«Грошы, паперу і алоўкі трымаць у камерах забаронена»

Падчас працы ў польскіх архівах я знайшоў шэраг дакументаў, звязаных з затрыманнем у 1920–1930-я гады на мяжы з БССР польскіх вайскоўцаў, памежнікаў і выведнікаў. Гэтых людзей звычайна чакаў цяжкі лёс і перспектыва знікнуць у Курапатах ці ГУЛАГу. Аднак бывалі і гісторыі, якія заканчваліся не так трагічна.

Людвіг Шміт


Няўдалая выведка

У траўні 1929 года на стыку стражніц польскага Корпуса аховы памежжа (КАП) «Дзісна» і «Чарапы» да савецкіх памежнікаў трапіў старшы сяржант 5-га батальёна КАП Людвіг Шміт (нарадзіўся ў 1898 годзе ў Кракаве). Яго паланілі падчас спробы перакідання польскага агента на савецкі бок.

Месца для гэтага было выбранае невыпадкова. Насупраць польскай стражніцы «Дзісна» знаходзілася савецкая памежная застава «Луначарская Слабада», а, у сваю чаргу, суседзямі стражніцы «Чарапы» былі савецкія памежнікі з заставы «Лужкава». На стыку гэтых падраздзяленняў маглі быць «мядзведжыя куты», куды савецкія «зялёныя фуражкі» не заходзілі. Аднак Шміту і агенту польскай «Двуйкі» не пашчасціла. Іх усе ж затрымалі памежнікі 13-га памежнага атрада НКУС БССР з Полацка.

Першапачаткова польскага памежніка прывезлі на памежную камендатуру ў Арэхоўна. Пазней яго накіравалі ў Полацк, а адтуль — у Мінск, дзе на допытах Шміт прызнаўся, што з’яўляецца выведнікам. Бальшавікоў асабліва цікавіла, каго з іх агентаў затрымалі на тэрыторыі паўночных ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. Бачачы, што сітуацыя «пахне газай» Людвіг Шміт... пагадзіўся на супрацу з савецкай выведкай! «Я пагадзіўся на савецкую прапанову таму, што спадзяваўся, што мяне хутчэй «абмяняюць» і вернуць у Польшчу», — прызнаваўся на допыце польскім контрвыведнікам памежнік ужо пасля таго, як вярнуўся ў Польшчу ў 1932 годзе.

Савецка-польская мяжа ў раёне Дрысы


Вязень «Амерыканкі»

У сталіцы БССР падафіцэра КАП размясцілі ў камеры №5 унутранай турмы ДПУ «Амерыканка». «Падчас майго знаходжання ў Мінску я заўважыў, што вязні, якіх арыштавалі па шпіёнскіх і контррэвалюцыйных справах, у асноўным, сядзяць у адзіночных камерах. У агульных камерах на першым паверсе сядзелі «кулакі», польскія дэзерціры і так званыя «нэпманы». З «адзіночак» не выводзілі на шпацыр. Гуляць ходзяць толькі вязні з агульных камер. Шпацыр працягваецца 30 хвілін на дзень.

Крымінальныя злачынцы ў «Амерыканцы» не сядзяць. Наглядчыкі не размаўляюць з вязнямі. Амаль кожны другі дзень у камеры робяць ператрус. Грошы, паперу і алоўкі трымаць у камерах забаронена. Гэтыя рэчы можна мець толькі тады, калі ёсць дазвол следчага. Металёвыя гузікі, гаплікі ад штаноў і падвязкі адбіраюць, каштоўныя рэчы захоўваць не дазваляюць. Кожны вечар адбываецца «паверка», у прыбіральню пускаюць два разы на дзень. Ежу наглядчыкі падаюць праз акенца ў дзвярах. Допыты адбываюцца ў асноўным уначы.

У «Амерыканцы» сядзяць тыя, каму пагражае смяротнае пакаранне. Напрыклад, у лютым 1930 года ў адну ноч на расстрэл павезлі 45 кулакоў. На расстрэл забіраюць ноччу. Тым, каго выводзяць на расстрэл, звязваюць рукі. Бяруць звычайна па 6 чалавек. Часта робяць так: забіраюць на расстрэл таго, хто маўчыць на допытах, і прымушаюць глядзець на расстрэл, а потым пачынаюць яго дапытваць.

Акрамя гэтага, для тых, хто маўчыць на допытах у «Амерыканцы», ёсць два карцары: адзін унізе, у прыбіральні. Я бачыў аднаго чалавека, які сядзеў там некалькі тыдняў, у кале па калена. Ён страціў зрок. Гэты чалавек раней некалькі разоў перакідваўся ў Польшчу і вяртаўся назад.

Галіцца і стрыгчыся не дазваляюць. На допытах чалавеку стараюцца давесці, што яму пагражае смерць, і толькі ДПУ можа яму дапамагчы. Тым, хто пагаджаецца супрацоўнічаць з савецкай выведкай, змякчаюць рэжым. У ДПУ ў Мінску працуюць габрэйкі-машыністкі, і, як казаў былы царскі палкоўнік Палюбінскі, іх можна падкупіць. [...]

Дакументы Л. Шміта з польскага архіва


Да мяне першапачаткова ставіліся кепска, але пазней, калі я пачаў атрымліваць грошы і пасылкі з Польскага консульства, а потым дамогся сустрэчы з консулам, адносіны змяніліся. Турэмныя ўлады пачалі ставіцца да мяне больш ветліва. Я распавёў консулу, у якіх цяжкіх умовах знаходжуся. Самі вязні, а гэта былі ў асноўным беларусы, палякі і савецкія вайскоўцы, да мяне ставіліся нармальна. Бальшавіцкія жаўнеры часта мяне пыталіся, ці Польшча прыме іх, калі яны збягуць на захад.

Сярод вязняў быў чырвонаармеец 13-га памежнага атрада. Яго бацьку арыштавалі і выслалі. Атрымаўшы ліст ад бацькі, ён паказаў яго іншым чырвонаармейцам, за што атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі [...] Сядзеў са мной таксама камандзір палка з Мінска, якога арыштавалі за п’янства. Я з ім увесь час спрачаўся, бо не мог пагадзіцца з тым, што ён рабіў з Чырвонай Арміі ўзор дасканаласці. У гэтых спрэчках мне дапамагаў радавы Раманоўскі з батальёна КАП», — адзначаў Шміт.


Па этапе

Суд над польскім памежнікам адбыўся 4 верасня 1929 года, аднак і пасля яго Шміт працягваў сядзець у адзіночнай камеры. У гэты час на падафіцэра КАП працягвалі ціснуць, прымушаючы да супрацы з савецкай выведкай. Зачытвалі паказанні агента Мохава, якога затрымалі разам са Шмітам. Цікавым момантам з’яўляецца тое, што затрыманага памежніка прымусілі чытаць раман Бруно Ясеньскага «Палю Парыж», галоўнай ідэяй якога з’яўляецца думка, што капіталістычны свет знутры сам з’ядае сябе і прыво­дзіць да катастрофы. Да слова, галоўны герой рамана, азлоблены на багатых парыжан, выкрадае прабіркі з чумой і атручвае з іх дапамогай рэзервуары пітной вады, што прыводзіць да эпідэміі ў сталіцы Францыі.

Пачатак 1930-х. Парад у Менску


Відавочна, бальшавікі да канца не паверылі Шміту, бо ў ліпені 1930 года польскага памежніка пасадзілі ў эшалон з вязнямі і павезлі ў Архангельск. Так пачаўся найбольш цяжкі этап у жыцці польскага памежніка.

«На ўсю дарогу нам выдалі па тры селядцы, і кожны дзень давалі па кавалку хлеба і вядро гарачай вады на вагон. Камендантам канвою быў афіцэр, у якога было тры шпалы ў пятліцах. Бывалі выпадкі, калі цягнік ішоў чатыры дні, а хлеба давалі на два. Пры гэтым канваіры прадавалі хлеб вязням па 10 рублёў за бохан. [...] Тракт Сыктыфкар–Ухта выкарыстоўваўся, у асноўным для транзіту нафты. Для звычайных жыхароў ён не адыгрываў ніякай ролі», — узгадваў у пратаколе допыту ў 1932 годзе польскі памежнік.

Замежнікаў актыўна выкарыстоўвалі на лесанарыхтоўках і будаўнічых працах. Баржы, цяжкая праца, голад. Урэшце польскі памежнік «даслужыўся» да «старасты лагернага пункта». «Вязні ўкраінцы і беларусы добра ставяцца да вязняў-палякаў. Вераць у тое, што Польшча іх вызваліць. Бываюць выпадкі, калі беларусы крытыкавалі польскае войска, якое ў часы вайны супраць бальшавікоў за рабаванні, якія тыя рабілі, і асабліва атрады генерала Балаховіча. У сваю чаргу, сярод украінцаў Махно лічыцца вялікім героем і абаронцам сялян. Каўказцы выказваюцца пра Польшчу і польскага жаўнера з павагай і па сёння з’яўляюцца галоўнымі ворагамі савецкай улады. Выглядае, што амаль уся Расія жадае здацца хоць д’яблу, каб толькі вызваліцца ад савецкай улады. Габрэяў ненавідзяць інтэлігенцыя і сяляне. Таму, каб сёння ў лагеры падняць паўстанне, хопіць і сотні вінтовак з патронамі», — адзначаў польскі памежнік.


У сталіцы краіны Саветаў

У красавіку 1932 года польскага грамадзяніна перавялі з Усць-Вымскага лагера ў Котлас, а адтуль у Маскву, дзе размясцілі ў агульнай камеры №51, 9 калідора турмы ДПУ «Бутырка». Па прызнанні Шміта, яму часта прыходзілася «падкупаць» крымінальных злачынцаў, каб тыя яго абаранялі. «Тут у камерах сядзела па 200–250 чалавек. Этапы ў «Бутырку» прыбываюць амаль тры разы на тыдзень. Было шмат каўказцаў, вайскоўцаў, прадстаўнікоў беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі», — узгадваў вязень.

У Маскве з памежнікам зноў пачалі актыўна працаваць савецкія выведнікі. У жніўні 1932 года Шміта вярнулі ў Архангельск, на этапны пункт «Бакарыца», адкуль праз 10 дзён няшчаснага перавялі ў архангельскую турму. Урэшце польскага памежніка этапавалі ў «Бутырку», дзе пастрыглі, пагалілі і пасадзілі ў турэмны эшалон, які ішоў з Яраслаўля ў Коласава, на савецка-польскую мяжу. У верасні 1932 года старшага сяржанта КАП Людвіга Шміта перадалі польскім уладам.

Польскі памежнік назірае за лініяй мяжы

У Польшчы ўраджэнца Кракава пачалі дапытваць польскія контрвыведнікі. Дзякуючы пратаколам, якія яны склалі падчас допытаў у Баранавічах у кастрычніку 1932 года, польская выведка, а таксама і грамадства даведаліся не толькі пра асаблівасці дзейнасці АДПУ, але і пра структуру ГУЛАГу і сістэму арганізацыі прымусовай працы ў краіне Саветаў. На жаль, мы не ведаем, што было далей з гэтым чалавекам. На асабовай справе Людвіга Шміта польскі контрвыведнік пазначыў: дзяржаўная лаяльнасць — не ўпэўненая, выкарыстанне для выведвальнай працы — выключанае, нагляд — абавязковы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!