Чорны чацвер дзевяноста пятага

На фоне ўсплёску дыскусій наконт чарговага канстытуцыйнага плебісцыту варта нагадаць пра адзін з самых сумных дней у гісторыі незалежнай Беларусі — 13 красавіка 1995 года. У гэты дзень Вярхоўны Савет 12 склікання зацвердзіў пастанову № 3728-XII «Аб правядзеннi рэспублiканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, i захадах па яго забеспячэнні».

 Ілюстрацыя з газеты "Рэспубліка", красавік 1995 года

 Ілюстрацыя з газеты "Рэспубліка", красавік 1995 года


Паводле пастановы, рэферэндум павінен быў адбыцца 14 мая 1995 года. На ўсенароднае галасаванне былі вынесеныя чатыры пытанні:

1) Цi згодныя Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?;
2) Цi падтрымлiваеце Вы прапанову аб устанаўленнi новых Дзяржаўнага сцяга i Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь?;
3) Цi падтрымлiваеце Вы дзеяннi прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, накiраваныя на эканамiчную iнтэграцыю з Расiйскай Федэрацыяй?;
4) Цi згодныя Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь, якiя прадугледжваюць магчымасць датэрмiновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь у выпадках сiстэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?

У пастанове рабілася агаворка, што першыя тры пытанні з’яўляюцца абавязковымі, а чацвёртае носіць рэкамендацыйны характар.

Як аднаму чалавеку, хай і на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, удалося перамагчы парламент амаль з двухсот дэпутатаў?

Супрацьстаянне

У сваім супрацьстаянні з Вярхоўным Саветам 12 склікання, рэй у якім вяла парламенцкая апазіцыя БНФ, Лукашэнка ліхаманкава шукаў эфектыўныя сродкі для нейтралізацыі небяспечнага праціўніка і адначасова — для падвышэння свайго рэйтынгу. З моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады паміж ім і дэпутацкім корпусам здарыліся некалькі прынцыповых сутычак, з якіх кіраўнік дзяржавы выходзіў нязменным пераможцам.

Сапраўдную паразу ад Лукашэнкі Вярхоўны Савет атрымаў 17 сакавіка 1995 года, калі кіраўнік краіны ўказам «Аб асобных парушэннях заканадаўства ў дзейнасцi сродкаў масавай iнфармацыi» вызваліў з пасады галоўнага рэдактара парламенцкай «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча. 10 сакавіка 1995 года выданне апублікавала ліст да Лукашэнкі выкладчыцы Школы алімпійскага резерва Рэгіны Зімніцкай пад псеўданімам Здзіслаў Вальняровіч, накіраваны супраць агучанай яшчэ ў пачатку лютага 1995 года ініцыятывы правесці рэферэндум «о государственном флаге, гербе, языках и приватизации».

Улада ўгледзела ў тэксце Зімніцкай заклікі да гвалту і грамадскага супрацьстання, таму і прыняла, на яе думку, адпаведныя рашэнні. 21 сакавіка 1995 года пры абмеркаванні пытання аб вызваленні Сярэдзіча Вярхоўны Савет не здолеў абараніць свайго рэдактара. Праекты пастаноў аб незаконным звальненні Сярэдзіча і аб незаконнасці ўказа ад 17 сакавіка 1995 года не набралі патрэбнай колькасці галасоў. Безвыніковым апынуўся і зварот групы дэпутатаў ў Канстытуцыйны Суд 3 мая 1995 года. Апошні 14 чэрвеня прыпыніў разгляд справы, а пазней і ўвогуле не даў ніякага заключэння.

Нягледзячы на відавочныя перамогі, Лукашэнку непакоіў важны юрыдычны нюанс. Паводле Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года кіраўнік краіны мог быць датэрмінова адпраўлены ў адстаўку, у тым ліку па прычыне парушэння ім Асноўнага закона. У той жа час прэзідэнт не меў права распускаць Вярхоўны Савет.

Таму Лукашэнка і вылучыў ідэю рэферэндуму, тым больш, што меўся адпаведны прыклад Расіі: 25 красавіка 1993 года большасць выбаршчыкаў падтрымала сацыяльна-эканамічную палітыку Ельцына і выказалася супраць датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў.

Перад тым, як афіцыйна ініцыяваць рэферэндум, Лукашэнка правёў своеасаблівую папярэднюю апрацоўку грамадскай думкі. 18 сакавіка 1995 года «Звязда» апублікавала зварот 74 дэпутатаў Вярхоўнага Савета да Лукашэнкі з патрабаваннем правесці рэферэндум па замене дзяржаўнай сімволікі і наданні рускай мове статусу дзяржаўнай (зварот складаўся з дзвюх калонак, кожная з якіх была на імя Лукашэнкі).

Цікава, што сярод падпісантаў фігураваў Яўген Бачароў, рускі па нацыянальнасці і былы начальнік Галоўнага ўпраўлення памежных войскаў пры Савеце Міністраў. Бачароў зарэкамендаваў сябе як востры крытык кіраўніка дзяржавы. 20 снежня 1994 года Бачароў заявіў, што ў перадвыбарчай праграме Лукашэнкі, «ничего не было, за исключением популизма». Менавіта тады Бачароў, звяртаючыся да Лукашэнкі, літаральна прадрок трагічны лёс Ганчара, Захаранкі, Красоўскага і Завадскага: «Я не могу Вам обещать, что успокоюсь. Для того, чтобы я замолчал, нужно будет не только прослушивать мои телефоны, но подготовить и грамотно провести солидное спецмероприятие».

Зварот падпісалі і іншыя больш-менш вядомыя дэпутаты. Гэта старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1990-1991 гадах Мікалай Дземянцей, былы сакратар ЦК КПБ Аляксей Камай, кіраўнік дэпутацкай групы камуністаў Міхаіл Качан і іншыя.

21 сакавіка 1995 года, выступаючы перад дэпутатамі, Лукашэнка афіцыйна ўнёс прапанову аб рэферэндуме. Аднак уключэнне гэтага пытання ў парадак дня прайшло з пэўнымі цяжкасцямі. Калі пытанне было пастаўлена на галасаванне, яно набрала 147 галасоў пры кворуме ў 152 дэпутаты.

Узніклі вострыя дыскусіі. Прапрэзідэнцкія дэпутаты настойвалі на паўторным (пайменным) галасаванні, а апазіцыйныя — не. Адзін з апошніх — Віктар Какоўка — заявіў, што группа парламентарыяў прапануе наступныя дадатковыя пытанні:

1) Ці згодны Вы з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая выкладзена ў наступнай рэдакцыі: «Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін»?;
2) Ці згодны Вы з дзеючай сімволікай Рэспублікі Беларусь (бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»)?;
3) Ці задавальняе Вас выкананне прэзідэнтам Беларусі А.Р. Лукашэнкам ягонай перадвыбарчай праграмы ў галіне эканомікі, сацыяльнай абароны грамадзян і барацьбе з карупцыяй?

Ініцыятарам трох новых пытанняў, канешне, нерэальна было сабраць больш 450 тысяч подпісаў (рэферэндум мог быць прызначаны і пэўнай колькасцю грамадзян). Аднак у тагачаснай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі прысутнічала норма, згодна якой пытанне аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму магло быць разгледжана парламентам па ініцыятыве не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Але і гэта не ўдалося: збор подпісаў за новыя пытанні быў заблакаваны паплечнікамі Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце.

Праект пастановы з прэзідэнцкімі пытаннямі аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, аб замене дзяржаўнай сімволікі, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і аб праве кіраўніка дзяржавы распускаць парламент быў зацверджаны Вярхоўным Саветам 22 сакавіка 1995 года ў якасці асновы. Праўда, адбылося гэта з мінімальным перавесам. «За» прагаласавалі 159 дэпутатаў пры кворуме ў 152.


10 красавіка

Пасля двухтыднёвага перапынку Вярхоўны Савет аднавіў працу 10 красавіка 1995 года. Народны паэт Ніл Гілевіч, выступаючы раніцай ў «Розным» зачытаў заяву 527 жыхароў Валожынскага раёна, якія выступілі супраць надання рускай мове статусу дзяржаўнай і супраць замены дзяржаўнай сімволікі. Прапрэзідэнцкія дэпутаты заявілі Гілевічу, што ліст жыхароў узнік пад ціскам.

Юрыдычную неправамернасць некаторых пытанняў, прапанаваных Лукашэнкам, даказваў старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрый Булахаў. Калі Лукашэнка, казаў Булахаў, выйграе рэферэндум, дык па пытаннях статусу моў і права кіраўніка дзяржавы распускаць парламент трэба ўносіць змены ў Канстытуцыю, аднак рабіць гэта было нельга ў апошнія шэсць месяцаў працы Вярхоўнага Савета. Таму, лічыў Булахаў, гэтыя патанні трэба дэлегаваць Вярхоўнаму Савету новага, 13 склікання.

Што да першага і трэцяга пытанняў, то яны (на гэтым асабліва настойвала парламенцкая апазіцыя БНФ) уваходзілі ў супярэчнасць з законам аб рэферэндуме ад 13 мая 1991 года. У прыватнасці, артыкул 3 закона забараняў выносціь на рэферэндум пытанні, якія парушалі неад’емныя правы народа Беларусі на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Таксама гэты артыкул забараняў выносіць на рэферэндум пытанні, датычныя выканання ўмоваў міжнародных дагавароў.

Справядлівым заўвагам Лукашэнка супрацьстаўляў артыкул 3 Канстытуцыі, дзе народ абвяшчаўся адзінай крыніцай улады. Няма таго пытання, быў упэўнены Лукашэнка, які б, згодна артыкулу 3, не падлягаў бы юрысдыкцыі народа.

Дарэчы, у першапачатковым выглядзе пытанні кіраўніка дзяржавы выглядалі нелагічна. Напрыклад, першае пытанне гучала так: «Ці падтрымліваеце Вы дзяржаўны статус рускай і беларускай моваў?». У такой сітуацыі, казаў каардынатар парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык, калі чалавек не жадае дзяржаўнага статусу рускай мовы, ён вымушаны адмовіцца і ад статусу мовы беларускай. Такую фармулёўку Сяргей Навумчык назваў «бытавым абсурдам».

У гэты ж дзень улада з мэтай запалохвання дэпутатаў вырашыла паказальна расправіцца з іх калегам — галоўным рэдактарам апазіцыйнай «Свабоды» Ігарам Гермянчуком. Яшчэ 27 снежня 1994 года газета надрукавала сатырычную паэму «Лука Мудзішчаў — прэзідэнт», у якой аўтар пад імем Ведзьмака Лысагорскага назваў Лукашэнку галоўным русіфікатарам і антыбеларусам. Па асабістым патрабаванні Лукашэнкі Генеральны пракурор Васіль Шаладонаў распачаў адносна Гермянчука крымінільную справу за абразу. Аднак Гермянчук быў дэпутатам, і Вярхоўны Савет стаў на абарону Гермянчука.

Галоўныя дыскусіі разгарэліся на вячэрнім паседжанні, калі выступаў кіраўнік дзяржавы. У характэрнай для яго дэмагагічнай манеры Лукашэнка абвінаваціў дэпутацкі корпус у тым, што ён наўмысна зацягвае пытанне з рэферэндумам. Кіраўнік краіны заявіў, што гэта робіцца спецыяльна ў мэтах перадвыбарчай барацьбы і патрабаваў ад дэпутатаў «решить вопрос уже сегодня».

Дэпутаты («за» 157 пры кворуме ў 152) зацвердзілі пункт першы праекта пастановы, якая была прынята за аснову 22 сакавіка. Згодна першаму пункту рэферэндум быў павінен адбыцца 14 мая 1995 года (у гэты дзень павінны былі прайсці выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі 13 склікання).

11 красавіка

 Так пачыналася знакамітая галадоўка. Злева направа: Сяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі і Валянцін Голубеў. Крыніца: "Советская Белорусссия", красавік 1995.

 Так пачыналася знакамітая галадоўка. Злева направа: Сяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі і Валянцін Голубеў. Крыніца: "Советская Белорусссия", красавік 1995.

Дзень пачаўся з таго, што дэпутат і паэт Анатоль Вярцінскі зачытаў зварот Саюза пісьменнікаў, накіраваны супраць рэферэндуму: можна, маўляў толькі пашкадаваць, што Лукашэнка, палітык новай генерацыі, харызматычны лідар, пайшоў на нагоды экстрэмісцкіх сілаў.

Зянон Пазьняк ад імя парламенцкай апазіцыі БНФ, назваўшы рэферэндум грамадзянскім расколам, абвясціў галадоўку. Паступова каля трыбуны размясціліся 17 прадстаўнікоў парламенцкай апазіцыі БНФ і БСДГ. Неўзабаве да іх далучыліся Алег Трусаў і Сяргей Антончык. Калі першы матыяваў свой учынак незаконным вызваленнем з пасады Сярэдзіча, то другі — наяўнасцю карпупцыі ў краіне на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Леанідам Сініцыным і кіраўніком Упраўлення справамі прэзідэнта Іванам Ціцянковым.

Галадоўка дэпутатаў мела моцны псіхалагічны эфект. Калі пачалося галасаванне, то толькі адно пытанне — эканамічная інтэграцыя з Расіяй — было паспяхова зацверджана: «за» прагаласавалі 180 дэпутатаў пры кворуме ў 152. Праўда, дэпутат Генадзь Карпенка лічыў, што гэтае пытанне не варта выносіць на ўсенароднае галасаванне, бо, на яго думку, альтэрнатывы эканамічнаму супрацоўніцтву з Расіяй не існуе. У адказ раз’юшаны Лукашэнка заклікаў Карпенку вярнуцца ў Горад Сонца (Маладзечна) і «достроить там свой Бродвей с банками».

Астатнія пытанні не набралі дастатковай колькасці галасоў. Калі за першае пытанне прагаласавалі 124 дэпутаты, то за другое — 150, а за чацвёртае — 86.

Склалася патавая сітуацыя: дэпутаты зацвердзілі дату рэферэндуму, але не зацвердзілі пытанні. Гэта вывела Лукашэнку з раўнавагі. Пакідаючы парламент, Лукашэнка прыгразіў, што калі пытанне з рэферэндумам не будзе вырашана станоўча, ён спецыяльным указам прыпыніць дзейнасць Вярхоўнага Савета. У адказ яму было прапанавана, каб яго прадстаўнікі сустрэліся з членамі пастаянных камісій парламента па заканадаўстве і па дзяржаўным будаўніцтве (старшыня — Уладзімір Леўчык) і выпрацавалі агульныя падыходы.

Аднак Лукашэнка супрацьпаставіў кансэнсусу сілу. У ноч з 11 на 12 красавіка дэпутаты-галадоўнікі былі гвалтоўна «эвакуяваныя» з будынку парламента і пры гэтым моцна збітыя. Канва падзеяў у тую страшэнную ноч агульнавядомая.

12 красавіка

Міністр абароны Антоль Кастэнка, аблакаціўшыся на дэпутацкае месца, імкнуўся зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Справа налева: Сяргей Навумчык і Уладзімір Заблоцкі. Крыніца: "Советская Белорусссия", красавік 1995.

Міністр абароны Антоль Кастэнка, аблакаціўшыся на дэпутацкае месца, імкнуўся зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Справа налева: Сяргей Навумчык і Уладзімір Заблоцкі. Крыніца: "Советская Белорусссия", красавік 1995.

Улічваючы вялікі грамадскі рэзанас, Лукашэнка разумеў, што мусіць выступіць у Вярхоўным Савеце. Аднак спачатку ён вырашыў выставіць «хлапчукоў для біцця»: міністра абароны Анатоля Кастэнку і начальніка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай аховы МУС (і адначасова дэпутата) Міхаіла Цесаўца. Яны даказвалі, што дэпутаты пагражалі кровапраліццём. Удзельнікі галадоўкі, наадварот, свярджалі, што супрацьпраўных дзеянняў не чынілі. Як сведчыў Ігар Гермянчук, дэпутаты былі атакаваны ажно трыма шэрагамі: людзьмі ў масках, спецназам, а затым — аўтаматчыкамі. Сяргей Навумчык быў упэўнены, што Лукашэнка асабіста каардынаваў аперацыю па гвалтоўнай «зачыстцы» дэпутатаў.

Палкоўнік Цесавец (злева); дэпутаты апазіцыі БНФ Сяргей Навумчык і Уладзімір Заблоцкі спрачаюцца з міністрам абароны Анатолем Кастэнкам.

Прыбыўшы на вячэрняе паседжанне, Лукашэнка заявіў, што кожныя трыццаць хвілін ведаў пра ўсё, што адбываеца ў Авальнай залі. Абвінаваціўшы ва ўсім удзельнікаў галадоўкі, Лукашэнка патрабаваў ад Генеральнага пракурора ўзбуджэння крымінальнай справы.

Галадоўнікі ў сваю чаргу патрабавалі прадэманстраваць відэазапіс з камеры назірання падзей у ноч з 11 на 12 красавіка. Нягледзячы на абяцанні ўладаў і асабістыя абяцанні Лукашэнкі, гэта не зроблена дасюль. Следства істотных вынікаў не дала.

13 красавіка

Пасля збіцця дэпутатаў парламент быў цалкам дэмаралізаваны. Абстрагаваўся ад сітуацыі і старшыня Вярхоўнага Савета Грыб. Праз шмат гадоў у сваіх мемуарах ён сцвярджаў, што вымушаны быў праводзіць лінію парламенцкай большасці.

А Лукашэнка вырашыў не цырымоніцца з дэпутатамі, а дасягнуць мэты аднім махам. Перад народнымі абраннікамі выступіў Уладзімір Леўчык і заявіў, што пытанні (тры першыя — абавязковыя, чацвёртае — кансультатыўнае) не супярэчаць заканадаўству і могуць быць вынесеныя на ўсенароднае галасаванне. Больш за тое, казаў Леўчык, лепш галасавасць за праект пастановы цалкам, а не па пытаннях.

Каб зрабіць дэпутатаў больш лагоднымі (парламенцкая апазіцыя пасля збіцця прынцыпова адсутнічала на сесіі), Лукашэнка пайшоў на тонкі псіхалагічны крок: у апошні дзень сесіі для дэпутатаў быў арганізаваны шыкоўны банкет. На заклік Шушкевіча, што трэба думаць пра Радзіму, а не пра банкет, Лукашэнка запрасіў дэпутатаў «выпить по сто грамм и по двести».

Знакамітае фота на памяць у апошні дзень сесіі 13 красавіка 1995 года. Разам з Лукашэнкам сфатаграфаваліся былы старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей (злева ад прэзідэнта) і тагачасны кіраўнік парламента Мечыслаў Грыб. Былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслав Шушкевіч адмовіўся ад сумеснага з Лукашэнкам фота. Цікавы факт: у чэрвені 1990 года дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Лукашэнка пры абмеркаванні кандыдатуры Грыба на пасаду старшыні пастаяннай камісіі парламента па заканадаўстве казаў, што «преклоняется перед этим человеком». Аднак ў кастрычніку 1995 г. прэзідэнт Лукашэнка заявіў, што «Грыб развіваецца па спіралі і прасунуўся ад камуніста да нацыянал-радыкала».

Знакамітае фота на памяць у апошні дзень сесіі 13 красавіка 1995 года. Разам з Лукашэнкам сфатаграфаваліся былы старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей (злева ад прэзідэнта) і тагачасны кіраўнік парламента Мечыслаў Грыб. Былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслав Шушкевіч адмовіўся ад сумеснага з Лукашэнкам фота. Цікавы факт: у чэрвені 1990 года дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Лукашэнка пры абмеркаванні кандыдатуры Грыба на пасаду старшыні пастаяннай камісіі парламента па заканадаўстве казаў, што «преклоняется перед этим человеком». Аднак ў кастрычніку 1995 г. прэзідэнт Лукашэнка заявіў, што «Грыб развіваецца па спіралі і прасунуўся ад камуніста да нацыянал-радыкала».

Адначасова ён удала гуляў і на жыццёвых чаканнях дэпутатаў. Вярхоўны Савет 12 склікання заканчваў працу, многім парламентарам трэба было вызначацца з месцам далейшай працы. Прапанова кіраўінка дзяржавы гучала прывабна: «Вы здоровые мужики, каждый специальность имеет, приходите и скажите, где вы хотите работать. Давайте договоримся раз и навсегда, чтобы не трепали друг другу нервы».

13 красавіка 1995 года дэпутаты зацвердзілі так чаканую Лукашэнкам пастанову пра правядзенне рэферэндуму. Яго падтрымалі 177 дэпутатаў са 185, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Адважны Гілевіч

Прынцыповую пазіцыю супраць рэферэндуму заняў старшыня камісіі Вярхоўнага Савета 12 склікання па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч. У красавіку 1995 года камісія народнага паэта двойчы звярталася ў Канстытуцыйны Суд: з патрабаваннем разглядзець пытанне аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, а затым — пастанову Вярхоўнага Савета ад 13 красавіка аб правядзенні рэферэндуму.

Адпаведныя рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 12 красавіка і 3 мая 1995 года былі несуцяшальнымі. Суд увогуле адмовіўся нешта разглядаць, бо гэта нібыта не ўваходзіла ў ягоную кампетэнцыю. Пэўную ролю адыграў тут Валерый Ціхіня. Ён быў прызначаны старшынёй Канстытуцыйнага Суда Вярхоўным Саветам з падачы Лукашэнкі 23 сакавіка 1995 года, а таму псаваць адносіны з апошнім, зразумела, не жадаў.

Такім чынам, перамога Лукашэнкі была абумоўлена цэлай сукупнасцю фактараў: яго гатоўнасцю ісці да канца, ажно да ўжывання сілы ў адносінах да апанентаў, аморфнасцю дэпутацкай большасці Вярхоўнага Савета, дамінантай асабістых інтарэсаў парламентароў над грамадзянскім абавязкам... Усё гэта прывяло да таго, што ў красавіку 1995 года — пад клацанне аўтаматаў і пад звон келіхаў — быў нанесены моцны ўдар па прававой дзяржаве і дэмакратыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-04-13 10:29:37
"Як аднаму чалавеку, хай і на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, удалося перамагчы парламент амаль з двухсот дэпутатаў?"

Моўчку. Вярхоўны Савет складаўся з абсалютнай большасці дэпутатаў камуністаў. Яны для ўлады былі свае людзі. А што рабілі 5 гадоў ~1/10 ВС фракцыя БНФ? Шоў-менілі ля мікрафону. Бо іх адраджэнскіх зорак 5 гадоў транслявала БТ і амаль 450тыс (у 1992-м) паплечнікаў БНФ у час трансляцыі па TV шоў з ВС ляжалі на канапе дома з бутэлячкай піўка. Адраджаліся такім чынам і чакалі з мора пагоды, як тыя расейскія дзекабрысты 1825 года. Дачакаліся ў 1995-м маскі-шоў. Атрымалі падставу для палітычнага прытулку і двое шоў-менаў паехалі адраджацца ў замежжа. З тых часоў крыюць адтуль існую ўладу.

З.Пазьняк: "Як гэта не падасца камусьці дзіўным, але БНФ нідзе наўпрост не фармуляваў пра дасягненьне ўлады як задачы. Тое як бы само сабой разумелася і было за кадрам. Задачы, сфармуляваныя Фронтам, мусілі рэалізоўвацца ў працэсе змаганьня, яшчэ ня маючы ўлады." (СВАБОДА ад 19.10.2013)
  • Anatol Starkou
  • 2018-04-19 18:24:16
Видите как работает б-ч-б пропаганда? Да. Сейчас напомню, что А.Кур’яновіч ваш ровесник.

В декабре 1991 не стало СССР. РБ стала независимой. В начале 1992 БНФ инициирует референдум о переизбрании ВС, который на ~90% коммунистический, т.е. состоит из тогдашней элиты власти - парт-гос-хоз номенклатуры. Напомню, что КПБ была у власти БССР почти 73 года с 1.01.1919г.
И так 1992г. БНФ-ом собрано более чем достаточно 450тыс подписей ЗА проведение референдума фактически о смене власти КПБ на двухпартийную систему КПБ и БНФ. Однако... референдума не было. Прошу обратить внимание на следующее: такого "войска" в 450тыс НЕ БЫЛО НИ У КОГО в РБ в то время - ни у Армии, ни у КГБ, ни у МВД + ВРЕМЯ БЫЛО ДРУГОЕ, чем сейчас. И этим "войском" КАК СЛЕДУЕТ не распорядились змагары с фракцыі БНФ. Хоць бы пагаладалі тады ў 1992 пяць хвілін ля трыбуны ВС для понту. Мо й "войска" падыйшло б... Не. Отложилили голодовку на май 1995, когда уже фсё профукали и войска не стало. Но остались б-ч-б пропагандисты.