Час Суда, або Хто стаяў на варце Канстытуцыі

Кантраляваць канстытуцыйнасць нарматыўных актаў — адзін з галоўных абавязкаў Канстытуцыйнага суда. Сёлета ў красавіку гэты дзяржорган адзначыў сваё 25-годдзе — добрая нагода, каб зазірнуць у мінулае і высветліць, пры якіх умовах Канстытуцыйны Суд з’явіўся ў Беларусі.

«Новая поза нашей государственности»

У часы позняй «перабудовы» Гарбачова сярод навукоўцаў і юрыстаў даволі папулярнай стала ідэя стварэння такога органа, які стаяў бы на варце самага галоўнага дакумента — Канстытуцыі. Паводле правазнаўцаў, гэты орган у асноўным павінен быў даваць заключэнні наконт таго, ці адпавядае той ці іншы заканадаўчы акт Асноўнаму Закону.

27 кастрычніка 1989 года Вярхоўны Савет Беларускай ССР (па прыкладзе агульнасаюзных народных дэпутатаў) унёс змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю рэспублікі 1978 года: глава 112 замацоўвала Камітэт канстытуцыйнага нагляду ў складзе 11 чалавек: старшыні, яго намесніка і 9 чальцоў «из числа специалистов в области политики и права» тэрмінам на 10 гадоў. Пры гэтым персанальны склад Камітэта прапаноўваўся выключна старшынёй Вярхоўнага Савета.



Камітэт атрымліваў істотныя паўнамоцтвы: ён меў права па ўласнай ініцыятыве даваць заключэнні аб адпаведнасці актаў Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў Канстытуцыі.

Аднак з’яўленне ў Канстытуцыі БССР 1978 года нормы аб Камітэце канстытуцыйнага нагляду было фармальным — хутчэй, данінай модзе. Палажэнні аб Камітэце не былі выдзеленыя ў асобную главу ці раздзел, а былі прапісаныя ў главе аб Вярхоўным Савеце, што выглядала нелагічна. Тым больш, што далей словаў справа не пайшла: Камітэт існаваў выключна на паперы.

Грунтоўнае тэарэтычнае асэнсаванне феномену Канстытуцыйнага Суда і яго практычнае ўвасабленне пачаліся тады, калі летам 1990 года стартавала праца над новым праектам Канстытуцыі. Пытанні, датычныя канстытуцыйнага нагляду, узяла на сябе пастаянная камісія Вярхоўнага Савета 12-га склікання па заканадаўстве на чале з Дзмітрыем Булахавым. Менавіта гэта камісія пачала распрацоўваць адпаведны законапраект. Да працы былі прыцягнутыя высокакваліфікаваныя навукоўцы-юрысты — Міхаіл Пастухоў, Аляксандр Вашкевіч, Міхаіл Чудакоў, а таксама практычныя работнікі — Віктар Камянкоў, Алена Дзягілева ды іншыя.

Суддзя Канстытуцыйнага Суда ў 1994–1996 гадах Міхаіл Пастухоў

Беларускія заканадаўцы спыніліся на еўрапейскай мадэлі канстытуцыйнага кантролю, дзе існуе спецыяльная ўстанова — Канстытуцыйны Суд. Такую назву, напрыклад, горача адстойваў Міхаіл Пастухоў на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі 22 траўня 1992 года: «Конституционный Суд — это новая поза для нашей государственности; это не суд в обычном смысле этого слова: по своему статусу и положению Конституционный Суд примыкает даже больше к законодательным и контрольным органам».


Лёд зрушыўся

Праект закона аб Канстытуцыйным Судзе быў унесены ў парадак дня нечарговай адзінаццатай сесіі, якая пачалася 23 сакавіка 1993 года.

Чытайце таксама:

«Пакт Манклаа» па-беларуску і «14 пунктаў» Алега Трусава

Для гэтага Булахаву давялося пераадолець супраціў уплывовых чыноўнікаў, у тым ліку і генеральнага пракурора Беларусі Васіля Шаладонава.

Як і чакалася, вакол законапраекта аб Канстытуцыйным Судзе разгарэліся вострыя дэбаты. Шмат хто з дэпутатаў здзіўляліся (тон тут задавалі Уладзімір Заблоцкі і Алег Трусаў): новай Канстытуцыі няма, а ўжо прапануюць Канстытуцыйны Суд. Дзмітрый Булахаў растлумачыў усё даволі лагічна. Перад нашымі заканадаўцамі, разважаў Булахаў, заўсёды стаяла дылема: спачатку прымаць Канстытуцыю, а потым закон, ці наадварот: спачатку закон, а потым — Канстытуцыю. На думку Булахава, каб «записать несколько строчек в Конституции, законодатель должен видеть, что за этим стоит». Таму лепш спачатку прыняць закон. У выніку за ўнясенне законапраекта аб Канстытуцыйным Судзе ў павестку дня з 246 дэпутатаў, якія бралі ўдзел у галасаванні, прагаласавалі 187 (пры кворуме ў 173).

24 сакавіка 1993 года Дзмітрый Булахаў коратка выклаў асноўныя палажэнні законапраекта, паводле якога Канстытуцыйны Суд абвяшчаўся вышэйшым органам судовай улады па абароне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

«Хросны бацька» беларускага Канстытуцыйнага Суда Дзмітрый Булахаў.

Былі магчымыя два варыянты выбару суддзяў (абавязкова наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і пэўных маральных і фізічных якасцяў, межавы ўзрост — 65 гадоў): Вярхоўным Саветам ці паводле прадстаўнічага прынцыпу. Булахаў меркаваў, што кандыдатуры суддзяў могуць прапаноўваць старшыня парламента, старшыня Вярхоўнага Суда і старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда.

Таксама варыятыўным быў тэрмін знаходжання суддзяў Канстытуцыйнага Суда на сваіх пасадах: 10 гадоў альбо бестэрмінова. Законапраект дапускаў паўторнае пераабранне суддзяў на пасаду.

Паводле законапраекта, Канстытуцыйны Суд не меў права па ўласнай ініцыятыве распачаць вытворчасць па справе на адпаведнасць таго ці іншага нарматыўнага прававога акта Канстытуцыі. На пытанне дэпутата Мікалая Серады, чаму так, Булахаў адказаў, што ў адваротным выпадку Канстытуцыйны Суд будзе палітызаваным.

У сваёй прамове Дзмітрый Булахаў закрануў, прынамсі, яшчэ два прынцыповыя моманты. Па-першае, грамадзяне не мелі права непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны Суд: было дакладна акрэслена кола суб’ектаў. З заканадаўчай ініцыятывай у Канстытуцыйны Суд маглі звяртацца прэзідэнт, старшыня парламента, старшыня Савета Міністраў, генеральны пракурор, старшыня Вярхоўнага Суда, старшыні пастаянных камісій парламента і не менш за 25 дэпутатаў. Па-другое, Канстытуцыйны Суд ажыццяўляў кантроль над дзейным заканадаўствам, то-бок, папярэдні кантроль над законапраектамі не ўваходзіў у яго кампетэнцыю.

У цэлым дэпутацкі корпус даволі лагодна сустрэў законапраект. Калі і мела месца крытыка, дык яна тычылася другасных момантаў: ці абавязковая для суддзі Канстытуцыйнага Суда вышэйшая юрыдычная адукацыя (дэпутат Уладзімір Грыбанаў лічыў, што ў Канстытуцыйным Судзе павінны быць эканамісты, сацыёлагі і іншыя «умудрённые опытом люди»), якімі крытэрамі вызначаць фізічны стан суддзяў і іншае.

Дэпутату Мікалаю Лобачу не спадабалася працэдура прынясення прысягі суддзёй Канстытуцыйнага Суда: ён, стаўшы тварам да Вярхоўнага Савета, мусіў пакласці левую руку на Канстытуцыю, а правую — у вобласць сэрца. «А если рука у судьи упадёт на 45 градусов?» — абураўся Мікалай Серада.

Тым не менш, 25 сакавіка 1993 года законапраект аб Канстытуцыйным Судзе быў прыняты 178 галасамі дэпутатаў пры кворуме ў 173.

Пазней законапраект пастаянна ўдасканальваўся. Чарговы варыянт датуецца 4 лістапада 1993 года. Прынцыповае адрозненне ад папярэдняга заключалася ў тым, што Канстытуцыйны Суд ужо не з’яўляўся органам па абароне Канстытуцыі, а ажыццяўляў кантроль над канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў.

Пасля прыняцця Канстытуцыі Беларусі 15 сакавіка 1994 года зацвярджэнне закона аб Канстытуцыйным Судзе стала тэхнічнай справай. Да гэтага часу праект зноў зазнаў пэўныя змены. І самая галоўная палягала ў тым, што Канстытуцыйны Суд па сваёй ініцыятыве мог распачаць вытворчасць па справе.

Сам закон быў прыняты Вярхоўным Саветам 30 сакавіка 1994 года.


Першы эшалон

15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет прыняў закон №2876-XII аб парадку ўваходжання ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паводле артыкула 4 закона, у месячны тэрмін з дня ўваходжання Канстытуцыі ў сілу мусіў быць створаны Канстытуцыйны Суд. Фармальна, неабходнасць Канстытуцыйнага Суда тлумачылася «обеспечением безусловного исполнения принятой Конституции Республики Беларусь». На самай справе, Вярхоўны Савет вырашыў падстрахавацца і стварыць Канстытуцыйны Суд да прэзідэнцкіх выбараў. У такім выпадку суд мог стаць супрацьвагай кіраўніку дзяржавы: у законапраекце аб Канстытуцыйным Судзе была замацавана норма, паводле якой ён па патрабаванні не менш 70 дэпутатаў парламента меў права распачаць справу супраць прэзідэнта ў выпадку парушэння апошнім Канстытуцыі.

Далей у законе №2876-XII мелася яўная калізія. Справа ў тым, што Вярхоўны Савет 12-га склікання, яго Прэзідыум і старшыня да ўступлення на пасаду прэзідэнта захоўвалі свае паўнамоцтвы згодна Канстытуцыі 1978 года, а пасля ўступлення прэзідэнта на пасаду мусілі ажыццяўляць свае паўнамоцтвы паводле Канстытуцыі 1994 года. Аднак у Канстытуцыі 1978 года прысутнічаў толькі Камітэт канстытуцыйнага нагляду, то-бок, дэпутаты не мелі права абіраць Канстытуцыйны Суд.

Менавіта з такімі аргументамі выступіў на адкрыцці нечарговай Чатырнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета 27 красавіка 1994 года лідар парламенцкай апазіцыі БНФ Зянон Пазьняк. Ён зачытаў заяву 35 дэпутатаў, у якой ішла гаворка пра незаконнасць стварэння Канстытуцыйнага Суда да выбараў прэзідэнта, тым больш, менавіта прэзідэнт павінен прапанаваць кандыдатуру старшыні.

Парламенцкая большасць усё ж вырашыла давесці справу да канца. З гэтай мэтай 27 красавіка 1994 года спецыяльнай пастановай у Часовым Рэгламенце Вярхоўнага Савета словы «Камітэт канстытуцыйнага нагляду» замяняліся словамі «Канстытуцыйны Суд». І гэтай жа пастановай замацоўвалася норма (адсутнічала ў законе), паводле якой кандыдатуры суддзяў прапаноўвалі дэпутаты Вярхоўнага Савета (намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Іван Бамбіза настойваў на тым, каб кандыдатуры прапановаў Прэзідыум).

Усяго была прапанавана дзесяць кандыдатур з тым разлікам, што кандыдатуру старшыні прапануе прэзідэнт. Часовы Рэгламент не выключаў таго, каб Канстытуцыйны Суд узначаліла асоба, якая раней была абраная ў склад суда.

Для адбору прэтэндэнтаў была прадугледжана двухступенная мадэль галасавання. Спачатку адбіралі тых дзесяць кандыдатаў, якія пры галасаванні атрымалі простую большасць (рэйтынгавае галасаванне), а затым — уносілі іх у бюлетэні для тайнага галасавання.

На дзесяць вакантных месцаў суддзяў Канстытуцыйнага Суда прэтэндавалі 16 кандыдатаў: 1) Ігар Андрэеў, дырэктар НДІ крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы; 2) Рыгор Васілевіч, загадчык юрыдычнага аддзела Сакратарыята Вярхоўнага Савета; 3) Віктар Ганчар, першы намеснік старшыні выканаўчага камітэта Маладзечанскага гарвыканкама; 4) Анатоль Красуцкі, загадчык аддзела пісьмаў Сакратарыята Вярхоўнага Савета; 5) Вячаслаў Любавіцкі, пракурор Брэсцкай вобласці; 6) Аляксандр Марыскін, загадчык сектара камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Сакратарыята Вярхоўнага Савета; 7) Валянціна Падгруша, намеснік міністра юстыцыі; 8) Міхаіл Пастухоў, намеснік начальніка навукова-даследчага аддзела Вышэйшых курсаў КДБ; 9) Сяргей Протас, чалец Гродзенскага абласнога суда; 10) Марына Сатоліна, эксперт Канстытуцыйнай камісіі; 11) Мікалай Серада, намеснік міністра ўнутраных спраў; 12) Ксенія Хома, намеснік старшыні Мінскага гарадскога суда; 13) Валерый Ціхіня, загадчык кафедры права Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў; 14) Станіслаў Цішкевіч, начальнік кафедры расследавання злачынстваў Акадэміі міліцыі МУС; 15) Валерый Фадзееў, загадчык юрыдычнага ўпраўлення кіравання справамі Савета Міністраў; 16) Рыма Філіпчык, чалец Вярхоўнага Суда.


Суддзя Канстытуцыйнага Суда ў 1994–1996 гадах Рыма Філіпчык

Вынікі рэйтынгавага галасавання былі наступныя: Андрэеў — 142 (галасавалі — 163); Васілевіч — 214 (218), Ганчар — 129 (153); Красуцкі — 94 (130); Любавіцкі — 170 (183); Марыскін — 152 (165); Падгруша — 224 (229); Пастухоў — 162 (183); Протас — 143 (172); Сатоліна — 57 (94); Серада — 189 (197); Фадзееў (наконт яго выказаўся Лукашэнка: «Давайте поддержим человека, а то сидит человек трясется, побледнел весь!») — 208 (213); Філіпчык — 172 (189); Хома — 165 (179); Ціхіня — 231 (234); Цішкевіч — 165 (167).

У выніку ў бюлетэні для тайнага галасавання былі ўнесеныя: Васілевіч, Любавіцкі, Падгруша, Пастухоў, Серада, Фадзееў, Філіпчык, Хома, Ціхіня і Цішкевіч. Яны мусілі набраць дзве траціны канстытуцыйнай большасці. Улічваючы, што было раздадзена 258 бюлетэняў, кандыдат павінен быў атрымаць не менш за 173 галасы. Вынікі былі такія: Васілевіч — 237; Любавіцкі — 133; Пастухоў — 192; Серада — 187; Фадзееў — 217; Філіпчык — 190; Хома — 191; Ціхіня — 217; Цішкевіч — 183.

Суддзя Канстытуцыйнага Суда ў 1994–1996 гадах Валянціна Падгруша.

Такім чынам, усе прэтэндэнты, акрамя Любавіцкага, 28 красавіка 1994 года былі абраныя суддзямі Канстытуцыйнага Суда. У той жа дзень яны прынеслі ганаровую прысягу.

Фіяска Булахава

Пасля свайго ўступлення на пасаду Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня 1994 года прапанаваў кандыдатуру Булахава ў якасці кіраўніка Канстытуцыйнага Суда. Але ў Булахава не атрымалася. Чаму? «Новы Час» ужо пісаў пра гэта.

Чытайце таксама:

Першы ўрад Лукашэнкі: «Некалькі добрых хлопцаў...»



Старшыня Ціхіня

Канешне, самым аптымальным было абраць старшыню Канстытуцыйнага Суда непасрэдна з ліку суддзяў. Свой выбар Лукашэнка спыніў на Ціхіню, маўляў, хаця і Васілевіч атрымаў пры тайным галасаванні большасць, тым не менш, і па ўзросце, і па вопыце, лічыў кіраўнік дзяржавы, падыходзіць Ціхіня.

Адыграла ролю і тое, што падчас працы ў Вярхоўным Савеце ў Лукашэнкі і Ціхіні склаліся неблагія адносіны. У прыватнасці, Ціхіня быў адным з нямногіх дэпутатаў, хто 14 снежня 1993 года падтрымаў «антыкарупцыйны даклад» будучага беларускага кіраўніка: «Материалы Лукашенко не оставляют равнодушными. В Беларуси появилась своя коза-ностра».

Старшыня Канстытуцыйнага Суда ў 1994–1996 гадах Валерый Ціхіня

23 сакавіка 1995 года Ціхіня па прапанове Лукашэнкі быў абраны старшынёй Канстытуцыйнага Суда. «За» прагаласавалі 220 народных дэпутатаў. У прывітальным выступе Ціхіня заявіў, што «никогда не поступится своей совестью».

Напачатку Ціхіня апраўдваў надзеі Лукашэнкі. Так, у красавіку 1995 года Канстытуцыйны Суд рашуча адмовіўся разглядаць заяву старшыні камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніла Гілевіча аб законнасці пытанняў, прапанаваных Лукашэнкам на агульнарэспубліканскі рэферэндум: наданне рускай мове статусу дзяржаўнай і замена дзяржаўнай сімволікі (на пасяджэнні камісіі 14 чэрвеня 1991 года дэпутат Лявон Баршчэўскі заявіў, што новая сімволіка прынятая з парушэннем закона, таму не трэба больш звяртацца ў Канстытуцыйны Суд).

Чытайце таксама:

Чорны чацвер дзевяноста пятага



Такая пазіцыя суда была абумоўленая асабістым поглядам Ціхіні, які ў Вярхоўным Савеце крытыкаваў БНФ.

Аднак неўзабаве Ціхіня пачаў разумець, што небяспечным з’яўляецца зусім не БНФ. Пасля правалу выбараў у Вярхоўны Савет 13-га склікання Лукашэнка фактычна пачаў уводзіць непасрэднае прэзідэнцкае кіраванне, прызначаць вышэйшых службовых асобаў без згоды Вярхоўнага Савета.

Канстытуцыйны Суд звярнуўся да такой стратэгіі, як праверка ўказаў кіраўніка дзяржавы на адпаведнасць Канстытуцыі. Толькі ў кастрычніку 1996 года Канстытуцыйны Суд распачаў справу па двух указах: стварэнне кадравага рэестру кіраўніка дзяржавы (лістапад 1995 года) і рэарганізацыя «Народнай газеты» (чэрвень 1996 года).

Чытайце таксама:

Аперацыя «233», ці Як дабівалі «Народную газету»



Канстытуцыйны Суд вельмі непакоіў указ кіраўніка дзяржавы №336 ад 21 жніўня 1995 года (адказ Лукашэнкі на страйк метрапалітэнаўцаў), паводле якога прыпынялася дзейнасць Свабоднага прафсаюза і першаснай прафсаюзнай арганізацыі Мінскага метрапалітэна, а дэпутаты Вярхоўнага Савета пазбаўляліся недатыкальнасці. 8 лістапада 1995 года на падставе спецыяльнага заключэння Канстытуцыйны Суд ануляваў прынцыповыя пункты ўказа.

Чытайце таксама:

«Пакаштаваць на зуб прэзідэнта», ці Гісторыя аднаго страйку



Своеасаблівым «рубіконам» ва ўзаемаадносінах Лукашэнкі і Канстытуцыйнага Суда стала праблема паўторных выбараў у Вярхоўны Савет 13-га склікання. 7 верасня 1995 года Вярхоўны Савет 12-га склікання па ініцыятыве Станіслава Шушкевіча і Дзмітрыя Булахава ўнёс змены ў выбарчае заканадаўства, паводле якіх зніжалася (з 50 да 25%) норма ўдзелу грамадзянаў у выбарах. 30 кастрычніка 1995 года спецыяльным заключэннем Канстытуцыйны Суд пацвердзіў гэтыя змены (11 кастрычніка 1995 года Канстытуцыйны Суд пацвердзіў паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 12-га склікання да пачатку першага пасяджэння сесіі Вярхоўнага Савета 13-га склікання).

У сваю чаргу, Лукашэнка распачаў атаку на Канстытуцыйны Суд і Вярхоўны Савет. Ён вінаваціў Ціхіню ў тым, што той нібыта «постоянно висит на страницах газет и не вылазит из студий». 20 кастрычніка 1995 года на сустрэчы з ветэранамі ў сталічным Доме афіцэраў Лукашэнка назваў Вярхоўны Савет «контрай», якая карыстаецца ўсімі льготамі.

Унутры самога Канстытуцыйнага Суда пачала фарміравацца своеасаблівая «пятая калона» ў асобе суддзі Рыгора Васілевіча, які публічна пачаў рабіць рэверансы ў бок Лукашэнкі. У прыватнасці, Васілевіч раскрытыкаваў рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 30 кастрычніка.

І, каб пазбегнуць магчымых палітычных спекуляцый, Канстытуцыйны Суд змяніў сваю пазіцыю. 22 лістапада 1995 года ён прыняў спецыяльнае заключэнне, паводле якога выбары ў Вярхоўны Савет 13-га склікання павінны былі адбыцца па 50-працэнтнай яўцы.

Калі правамоцны Вярхоўны Савет 13-га склікання ўсё ж быў абраны, Канстытуцыйны Суд паспяшаўся замацаваць перамогу. 22 лютага 1996 года Валерый Ціхіня зачытаў у Вярхоўным Савеце пасланне Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1995 годзе». З паслання вынікала, што галоўным парушальнікам заканадаўства выступіў кіраўнік дзяржавы: па словах Ціхіні, 11 з 14 прэзідэнцкіх указаў цалкам ці часткова не адпавядалі Канстытуцыі.

Выступленне Ціхіні мела пэўны рэзананс, прымусіла рабіць высновы нават тых дэпутатаў, якія былі лаяльныя да кіраўніка дзяржавы.

Віктар Ганчар у Вярхоўным Савеце 12-га склікання. 1991 год, фота Уладзімір Сапагоў (1952-2012)

Віктар Ганчар эмацыянальна заявіў, што ў Беларусі «сложилась могилёвско-шкловская клановая бригада», а сам «президент растоптал Конституцию, усвоил закон власти тьмы».


Канаплёў і кампанія

31 траўня 1996 года Лукашэнка здзейсніў першую спробу ліквідаваць фактар Канстытуцыйнага Суда. Гэтая аперацыя была даручаная сябру дзяцінства Лукашэнкі, дэпутату Вярхоўнага Савета 13-га склікання, кіраўніку прапрэзідэнцкай фракцыі «Згода» Уладзіміру Канаплёву. У гэты дзень Канаплёў заявіў, што Канстытуцыйны Суд з’яўляецца «однокрылой птицей», таму што яго фарміруе выключна Вярхоўны Савет. На абмеркаванне дэпутатаў Канаплёў вынес змяненні і дапаўненні ў закон аб Канстытуцыйным Судзе, паводле якіх гэты орган павінен быў фарміравацца на парытэтнай аснове: палову суддзяў прапановаў кіраўнік дзяржавы, палову — парламент. За прэзідэнтам захоўвалася права прапановы кандыдатуры на пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суда.

Уладзімір Канаплёў. Фота www.svaboda.org

Канаплёву ўдалося сабраць 40 подпісаў дэпутатаў, якія патрабавалі разгледзець пытанне аб Канстытуцыйным Судзе ў аператыўным парадку.

Дэпутацкая большасць адмовіла Канаплёву. Тады ён і яшчэ 25 яго калегаў у знак пратэсту пакінулі Авальную залу.

Суддзя Канстытуцыйнага Суда ў 1996 годзе Міхаіл Чудакоў.

Гэтым справа не скончылася. 31 траўня 1996 года на дзве вакантныя пасады суддзяў Канстытуцыйнага Суда былі абраныя Міхаіл Чудакоў і Аляксандр Вашкевіч (разам з імі беспаспяхова балатаваліся Дзмітрый Булахаў і дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Павел Знавец.

Суддзя Канстытуцыйнага Суда ў 1996 годзе Аляксандр Вашкевіч.

Канчатковае рашэнне

Кропку па пытанні Канстытуцыйнага Суда паставіў рэферэндум 24 лістапада 1996 года. Паводле новай рэдакцыі Асноўнага Закона, прапанаванага Лукашэнкам, Канстытуцыйны Суд не меў права па ўласнай ініцыятыве распачынаць вытворчасць па справе. З дванаццаці суддзяў шэсць прызначаў кіраўнік дзяржавы. Ён жа прапаноўваў кандыдатуру на пасаду старшыні. Залежнасць Канстытуцыйнага Суда ад прэзідэнцкай улады стала відавочнай.

Лукашэнка аддзячыў Васілевічу, прапанаваўшы яго на пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суда. Вось казаў Лукашэнка на першым пасяджэнні першай сесіі Савета Рэспублікі 13 студзеня 1997 года: «Что я хочу сказать о Василевиче. Это единственный человек в Конституционном Суде, который никогда, несмотря на свою молодость, не втянулся в склоки, не втянулся в драки, всегда был на стороне государственности, всегда предостерегал людей, которые работали в Конституционном Суде (постарше его), что нам надо видеть державу».

Час Суда скончыўся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!