«Іх забілі свае — толькі за тое, што не забілі ворагі». Для каго 3 ліпеня — трагедыя

3 ліпеня 1944 года — не толькі дзень вызвалення Мінска ад нямецкіх акупантаў. І гінулі ў гэты дзень не толькі салдаты. Пра тых, для каго 3 ліпеня сталася днём трагедыі, распавядае Зміцер Бартосік на Радыё Свабода.
Так, дзень 3 ліпеня стаў апошнім для некалькіх жыхароў вёскі Сіняўская Слабада, што ў Карэліцкім раёне, расстраляных партызанамі на падставе нічым не падмацаваных падазрэнняў: па сутнасці, толькі за тое, што выжылі ў той час, калі іншыя загінулі.

Нёман

Гэтая вёска вельмі адпавядае сваёй прыгожай назьве. Сіняўская Слабада. Сіняе неба адбіваецца ў хуткаплынным Нёмане, на беразе якога стаіць вёска.

Яна раскінулася паміж ракой і Налібоцкай пушчай. Адразу за апошнімі хатамі паўстае сцяна старога лесу. Пачынаецца вёска з вялікіх могілак. Адразу, як пераязджаеш Нёман па новым мосце, бачыш высокую стэлу над брацкай магілай. Перад стэлай шэраг аднолькавых магіл — партызанскія могілкі. Але мы пройдзем углыб. Да магілы Мікалая і Віталя Клаўсуцяў. На надмагільным камені напісана: «Братья Николай и Виталий Клаусути. Убиты 3 июля 1944 года. Николай — 24 года. Виталий — 20 лет».

Хто забіў, за што? У кнізе «Памяць» гэтых імёнаў як ахвяр нацыстаў няма.

Магіла Мікалая і Віталя Клаўсуцяў

Магіла Мікалая і Віталя Клаўсуцяў

Мясцовая жыхарка, якая чакала аўтакрамы, распавяла, што ў Сіняўскай Слабадзе ніхто не ведае, за што іх забілі. У немцаў яны не служылі. Ні ў паліцыі, ні ў БКА. Але сястра тых Клаўсуцяў незадоўга да смерці вельмі крыўдавала на пісьменніка і былога партызана Уладзіміра Калесніка. «Ён жа абяцаў, што з імі нічога не зробяць!»

Вось што піша пра гэта сам Уладзімір Калеснік у сваёй кнізе «Доўг памяці»:

«Існавала даўняя варажнеча паміж „чырвоным“ канцом Лядак і багатымі ды ганарлівымі жыхарамі Турца, як-ніяк местачкоўцамі, а не „хамамі“, мужыкамі. Местачкоўцы прасцей прыліпалі да ўладаў, чым вяскоўцы, спакушаліся і ў акупацыю, што калі не самім, дык іхнім дзецям удасца заняць нейкія пасады, стаць калі не панамі, дык хоць падпанкамі. Пасля таго разбою, які адбыўся ў Лядках 13 студзеня 1943 года, было ясна: варажнеча зменіцца крывавай помстай, якое свет ня бачыў. Прадчуванне навалы нянавісці і помсты прыгнятала.

Сем’і партызан вымушаныя былі ўцякаць за Нёман, у зону нашага дзеяння. Так утвараліся сямейныя лагеры, потым нават адкрыліся ў іх „зялёныя“ школы для дзяцей. Адказнасць за мірных людзей даймала нас найбольш, яна дадавала адвагі ў крытычных момантах баёў.

Нёман

Астаўшыся зусім адзінокімі ў гэтым свеце, многія хлопцы-партызаны толькі і жылі помстай, расплатай.

Зразумела, бывалі выпадкі, калі гэтае пачуццё скіроўвалася не супраць непасрэдных віноўнікаў трагедый, а супраць людзей, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з ворагамі.

Так загінулі па непаразуменні два сыны краўца Аляксея Клаўсуця, старэйшы за майго сябра Мішку Коля і меншы Віталь, якія перабеглі ў партызанскую зону запозна, у часе адступлення немцаў. На жаль, я не сустрэў іх і не мог ужыць свайго аўтарытэту, каб стрымаць акт самасуду, жорсткай расправы з боку тых, чые сем’і былі знішчаны гітлераўцамі ранняй вясною 1944 года. Я спецыяльна ездзіў у вёску Маласельцы, дзе Клаўсуці перасяліліся, пагарэўшы ў Сіняўцы, забіраць Мішку, бо яму якраз было адпаведнае месца ў рэдакцыі падпольнай газеты. Аднак ён збаяўся, прыкінуўся хворым на вушы. Потым, з братамі, ён чамусьці не пайшоў да нас, у сумяціцы апошніх дзён — некуды знік. Потым хадзілі чуткі, што ён жыве, затаіўшыся, у Польшчы...»

Вёску Сіняўскую Слабаду спалілі немцы як партызанскую базу. Сям’я краўца Клаўсуця перасяліліся пад Мір. У ліпені 1944 года, калі немцы пачалі адступленне, вырашылі вярнуцца дахаты. Не вярнуўся толькі той Мішка, сябра Калесніка. Напэўна, адчуваў тую «сляпую помсту». Ён уцёк у Польшчу.

Магіла Андрэя Балабановіча

Магіла Андрэя Балабановіча

А мы тым часам падыходзім да іншай магілы. Дзе тая ж самая дата смерці. Андрэй Балабановіч. Забіты 3 ліпеня 44 года. Жыў 33 гады. Па словах жанчыны, яго забілі разам з братамі Клаўсуцямі. І трупы ўсіх траіх кінулі ў бліжэйшае балота. Балабановіч быў краўцом у Міры.

Яшчэ адну магілу, на ўскрайку могілак, знайсці немагчыма. Яна закіданая смеццем і друзам. А між тым тут пахаваная сям’я Варановічаў, ахвяры нацыстаў.

Месца, дзе пахаваная сям

Месца, дзе пахаваная сям'я Варановічаў

Пра гэтую сям’ю таксама піша Калеснік. На хутары Варановічаў цэлы год, ад лета 1941-га жылі і хаваліся байцы Чырвонай арміі. У чэрвені 42-га пра гэта стала вядома нацыстам. Хутар спалілі. Чырвонаармейцаў расстралялі. Разам з гаспадарамі хутара. Яшчэ некалькі гадоў таму тут стаялі надмагільныя помнікі. Але паступова помнікі павалілі, а магілу завалілі гарою смецця.

За могілкамі, недалёка ад нёманскага берага, стаіць дамок, у якім па вайне была школа, затым вясковая бібліятэка.

Але слаўны дамок не гэтым. Яшчэ зусім нядаўна на ім была памятная дошка, з якой можна было даведацца, што дом перавезены з Баранавіцкага партызанскага злучэння. Што ў дамку была партызанская друкарня, адкуль выходзілі падпольныя газеты і ўлёткі. Што пэўны час у гэтай друкарні працаваў партызан Янка Брыль. Па вайне ў гэтым доме была школа, потым бібліятэка. А потым дом выставілі на таргі і прадалі пад дачу. Новым мінскім гаспадарам тая дошка чамусьці муляла вока.

Гэта толькі здаецца, што сённяшняя ўлада клапоціцца пра памяць аб палеглых у вайне, захоўвае ўсё добрае, што было пры БССР. Цяжка ўявіць, што пры Машэраву дазволілі б прадаць хату, дзе была партызанская газета, ці ўхвалілі б дэмантаж партызанскай памятнай дошкі.

У сённяшняй Беларусі прыватная ўласнасць цудоўным чынам спалучаецца з савецкімі сімваламі. Савецкія парады — з сарванымі дошкамі. Нязменным застаецца толькі раструшчаны танкамі асфальт.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: