«Гулялі ў тым жоўтым пясочку…»

Успаміны Ніны Банцар, як і іншых сведак злачынстваў сталінскага рэжыму, маюць вялікае значэнне. Яны агаляюць цэлы пласт антычалавечых дзеянняў таталітарнай савецкай дзяржавы па масавым знішчэнні людзей, якое адбывалася ў гіганцкіх маштабах. Таму крытычна важна захоўваць і задакументоўваць жывую памяць.

Ніна Архіпаўна Банцар (у дзявоцтве Бацян). Фотаздымак з сямейнага архіву Ігара Банцара

З моманту адкрыцця праўды пра Курапаты ў 1988 го­дзе ў публікацыі артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці» былі праведзеныя тры дзяржаўныя камісіі, якія факталагічна пацвердзілі, што масавыя расстрэлы ў гэтым урочышчы здзяйснялі з 1930-х па 1941 год. Вельмі важным пры гэтым было і застаецца збіранне вусных сведчанняў відавочцаў гэтых расстрэлаў — базісу, на якім сёння грунтуецца асноўная доказная інфармацыя.

Усе астатнія дадзеныя (перадусім, дакументальная частка), пэўна, збольшага знішчаная. Пра гэта сведчаць адказы ўпраўленняў КДБ з 1980-х гадоў пра адсутнасць дадзеных пра месцы расстрэлаў. Ацалелая інфармацыя, меркавана, утрымліваецца ў фондасховішчах цэнтральнага архіву і архіваў абласных упраўленняў КДБ Беларусі.

Ніна Банцар нарадзілася ў 1925 годзе ў вёсцы Цна-Ёдкава, што знаходзілася літаральна за кіламетр ад расстрэльнага курапацкага лесу. Сведчанні перадаў яе ўнук — Ігар Канстанцінавіч Банцар — гродзенскі грамадскі актывіст, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Ігар Банцар


«Мая бабуля, Ніна Архіпаўна Банцар, у дзявоцтве Бацян, нарадзілася ў 1925 годзе ў вёсцы Цна-Ёдкава Сляпянскага сельсавета Мінскага раёна, цяпер гэтая тэрыторыя ўваходзіць у склад Мінска.

Яна жыла ў гэтай вёсцы разам з бацькамі да вайны і падчас вайны. У 1944 годзе, пасля вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй, бабуля вырашыла пайсці навучацца на медсястру. Курсы медсёстраў скончыла пры мінскім абласным камітэце Чырвонага Крыжу ў красавіку 1945 года.

Пасведчанне пра праходжанне навучання на курсах медсёстраў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, 07.04.1945 г.


 Яе рыхтавалі на фронт, аднак вайна скончылася, і яна па размеркаванні была накіраваная ў Брэсцкую вобласць. Пасля была пераведзеная ў Ваўкавыск, дзе да 1949 года працавала медсястрой у лагеры нямецкіх ваеннапалонных. Гэты лагер знаходзіўся побач з заводам «Металіст». Там жа яна пазнаёмілася з маім дзедам, Канстанцінам Банцарам — карэнным ваўкавычанінам, з якім у лютым 1949 года пашлюбавалася».

Ігар паказвае пажоўклае пасведчанне пра шлюб, у якім можна выразна пабачыць запіс пра месца нараджэння Ніны Банцар — вёска Цна-Ёдкава.

Пасведчанне пра шлюб Ніны Бацян з Канстанцінам Банцарам, 12.02.1949 г.


Ніна Бацян — ужо Банцар — працягвала працаваць у сістэме аховы здароўя да выхаду на пенсію.

«Ніна Архіпаўна пайшла з жыцця ў 1996 годзе. Я захоўваю яе вусцішныя ўспаміны пра расстрэльны лес, пра Курапаты, — Ігар Банцар не хавае хвалявання. — Вёска Цна-Ёдкава знаходзілася непадалёк ад месца, дзе непасрэдна адбываліся расстрэлы. Бабуля распавядала, што ў 1937 годзе, калі ёй было 12 гадоў, яна разам з іншымі дзецьмі ўдзень прабіралася за высокі плот, дзе расстрэльвалі людзей. Яны адшуквалі там гільзы, трапляліся нават гузікі ад адзення. Ахова іх ганяла, каб не адкапалі раптоўна трупы. Бацькі разумелі, што там адбываецца, і сувора забаранялі дзецям набліжацца да гэтага месца. Аднак гэта ж дзеці, што ім забароніш? Усё адно пралезуць. Але самае страшэннае ў яе расповедах: расстрэльвалі нагэтулькі часта, што ўначы дзеці засыналі пад гукі стрэлаў, гэта для іх сталася абсалютна нармальным. Ніна Архіпаўна распавядала, што, наадварот, калі не стралялі, то гэта было нешта незвычайнае, дзіўнае, узнікала пытанне: «Чаму няма стральбы?». Гэта жахліва насамрэч. Яны не разумелі, што адбываецца, гэта ж колькі трэба расстраляць чалавек дзеля таго, каб жыхары навакольных вёсак успрымалі расстрэлы як нармальную з’яву, а калі наступала цішыня — што нешта было не так?» — эмоцыі захлынаюць Ігара.

Ніна Банцар

«Расстрэлы адбываліся на працягу чатырох гадоў. Хаця гэта і гучыць жахліва, але людзі прызвычайваліся да расстрэлаў паблізу. Бабуля казала, што канвеер смерці працаваў бездакорна. «Варанкі» прыязджалі і нязменна вярталіся ў Мінск за новай партыяй тых, каму была наканаваная смерць. Яна выразна памятала, як прыязджалі гэтыя машыны. Размовы пра гэта не віталіся — бацькі наогул забаранялі казаць штосьці на гэты конт, бо, як яна ўзгадвала, «сёння ты нагаворыш, а заўтра «варанок» можа завярнуць і да цябе». Жылі ў суцэльным страху».

«Я мяркую, пералом у бабулі пачаўся тады, калі адбылося развенчванне культу Сталіна, калі пачалася палітычная амністыя. Яна ўсведамляла, што так званых «ворагаў народу» расстрэльвалі проста так, ні за што. Савецкіх людзей пераконвалі, што забіваюць ворагаў, — і што ў выніку выходзіць? Паўсюдна адны ворагі? У яе як чалавека, які штодня бачыў расстрэлы ў Курапатах, паўставала заканамернае пытанне: «Колькі ж іх там проста так расстраляных?»

Ніна Банцар, фота з сямейнага архіву Ігара Банцара

Падчас свайго расповеду Ігар Банцар закранае і тэму пабудовы рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем, поедим» у ахоўнай зоне мемарыялу Курапаты:

«Я б вельмі хацеў, каб людзі, якія прыязджаюць у сумнавядомы кабак, паразмаўлялі са сведкамі расстрэлаў. Шкада, што іх практычна не засталося. Яны б распавялі ім, як за ноч расстрэльвалі і засыпалі яміны з забітымі людзьмі, як потым там у жоўтым пясочку гуляліся дзеці, бо там быў стала выкапаны грунт, якім засыпалі свежыя магілы. Калі-небудзь надыдуць часы, калі будзе праведзеная эксгумацыя і зроблены параўнаўчы аналіз ДНК усіх, хто ляжыць зараз у Курапатах».


Нават вусныя сведчанні маюць асаблівае значэнне для кадыфікацыі гістарычнай памяці пра адну з самых страшэнных старонак мінулага нашага народа. Захаванне гістарычнай памяці наўпрост спрычыняецца да забеспячэння існавання нацыі ў будучыні і абароны яе ад вяртання ў таталітарнае мінулае. Гэта жыццёва неабходна ва ўмовах забароны на атрыманне і перадачу інфармацыі пра масавыя расстрэлы 1930–1940 гадоў з фондасховішчаў КДБ.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!