Дарагія свіныя скуры

Сталінскія рэпрэсіі звычайна асацыююцца з масавымі расстрэламі, масавымі высылкамі на «спецпасяленне», масавымі адпраўкамі ў ГУЛАГ. Былі, аднак, і менш жахлівыя злачынствы сталінізму. Але ад таго, што яны былі менш жахлівымі, яны не перастаюць быць злачынствамі і не становяцца менш масавымі.

Многія тысячы жыхароў БССР былі асуджаныя па справах «непалітычных» у вузкім сэнсе слова (але адназначна палітычных у шырокім сэнсе) на кароткія турэмныя тэрміны (без адпраўкі ў ГУЛАГ), на папраўчыя працы, на штрафы ці нават умоўна. Справы гэтыя былі «непалітычнымі» ў тым сэнсе, што артыкулы, па якіх асуджалі, змяшчаліся не ў раздзеле Крымінальнага кодэкса «Контррэвалюцыйныя злачынствы», а ў іншых раздзелах КК. Пакаранне па іх было менш жорсткае. Аднак сталінскія суды добра ведалі, што размова ідзе пра справы палітычнай значнасці: трэба было загнаць сялян у калгасы і ўтрымаць іх там, прывязаць рабочых да заводаў, запалохаць усіх неадэкватна вялікімі пакараннямі за найменшыя правіны.

Суд 3 участка горада Менска (у складзе суддзі Шклярмана, членаў-засядацеляў Дуткоўскага і Кучынскага, сакратара Стрыгуна) 15 лютага 1935 года разглядаў справу Марыі Якубавай Нядбайнай, 1911 года нараджэння, малапісьменнай несудзімай беспартыйнай удавы з двума дзецьмі (меншаму было два гады). Калгасніца калгасу «Новы Двор» Строчыцкага сельсавета да калгасу мела 2,5 гектары зямлі. Правіна Марыі Нядбайнай заключалася ў тым, што «закалоўшы кабана ў снежні месяцы 1934 года, яго асмаліла, ад чаго не адмаўляецца». Па артыкуле 152 КК БССР Марыю Нядбайную асудзілі да пяці месяцаў прымусовых папраўчых работ. «Але, — пастанавіў суд, — улічваючы, што яна ўдава, мае 2-х дзяцей, першы раз судзімая, вызначаны тэрмін лічыць умоўным на працягу аднаго года».

Артыкул 152 КК БССР гучаў наступным чынам: «Парушэнне законаў, пастаноў і правіл, якія рэгулююць гандаль і прамысловасць, калі ў іх спецыяльна не ўказана праследаванне ў адміністрацыйным парадку, выклікае — пазбаўленне свабоды да аднаго года або штраф да двух тысяч рублёў з забаронай займацца гандлем або промыслам на тэрмін да пяці год, або без такой забароны». Як бачна, гэты артыкул не прадугледжваў пакарання прымусова-папраўчымі працамі. Верагодна, суд кіраваўся аналагічным артыкулам Крымінальнага кодэкса РСФСР (артыкул 105), які прадугледжваў больш мяккую санкцыю — прымусова-папраўчыя працы на тэрмін да аднаго года ці штраф да двух тысяч рублёў.

Калі кіравацца здаровым сэнсам, гадаванне свіней на прыватным падворку для ўласнага спажывання цяжка залічыць як да гандлю, так і да прамысловасці. Але 10 лютага 1930 года УЦВК і СНК РСФСР супольнай пастановай «Аб мерапрыемствах па ўзмацненні нарыхтовак свіных cкур» забаранілі ўсім дзяржаўным і кааператыўным прадпрыемствам, а таксама прыватным асобам апарваць і асмольваць свіныя скуры, і перапрацоўваць свіныя тушы як для продажу, так і для асабістага спажывання, без папярэдняга зняцця скуры.

Апарванне і асмольванне свіных туш прыватнымі асобамі, згодна з гэтай пастановай, выклікала крымінальную адказнасць па артыкуле 105 КК РСФСР. ЦВК і СНК іншых саюзных рэспублік, дзе гадавалі свіней, прынялі аналагічныя пастановы. 10 мая 1932 года УЦВК і СНК РСФСР замянілі гэтую пастанову іншай, падобнай па сэнсе, пад назвай «Аб мерапрыемствах па захаванні свіных скур». 20 красавіка 1940 года апошняя была замененая супольнай пастановай СНК СССР і ЦК УКП(б) «Аб мерапрыемствах па паляпшэнні нарыхтовак скураной сыравіны».

Згодна з пастановай 1940 года, усе аднаасобнікі БССР мусілі здаць дзяржаве ў залік абавязковых паставак па адной свіной скуры і адной скуры авечкі ці казы штогод, а двары калгаснікаў — па адной свіной і палове скуры авечкі ці казы. Ад таго часу тых, хто не здаваў скуры, чакала адказнасць ужо не па артыкуле 152, а па артыкуле 94 («невыкананне павіннасцей») КК БССР (падрабязней пра гэты артыкул КК — у наступнай публікацыі з серыі).



Марыя Нядбайная, можна сказаць, лёгка выкруцілася. Многім іншым давалі рэальныя тэрміны прымусова-папраўчых прац.

2 лютага 1935 года адбылося выязное пасяджэнне суда 3 участка горада Менска ў Каралішчанскім сельсавеце. Суддзя Шклярман і члены-засядацелі Вараб’ёў, Франц і Касцялецкая пры сакратары Руткоўскім разглядалі крымінальную справу Марыі Юзікавай Запольскай. Як бачна з тэксту прысуду, 50-гадовая непісьменная беспартыйная ўдава пражывала сумесна з дарослай дачкой, да калгасу мела 3 гектары зямлі, а на час суда была калгасніцай калгасу «Другая пяцігодка». Непісьменны сакратар Руткоўскі зрабіў у дакуменце безліч памылак (іншыя сакратары гэтага суда высокай культурай мовы таксама не вылучаліся). Верагодна, па памылцы ён запісаў, што калгас месціцца ў вёсцы «Н. Сіліна» Каралішчанскага сельсавета. Непадалёк ад Каралішчавічаў ёсць вёска Сіняло (Сініла).

Судовае следства ўстанавіла «віну» Марыі Запольскай у тым, што «яна ў снежні месяцы 1934 года, забіўшы сваю свінню пудоў 4–5, замест таго, каб яе — свінню — аблупіць, асмаліла яе, ад чаго сама не адмаўляецца». Марыю Запольскую асудзілі па артыкуле 152 КК БССР да пяці месяцаў прымусовых прац па месцы работы ў калгасе з вылікам 15% з яе заробку (праца-дзён). Як і ў іншых асуджаных, у яе была магчымасць абскардзіць прысуд у пяцідзённы тэрмін.

Мы не ведаем, ці абскарджвала Марыя Запольская прысуд, але так ці інакш ён застаўся нязменным: на дакуменце стаіць адзнака, што 28 красавіка 1935 года копія прысуду была накіравана для выканання. Ад працадзён, якія і без таго аплачваліся надзвычай нізка, адабралі яшчэ 15% — у той напаўгалодны час гэта было сур’ёзным пакараннем.

У тым самым судзе 21 красавіка 1935 года суддзя Альтшулер пры членах-засядацелях Пікуліку і Маркевічы і сакратары Стрыгун разглядаў справу 36-гадовай несудзімай замужняй рабочай саўгаса «Чырвоны транспартнік» Прыгараднага сельсавета Менскага раёна Ганны Аляксандраўны Артакян. Родам падсудная была з Уздзенскага раёна, працавала ў саўгасе дзевяць гадоў, муж яе знаходзіўся на вучобе ў Оршы. Яна абвінавачвалася ў тым, што «ў студзені месяцы 1935 года забіла свайго кабана і асмаліла, а скуры не зняла, што парушыла закон ураду аб асмоле свіней». Па артыкуле 152 КК БССР яе асудзілі на шэсць месяцаў прымусова-папраўчых работ па месцы працы з вылікам 15% на карысць дзяржавы.

Жаданне есці сала на скурцы абышлося Ганне Артакян дорага. Аднак часам сяляне ўсё ж маглі абхітрыць дзяржаву. Краязнавец з Арлоўскай вобласці Уладзімір Прохараў запісаў успаміны жыхара сяла Малое Крычына Мікалая Рыгоравіча Васількава 1930 года нараджэння (www.kraeved.ru).

Старажыл узгадаў наступнае: «Асмольваць зарэзаных свіней строга забаранялася. Да разборкі тушы свіную скуру трэба было аблупіць бярозавай ці дубовай лапатачкай і здаць — амаль задарма — дзяржаве. На карпатлівую важданіну з аблупліваннем сыходзіла нямала часу. Ды і сала без скуркі было не тое. Нярэдка ішлі на рознага кшталту хітрыкі, каб падмануць «родную» дзяржаву. Свінню заманьвалі на край сотак падалей ад хаты (250–300 метраў) увечары, на сутонні, насоўвалі ёй на галаву мех з-пад мукі (каб гучна і доўга не вішчала) і рэзалі. Употайкі, бліжэй да апоўначы, перацягвалі ў хату, саломай сяк-так асмольвалі, разбіралі».

Якімі б нязначнымі не здаваліся пакаранні для асуджаных па артыкуле 152 КК БССР, а дзеля ўзнаўлення гістарычнай справядлівасці іх варта было б рэабілітаваць як ахвяр рэпрэсій. Пакуль гэтага зроблена не было.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!