогі

Мы цэнім і паважаем перамогу над нацызмам і фашызмам, смуткуем аб ахвярах, шануем памяць загінулых. Але да гэтай вельмі эмацыйна зараджанай даты ўлады прымешваюць палітычны прагматызм, які забівае павагу і давер да нацыянальных дат.
Фрагмент палатна Яна Матэйкі «Грунвальдская бітва»

Фрагмент палатна Яна Матэйкі «Грунвальдская бітва»

Наступствы мы ўжо назіраем: дэградацыя сэнсаў, вычварэнства формаў. Возьмем, да прыкладу, унітаз, які ўдзельнічаў у парадзе 2017 года. Са свежага — рэалізацыя бізнес-плана маладога беларуса, аднагодка рэжыму Лукашэнкі, па закупцы і перапродажы ў Беларусі ваенных знакаў: пілотак, георгіеўскіх стужак, сцягоў з сярпом.

Чаму з усіх нацыянальных траўмаў менавіта Вялікай Айчыннай вайне не пашчасціла стаць ідэйным цэнтрам у самаідэнтыфікацыі постсавецкіх беларусаў? У тым ліку таму, што нам за гэта добра плацілі.

 Цана Перамогі


Перамогу савецкага народа над гітлераўскай Нямеччынай у Беларусі адзначаюць два разы, але пад рознымі назвамі. Абодва святы — дзяржаўныя, з'яўляюцца непрацоўнымі днямі.

9 траўня — Дзень Перамогі — зацверджаны як свята яшчэ ў 1945 годзе. Адзначаецца ва ўсіх постсавецкіх краінах. У 2017 годзе ў Ізраілі пад ціскам мігрантаў з былога СССР 9 траўня таксама стала дзяржаўным святам. З гэтай датай у Беларусі не было звязана нічога атыповага, пакуль у 1996 годзе не прайшоў рэферэндум.

З дапамогай рэферэндуму ў 1996 годзе Лукашэнка адвязаў Дзень незалежнасці Беларусі ад распаду СССР і прывязаў да 3 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе Чырвоная армія ўвайшла ў Мінск, вызваліўшы яго ад фашысцкай акупацыі. Мы ж здзейснілі акт самаадрачэння ад нашай унікальнай гісторыі на карысць савецкага мінулага.

Так наша краіна стала адзінай з былых савецкіх рэспублік, чый дзень незалежнасці не мае дачынення да распаду СССР.

Крыху раней мы адракліся ад унікальнага беларускага сцяга і герба (бел-чырвона-белы і «Пагоня») на карысць ледзь змененай савецкай сімволікі, далі рускай мове статус другой дзяржаўнай і пагадзіліся падтрымаць «дзеянні прэзідэнта, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расіяй» (рэферэндум 1995 года).

Як вынік 2 красавіка 1997 года ў Маскве Лукашэнка і Ельцын падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. З гэтых часоў 2 красавіка адзначаецца як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Разам з гэтымі рашэннямі доля незалежнасці Беларусі была выстаўлена на таргі.

Але вернемся да 9 траўня.

У гісторыі Беларусі ёсць мноства войнаў і перамог, якія маглі б скласці адэкватную канкурэнцыю ВАВ. Але ў параўнанні з імі у 9 траўня ёсць адна перавага: у ролі ворагаў і сяброў выступаюць бакі, выгадныя з пункту гледжання тагачаснай кан'юнктуры рынку.

Беларусы і расіяне — брацкія народы: нашы дзяды разам ваявалі, здабывалі свабоду, пралівалі кроў за нашу зямлю, — вось кароткі змест каштоўнасцяў, што трансляваліся з нашага боку.

З таго боку мяжы (якой дэ-факта няма) гэты мэсэдж чытаўся як добраахвотная здача Беларуссю часткі незалежнасці, у чым расійская дзяржава з яе комплексам імперскасці больш зацікаўленая, чым не. Каб рыбка не сплыла, яе трэба прыкарміць.

Таварна-грашовыя адносіны

Доўгі час Расія прадавала Беларусі нафту і газ па сяброўскай (зніжанай) цане. РФ шырока адкрыла свой рынак для нашай прадукцыі. Беларусаў рады бачыць у якасці работнікаў на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Крэдыт на будаўніцтва беларускай АЭС, нарэшце.

Але чым даўжэй нам плацяць, тым больш пераконваюцца, што купіліся на малюнак. З моманту падпісання саюзнай дамовы прайшло больш за дваццаць гадоў. Па другім коле знешнія атрыбуты незалежнасці не прадасі. А нешта большае мы ім прапанаваць не можам і ўжо — гэта і без рэферэндуму зразумела — не жадаем.

Аднекуль узялася і расце нацыянальная ўпэўненасць, што беларусы змогуць самі. Працэсы беларускай разважнасці падганяе анэксія Расіяй Крыма і вайна ва Украіне.
 

Альтэрнатыва? Быць сабой

Калі змыць з 9 траўня і 3 ліпеня палітычны макіяж, то выступае голая, можа для кагосьці і не прыемная, але гістарычная праўда. На яе абапіраецца прафесар, доктар гістарычных навук з Гродна Алесь Краўцэвіч.

З пазіцыі нацыянальных інтарэсаў беларускага народа, у 1944 годзе пры «вызваленні» Мінска акупацыя Беларусі адным таталітарным рэжымам — гітлераўскім — змянілася на акупацыю другім таталітарным рэжымам — сталінскім. Памяняна шыла на мыла. Таму што ва ўсім свеце, акрамя Беларусі і Расіі, і Гітлер, і Сталін ацэньваюцца як з’явы і асобы аднаго парадку. Створаныя імі рэжымы — таталітарныя і людажэрныя.

Радавацца таму, што адзін людажэр сыйшоў, а другі людажэр прыйшоў, не надта лагічна.

Беларусь страціла суб’ектнасць у палітычнай гісторыі ў канцы 18-га стагоддзя, пачынаючы з акупацыі Расійскай імперыяй. Таму мы жылі ў кантэксце расійскай гісторыі, і ўсе іх унутраныя з’явы датычылі нас, у прыватнасці кажам пра замену царскага рэжыму на таталітарны бальшавіцка-савецкі, сталінскі. Мы вымушаны былі гэта перажываць, хаця гэта прынцыпова не наша з’ява, не ў нас народжаная.

І спроба стаць суб’ектам уласнай гісторыі, утварыць БНР не да канца ўдалася. Дэкларавалі дзяржаву, але не змаглі яе абараніць. Гэтаксама як і ўкраінцы.

І ў 30-40-я гады, калі паўсталі таталітарызмы Сталіна і Гітлера, то Беларусь стала арэнай барацьбы паміж імі.

І гэтае 9 траўня не столькі дзень радасці ад перамогі… Гэты дзень павінен быць днём смутку па мільёнах загінулых і таксама смуткавання па тым, што гэта было не ў інтарэсах беларусаў. Зноў вярнуўся Сталін, зноў былі рэпрэсіі. І мы да пачатку 90-х гадоў былі ў складзе таталітарнай дзяржавы.

Таму свята 9 траўня — хай будзе свята расійскае.

Слаўныя даты ад прафесара Краўцэвіча


У гісторыі Беларусі былі слаўныя перамогі, якімі мы можам ганарыцца. Найслаўнейшыя:

8 верасня 1514 года — Бітва пад Оршай. Вайсковая і маральная перамога. Прагучала на ўсю Еўропу. Невыпадкова беларускае незалежнае грамадства святкуе гэтую дату як Дзень беларускай вайсковай славы.

15 ліпеня 1410 года — Грунвальд. Пасля гэтай перамогі назаўсёды спыніліся крыжацкія набегі на нашыя землі, у прыватнасці на Гародню.

1579 год — вызваленне Полацка, калі нашыя войскі пад камандаваннем Стэфана Баторыя штурмам здабылі перамогу, выгналі з Полацка войскі Івана IV Жахлівага. Першая значная перамога нашых продкаў у Інфлянцкай вайне.

31 ліпеня 1649 года — бітва пад Лоевам, калі наш гетман Януш Радзівіл стрымаў на Дняпры казацкую арду, саюзнікаў Масковіі, якая ішла нас рабаваць і паліць.

28 чэрвеня 1660 года — бітва пад Палонкай, перамога, якая запачаткавала вызваленне Беларусі ад расійскіх акупантаў, якія прыйшлі сюды ў 1654 годзе.

1920 год — Слуцкі збройны чын. Я лічу, што гэтую падзею трэба святкаваць як перамогу, бо на працягу амаль месяца у лістападзе — снежні войскі, створаныя з сялянаў, з салдатаў, якія вярнуліся з франтоў Першай сусветнай вайны, супрацьстаялі, стрымлівалі Чырвоную армію. Сам факт, што беларусы месяц змагаліся за сваю дзяржаву, супраць уваходу ў бальшавіцкую Расію, можам таксама лічыць маральнай перамогай.

Элегантнае рашэнне


У 2015 годзе ўкраінскія ўлады элегантна разарвалі ідэйную сувязь з савецкай гісторыяй, пераназваўшы 9 траўня з Дня Перамогі ў Дзень перамогі над нацызмам. Двума словамі зрушылі акцэнт з ВАВ на Другую сусветную.

Для сувязі з еўрапейскім кантэкстам ва Украіне адзначаюць і другое свята — 8 траўня (па сярэднееўрапейскім часе Германія капітулявала 8-га чысла). Гэта Дзень памяці і прымірэння, калі еўрапейцы традыцыйна ўшаноўваюць усіх загінулых.

У Беларусі, пакуль ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка, хутчэй за ўсё 9 траўня і 3 ліпеня будуць заставацца ў палітычных закладніках. Эканамічнай выгады ад іх ужо наўрад ці дачакаемся. А вось далейшая дэградацыя і вычварэнства сэнсаў непазбежныя.

Ачышчэнне гэтых дат ад спекуляцый прывядзе да вызвалення простых сэнсаў, дапаможа непасрэдна ўсвядоміць, што менавіта мы святкуем.

 Таццяна Бублікава, naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!