Дубрава. Людзі, трагедыі, артэфакты

Калі едзеш з Ракава ў Радашковічы, то немагчыма абмінуць вёску Дубрава. У даваенны час яна адыгрывала важную стратэгічную ролю на мяжы з БССР, а падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе там адбываліся падзеі, пра якія варта памятаць і сёння.

У памежнай роце Дубрава

Ад стражніцы да роты

У 1924 годзе пільнаваць памежны кардон паміж Другой Рэччу Паспалітай і СССР пачаў польскі Корпус аховы памежжа (КАП). Непасрэдна на мяжы яго структура складалася з трох звенняў. Мяжу ахоўвалі стражніцы, якія аб’ядноўваліся ў роты. Ротны штаб знаходзіўся ў тыле. Яшчэ далей быў гарнізон памежнага батальёна, у склад якога ўваходзілі роты і стражніцы. Менавіта ў Дубраве з 1924 года знаходзілася 12-я памежная рота, якая ўваходзіла ў склад 10-га памежнага батальёна КАП «Краснае». У канцы 1920-х гадоў штабу ў Дубраве падпарадкоўваліся памежныя стражніцы «Павязынь», «Вязынка», «Гурнавічы», «Шапавалы» і «Пялікшты». Вёскі, дзе размяшчаліся заставы, знаходзіліся адносна недалёка ад Дубравы.

Мапа дыслакацыі батальёна КАП «Краснае»

У сярэдзіне 1930-х гадоў памежнікам роты «Дубрава» прыходзілася ахоўваць 28 кіламетраў дзяржаўнай мяжы.

І сёння ў цэнтры вёскі можна знайсці элементы даваеннага польскага гарнізона. Зразумела, на даху штабнога будынка ўжо няма тыповай для праектаў архітэктара Тадэвуша Навакоўскага назіральнай вежы. Побач з будынкамі КАП знаходзяцца бетанаваныя сховішчы: у 1930-х гадах яны выкарыстоўваліся для захоўвання зброі і боепрыпасаў, а цяпер — для гаспадарчых патрэбаў мясцовых жыхароў.

Тут была памежная рота КАП «Дубрава»


КАП супраць дыверсантаў

Служба памежнікаў з роты «Дубрава» ў другой палове 1920-х гадоў не была спакойнай. У польскім архіве памежнай аховы ў Шчэціне захаваліся сотні старонак дакументаў, якія апісваюць здарэнні на мяжы. «У сувязі са шпіёнскай аферай арыштаваны Пётр і Караль Дуткевічы з вёскі Валокі, Міхаіл Кубрыкевіч з вёскі Павязынь, Юдзіт Чарэзіс з Радашковічаў. Яны накіраваныя ў Маладзечна. 21 снежня 1924 года нелегальна перайшла мяжу Яанна Бот (Скатоўская). На допыце яна прызналася, што з’яўляецца супрацоўніцай ДПУ з Масквы і была накіравана на шпіёнскую працу ў Польшчу. Пасля допыту жанчыну адправілі ў Экспазітуру Другога аддзела ў Вільню. 20 снежня гэтага года арыштаваныя Антоній Вайтовіч і Стэфан Рудзь з вёскі Сыцэвічы Радашковіцкай гміны Вілейскага павета за напад на жыхара вёскі Павязань Куніцкага. [...] 21 снежня а 17-й гадзіне афіцэр савецкай памежнай аховы паклікаў каменданта нашай стражніцы №46 “Гурнавічы” і праінфармаваў яго, што камендант савецкай брыгады, якая размяшчаецца ў Заслаўі, хацеў бы 22 снежня сустрэцца па важнай справе з камендантам нашага ўчастка­. Ён заявіў, што быццам бы савецкі памежны пост заўважыў ля мяжы насупраць Радашковічаў 20 конных і 20 пешых узброеных асоб. [...] Бальшавікі занепакоеныя, што мы выкрылі іх шпіёнска-дыверсійныя афёры, і мэтанакіравана спрабуюць перавесці нашу ўвагу на іншую тэму», — паведамлялася ў адной са справаздач КАП за 1924 год.

Памежная рота КАП

Цікава, што згаданая «міжкамісарская» сустрэча адбылася. На ёй бальшавіцкі камандзір заявіў польскаму падпалкоўніку Пытлю пратэст і абвінавачанне ў падрыхтоўцы на польскай тэрыторыі дыверсійнага атрада з мэтай перакідкі яго на савецкі бок. На гэта паляк згадаў, што ў раёне Гуі (тэрыторыя БССР) бальшавіцкі дыверсант Смольскі арганізаваў банду і тэрарызуе насельніцтва памежжа. Камендант з Заслаўя змяніў тэму размовы і ўпэўніў паляка, што «Польшчы нічога не пагражае».

У пачатку студзеня 1925 года патруль памежнай роты «Дубрава» наткнуўся на трох падазроных асобаў, якія адкрылі агонь па польскіх памежніках і збеглі на савецкі бок. Хутка пасля гэтага капаўцы пабачылі Васіля Барана. Апошні адстрэльваўся з «Нагана», дыверсанта прыкрывалі два савецкія памежнікі, якія суправаджалі Барана да мяжы. У выніку «нелегал» атрымаў раненне і трапіў у рукі капаўцаў. Следства паказала, што Баран быў агентам ДПУ з Мінска і з’яўляўся сувязным Смольскага. На допыце агент прызнаўся, што шукаў «калідор» на мяжы для пераводу атрада Смольскага з мэтай нападу на Радашковічы.

Праверка дакументаў капаўцамі ў памежнай зоне

Пазней спроба нападу на мястэчка ўсё ж адбылася. «16 лютага ў 20 гадзін жыхары Радашковічаў паінфармавалі дзяжурны ўзвод пра з’яўленне злачынцаў ля мястэчка. Быў выдадзены загад закрыць мяжу. Патруль натрапіў на сляды злачынцаў, і аднаго з іх, Шынфельда, параніў і ўзяў у палон. У час гэтай аперацыі цяжкае раненне ў жывот атрымаў радавы Юзаф Хмялеўскі, які пазней памёр у шпіталі ў Вільні. Тады ж польскія выведнікі ў Дубраве даведаліся, што атрад Смольскага перадыслакаваўся пад Ракаў і там пачаў «мабілізаваць» людзей. Акрамя гэтага, паводле дадзеных «Двуйкі», савецкія памежнікі павінны былі «спрашчаць» нелегальны праход беларускай моладзі з тэрыторыі Польшчы ў Савецкую Беларусь, каб мабілізаваць іх у Чырвоную Армію.

У той час было шмат чутак пра магчымую новую вайну паміж бальшавікамі і палякамі, і польская выведка надавала вялікую ўвагу ўсёй інфармацыі, што прыходзіла з Савецкай Беларусі.

На стражніцы КАП


«Нелегалы» і кантрабандысты

У лютым 1925 года каля вёскі Туркаўшчына ля слупа № 615 памежнікі роты «Дубрава» затрымалі Германа Сандара і Маю Урбановіч, якіх пазней перадалі ў рукі паліцыі ў Дубраве. У гэты ж час у раёне стражніцы «Вязынка» польскія «вартавыя мяжы» «ўзялі» Аўраама Апфельбаўма, які нелегальна ішоў у Польшчу. У сакавіку 1925 года ля Дубравы КАП затрымала сям’ю з пяці чалавек, якая мела дакументы, выпісаныя ў польскім консульстве ў Мінску і Маскве. Невядома, чаму гэтыя людзі не паехалі праз мяжу легальна: магчыма, у іх папросту не было грошай на квіток у цягнік Мінск — Коласава.

Кантрабандыст

У 1927 годзе ў раёне стражніцы «Шапавалы» польскі памежны патруль затрымаў мясцовага жыхара Рамана Налеўскага за тое, што той размаўляў з савецкім памежнікам: затрыманага перадалі паліцыі ў Дубраве. Там жа, ля вёскі Шапавалы, польскі патруль уступіў у бой з невядомымі, якія спрабавалі перарэ­заць дротавую загароду. У выніку «нелегалы» вымушаныя былі адступіць у БССР.

Кантрабандыст


Хапала і кантрабандыстаў. Аднойчы памежнікі затрымалі некалькі вазоў з гарэлкай, якія ехалі ў БССР. Іншым разам на гэтым напрамку ў рукі польскіх памежнікаў трапіў тавар фірмы «Усход. Акцыянерная кампанія Рынкевіч і Яноўскі», які савецкі прадпрымальнік хацеў вывезці з Польшчы, але занізіў фактычны кошт тавару. У выніку, рэчы засталіся на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.

Ёсць і яшчэ адзін важны момант, звязаны з дубраўскім гарнізонам КАП. Да вайны ў мястэчку знаходзіўся каталіцкі касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі. Святыня была пабудаваная ў пачатку ХІХ стагоддзя. Пасля здушэння паўстання Кастуся Каліноўскага царскія ўлады перадалі будынак праваслаўнай царкве.

Касцёл у Дубраве

Пасля 1921 года будынак вярнулі каталікам. У 1926–1929 гадах парафія ў Дубраве налічвала каля 2000 чалавек. З 1932 года ксяндзом пробашчам там быў Эдвард Мурончык. Пасля смерці «бацькі» Другой Рэчы Паспалітай, маршала Юзафа Пілсудскага, па ўсёй Польшчы прайшлі жалобныя мерапрыемствы: адкрываліся помнікі, мемарыяльныя дошкі, у касцёлах з’яўляліся званы. Адзін з такіх у 1935 годзе быў адліты за кошт жаўнераў, падафіцэраў і афіцэраў роты КАП «Дубрава» і быў размешчаны ў мясцовым касцёле.

Надпіс на звоне з Дубравы


Час выпрабаванняў

Апошнім камандзірам польскай памежнай роты ў Дубраве быў капітан Фелікс Мерка, якога ў ліпені 1934 года перавялі з батальёна КАП «Будслаў». На момант пераходу Чырвонай Арміі савецка-польскай мяжы 17 верасня 1939 года структура памежнай роты КАП «Дубрава» складалася са стражніц «Павязынь», «Вязынка» і «Шапавалы», а таксама рэзервовага ўзвода і камандавання.

Батальён КАП «Краснае» атакавалі падраздзяленні 100-й «крапасной» стралковай дывізіі РСЧА, 36-й кавалерыйскай дывізіі, а таксама памежнікі 15-га атрада памежных войскаў НКУС БССР з Заслаўя. Жыхар вёскі Павязынь Мікалай Таратута ўзгадваў штурм чырвонаармейцамі аднайменнай стражніцы: «17 верасня 1939 года, гэта была нядзеля, пачулі моцны грукат на вуліцы. Глянулі ў вокны, а там савецкі танк павольна заехаў у вёску, навёў гармату на гару, дзе стаяла польская стражніца, і стрэліў. Польскія жаўнеры ў адказ стралялі з вінтовак, але што зробіш стрэльбай супраць браніраванай машыны? Раптам чуем моцнае «ўра». Жаўнеры ў вострых шапках (гаворка ідзе пра «будзёнаўкі». — І.М.) пабеглі ў атаку на стражніцу. Шмат каго з палякаў узялі ў палон. Там не ўсе нават апрануцца паспелі. Былі таксама і параненыя. Праз дзень тут ужо шмат чырвонаармейцаў было і савецкай тэхнікі вайсковай. На Захад ішлі».

Ля штаба батальёна КАП Краснае

Больш жорсткі бой адбыўся ў месцы дыслакацыі стражніцы КАП «Шапавалы». Яе штурмавалі савецкія кавалерысты са 144-га палка. Камандзір заставы, капрал Нядзельскі, арганізаваў кругавую абарону, на вежы паставілі ручны кулямёт. Бой працягваўся некалькі гадзін, пасля чаго капаўцы здаліся. Цяжка паранены капрал памёр у савецкай памежнай камендатуры ў Заслаўі. На месцы дыслакацыі штаба роты КАП «Дубрава» баёў не было.

Савецкая ўлада затрымалася ў Заходняй Беларусі ненадоўга. Ужо летам 1941 года ў Дубраве былі нямецкія войскі — пачалася нацысцкая акупацыя, а разам з ёй Халакост. Ксёндз Эдвард Мурончык спрабаваў дапамагаць габрэям, а хлопчыка Эліяху (сына Шмуэля Перавоскага з Вільні) уладкаваў на працу ў касцёл памочнікам.

Касцёл у Дубраве


Унутры касцёла ў Дубраве

Аднак у кастрычніку 1942 года ў Дубраве з’явіліся «народныя мсціўцы». Партызаны вывелі ксяндза і загадалі паказаць дакументы. Той падпарадкаваўся. «Госці з лесу» ўбачылі ў дакуменце адзнаку, што нацыянальнасць ксяндза «беларус», пачалі абурацца, што так быць не можа і… забілі святара. Пахавалі Мурончыка побач з касцёлам.

Магіла ксяндза Мурончыка

З 1943 года новым настаяцелем касцёла Унебаўзяцца Дзевы Марыі стаў ксёндз Ян Такарскі. Яго ў 1948 годзе арыштавалі, і, відавочна, абвінаваціўшы ў супрацы з нацыстамі (касцёл у Дубраве працаваў падчас нямецкай акупацыі), накіравалі ў лагер на 10 гадоў.

Магіла ксяндза Яна Такарскага

Будынак святыні перадалі спіртзаводу. Тады ж адзін з жыхароў Дубравы зняў званы і схаваў іх. У 1980-я гады студэнты, што прыехалі на сельскагаспадарчыя працы ў вёску, развялі вогнішча на даху былога касцёла: будынак згарэў. Сёння пра былую веліч старажытнага касцёла нагадваюць мураваныя сцены ды парэшткі калон. А яшчэ артэфакты даваеннага часу: побач са сценамі святыні аўтар артыкул выпадкова знайшоў «польскага арла». Менавіта такія кукарды насілі на фуражках жаўнеры КАП.

У траўні 2018 года аматары беларускай гісторыі падчас экспедыцыі знайшлі схаваныя званы. Сярод іх быў і той, што ў 1935 годзе адлілі па замове жаўнераў польскай памежнай роты «Дубрава». Цяпер гэты артэфакт перададзены ў адзін з мінскіх касцёлаў.



Фота з архіва аўтара



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: