«Далоў самадзяржаўе!»: як у Беларусі за дэмакратыю змагаліся

У кастрычніку 1905 года, 115 гадоў таму, рускі цар Мікалай II пад націскам рэвалюцыі вымушаны быў абвясціць «Маніфест» аб грамадзянскіх свабодах і выбарах у Дзяржаўную думу.

Карыкатура 1905 года. Фота img01litfund.ru

Карыкатура 1905 года. Фота img01litfund.ru

Лета 1905 года выдалася гарачым. Перш за ўсё ў палітычным сэнсе. Не паспелі сціхнуць рэвалюцыйныя хвалі, выкліканыя чэрвеньскім паўстаннем на браняносцы «Князь Пацёмкін-Таўрычны», як успыхнуў страйк у Лодзі. Неўзабаве ён перарос ва ўзброенае паўстанне і барыкадныя баі рабочых з паліцыяй. Неспакойна было і ў Беларусі, якую царскія ўлады грэбліва называлі «Паўночна-Заходнім краем».

Мітынг у Лодзі, 1905 год

Ужо ў канцы траўня 1905 года ў Гомелі прайшла аднадзённая забастоўка супраць пагрому ў Жытоміры. У Гомелі казакі пры разгоне людзей на «працоўнай біржы» на вуліцы Кавальскай (цяпер — Інтэрнацыянальная), расстралялі 17-гадовага рабочага. У той жа дзень невядомыя стралялі ў Гомельскага паліцмайстара, але няўдала. Раненні атрымаў прыстаў Дашкевіч. 20 чэрвеня таксама адбылася шматлюдная дэманстрацыя, салдаты і афіцэры 160-га пяхотнага абхазскага палка выказвалі салідарнасць з маніфестантамі. Шматлікія дэманстрацыі ішлі адна за адной. Напрыклад, 12 ліпеня 4 тысячы рабочых пратэставалі супраць цялесных пакаранняў сялян вёскі Дзятлавічы.

У адказ улады ўвялі ў Гомель казакоў і «дзікія» падраздзяленні чаркесаў. Пачаліся масавыя аблавы, арышты і збіццё людзей, у тым ліку — і выпадковых мінакоў. Гумовых дубінак тады яшчэ не ведалі — з пратэстоўцамі распраўляліся з дапамогай бізуноў-нагаек, шашак, прыкладаў і проста кулакоў і ботаў. Некалькі чалавек атрымалі раненні з агнястрэльнай зброі.

Чаркесы разганяюць дэманстрацыю ў Кракаве 

Масавыя выступленні і аграрныя хваляванні ахапілі тады ўсю Беларусь. Забастоўкі, дэманстрацыі і розныя акцыі праходзілі ў Мінску, Гродне, Магілёве, Брэсце, Віцебску, Мазыры, Бабруйску і ў многіх іншых гарадах і мястэчках. У чэрвені 1905 года ў Беластоку Гродзенскай губерні пачаўся ўсеагульны страйк. Яго арганізатарам выступіла мясцовая група анархістаў-камуністаў. Але 29 чэрвеня адбылася трагедыя. Паводле адной інфармацыі — правакатар страляў у патруль. Паводле іншай — анархіст Арон Елін (Гелінкер) кінуў бомбу ў памочніка паліцмайстара Глобскага і групу паліцэйскіх. Як бы там ні было, але ў адказ паліцыя і войскі пачалі крывавую зачыстку ў цэнтры Беластока, затрымліваючы і неміласэрна збіваючы ўсіх выпадковых мінакоў. Усяго было забіта 13 гараджан, прычым толькі гарадавы Павел застрэліў шэсць чалавек.

Акрамя агульнарасійскіх сацыялістычных партый, габрэйскіх і польскіх сацыялістаў, у Беларусі разгортвала сваю дзейнасць і Беларуская сацыялістычная грамада. БСГ выступала як за сацыяльнае, так і нацыянальнае вызваленне беларускіх працоўных. Шмат у чым арыентаваная на рэвалюцыйнае народніцтва, БСГ стварыла Беларускі сялянскі саюз. Пры ім фарміраваліся дружыны сялянскай самаабароны. Летам 1905 года Беларуская сацыялістычная грамада рыхтавала ўсеагульны сялянскі страйк, улётка «Да ўсіх работнікаў і работніц дваровых была надрукаваная ў 10 тысяч асобнікаў...». Парабкаў, якія працавалі шмат у чым за харчы ад гаспадароў, заклікалі вылучаць такія патрабаванні — мяса 2–3 разы на тыдзень, малако — кожны вечар. Такія былі рэаліі жыцця простага народа ў Расійскай імперыі, «якую мы страцілі».

 

Цэнзура праз нерухомасць

Уздымны вал рэвалюцыі прымусіў нават замшэлае самадзяржаўе пайсці на саступкі грамадству. 19 жніўня 1905 года было заяўлена пра скліканне «законосовещательной» Дзяржаўнай думы. Па імені міністра ўнутраных спраў Аляксандра Булыгіна, які падрыхтаваў гэты праект, яна атрымала найменне «Булыгінская». На той момант цэнтральныя органы прадстаўнічай улады ў Расійскай імперыі наогул адсутнічалі: манархічнае праўленне абапіралася выключна на жорсткую «вертыкаль» выканаўчай улады.

А. Булыгін 


Цар Мікалай II валодаў каласальнымі ўладнымі паўнамоцтвамі. Ён аднаасобна прызначаў урад і губернатараў, толькі перад ім давалі справаздачу ўсе вышэйшыя чыноўнікі. Найважнейшым з міністэрстваў было МУС, у падпарадкаванні якога знаходзілася не толькі агульная і палітычная паліцыя і жандармерыя, але і органы дзяржаўнага кіравання на месцах. Сімвалічную прадстаўнічую ролю быў закліканы адыгрываць Дзяржаўны савет. Аднак яго чальцы нікім не абіраліся, а прызначаліся асабіста царом — як правіла, пажыццёва, з ліку зямельнай арыстакратыі і іншых «вышэйшых чыноў». Пры гэтым паўнамоцтвы Дзяржсавета абмяжоўваўся толькі дарадчымі функцыямі пры асобе «гасудара імператара».

Вядома, у рэальнасці Мікалай Раманаў правіў не аднаасобна. Слабавольны і недалёкі цар большую частку абавязкаў па кіраванні краінай перакладаў на сваіх падначаленых, а яго ўласныя рашэнні моцна залежалі ад меркавання царыцы і бліжэйшага акружэння. Але тым больш, пры фармальна неабмежаваным самадзяржаўі, уся краіна станавілася цацкай у руках саноўнікаў і проста авантурыстаў, якія здолелі прабіцца да трона. Найбольш абуральным прыкладам фаварытызму і афёраў стала пасля незабыўная «распуціншчына».

Цар Мікалай ІІ


Выбарнымі ў Расійскай імперыі з’яўляліся толькі гарадскія думы і земскія сходы. Але нават выбары мясцовага самакіравання не былі ні дэмакратычнымі, ні свабоднымі. Абранне жорстка абмяжоўвалася маёмасна-саслоўным цэнзам. Дэпутаты выбіраліся па «курыях» — ад буйных землеўладальнікаў, ад сельскіх таварыстваў і іншае, неабходнай умовай абрання была наяўнасць пэўнай нерухомай маёмасці. Пры гэтым правы абраных былі выключна намінальнымі. У гарадскіх думах «нехрысціяне» не маглі складаць больш за пятую частку дэпутатаў, у той час як яўрэі налічвалі больш за палову насельніцтва гарадоў і мястэчак. У беларускіх губернях, якія знаходзіліся пад падазрэннем пасля паўстання 1863 года, на ўстанову земстваў цар да часу, які мы апісваем, так і не рызыкнуў пайсці.

Не менш абмежавальная сістэма была закладзеная і ў праекце «Булыгінскай думы». Рабочыя і сяляне, якія не мелі дастатковага маёмаснага цэнзу, цалкам адхіляліся ад выбараў. Права голасу былі пазбаўленыя таксама студэнты і салдаты. Па-ранейшаму не дапускаліся да выбараў жанчыны. Са 143 мільёнаў жыхароў Расійскай імперыі выбарчыя правы атрымлівалі толькі 4 мільёны найбольш заможных пададзеных. Тыя ж сяляне, хто праходзіў маёмасны парог, павінны былі прасеяць сваіх дэпутатаў праз 4-ступенную сістэму выбараў! Нават дваране і буржуа былі пазбаўленыя прамых выбараў — для іх прадугледжвалася 2-ступенная сістэма. І ў канчатковым выніку гэтай піраміды атрымліваўся зноў не паўнавартасны парламент, а ўсяго толькі «законадарадчы» орган. Адзіны плюс, што ў законе ўпершыню гаварылася пра «таемнае галасаванне». Але, па-сутнасці, «Булыгінская дума» ні ў чым не абмяжоўвала ўладу цара і бюракратыі, якая стаяла за яго тронам.

Але планы палавіністай «канстытуцыйнай рэформы» царызму скарэктаваў вызваленчы рух, які працягваў разгортвацца.

 

«За нашу і вашу свабоду!»

У грамадстве праект Булыгіна практычна нікога не задаволіў, і неўзабаве паднялася новая рэвалюцыйная хваля. Самы моцны ўдар па самадзяржаўі нанеслі рабочыя, якія арганізавалі ўсеагульны страйк. Беларускія работнікі ішлі ў першых шэрагах гэтай барацьбы.

25 верасня забаставалі 1200 рабочых брэсцкіх майстэрняў у Маскве. 7 кастрычніка Усерасійскі саюз чыгуначнікаў (ВСЖ), які знаходзіўся пад уплывам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, заклікаў да ўсерасійскага страйку. Па тэлеграфных правадах і сталёвых магістралях пратэстны імпульс хутка перадаўся ў розныя канцы Расійскай імперыі. 11 кастрычніка ў Гомелі адбыўся мітынг чыгуначнікаў, у якім прынялі ўдзел 10 тысяч чалавек. 12 кастрычніка спыніўся рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыгунках. 13 кастрычніка кааліцыйны камітэт у Гомелі заклікаў да ўсеагульнага страйку. Электрастанцыя перастала працаваць, вакзал пагрузіўся ў цемру. Лібаўскі цягнік выйшаў у гэты дзень пад канвоем войскаў.

Кастрычніцкі страйк. Малюнак pbs.twimg.com

Да сярэдзіны кастрычніка страйкавалі чыгуначнікі Мінска, Гомеля, Брэста і іншых беларускіх станцый. Да забастоўкі далучыліся прафсаюзы медыкаў, канторскіх служачых і іншых прафесій. А 14 кастрычніка пра падтрымку ўсеагульнага страйку заявіў «Саюз саюзаў» — аб’яднанне шэрагу прафсаюзаў краіны, якія існавалі, як правіла, нелегальна або паўлегальна. Права на свабоднае аб’яднанне ў свае саюзы, у тым ліку прафесійныя, жыхары Расійскай імперыі не мелі.

Улады адчайна спрабавалі падавіць народны рух з дапамогай рэпрэсій. 6 кастрычніка ў Мінску пасля мітынгу ў сінагозе паліцыя наладзіла масавае збіццё. Больш за 100 чалавек былі параненыя, 8 з іх — цяжка. 6 кастрычніка невядомыя зрабілі некалькі тэрарыстычных актаў супраць чыноў паліцыі.

Але Усерасійская палітычная стачка набыла велізарную папулярнасць дзякуючы таму, што спалучала эканамічныя і палітычныя патрабаванні. Свядомыя рабочыя, што падняліся на барацьбу, патрабавалі склікання Устаноўчага сходу на аснове ўсеагульнага, роўнага, таемнага і вольнага галасавання. Разам з гэтым страйкамы патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага працоўнага дня, прызнання адміністрацыяй рабочых дэпутатаў, без згоды якіх нельга было звальняць людзей, павышэння зарплаты, выплаты дапамогі падчас хваробы, адмены штрафаў, забарону жанчынам выконваць мужчынскую працу, вызваленне цяжарных жанчын ад працы на 4 тыдні да родаў і 6 тыдняў пасля родаў з выплатай зарплаты, заснаванне ясляў, аплатных адпачынкаў і бібліятэк пры прадпрыемствах. Таксама страйкоўцы вылучалі патрабаванне перадачы ўсёй зямлі народу ў грамадскае ўраўняльнае карыстанне.

 

Анархія супраць дэмакратыі

Усеагульны страйк у Беларусі падтрымалі як сацыялістычныя партыі — сацыял-дэмакраты, сацыялісты-рэвалюцыянеры, Беларуская сацыялістычная грамада, Бунд, «Паалей-Цыён», Польская партыя сацыялістычная (ППС) і іншыя, так і лібералы — канстытуцыйныя дэмакраты з «Партыі народнай свабоды». Але не ўсё было проста. Нягледзячы на ўсеагульны ўздым у барацьбе за дэмакратыю, частка радыкалаў была гэтым энтузіязмам незадаволеная. Гаворка ідзе пра анархістаў-камуністаў, першыя групы якіх з’явіліся ў Расійскай імперыі ў Гродзенскай губерні. Цытадэллю анархісцкага руху быў Беласток, дзе прыхільнікі безуладдзя мелі каласальны ўплыў на рабочых. Але пасля таго, як мясцовыя пралетарыі далучыліся да Усерасійскай палітычнай стачкі, лідары «чорнасцяжнага» руху ледзь не хапаліся за галаву са словамі: «Усё прапала!»

Справа ў тым, што тагачасныя анархісты не прызнавалі ніякіх кампрамісаў і разглядалі што ліберальную рэспубліку, што самадзяржаўную манархію практычна як аднолькавае зло. Для гэтых крайніх радыкалаў была непрымальная любая дзяржава і любая форма капіталізму. І тое, што масы зноў пайшлі за палітычнымі «ўладніцкімі» партыямі, якія паманілі іх дэмакратычнымі лозунгамі, гэтае «экстрэмісцкае крыло» анархізму ўспрымала ледзь не як асабістую паразу.

Некаторым суцяшэннем для анархістаў-камуністаў стала тое, што ім удалося ўключыць у патрабаванні беластоцкіх стачачнікаў і мноства эканамічных пунктаў. Але неўзабаве «чорнасцяжнікі» задумалі даць «буржуазнаму мінімалізму і дэмакратызму» больш грунтоўны адказ. Пры ўсім сваім гарачым тэмпераменце анархісты-камуністы былі ў некаторых пытаннях рэалістамі і ацэньвалі рэвалюцыю, што праходзіла на іх вачах, як буржуазна-дэмакратычную. Але, каб не «патануць бясследна ў велізарнай дэмакратычнай хвалі», анархісты гэтага лагера мелі намер абвастрыць барацьбу не толькі з дзяржавай, але і з буржуазіяй.

Аднак з нагоды таго, што супрацьпаставіць дэмакратычнай эйфарыі, меркаванні анархістаў падзяліліся. Самая крайняя фракцыя выступіла за «антыбуржуазны тэрор». З ёй спрачаліся так званыя «камунары». Яны не былі згодныя з тактыкай індывідуальнага тэрору. «Цэлай гістарычнай паласе нельга супрацьпаставіць індывідуальны пратэст асобных замахаў», — пісаў у органе анархістаў-«чорнасцяжнікаў» «бунтар» нехта «Леанід Віленскі».

Тактыка ж «камунараў» меркавалася такая: «Пройдзе рэвалюцыя, — казалі яны («камунары» — Ю. Г), — і вобразамі герояў-змагароў, крывёю загінуўшых ахвяр, крыжамі брацкіх магіл на многія, доўгія гады асвяціць у вачах мас дэмакратычны сцяг. Чымсьці дарагім, выпакутаваным стане ён для іх. Варожа і холадна сустрэнуць тады масы ўсякую крытыку дэмакратыі. Нечым блюзнерскім падасца яна для іх. І трэба цяпер, на вялікім фоне дэмакратыі, стварыць хаця б адну варожую ўсёй карціне кропку. Хай гэта будзе толькі кропка. Хай успыхне і згасне яна. Але след пакіне. Шматмільённыя масы заўважаць і захаваюць яе ў сваіх розумах як нешта, што ідзе ўразрэз з ідэямі і лозунгамі дэмакратыі. Такім пунктам можа быць толькі масавы анархічны акт — спроба паўстання ў імя анархічнай камуны».

Пры гэтым такога роду спроба загадзя выракалася на паразу і ахвяры, але павінна была быць зробленая ў агітацыйных мэтах. Аднак «чорнасцяжнікам» не ўдалося ўтварыць хаця б часовую «ваенна-рэвалюцыйную камуну» ў Беластоку і іншых гарадах і пачаць там уводзіць анарха-камунізм. Групы анархістаў, якія рыхтавалі такога роду выступы, былі арыштаваныя паліцыяй, верагодна — не без дапамогі правакатараў.

Прыхільнікі традыцыйнага анархізму ў духу ідэй князя Крапоткіна лічылі падобныя спробы «ўспышкапускальніцтвам». Сам Крапоткін заклікаў не злоўжываць гвалтам нават у мэтах рэвалюцыі і рабіў упор на прапаганду ідэй будучага вольнага бездзяржаўнага ладу анархічных камун. Пасля ён меркаваў, што анархісцкія ініцыятывы змогуць развівацца і пры рэспубліканскай дзяржаве ў рэчышчы так званага «дэмакратычнага федэралізму». Беларускія прыхільнікі Крапоткіна і блізкага да яго органа «Хлеб і Воля» восенню 1905 года правялі свой з’езд у Вільні. Яго арганізатарам быў ураджэнец Віцебскай губерні сталяр Ілля Гейцман («Хаім Лонданскі»), які да гэтага два разы ўцякаў з ваеннай службы.

 

Абвяшчэнне Маніфеста 17 кастрычніка 


«Цар спалохаўся, выдаў маніфест — мёртвым свабоду, жывых — пад арышт»

Але што б ні пісалі анархісты, масы сапраўды прагнулі палітычнай волі і той сацыяльнай справядлівасці, якая магла быць рэалізаваная хаця б у яе рамках. Тым часам Беларусь, як і ўся Расійская імперыя, была ахопленая ўсеагульным страйкам, паўсюдна ішлі дэманстрацыі і сутыкненні з царскай паліцыяй. Усяго ва Усерасійскай палітычнай стачцы ўзялі ўдзел каля 2 мільёнаў чалавек. Чыгуначнае злучэнне было амаль паўсюдна спыненае. Абвясцілі пра спыненне працы служачыя тэлеграфна-паштовых кантор і тэлефонных станцый. Страйкавалі не толькі рабочыя, але і настаўнікі, інжынеры, лекары, адвакаты, суды, служачыя банкаў, міністэрстваў і іншых дзяржаўных устаноў. Да стачкі далучыліся нават артысты імператарскіх тэатраў. У Пецярбургу не працавала электрычнае і газавае асвятленне, сталіца пагрузілася ў змрок.

І самадзяржаўе завагалася. 17 кастрычніка 1905 года быў абвешчаны «Маніфест» Мікалая ІІ. Ужо ў яго першым радку самадзержац прызнаваў, што ідзе насустрач народу фактычна пад ціскам «смут і хваляванняў у сталіцах і многіх мясцовасцях». Ад гэтага «вялікім і цяжкім смуткам перапаўняецца сэрца наша». Патрабуючы, як і раней, жорсткага падаўлення беспарадкаў, цар вымушаны быў у мэтах прымірэння: «1. Дараваць насельніцтву непарушныя асновы грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў. 2. Не спыняючы прызначаных выбараў у Дзяржаўную думу (гаворка ідзе пра «Булыгінскую думу». — Ю. Г.), прыцягнуць цяпер да ўдзелу ў Думе, па магчымасці, адпаведна сцісласці тэрміну, што застаўся да склікання Думы, тыя масы насельніцтва, якія цяпер зусім пазбаўленыя выбарчых правоў, надаўшы далейшае развіццё пачатку агульнага выбарчага права зноў устаноўленаму заканадаўчаму парадку». З гэтага часу без адабрэння выбарных ад народа ніякі закон не меў сілы, Дзяржаўнай думе таксама давалася нейкае цьмянае права «нагляду за заканамернасцю дзеянняў пастаўленых ад нас уладаў».

Характэрна, што ў «Маніфесце» гаворка ішла аб прыцягненні да выбараў усяго насельніцтва, раней пазбаўленага выбарчых правоў. Праўда — «па магчымасці». Але напалоханы рэвалюцыяй цар абяцаў у будучыні і ўвядзенне ўсеагульнага выбарчага права. Калі падыходзіць да гэтай формулы літаральна, то такога права не было тады ў выбаршчыкаў ні ў адной еўрапейскай краіне.

Таксама «Маніфест» 17 кастрычніка адмяняў фактычную забарону на выданні на беларускай і ўкраінскай мовах. У наступным годзе стала выходзіць першая газета на беларускай мове — «Наша доля».

Пагром

Але, як гаворыцца, «гладка было на паперы…» З аднаго боку, улады на месцах і сам міністр МУС нічога не ведалі пра «Маніфест», які рыхтаваўся таемна, і прачыталі пра яго толькі ў газетах. Відавочна, лібералы ва ўрадзе на чале з прэм’ер-міністрам Сяргеем Вітэ, якія рыхтавалі гэтую рэформу, хавалі падрыхтоўку дакумента з-за асцярогі ўмяшання кансерватыўных колаў. Разгубленасцю ўладаў скарысталіся дэмакратычныя сілы, і шматлікія радасныя дэманстранты напоўнілі вуліцы гарадоў. Але рэакцыя, і не без санкцыі самога Мікалая II, адказала на «наданне свабод» лютым тэрорам. 

18 кастрычніка ў Мінску на плошчы каля Віленскага вакзала сабраўся вялікі мітынг, арганізаваны чыгуначным страйкамам на чале са службоўцамі Лібава-Роменскай дарогі Паўлам Жабам і Пятром Гамзахурдзі. Па лініі Міністэрства шляхоў зносін яны аднымі з першых атрымалі поўны тэкст царскага «Маніфесту» і зачыталі яго прысутным. Пасля перамоваў з мінскім губернатарам Паўлам Курловым мітынг быў дазволены. А з Пішчалаўскага замка вызвалілі частку палітвязняў, якія тут жа далучыліся да прысутных.

Аднак улады вырашылі, што такі «разгул свабоды» дараваць нельга. І калі мірныя ўдзельнікі санкцыянаванага «масавага мерапрыемства» сталі разыходзіцца, войскі і паліцыя адкрылі па іх агонь. Вінтовачныя залпы з блізкай адлегласці літаральна касілі людзей. У ліку іншых была забітая эсэрка Ружа Шабад, якая стаяла з чырвоным сцягам. Паліцыя працягнула расправу над людзьмі, што спрабавалі схавацца, на прылеглых вуліцах. Усяго быў забіты 51 чалавек, яшчэ больш — паранена. Дадзеныя медычнай камісіі паказалі, што большасць забітых атрымалі кулі ў спіну або патыліцу.

Ахвяры пагромаў

У іншых выпадках паліцыя прыцягнула да нападу на дэмакратычныя і працоўныя арганізацыі баевікоў з нацыяналістычнага «Саюза рускага народа». «Чарнасоценцы» грамілі і забівалі габрэяў, а там, дзе такіх не знаходзілася, — інтэлігентаў і іншых «падазроных». Пагромы і масавыя забойствы адбыліся ў Рэчыцы, Оршы і іншых гарадах. У кастрычніку 1905 года ў Рэчыцу з Гомеля, для прадухілення пагрому, выехаў атрад мясцовай самаабароны на чале з бундаўцам Лейбам Рожэндам («Лейба Пакутнік»). Працоўны Рожэнд вызначаўся велізарнай фізічнай сілай і быў небяспечным для мясцовых чарнасоценцаў. Але на вакзале Лейба дапусціў памылку — купіў квіткі адразу на ўсіх дружыннікаў. І ў Рэчыцы гомельскую самаабарону ўжо чакала засада. Прызваныя з запасу ваеннаабавязаныя разам з «чорнай сотняй» з вінтовак расстралялі гомельскіх дружыннікаў на шляху са станцыі ў горад. Параненых дабівалі сякерамі і прыкладамі. Аднаму з самаабаронцаў адсеклі нагу, і яна так і ляжала на фота гэтай страшнай разні побач з трупамі.

Аднак у Гомелі «чорная сотня» зладзіць пагром з нагоды «свабод» не рызыкнула. Гомельскія чыгуначнікі сфарміравалі рабочую дружыну пры страйкаме ў колькасці 300 чалавек. І абвясцілі пра рашучы намер абараняць бяспеку грамадзян.

Проціборства паміж сіламі рэвалюцыі і рэакцыі працягвалася яшчэ доўга. Калі манархіі ўдалося часова пацясніць дэмакратычны і сацыяльны рух, цар хутка забыўся пра «ўсеагульнае выбарчае права». Выбары ў наступныя Дзяржаўныя думы праходзілі на аснове ўсё таго ж саслоўна-маёмаснага цэнзу, жанчыны і малазабяспечаныя пласты да іх па-ранейшаму не дапускаліся. Выбарчыя кампаніі часцяком суправаджаліся масавымі арыштамі выбаршчыкаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі і ўсіх незадаволеных. Капрызны самадзержац неаднаразова разганяў непажаданых яму дэпутатаў. І ў канчатковым выніку нежаданне царызму ісці па шляху паслядоўных пераўтварэнняў прывяло яго да гібелі.

Але нават адразу пасля паразы першай рэвалюцыі, з дапамогай усіх войскаў, паліцыі і «чорнай сотні» далёка не ўсе яе дасягненні ўдалося ліквідаваць або звесці да папяровай фармальнасці.

І сёння ўсеагульная забастоўка ў кастрычніку 1905 года для нас — не проста гісторыя. Па вялікім рахунку, 8-гадзінны працоўны дзень, права на аб’яднанне ў прафсаюзы, аплачваемы адпачынак і бальнічны, дэкрэтны адпачынак, раўнапраўе для жанчын і многія іншыя сацыяльныя заваёвы — усё родам адтуль. Як, зрэшты, і парламенцкая дэмакратыя, і ўсеагульнае выбарчае права, і прызнанне беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Нешта з гэтага спраўна працуе і даўно стала для нас звыклым і штодзённым, іншае — да гэтага часу з’яўляецца пустым гукам. Але ж гісторыя і жыццё грамадства — не нерухомая дадзенасць, а дынамічны і складаны працэс пастаяннай барацьбы розных сацыяльных сіл і іх ідэй. Адвечнае супрацьстаяння цемрашальства і гвалту — і свабоды і справядлівасці.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: