Ігнацы Лукасевіч — паляк, які даў людзям святло

У жніўні 1853 году пры святле лампы Лукасевіча львоўскі хірург Юзэф Заорскі зрабіў аперацыю памешчыку Халецкаму.
Ігнацы Лукасевіч. Алейны партрэт, напісаны Анджэям Грабоўскім у 1884 годзе, commons.wikimedia.org/Public Domain

Ігнацы Лукасевіч. Алейны партрэт, напісаны Анджэям Грабоўскім у 1884 годзе, commons.wikimedia.org/Public Domain


"Польскае радыё" знаёміць нас з асобай, якая аказала значны ўплыў на гісторыю ня толькі Польшчы, але й свету. Гэта Ігнацы Лукасевіч – стваральнік сусветнай нафтавай прамысловасці й вынаходнік газавай лампы.

Ігнацы Лукасевіч (Ignacy Łukasiewicz) нарадзіўся ў 1822 годзе ў адной з вёсак на поўдні Польшчы. У тыя часы той рэгіён Польшчы ўваходзіў у склад Аўстра-Вугорскай Імпэрыі. Нарадзіўся інжынэр у шляхецкай сям’і, якая аднак была беднай і сваёй зямлі ня мела.

Гісторыю Лукасевіча распавёў прафесар Анджэй Наткоўскі (Andrzej Notkowski):

На пачатку 1830-х гадоў Лукасевіч вучыўся ў гімназіі ў Жэшаве, аднак пасля смерці бацькі ён быў прымушаны перарваць вучобу па фінансавых прычынах. Тады ж ён паступіў на практыку ў адну з аптэк у горадзе Ланцут. У маладыя гады Лукасевіч быў членам арганізацый, якія дзейнічалі супраць аўстрыйцаў і змагаліся за незалежнасць Польшчы. У лютым 1846 году ён быў арыштаваны й нейкі час правёў у турме ў Жэшаве. У 1852 годзе ўпершыню атрымаў ачышчаную нафту. Гэта была першая ў свеце, праведзеная паводле навуковых метадаў, перагонка нафты. У 1853 годзе інжынэр вынайшаў першую ў свеце лампу на газу. Першая лампа Ігнацы Лукасевіча дала святло ў сакавіку 1853 году ў аптэцы Міколяша ў Львове.

Але львоўскі аптэкар Міколяш не верыў у поспех свайго працаўніка. “Я кажу Міколяшу: спадар, давайце купім больш гэтага алею! Навошта ён патрэбны? Мы што, піць яго будзем?! Не, будзем свяціць! І паказваю яму лямпу, а ён верыць ня хоча. Я запальваю... Цуд, а не святло, — кажа Міколяш”, — так успамінаў Ігнацы Лукасевіч момант, калі пераконваў свайго гаспадара да новага прадмету, які хутка стаў рэччу штодзённага карыстання.



Неўзабаве лампы на газу былі выкарыстаныя пры асвятленьні шпіталя ў Львове і ўпершыню пры такім асвятленні была праведзеная хірургічная аперацыя. Вечарам 31 жніўня 1853 году пры святле лампы Лукасевіча вядомы львоўскі хірург Юзэф Заорскі зрабіў тэрміновую аперацыю памешчыку Уладзіславу Халецкаму. Дзякуючы гэтаму хвораму ўдалося выратаваць жыццё. Львоўскі шпіталь купіў у Лукасевіча 500 кг нафты, і гэта была першая ў свеце нафтавая здзелка.

bibl.amwaw.edu.pl


У 1854 годзе каля вёскі Бубрка каля горада Кросна ў паўднёвай Польшчы была пабудаваная першая ў свеце нафтавая шахта. І з таго моманту Ігнацы Лукасевіч стаў прамыслоўцам, першым у свеце нафтавым бізнесоўцам. У 1856 годзе інжынэр адкрыў першы ў свеце завод па перапрацоўцы нафты. Чалавекам багатым ён адразу ня стаў, бо шмат фінансавых сродкаў паглыналі інвестыцыі й рэклама дзейнасці.

У Кракаве Лукасевіч меў краму, дзе прадаваў нафту, газу ды іншыя прадукты перагонкі нафты. У яго былі пастаянныя кліенты ня толькі ў Аўстра-Вугоршчыне, але і ў Варшаве. Ён прымаў удзел у міжнародных прамысловых выставах, на якія прыводзіў нафтапрадукты й, зразумела, свае лампы.

У 1882 годзе Ігнацы Лукасевіч пачаў выдаваць часопіс, прысвечаны здабычы нафты, пад назвай “Górnik” (Гарняк).

www.nafta-polska.pl

Лампа на газу, якую вынайшаў Ігнацы Лукасевіч, служыла людзям доўгія гады, хоць у 1879 годзе з'явілася канкурэнцыя, якая паступова пачала выцясняць вынаходку польскага інжынэра. Гэта была лампачка, якую вынайшаў Томас Альва Эдысан.

У вёсцы Бубрка, дзе Лукасевіч адкрыў першую нафтавую шахту, сёння працуе Музей нафтавай і газавай прамысловасці яго імя.


Валеры Саўко, "Польскае радыё"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!