«Я жадаю Беларусі максімальна магчымай незалежнасці»

Пісьменнік Дзяніс Драгунскі, які адным з першых адгукнуўся на заклік Святланы Алексіевіч выказацца пра падзеі ў Беларусі, мае карані ў Гомелі. Яго бацька, аўтар знакамітых «Дзяніскавых апавяданняў» Віктар Драгунскі, нарадзіўся ў сям’і гамяльчан і правёў сваё дзяцінства на берагах Сожа.

Фота nacion.ru

Аднойчы ў Гомелі

Дзядуля папулярнага дзіцячага пісьменніка Леў Драгунскі быў адным са стваральнікаў першага сацыял-дэмакратычнага руху ў Гомелі.

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя жыццё па-сутнасці патрыярхальнага мястэчка ўзарвалі жалезная дарога, якая прыйшла сюды, і капіталізм. Побач з драўлянымі сядзібамі з саламянымі стрэхамі задымілі трубы першых фабрык і заводаў. Спачатку пралетарыі, што працавалі на іх, былі задаволеныя ўсім — ну і што, што працоўны дзень доўжыўся 16 гадзін. Але затое была «стабільнасць», і гаспадар разлічваўся грашыма. Напачатку ўладальнікаў майстэрняў і фабрык, як і цара-бацюхну, так і ўспрымалі — як «бацьку»-карміцеля. Але грымнуў адзін, потым другі эканамічны крызіс. І ў працоўных кварталах з’явіліся людзі кшталту Льва Драгунскага. У працоўных кварталах яны сталі ствараць гурткі самаадукацыі для рабочых. Гэта было важна, бо імперскія ўлады не жадалі марнаваць грошы на школы, і большасць насельніцтва заставалася непісьменнай. Прапагандысты, якія пайшлі ў масы, былі для пралетарыяў свайго роду «інтэрнэтам» таго часу.

Інтэлігенты-сацыялісты хацелі звяржэння самадзяржаўя. А таксама агітавалі за скарачэнне працоўнага дня, грамадзянскія свабоды і нармальную аплату працы. Апошняя акалічнасць асабліва імпанавала рабочым, і гэта надало барацьбе супраць аўтакратыі масавы народны характар. Ужо першыя страйкі — грозная зброя пралетарыяту — прымусілі многіх гаспадароў у Гомелі скараціць працоўны дзень да 10–12 гадзін і падняць заработную плату — да 50 працэнтаў.

У Гомельскім музеі захавалася кніга, выдадзеная ў 1925 годзе. У ёй рэвалюцыянер Драгунскі згадваецца досыць часта. Кніга перажыла рэпрэсіі цудам, бо многія названыя ў ёй сацыял-дэмакраты, уключаючы бальшавікоў, бундаўцаў і эсэраў, пазней, у час «вялікага тэрору», былі асуджаныя. Самога Драгунскага таксама пасмяротна запісалі ў меншавікі, і нават паспрабавалі абвінаваціць у супрацоўніцтве з аховай. Справа ў тым, што доўгі час яго, аднаго з кіраўнікоў РСДРП, палітычная паліцыя не чапала. На самай справе, «ахранка» пакідала на волі яго і яшчэ некалькі чальцоў падпольнага камітэта, каб прыкрыць свайго рэальнага агента-правакатара — Мірона Чарнамазава, які потым стаў выпускаючым рэдактарам легальнай бальшавіцкай газеты «Правда».

Але ў 1903 годзе Леў Драгунскі быў упершыню арыштаваны і паўстаў перад царскім судом. У тым годзе царская паліцыя вырашыла апрабаваць у барацьбе з рэвалюцыйным рухам «новую» тэхналогію — распальванне міжнацыянальнай варожасці. 65 працэнтаў насельніцтва Гомеля тады складалі габрэі, бытавы антысемітызм і рэлігійныя канфлікты былі не рэдкасцю. Але мала хто ведае, што першапачаткова царская паліцыя для нападаў на «дэмакратаў» выкарыстала не «рускіх», а габрэйскіх пагромшчыкаў. Апошнія рэкрутаваліся з ліку ламавых рамізнікаў і розных цёмных элементаў. Габрэйскую ж «чорную сотню» для нападаў на рэвалюцыйных рабочых натхняў «казённы» рабінат. Аднак рабочыя арганізаваліся і далі адпор нападнікам. Тады жандары ў жніўні-верасні 1903 года нацкавалі на габрэяў «рускіх» рабочых з майстэрняў Лібава-Роменскай чыгункі. Аднак рабочыя партыі ўпершыню ў найноўшай габрэйскай гісторыі арганізавалі ў Гомелі атрады самаабароны, якія сустрэлі чарнасоценцаў са зброяй у руках. Адным з арганізатараў гомельскай самаабароны быў і Леў Драгунскі.

Пры гэтым прафесія ў Драгунскага была абсалютна мірная — настаўнік рускай мовы. Але даследчыца Марына Шчукіна прыводзіць успаміны сваякоў пісьменніка — людзей з інтэлігенцкай знешнасцю ў сям’і не любілі. Як толькі мужчын з чэхаўскімі бародкамі і ў пенснэ прыходзілі да Льва Драгунскага, услед за гэтым адразу ж ішлі арышт і зняволенне ў гомельскім турэмным замку.

Жонкай Льва Драгунскага была акушэрка Цыля Ісаакаўна, родам са знакамітага «Кагальнага рова» — гомельскай «Малдаванкі». Але рэвалюцыя 1905–1907 гадоў пацярпела паразу, а ўслед за ёй распаўся і сямейны саюз Драгунскіх. У 1913 годзе манархія Раманавых з пафасам святкавала 300-годдзе дынастыі і сваю ўяўную нязломнасць. А педагог і сацыял-дэмакрат Драгунскі развёўся з Цыляй і ажаніўся з Ханай-Бейлі Ратнер, якая была маладзейшая на 16 гадоў. І ў тым жа годзе маладая сям’я эмігравала ў Амерыку.

Туды ж з’ехалі і дзеці ад першага шлюбу — Ісаак і Рыта. Рыта выйшла замуж за Юзафа Пярцоўскага, сына старызніка. Сям’я была маладая ў прамым і пераносным сэнсе — Рыце было 16, яе мужу — 17 гадоў. Юзік да ўсяго іншага меў крымінальныя схільнасці. Як паведамляе Марына Шчукіна са слоў чальцоў сям’і Драгунскіх, Юзік, напрыклад, мог лёгка абакрасці лаўку свайго бацькі ды імітаваць яе рабаванне «невядомым» экспрапрыятарам.

У Нью-Ёрку, у Бронксе ў Рыты і Юзіка нарадзіўся сын Віктар — будучы савецкі пісьменнік. Сям’я жыла амаль што ў трушчобах, як мінімум — па суседстве з вялізнымі пацукамі, таму неўзабаве прыняла рашэнне вяртацца ў Гомель. А вось дзядуля Леў, які браў актыўны ўдзел ужо ў амерыканскім сацыялістычным руху, застаўся ў Амерыцы назаўжды. Пры няўдалым выдаленні зуба ён атрымаў заражэнне крыві і памёр.

Віктар Драгунскі. Фота ru.citaty.net

«Дзяніскавы апавяданні» і Гомель

Сямейнае жыццё Драгунскіх разгортвалася таксама бурліва, як і сама тая эпоха. У Гомелі здарылася рэвалюцыя, а ў Рыты Драгунскай з’явіўся новы муж. Як абвяшчае смутнае паданне, перад гэтым ён прыклаў руку да расстрэлу першага мужа — Юзіка Пярцоўскага, абвінавачанага ў бандытызме. Паводле іншай версіі, бацька пісьменніка памёр ад тыфу. Як бы там ні было, але айчымам будучага аўтара «Дзяніскавых апавяданняў» стаў Іпаліт Вайцяховіч, начальнік гомельскай міліцыі. Зрэшты, у 1920 годзе ён, у сваю чаргу, быў забіты бандытамі. На яго пахаванне на вуліцы Гомеля выйшла велізарная колькасць людзей. А дзядзька будучага пісьменніка быў анархістам, удзельнікам падпольнага руху супраць нямецкіх акупантаў у 1918 годзе.

Гомель часоў НЭПа таксама жыў поўным супярэчнасцяў жыццём. Паралельна з суровымі пралетарскімі буднямі і рэвалюцыйным будаўніцтвам новая буржуазія таксама любіла адпачыць з пафасам. Расквітнела і мясцовае эстраднае мастацтва. Школьнік Драгунскі нават наведваў кафэ-шантан «Эльдарада» ў былым парку Паскевічаў, а цяпер — імя першага наркама асветы таварыша Луначарскага.

А ў 1922 годзе яго маці ў трэці раз выйшла замуж за рэжысёра габрэйскага тэатра, які прыехаў у Гомель на гастролі — Менахема-Мендл Рубіна. Хто асудзіць яе, калі грамадзянская вайна адабрала ў жанчыны першых двух мужоў? Так Віктар яшчэ шчыльней увайшоў у тэатральны свет. Але ў 1931 годзе хлопец згубіў і другога айчыма. Рэжысёр спакусіўся люботамі капіталістычнага свету і з’ехаў у Амерыку.

Віктар Драгунскі. Фота 24smi.org

А Віктар з маці засталіся ў Маскве. Тут ён некаторы час працаваў токарам, але затым паступіў у тэатральна-літаратурную студыю. У 1941 годзе, з пачаткам вайны, Віктар Драгунскі пайшоў у апалчэнне, потым працаваў у франтавых творчых брыгадах.

Дэмакратызацыя жыцця ў СССР у 1960-я гады дала магчымасць раскрыцца бліскучаму таленту Віктара Драгунскага і многіх іншых. «Дзяніскавы апавяданні» падкуплялі сваёй жвавасцю і непасрэднасцю, як бы зыходзілі ад савецкага дзіцяці. У тэксце меліся і адсылкі да рамантыкі першых гадоў савецкай улады, бо ў гады адлігі было абвешчана вяртанне да «сапраўднага ленінізму». Напэўна, распавядаючы пра будзёнаўскую шаблю, успамінаў Віктар Юзафавіч і свайго гомельскага айчыма ў скураной тужурцы з маўзерам на баку. Хто ведае, што б ён нам распавёў, дажыві да нашых дзён?


Новая Беларусь

Але мы ўсё ж такі спыталі яго сына, Дзяніса Драгунскага: «А што б сказаў Дзяніска Караблёў адносна цяперашніх падзеяў у Беларусі?» Наш рэспандэнт, хоць і быў прататыпам легендарнага літаратурнага героя, за яго адказваць не стаў. Але ад сябе расійскі пісьменнік Дзяніс Драгунскі адказаў на пытанні НЧ наступнае:

Дзяніс Драгунскі. Фота www.facebook.com

— Той факт, што ў Расіі называюць Лукашэнку «народным прэзідэнтам» — гэта імперска-шавіністычная адрыжка. Глядзіце самі: Расіі патрэбны лідар моцны, разумны, няпросты. Любімым застаецца Сталін — тут табе і рэпрэсіі, але тут і захопленасць літаратурай і тэатрам, гутаркі з Булгакавым і Пастарнакам. Любяць і памятаюць таксама Андропава — аблічча вытанчанага інтэлігента ва ўладзе. Жалезнай рукой кіруе — і складае санеты, і наогул габрэй па маці: разумны сумны погляд з-пад акуляраў. Выбітны палітыкі Пуцін — я кажу гэта без сімпатыі, але прызнаючы відавочнасць. Таксама, дарэчы, суразмоўца Салжаніцына і прыхільнік рускіх філосафаў. Чаму так? Рускі імперац адкажа: «Ды таму што мы — вялікі народ, і прэзідэнт у нас павінен быць адпаведны... А гэтыя беларусы — гэта ж суцэльны калгас, ну, крышачку, “БелАЗ” — вось ім і патрэбны такі ўвесь з сябе народны прэзідэнт, Бацька, адным словам». Але кожны «народны прэзідэнт», як ні разумей гэта дзіўнае спалучэнне, праз 26 знаходжання ва ўладзе становіцца «антынародным». Так бы мовіць, па факце свайго захрасання ва ўладзе.

А вось будучыня Беларусі, на думку пісьменніка Дзяніса Драгунскага, павінна быць наступнай:

— Я б хацеў бачыць Беларусь сучаснай парламенцкай рэспублікай. Менавіта парламенцкай рэспублікай, з развітой сістэмай палітычнай канкурэнцыі. Магчыма, нават з абмежаваннем тэрміну для лідара кіруючай партыі, ці нават для самой партыі, якая знаходзіцца ва ўладзе. Пры ўсёй павазе да спадарыні Меркель — гэта не вельмі прыемная неспадзяванка занадта доўгага знаходжання ва ўладзе. Пра дэмакратыю можна казаць толькі пасля таго, як улада ў краіне двойчы змянілася ў выніку свабодных выбараў, прычым да ўлады прыйшлі не розныя людзі, а менавіта розныя палітычныя сілы. Сацыялісты змянілі лібералаў, а потым на змену сацыялістам прыйшлі кансерватары, і гэтак далей.

Зразумела, я б хацеў, каб у новай Беларусі былі забяспечаныя палітычныя свабоды і правы чалавека, каб вялася гуманная сацыяльная палітыка.

Беларусь — кампактная, высока індустрыялізаваная краіна. Такія — большасць краін-чальцоў ЕС. Але ўступаць у Еўрасаюз ці заставацца «недалучанай» — хай вырашаюць самі беларусы. Але я б не хацеў для Беларусі статусу вечнага «лімітрофа», памежнай дзяржавы, вымушанай балансаваць паміж РФ і ЕС. Я б жадаў Беларусі максімальна магчымай незалежнасці.

P.S. Аўтар выказвае ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу журналістцы і даследчыцы Марыне Шчукінай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: