Дасюль не адзначанае свята

Летась Беларусь забыла адзначыць важны дзень — калі беларускі ўпершыню атрымалі права голасу на выбарах. Нашы суседзі — палякі, літоўцы — адзначылі падобнае свята акцыямі, канферэнцыямі, публікацыяй часопісаў і кніг. Некаторыя беларусы адзначылі стагоддзе БНР, але цалкам забылі дадаткова такую падзею, як пашырэнне палітычных правоў кабетаў.


Мясцовыя феміністкі таксама не адзначылі важную падзею — падзабылі, хоць добра ведаюць пры гэтым гады атрымання права голасу жанчынамі ў суседняй Расіі ці далёкіх ЗША.

З невялічкім спазненнем выпраўляем хібу, вяртаем Беларусі яшчэ адно свята, яшчэ адну важную дату з гісторыі мясцовага фемінізму, яшчэ адну нагоду ўхвалы роўнасці, што, між іншым, стала мажлівай дзякуючы абвяшчэнню БНР.

Беларуская Народная Рэспубліка сталася першай уласнабеларускай і незалежніцкай інстытуцыяй, якая ўпершыню абвясціла «агульнае, роўнае, простае і патаемнае выбарчае права, не рахуючыся з нацыянальнасцю, рэлігіяй і полам». Такім парадкам, як вынікала з Першай Устаўной Граматы БНР, 21 лютага 1918 года ўпершыню беларускі атрымалі права голасу і ўдзелу ў выбарах. Іншая рэч, што, з улікам войнаў і разбурэнняў, яны не змаглі паўдзельнічаць у рэальных выбарах, аднак публічна было абвешчана пра важнае гендарнае зварушэнне.

Сімвалічна важным і дасюль уплывовым можа быць гэты дзень у гісторыі Беларусі — у гісторыі беларускага фемінізму дакладна — 21 лютага 1918 года. 9 сакавіка 1918 года Другая Устаўная Грамата да народаў Беларусі пацвердзіла «агульнае, роўнае, простае, патаемнае, прапарцыйнае выбарчае права, не зважаючы на род, народнасць і рэлігію» (пункт 2 Граматы). Зрэшты, Трэцяя Устаўная Грамата БНР ад 25 сакавіка 1918 года пацвердзіла ўсе тыя правы і вольнасці грамадзянаў, абвешчаныя папярэднімі граматамі.

Пэўная гендарная адкрытасць бацькоў дзяржаўнасці таксама выявілася ў тым, што ў склад ураду БНР увайшла жанчына — першая беларуская сучасная публічная дзяячка, міністарка Палута Бадунова. Для параўнання, у БССР першай міністаркай у 1920 годзе стала Марыя Фрумкіна, якая ачоліла Наркам асветы.

Паралельна савецкая гістарыяграфія і міфаграфія маглі прапанаваць свае даты эмансіпацыі, што і рабілася на пачатку існавання СССР/БССР. Аднак бальшавіцкія «аўтаномна-вольныя» візіі Беларусі ў межах Расіі (Беларускі Нацыянальны Камітэт 25 сакавіка 1917-га, Выканаўчы Камітэт Вялікай Беларускай Рады, кастрычнік 1917-га, Беларускі Абласны Камітэт пры Усерасійскім Савеце Сялянскіх дэпутатаў, 17 лістапада 1917-га) спачатку папросту замоўчвалі тэму выбараў, і тым больш удзелу ў іх жанчын. У тэкстах не было ані слова пра выбары і пра спосаб галасавання, заклікі афармляліся аднабакова, кшталту «Браты-беларусы!». Трэба было гадаць, ці беларускі падразумяваліся пад гэтым заклікам.

Урад Керанскага ў гэтым пытанні быў значна ліберальнейшы і смялейшы: 20 ліпеня 1917 года расійскі Часовы ўрад прапанаваў агульнае выбарчае права, не зважаючы на пол. Але ўсе гэтыя спробы і дэкларацыі тычыліся хіба расійскага грамадства.

У даведніках, а таксама ў віртуальных энцыклапедыях кшталту Вікіпедыі дамінуе памылковае сцверджанне пра тое, што беларускі атрымалі права голасу ў 1919 годзе. Часткова гэта так, але тое ўжо стане другой спробай пашырэння палітычных правоў беларусак і ўніверсалізацыі выбарчага права. У лютым 1919 года падчас І Усебеларускага З’езду Саветаў беларускі, нібыта, змаглі скарыстацца гэтым правам, але варта пазначыць, што гэта былі не зусім выбары, а, хутчэй, дэлегаванне, прызначэнне. Плюс дасюль застаюцца невядомымі імёны першых нашых дэпутатак.

Кур’ёз палягае таксама ў тым, што Першы З’езд Саветаў Беларусі, а потым і Першая Канстытуцыя, ані словам не прыгадалі выбарчае права, што прадэманстравала сапраўднае псеўдадэмакратычнае аблічча дыктатуры пралетарыяту. Завуалявана Канстытуцыя РСФСР 1918 года, у якой падрабязна апісвалася актыўнае і пасіўнае выбарчае права (раздзел 4), у тым ліку права голасу жанчынаў, натхняла аўтараў першай Канстытуцыі Беларусі і вызначала асноўныя лініі тэксту. Аднак аўтары ці, хутчэй, кампілятары першай Канстытуцыі Беларусі не перанеслі чацвёртага раздзелу ў беларускі тэкст. Удакладненне аб выбарчым праве, а таксама аб праве жанчынаў удзельнічаць у выбарах, з’явяцца толькі ў Канстытуцыі БССР 1927 года.

У БССР палітыка працягвала асацыявацца з мужчынамі, рэдкія кабеты ў складзе беларускага ўраду (М. Фрумкіна, Е. Уралава, Н. Грэкава і нават найпершая П. Бадунова ў складзе ўраду БНР) застануцца малавядомыя бальшыні, а тым больш невядомымі застаюцца імёны першых дэпутатак. Цікава, што ў кнігах, прысвечаных жанчынам і дасягненням камунізму ў пытанні эмансіпацыі жанчынаў, выдадзеных у БССР да і пасля вайны, дэлегаткі і дэпутаткі часта падаюцца без імёнаў: каля фота так і пазначана: «прозвішчы і імёны не вядомыя». Такім парадкам, жанчыны, дэлегаваныя ў публічную сферу, застаюцца ў савецкай традыцыі нябачныя, невядомыя, безаблічныя.


Цьмянасць пытання жаночага выбарчага права ў першыя гады савецкай Беларусі, яго нерэальнасць, сімвалічны характар і адарванасць ад рэальнага ўплыву дэпутатаў (як мужчынаў, так і жанчынаў) на палітычны працэс і грамадства часткова тлумачаць, чаму сучасныя беларусы не надаюць значэння гэтаму элементу гісторыі і культуры. Сапраўды, калі ўзгадаць трапнае сцверджанне гендарнай даследніцы Алены Гапавай, што ў БССР «беларусы і беларускі былі роўныя ў бяспраўі», можна лепей зразумець: далучэнне кабетаў да кола выбарнікаў, насамрэч, нічога не мяняла ў пытанні прыняцця рэальных рашэнняў.

У незалежнай Беларусі палітычныя правы жанчынаў ніколі не ставіліся пад сумнеў, але і актыўным палітычным правам усё адно часцей карыстаюцца мужчыны: колькасць дэпутатак застаецца ніжэйшай за колькасць дэпутатаў, у нас ніколі не было прэм’ер-міністарак, а міністэрскія партфелі працягваюць дзяліцца традыцыйна і культурна абумоўлена (як і ў час БНР!): жанчынам даюць міністэрствы працы, сацыяльнага забеспячэння, інфармацыі ці аховы здароўя.


Тым не менш, сімвалічна важна ведаць, калі — хоць толькі і на паперы — беларускі атрымалі права голасу, калі пачалі галасаваць ці ўдзельнічаць у выбарах, якія часцяком нагадвалі фарс. Храналагічна першай датай эмансіпацыі і гендарнага зварушэння ў пытанні выбарчага права варта лічыць 21 лютага 1918 года, калі ўпершыню беларускам прапанавалі, надалі права голасу. Гэта яшчэ раз падкрэслівае дэмакратычнасць місіі БНР і агульнаеўрапейскую тэндэнцыю адкрыцця ў пытанні фемінізму, у якую ўпісваецца Беларусь. У 1918 годзе нашы суседкі — Літва, Польшча і Украіна — таксама надалі права голасу кабетам. А Латвія, Эстонія і Расія зрабілі гэта на год раней — у 1917-м.

Няхай запознена, але беларускі фемінізм аднаўляе для сябе яшчэ адзін важны гістарычны арыенцір — дату, доўгія гады схаваную ад беларусаў, падзабытую, перакручаную і заганеную савецкай гістарыяграфіяй. Таму цяпер штогод 21 лютага мы можам віншаваць усіх з адноўленым святам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: