«Дзень Волі павінен стаць дзяржаўным святам. Выхадным — з канцэртамі і парадам»

25 сакавіка, як у літоўцаў 16 лютага, павінна стаць дзяржаўным святам, выхадным днём. Гэта павінна быць радаснае свята, лічыць Анатоль Сідарэвіч. Гісторык распавёў «Салідарнасці», як адзначалі 25 Сакавіка пры паляках, камуністах і Лукашэнку. 
Ганаровая варта Першага беларускага палка каля ваеннай камендатуры. Гродна,1919-ы

Ганаровая варта Першага беларускага палка каля ваеннай камендатуры. Гродна,1919-ы

Першыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі былі адзначаныя ў сакавіку 1919-га ў Гродне, які стаў часовай сталіцай БНР.

Урачысты вечар прайшоў у клубе «Беларуская хатка». Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч у кнізе «Шляхамі БНР» так апісвае ўрачыстасці: «У прызначаны час усе пакоі клуба аказаліся запоўненымі прадстаўнікамі самых розных слаёў насельніцтва Гародні. Першым выступіў Антон Луцкевіч. У сваёй прамове, тлумачачы прычыны хуткага ад’езду з гораду, ён звярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежнай». 

Забягаючы наперад, адзначым сімвалічнасць моманту: 101-я угодкі БНР таксама адзначылі вялікім святочным канцэртам у Гродне.

Як угодкі БНР святкавалі ў Беларусі і свеце ў наступныя гады, «Салідарнасці» расказаў гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Паводле слоў даследчыка гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, у Заходняй Беларусі 25 Сакавіка святкавалі штогод — да 1937-га.

— І богаслужэнні ў касцёлах і цэрквах, і грамадзянскія мерапрыемствы пад бел-чырвона-белым сцягам. Польская ўлада глядзела на гэта скрыва, але цярпіма. Паколькі гэта было не ў зуб камуністам, заходнебеларускім у тым ліку. І, канешне, Маскве. Але ў 1937-м і польская ўлада забараніла адзначаць гэтую дату. 

Паваенныя эмігранцкія паштоўкі

 

Адзначалі ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР і за мяжой:

— Паваенная эміграцыя была ў значнай ступені палітычнай, а не эканамічнай. І таму сцяг 25 Сакавіка нашы эмігранты неслі годна ўсе гэтыя гады. Дзе б яны ні былі — у Германіі, Аўстрыі, а потым у ЗША, Аўстраліі. І прыцягвалі да святкавання губернатараў, сенатараў і нават кангрэсменаў Злучаных Штатаў.

У часы БССР з Днём незалежнасці віншавалі адно аднаго людзі, якія памяталі пра 25 Сакавіка: «Паціскалі адно аднаму рукі, і ўсе ведалі пры гэтым, у сувязі з чым». 

 

25 сакавіка 1989-га студэнт Тэатральна-мастацкага інстытута Алесь Пушкін зладзіў палітычны перформанс, прысвечаны 71-й гадавіне абвяшчэння БНР. Гэта была першая акцыя да Дня Волі ў найноўшай гісторыі краіны. Фота з архіва Алеся Пушкіна

У 1990-м у Мінску да Дня Волі быў надрукаваны нулявы нумар газеты «Свабода», які 25 сакавіка раздавалі проста з грузавіка на тагачаснай плошчы Леніна.

— У тым нумары ўпершыню на тэрыторыі БССР былі апублікаваныя ўсе тры Устаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. А таксама знакамітае фота, якое часта называюць «першым урадам БНР», але я лепш назваў бы яго «дзеячы БНР». Тое фота я прывёз з Вільні, і Сяргей Дубавец (выдавец «Свабоды». — С.) быў вельмі здзіўлены, — прыгадвае Анатоль Сідарэвіч.

 

Выява kamunikat.org

 

У першай палове 1990-х Дзень Волі адзначаўся шырока. Кульмінацыяй стаў 1993-ці, калі на 75-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі у Мінск запрасілі Язэпа Сажыча, тагачаснага старшыню Рады БНР.

Кажучы пра гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі, гісторык задае сустрэчнае пытанне:

— Ці быў хоць адзін год, каб 25 Сакавіка не адзначылі хоць бы якім чынам? Старая апазіцыя ўсе гэтыя дваццаць пяць гадоў трымала сцяг. І калі прыйшла новая апазіцыя, яна была без сцягу. Старая прынесла ёй сцяг. І цяпер увесь свет пабачыў, што мы беларусы, мы — нацыя. 

У 2017-м да стагоддзя БНР выпусцілі адмысловую лімітаваную серыю піва

Анатоль Сідарэвіч падкрэслівае, што апошнюю чвэрць стагоддзя пытанне БНР было дыскусійным у гістарычным асяроддзі. У 2018-м удалося вынесці на афіцыйны ўзровень даўнюю думку пра тое, што без БНР не было б і савецкай Беларусі, як і Беларусі сённяшняй.

— І як толькі гэтую думку працягнулі, вы бачылі, што рабілася на стагоддзе БНР каля Опернага тэатра. 

Дзясяткі тысяч чалавек прыйшлі да Опернага тэатра ў Мінску на 100-годдзе БНР 25 сакавіка 2018-га. Фота: Сяргей Гапон

Анатоль Сідарэвіч падзяліўся ўласнымі думкамі, якім мусіць быць Дзень Волі:

— 25 сакавіка, як у літоўцаў 16 лютага, павінна стаць дзяржаўным святам, выхадным днём. Няхай у гэты дзень будуць розныя маніфестацыі, канцэрты, імпрэзы. А чаму б яшчэ і не вайсковы парад? Адным словам, гэта павінна быць радаснае свята.

Гісторык дадае, што Днём незалежнасці сучаснай Беларусі павінна стаць 25 жніўня.

gazetaby.cot.lt


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: