Гісторык просіць Пасольства Ізраіля прысвоіць Ларысе Геніюш званне праведніцы свету

Гэта ўжо другі яго зварот. На першы Зміцер Дрозд так і не атрымаў адказу.

Гісторык Зміцер Дрозд звярнуўся ў Пасольства Ізраіля з просьбай прысвоіць ганаровае званне Праведнікі народаў свету сябрам Беларускага камітэта Самадапамогі ў Празе, у ліку якіх Ларыса Геніюш, Іван Геніюш, Васіль Захарка, Васіль Русак і Пётр Бокач, за выратаванне трох членаў сям'і Вольфсон — яўрэяў, што ў 1941–1945 гадох жылі ў Празе, паведамляе «Салідарнасць».

«Дзякуючы самаадданаму подзвігу сяброў Камітэта, Вольфсаны атрымалі дакумент, які сведчыць, што яны беларусы, праваслаўныя, хаця ўсім сябрам Камітэта было вядома, што яны габрэі, — піша ў сваім звароце Зміцер Дрозд. — Выдаючы падобны дакумент, усе сябры Камітэта рызыкавалі сваім жыццём. Дзякуючы гэтым дакументам, сям'я Вольфсанаў перажыла акупацыю і засталася жывой».

Свой зварот гісторык накіраваў у Мемарыяльны комплекс гісторыі Халакосту Яд Вашэм. Паводле яго слоў, падобны электронны зварот ён накіроўваў яшчэ ў лютым 2018 года, аднак да гэтага часу не атрымаў ніякага адказу.

«Магчыма, што мой ліст трапіла ў спам, у сувязі з гэтым дублюю яго публічна з дадаткам у тэксце дакументаў у надзеі на атрыманне адказу», — адзначае Зміцер Дрозд.

У якасці пацверджання подзвігу сябраў Камітэта гісторык прыклаў дакументы з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, у якіх знаходзяцца анкеты сям'і Вольфсан, што былі запоўненыя пры іх уступленні ў Беларускі камітэт Самадапамогі ў Празе, а таксама прадставіў урыўкі з мемуараў Ларысы Геніюш, у якіх яна распавядае пра гэтую гісторыю.

 

 

«Усе сябры Беларускага камітэта Самадапамогі ў Празе рызыкавалі жыццём, ведалі пра гэту небяспеку і выратавалі габрэйскую сям'ю, што цалкам адпавядае патрабаванням прысуджэння ім звання Праведнікі народаў свету», — адзначае ў сваім звароце Дрозд.

Паводле gazetaby.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!