«Дарога ў пекла даўжынёй 800 дзён»

Хто выратуе адно жыццё — выратуе цэлы свет. Неверагодна, але часам нават у самых змрочных сітуацыях побач з трагедыяй знаходзіцца месца для высакароднасці. Як, напрыклад, у гісторыі Мінскага гета.
Вязні Мінскага гета, фота wikipedia.org

Вязні Мінскага гета, фота wikipedia.org



Татары Канапацкія і яўрэі Давідсоны

Ці многія з нас здольныя не думаць пра сябе, ратуючы ад небяспекі іншых? Тым больш, калі гэтыя «іншыя» — людзі чужых звычаяў. Дзякуючы расійскай пісьменніцы Людміле Уліцкай мы ведаем дзіўную гісторыю Освальда Руфайзена, каталіцкага манаха яўрэйскага паходжання, які выратаваў ад 200 да 300 яўрэяў з гета ў Міры. І гэта толькі адзін з неверагодных і гераічных сюжэтаў выратаванняў. Яшчэ адзін стаў вядомы дзякуючы ўспамінам беларускай татаркі Айшы (Аішы, Ганны) Сулейманаўны Канапацкай, якая разам з маці Фацімай Мустафаўнай выратавала ад знішчэння ў Мінскім гета яўрэйскую сям´ю Давідсонаў.  

Аіша і Фаціма Канапацкія, 1950 г. Фота db.yadvashem.org

Аіша і Фаціма Канапацкія, 1950 г. Фота db.yadvashem.org


Бацькі Фацімы Мустафаўны валодалі гарбарнай фабрыкай, якую здавалі ў арэнду яўрэям. Жылі яны ва ўласным двухпавярховым доме па Вялікай Татарскай вуліцы (цяпер Дзімітрава), насупраць мячэці. За домам быў вялікі флігель, які, як і фабрыка, здаваўся ў арэнду яўрэям. Людзі ў той час жылі грунтоўна, гадамі і дзесяцігоддзямі на адным месцы, размаўлялі адзін з адным, нягледзячы на класавыя і рэлігійныя адрозненні. Паміж уладальнікамі і арандатарамі таксама складваліся трывалыя адносіны, іх дзеці сябравалі паміж сабой.

У часы акупацыі Фаціма ўсяляк дапамагала яўрэям, перапраўляла ў Мінскае гета прадукты, якія выменьвала ў заходніх абласцях БССР. Тады да яе і звярнулася яе даўняя знаёмая Фрума Давідсон з просьбай схаваць яе мужа. Яны і раней хаваліся ў Канапацкіх на час пагромаў па некалькі дзён усёй сям'ёй з пяці чалавек.

22 чэрвеня 1942 года муж Фрумы Ісраэль Давідсон пасяліўся ў Канапацкіх надоўга. У хляве ён выкапаў яму-нару, замаскіраваў яе дрывотняй і пражыў там цэлы год.

Немцы лютавалі бязмерна, праводзілі аблаву за аблавай. У адну з такіх аблаў трапіла і Вялікая Татарская вуліца. У хату Канапацкіх прыйшлі з аўчаркай, усё перакапалі, нічога не знайшлі і сышлі. Дровы папросту не сталі чапаць. Толькі Аіша з Фацімай уздыхнулі з палёгкай, як наляцелі іншыя, ужо эсэсаўцы. Салдаты пачалі правяраць хлеў, а афіцэр зайшоў у дом, дзе яго ўвагу прыцягнуў комін. Стаўшы на зэдлік, ён палез рукой у адтуліну коміна. Гэты не вельмі чысты занятак ён рабіў з відавочным незадавальненнем, успамінае Аіша. На шчасце, яна здагадалася сказаць яму па-нямецку, што ў доме ўжо была адна праверка. Ён узрадаваўся, тут жа выйшаў, паклікаў сваіх салдат (а тыя ўжо ўзяліся за дрывотню) і вывеў іх. Не трэба мець вялікую фантазію, каб уявіць, што чакала б сям’ю Канапацкіх, ды і ўсю вуліцу, знайдзі яны Давідсона. Роўна год прасядзеў Ісраэль у сваёй нары, выходзячы толькі ноччу падыхаць, ды яшчэ ўзімку глыбокай ноччу яго бралі на некалькі гадзін у дом пагрэцца.

Бацька Фрумы — Мэір — у пачатку вайны купіў пашпарт памерлага татарына Палтаржыцкага. Мэір быў бландынам, непадобным на яўрэя, і таму мог на сваім кані бесперашкодна пераязджаць з аднаго месца на іншае. Жыў ён у Заходняй Беларусі і прывозіў адтуль прадукты сваім сваякам у Мінск. Але суседка Гэлька, у якой не было дзяцей, пачала ўсім скардзіцца, што «Фата жыдоў хавае, з-за яе ўвесь завулак выб’юць». Баючыся, што гэта можа дайсці да немцаў, Канапацкія забаранілі Мэіру прыязджаць да іх. Пасля вайны ён сватаўся да Фацімы, муж якой памёр. Дарэчы, татарка Фаціма нядрэнна гаварыла на ідыш.

Фаціма Канапацкая з унучкай, 1961 г.Фота db.yadvashem.org

Фаціма Канапацкая з унучкай, 1961 г.Фота db.yadvashem.org


Дзеці Давідсонаў — Рахіль, Міра, Вова — часта ўцякалі з гета і прыходзілі да сваіх ратавальнікаў, а ў чэрвені 1943 года Давідсоны ўсёй сям'ёй сышлі ў партызаны. Усе засталіся жывыя і пасля вызвалення Мінска вярнуліся ў горад, жылі на Канатным завулку. «Ратуючы іх, мы не думалі пра небяспеку для сябе, проста не дапамагчы ім мы не маглі», — успамінала Аіша.

Пасля вайны Канапацкія і Давідсоны яшчэ доўгі час падтрымлівалі стасункі, хоць лёс развёў іх па розных кантынентах. Аднак пасля араба-ізраільскай вайны ў чэрвені 1967 года перапіска перапынілася, і пра далейшы лёс сям'і Давідсонаў Канапацкія нічога не ведаюць.

3 снежня 2003 года «Яд ва-Шэм» удастоіў Фаціму Канапацкую і яе дачку Ганну (Аішу) Канапацкую-Трафімаву ганаровым званнем «Праведнік народаў свету». Усяго ж медалямі Праведнікаў свету ўзнагароджаны 711 беларусаў, і гэта восьмае месца ў свеце.

Імёны Фацімы і Ганны (Аішы) Канапацкіх на Сцяне гонару ў «Яд ва-Шэм». Фота db.yadvashem.org

Імёны Фацімы і Ганны (Аішы) Канапацкіх на Сцяне гонару ў «Яд ва-Шэм». Фота db.yadvashem.org

Ганна Трафімава (Аіша Канапацкая) на цырымоніі ў «Яд ва-Шэм» 7.04.2004 г. Фота db.yadvashem.org

Ганна Трафімава (Аіша Канапацкая) на цырымоніі ў «Яд ва-Шэм» 7.04.2004 г. Фота db.yadvashem.org


Свае сярод чужых, чужыя сярод сваіх

Сябры, як і ворагі, спазнаюцца ў бядзе. Нельга абвінавачваць у маладушшы тых, хто падчас катастрофы дбае найперш пра сябе. Але немагчыма не захапляцца тымі, хто сярод нечалавечых пакутаў і зла знаходзіць у сабе сілы дарыць святло любові іншым, часам нават ахвяруючы сабой. І гэтая дробка любові здольная змяніць свет.

Дзякуючы такім людзям, як сям’я Канапацкіх, з Мінскага гета змаглі ўцячы ад 3 да 8 тысяч яўрэяў, многія з іх далучыліся да партызанаў, што дзейнічалі ў лясах непадалёк. Праўда, нярэдка шлях у «звычайныя» атрады быў закрыты — яўрэяў, якія ў іх прыходзілі, забівалі як шпіёнаў. Таму ствараліся так званыя сямейныя партызанскія атрады. Найбольш вядомы — атрад Шалома Зорына ў Налібоцкай пушчы, які ўзнік у красавіку 1943 года. 

Усяго з вязняў Мінскага гета былі створаны, па розных звестках, ад 7 да 10 партызанскіх атрадаў: 5-ы атрад ім. Кутузава, атрады ім. Лазо, Будзёнага, Фрунзэ, Пархоменкі, Шчорса, 25-годдзя БССР, атрад 406 і атрад 106, і 1-шы батальён 208-га асобнага партызанскага палка.

На жаль, трагедыя Халакосту знаходзіцца ў ценю традыцыйных савецкіх міфаў пра Другую сусветную вайну, і ўсё яшчэ існуе перадузятае меркаванне аб пасіўнасці яўрэйскага насельніцтва ў гады вайны. На помніках знішчаным яўрэям іх сціпла называлі «мірнымі савецкімі грамадзянамі», а імёны стараліся не афішаваць.

Калона працоўных з гета. Фота з кнігі вязня Мінскага гета Міхаіла Трэйсцера «Пробліскі памяці»

Калона працоўных з гета. Фота з кнігі вязня Мінскага гета Міхаіла Трэйсцера «Пробліскі памяці»


«Дарога ў пекла даўжынёй 800 дзён» — роўна столькі праіснавала Мінскае гета. Яно было створана 19 ліпеня 1941 года, і лічыцца адным з найбуйнейшых у Еўропе і другім па велічыні ў былым СССР пасля Львоўскага. Крыху больш чым за два гады ў ім пабывалі больш за сто тысяч яўрэяў не толькі з Беларусі, але і з еўрапейскіх краін.

Гета праіснавала да 21 кастрычніка 1943 года.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!