Дэпартацыя 1940–1941 гадоў: «Бабуля, не плачце, Масква слязам не верыць!»

У 1940–1941 гадах не менш за 320 тысяч палякаў, беларусаў і іншых народаў было выселена ўглыб СССР
Дэпартаваныя ўглыб СССР палякі. Przerwane biografie. Relacje deportowanych z Polski w głąb Sowietów 1940–41, red. E. Kołodziejska-Fuentes, Warszawa 2020

Дэпартаваныя ўглыб СССР палякі. Przerwane biografie. Relacje deportowanych z Polski w głąb Sowietów 1940–41, red. E. Kołodziejska-Fuentes, Warszawa 2020

У Польшчы выйшла кніга ўспамінаў палякаў, дэпартаваных у 1940–1941 гг. углыб Савецкага Саюза.

Пасля падзей верасня 1939 года ўсходняй Польшчы, што ў беларускай і савецкай гістарыяграфіі вядома як «уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР», ва ўсходнія раёны СССР былі ў 1940–1941 гадах, у выніку чатырох дэпартацый, выселеныя не менш за 320 тысяч чалавек — перш за ўсё палякі, але не толькі, былі сярод рэпрэсіраваных і беларусы, а таксама яўрэі, украінцы.

Да 81-й гадавіны нападу СССР на Польшчу, што адзначалася 17 верасня, Цэнтр польска-расійскага дыялогу і згоды і фонд Ośrodek Karta выдалі кнігу „Przerwane biografie. Relacje deportowanych z Polski w głąb Sowietów 1940–41” («Перапыненыя біяграфіі. Сведчанні дэпартаваных з Польшчы ўглыб Савецкага Саюза ў 1940-1941 гадах»).

«...Яны прыйшлі па нас. Мамы не было. У той дзень яна паехала за горад па ежу. З намі засталіся бабуля і дзядуля. А гадзіне ночы нас разбудзіў моцны грукат у дзверы і вокны. Аканіцы былі зачыненыя, мы не бачылі, хто стукае. Рускія салдаты з вінтоўкамі ўварваліся, адчайна крычучы: «Давай, збірайся, пайшлі на двор!» У начной кашулі і басанож я выйшла паглядзець, што адбываецца. Бабуля ўстала на калені перад салдатамі і, плачучы, тлумачыла ім, што нікуды не пойдзе без дачкі і мацеры чацвярых маленькіх дзяцей, не кажучы ўжо пра тое, каб адпусціць дзяцей адных. Але яны адказалі: «Бабуля, не плачце, Масква слязам не верыць!» — гучыць голас з мінулага са старонак кнігі „Przerwane biografie. Relacje deportowanych z Polski w głąb Sowietów 1940–41”, складзенай з успамінаў і дзённікаў тых, хто перажыў дэпартацыі.

Дакументы на працягу больш як чвэрці стагоддзя збіралі ў фондзе Ośrodek Karta. Важкі і важны том уклала Эва Каладзейская-Фуэнтэс.

Эва Каладзейская-Фуэнтэс распавяла Польскаму радыё:

Першая дэпартацыя пачалася 10 лютага 1940 года. Гэта была самая масавая дэпартацыя, якая ахапіла 141 тысячу грамадзян даваеннай Рэспублікі Польшча. З іх 80% складалі палякі, а па 8% беларусы і ўкраінцы, якія таксама жылі на тэрыторыі РП. Першая, лютаўская, дэпартацыя 1940 года ахапіла перш за ўсё асаднікаў — як вайсковых, так і цывільных, а таксама сем’і супрацоўнікаў лясных служб.

Паводле «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы», асаднік — «у Польшчы ў перыяд з 1920 па 1939 год — урадавы пасяленец-каланіст на заходнебеларускіх, пераважна пагранічных землях».

Эва Каладзейская-Фуэнтэс:

Энкавэдзісты прыходзілі ў дамы людзей рана раніцай. І ў большасці ўспамінаў людзі пішуць, што гэта было чымсьці раптоўным. Таксама людзі не заўсёды ведалі, што з сабой узяць, што можна ўзяць, што можа спатрэбіцца, былі пэўныя абмежаванні. Першай дэпартацыі, мабыць, ніхто не чакаў. Яна праходзіла ў марознае надвор'е, тэмпература даходзіла да мінус 30 градусаў. Наступных ссылак таксама ніхто не чакаў, аднак людзі разумелі, што савецкія ўлады могуць дэпартаваць польскіх грамадзян з акупіраваных усходніх абласцей даваеннай Польшчы, якія знаходзіліся пад савецкім кантролем.

Сярод дэпартаваных асаднікаў былі часта шматдзетныя сем'і — з чатырма, пяццю, а то і шасцю дзецьмі. Разам з імі таксама былі дэпартаваны дзядулі і бабулі. Калі хтосьці і заставаўся, то гэта былі далёкія сваякі.

Эва Каладзейская-Фуэнтэс дадае, што тыя сасланыя, у каго заставаліся сваякі ў былой усходняй Польшчы (Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. — Рэд.), маглі атрымліваць ад іх пасылкі. Аднак пасылкі ішлі да атрымальніка некалькі тыдняў.

Эва Каладзейская-Фуэнтэс:

Другая дэпартацыя адбылася 13 красавіка 1940 года, і тады былі дэпартаваны сем’і асоб, якія былі арыштаваны савецкімі ўладамі, а таксама польскіх ваеннапалонных. Сярод выселеных былі перш за ўсё жонкі, мацеры, г.зн. у большасці жанчыны, а таксама дзеці. І гэта дэпартацыя датычыла 61 тысячы чалавек, якія былі высланы ў Казахстан.

Эва Каладзейская–Фуэнтэс расказвае гісторыю Ірэны Бандаровіч, чый муж быў расстраляны як «катынскі палонны» ў Харкаве. Сама ж пані Ірэна была саслана 13 красавіка 1940 года з малалетнім сынам у Казахстан. Яна ўвесь час у ссылцы спадзявалася, што яе муж жывы і пісала лісты, але не атрымлівала адказаў. Аднак гэта надзея, якая не памірала, падтрымлівала дух жанчыны. Яе лёс у Казахстане быў тыповы для дэпартаваных полек. Цікава, што іх саслалі не на катаржныя работы. Аднак яны не маглі не працаваць, бо павінны былі зарабляць на жыццё. Таму ўсе, прыбываючы на ​​месца ссылкі, ішлі ў калгасы або саўгасы, і працавалі або ў полі, або на фермах.

Эва Каладзейская-Фуэнтэс:

Трэцяя дэпартацыя адбылася ў чэрвені 1940 года і ахапіла г.зв. бежанцаў — людзей, якія ўцяклі з заходніх і цэнтральных тэрыторый Польшчы, занятых пасля 1 верасня 1939 года нямецкім войскам, на ўсходнія землі РП.

Большасць з дэпартаваных падчас «трэцяй хвалі» — 80 тысяч чалавек — складалі асобы яўрэйскай нацыянальнасці.

Чацвёртая дэпартацыя савецкімі ўладамі не была праведзена ў поўным аб’ёме, бо адбылася ў чэрвені 1941 года, калі немцы напалі на СССР. Яна закранула тэрыторыі Літвы і Латвіі, і калі гаварыць пра палякаў, то іх колькасць сярод высланых складала каля 30-40 тысяч чалавек.

Усяго ж трапілі ў лагеры ці былі дэпартаваны ў 1939-1941 гадах паўмільёна грамадзян Польшчы. Частцы дэпартаваных яшчэ ў перыяд Другой сусветнай вайны ўдалося выехаць з Савецкага Саюза ў складзе Арміі Андэрса.

Эва Каладзейская-Фуэнтэс:

У жніўні 1941 года была абвешчана амністыя польскім грамадзянам, і дэпартаваныя маглі пакінуць спецпасёлкі ссыльных і лагеры. Тым, каму ўдалося выехаць з паўночных абласцей СССР — Архангельскай, Валагодскай, Комі АССР і інш. — і дабрацца на поўдзень, дзе стваралася Армія Андэрса, пашанцавала: яны пакінулі межы СССР. Гэта прыкладна 40 тысяч цывільных асоб — у асноўным жанчыны і дзеці, і 120 тысяч мужчын, якія выйшлі з СССР у складзе Арміі Андрэса.

Не ўсім удалося выехаць са спецпасёлкаў. Па-першае, вельмі позна атрымлівалі пасведчанні — у верасні, часам у кастрычніку. На поўначы СССР ужо ўвосень дарогі былі непраезныя, рэкі замярзалі. Таму не ўсе змаглі выехаць. А некаторыя і не хацелі, бо баяліся ехаць на поўдзень, бо гэта была дарога ў невядомасць, не было вядома, куды дакладна ехаць. І, дарэчы, ва ўспамінах людзі пішуць, што падарожжа цягнікамі на поўдзень доўжылася некалькі тыдняў.

Цягнікі курсіравалі з аднаго месца ў другое не заўсёды паводле раскладу. Гэта адбывалася ўжо пасля нападу Германіі на СССР — на гэтай тэрыторыі панаваў хаос.

Самыя трагічныя гісторыі — пра дзяцей, якія загінулі, прапалі. Нехта з бацькоў пайшоў на станцыю па ежу, а ў гэты момант цягнік з дзецьмі з’ехаў. Або наадварот, дзіця выйшла з цягніка, састаў крануўся, і дзіця засталося на станцыі. Было многа сірот і такіх сямей, якія былі падзелены падчас гэтага падарожжа.

 

Кніга «Przerwane biografie. Relacje deportowanych z Polski w głąb Sowietów 1940–41».

Віктар Корбут, www.polskieradio.pl

 

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: