Галадоўка: калі цела становіцца зброяй

Апошнім часам у беларускім палітычным лексіконе ўсё часцей чуваць пра «палітычную галадоўку». А між іншым гэтаму інструменту барацьбы за свае правы амаль 2500 гадоў.
Увесь свет 17 сакавіка гучна адзначыў дзень Святога Патрыка — нацыянальнае свята ірландцаў, якія, магчыма, падаравалі свету не толькі кельцкі крыж і віскі. Не выключана, што яны прыдумалі і такі метад палітычнай барацьбы, як галадоўка. Аказваецца, у дахрысціянскай Ірландыі галадоўка, праўда, у выглядзе посту, актыўна выкарыстоўвалася для дасягнення справядлівасці. Рытуал, вядомы як Troscadh, дапускаў, каб тыя, хто пратэстуе супраць злачынства, праводзілі пост на парозе хаты злачынца. Для апошняга гэта была страшная страта іміджу, паколькі парушаўся закон гасціннасці. Дазволіць чалавеку памерці на парозе за правіну, у якой яго вінавацілі, лічылася вялікай ганьбай.

Зрэшты, на лаўры першаадкрывальніка ў гэтай сферы таксама прэтэндуе і Індыя. Прычым практыка, калі хтосьці на знак пратэсту публічна посціцца каля дзвярэй чалавека, які, на погляд галадоўніка, парушыў нейкія правілы, была адмененая ўрадам толькі ў 1861 годзе. Гісторыкі лічаць, што метад галадоўкі ўзыходзіць да 750–400 гадоў да нашай эры. Згадкі пра яе сустракаюцца ў Рамаяне.

А вось піянерамі палітычнай галадоўкі ў наш час сталі суфражысткі — актывісткі руху за прадастаўленне жанчынам выбарчых правоў. У пачатку ХХ стагоддзя яны часта абвяшчалі галадоўкі ў брытанскіх турмах. Часам нават паспяхова. Так, Мэрыён Данлоп у 1909 годзе была вызваленая, паколькі ўлады не хацелі, каб яна памерла і стала пакутніцай.

Тады ж, прызнаючы эфектыўнасць галадовак у турмах, улады прыдумалі метад гвалтоўнага кармлення. Таксама супраць галадовак быў прыняты закон, які ў народзе празвалі «Закон пра катоў і мышэй». Галадоўкі дапускаліся, зняволеную адпускалі на волю, як толькі галадоўка выклікала сімптомы хваробы. Аднак калі здароўе суфражысткі аднаўлялася, яе зноў вярталі на нары.

Гвалтоўнае кармленне суфражысткі Сільвіі Панкхёрст Выява: Вікіпедыя

Гвалтоўнае кармленне суфражысткі Сільвіі Панкхёрст Выява: Вікіпедыя

Услед за феміністкамі галадоўку ўзялі на ўзбраенне змагары за незалежнасць Ірландыі. Найбольш гучнай акцыяй стала справа Томаса Эша, які быў асуджаны на два гады катаржных работ у 1917-м. Пасля таго, як ён абвясціў галадоўку, адміністрацыя пачала карміць яго сілком. У выніку Эша перавезлі ў шпіталь, дзе ён памёр праз пару гадзін. Пры расследаванні прычынаў смерці спецыялісты прыйшлі да высновы, што Эш памёр ад сардэчнай недастатковасці, якая стала вынікам прымусовага кармлення. Смерць Томаса Эша і 30-тысячная працэсія, якая праводзіла яго цела на могілкі, моцна паўплывалі на рашучасць ірландскага народа дамагацца незалежнасці.

Напэўна, на прыкладзе Ірландыі брытанцы вывучылі ўрок і скарысталіся ім у Індыі, дзе ў турмах мясцовыя нацыяналісты, у тым ліку і Махатма Гандзі, таксама часта абвяшчалі галадоўкі. Адзін з такіх вязняў-галадоўнікаў у 1929-м нават паставіў «рэкорд» — прагаладаў 116 дзён. Брытанскія ўлады часта саступалі патрабаванням галадоўнікаў, каб не ствараць ім папулярнасць.

А вось па той бок жалезнай заслоны ў выпадку галадовак у турмах, як правіла, ужывалася гвалтоўнае кармленне. Так, у 1970–1980-я ахвярай такой практыкі быў фізік і грамадскі дзеяч Дзмітрый Сахараў, які неаднаразова абвяшчаў галадоўкі. Пазней ён узгадваў: «Мяне валілі на ложак, прывязвалі рукі і ногі. На нос адзявалі тугі заціск, так што дыхаць я мог толькі праз рот. Калі ж я адкрываў рот, каб удыхнуць паветра, у рот улівалася лыжка пажыўнай сумесі з булёну з працёртым мясам. Часам рот адкрывалі прымусова з дапамогай рычага, які быў устаўлены паміж дзясен».

Вялікі ўплыў на падыходы ўладаў да палітычнай галадоўкі аказала справа баевікоў Ірландскай Рэспубліканскай Арміі (IRA), якія пачалі галадоўку ў брытанскіх турмах у 1981 годзе. Патрабаванні падаваліся не такімі і жудаснымі: вярнуць статус палітычных зняволеных, права не насіць турэмную робу, права на адзін візіт, адну пасылку і адзін ліст на тыдзень і гэтак далей. Аднак урад адмовіўся ісці на саступкі.

5 траўня 1981 года памёр Бобі Сэндс, пасля чаго тагачасная прэм’ерка Маргарэт Тэтчар прамовіла знакамітую фразу: «Ён сам зрабіў выбар забраць у сябе ўласнае жыццё». Адначасова ў прэсе пачалася кампанія за жорсткае стаўленне да ўдзельнікаў галадовак. «Шантаж праваліўся. Грамадства, якое жорстка супрацьстаяла гвалту на працягу доўгіх крывавых гадоў, застанецца непахісным», — пісала, напрыклад, The Sun. За кошт атакі прэсы галадоўкі, якія раней выклікалі як мінімум гуманістычнае спачуванне, пачалі прадстаўляць як форму шантажу і маніпуляцыі.

Цяпер арсенал барацьбы з палітычнымі галадоўкамі стаў яшчэ больш разнастайны. Акрамя прымусовага кармлення і кампаній па дыскрэдытацыі стаў папулярным медыятролінг галадоўнікаў. Каб не дапусціць стварэння ім культу пакутнікаў, іх учынкі малююць як пародыю на галадоўку. Такім чынам, напрыклад, у 2012-м украінскія праўладныя СМІ апісвалі галадоўку Юліі Цімашэнка, якая трапіла тады за краты. «За дзесяць дзён галадоўкі Юлія Цімашэнка паправілася на два кілаграмы!» — жартавалі журналісты, блізкія да Партыі рэгіёнаў.

Тым не менш, метад «палітычнай галадоўкі» па-ранейшаму ў модзе. Калі мы адкрыем навінавыя сайты, то выявім, што акрамя зняволеных у беларускіх турмах сёння пад палітычнымі лозунгамі галадаюць індыйскія прафсаюзнікі, анархіст у афінскім «цэнтрале», эколагі Чыкага, мігранты на Канарскіх выспах і гэтак далей. Для большасці з гэтых людзей галадоўка, безумоўна — акт адчаю, апошні сродак быць пачутым. Ці пачуе людзей дзяржава, напэўна, залежыць ад ступені яе цывілізаванасці і ўзроўню палітычнай культуры.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: