«Загінуў на тэрыторыі СССР пры нявысветленых абставінах». Як бальшавікі выкралі консула

Сітуацыя абвастрэння дыпламатычных стасункаў паміж Мінскам і Варшавай восенню 2020 года нагадала мне падзеі пачатку Другой сусветнай вайны, калі савецкія ўлады ў абыход шматлікіх міжнародных пагадненняў, што рэгулявалі працу дыпламатаў, пачалі перашкаджаць працы і рэпрэсаваць тых, хто афіцыйна прадстаўляў інтарэсы Другой Рэчы Паспалітай у СССР.

Дыпламатычная «геаграфія»

У пачатку 1930-х гадоў на тэрыторыі СССР дзейнічала амбасада Польшчы ў Маскве, а таксама консульствы ў Мінску (генеральнае), Кіеве, Ленінградзе, Тыфлісе (генеральнае), Харкаве (генеральнае). 1 жніўня 1934 года, у сувязі з пераносам сталіцы УССР у Кіеў, туды ж з Харкава пераехала і польская дыпустанова. Як адзначае польскі даследчык Войцах Скура, у польскіх консульствах працавалі 33 службоўцы, грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай. Дапаможны персанал — прыбіральшчыцы, кухары, кіроўцы, — часцей за ўсё набіраўся з ліку савецкіх грамадзян. На тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай савецкія консульствы дзейнічалі ў Львове, Варшаве (консульскі аддзел пры амбасадзе) і ў вольным горадзе Гданьску. У верасні 1937 года бальшавікі запатрабавалі ўсталяваць парытэт у колькасці консульскіх устаноў у Польшчы і СССР. Польскія ўлады вымушаныя былі ліквідаваць сваё консульства ў Тыфлісе.

Польскі консул Ежы Матусінскі

Польскі консул Ежы Матусінскі

З 1 кастрычніка 1937 года генеральным консулам Польшчы ў Кіеве быў Ежы Матусінскі. Ён нарадзіўся ў 1890-м у Варшаве, скончыў паліталагічны факультэт Школы палітычных навук у Варшаве і юрыдычны факультэт Ягелонскага ўніверсітэта. У 1918–1920 гадах працаваў журналістам на Далёкім Усходзе, а пасля вяртання ў Польшчу — у Другім аддзеле Міністэрства вайсковых спраў. Са жніўня 1923 года Матусінскі займаўся пытаннем рэпатрыяцыі палякаў з СССР. З траўня 1926-га выконваў абавязкі намесніка Агульнаконсульскага аддзела МЗС. З 1933-га — працаваў генеральным консулам у Пітсбургу, а пазней — у Нью-Ёрку. З 1935 па 1937 гады Матусінскі ўзначальваў польскае Генеральнае консульства ў Лілі. Пасля гэтага дыпламата накіравалі на працу ў небяспечны Савецкі Саюз.

Папярэджанне з Мінска, якое не пачулі

Да пачатку Другой сусветнай вайны савецкія ўлады прытрымліваліся закону аб дыпламатычным імунітэце супрацоўнікаў замежных амбасад і консульстваў. Разам з тым, савецкія спецыяльныя органы пастаянна назіралі за будынкамі замежных дыпустаноў і іх супрацоўнікамі. Здараліся нават правакацыі. У лютым 1938 года вайсковы аташэ пры амбасадзе Польшчы падпалкоўнік Канстанцін Забароўскі накіраваўся ў паездку ў Мінск. Дыпламат вырашыў ехаць не праз Смаленск, а праз Поўдзень Беларусі. За машынай аташэ накіраваўся эскорт «гаспадароў» (так палякі называлі супрацоўнікаў НКУС, якія сачылі за перасоўваннем замежных дыпламатаў. — І.М.). Цікава, што чэкісты выкарыстоўвалі машыны ГАЗ М1, якія былі абсталяваныя найлепшым рухавіком і маглі набіраць хуткасць да 110 кіламетраў на гадзіну. І ўсё ж дасведчаны падпалкоўнік Забароўскі «скінуў» «хвост». А калі ён ехаў назад у Маскву, у раёне Бабруйска ў машыну дыпламата ўрэзаўся грузавік. Забароўскі не пацярпеў, а савецкія ўлады заявілі, што аварыя адбылася выпадкова. Такія выпадкі былі дастаткова частымі ў 1930-я гады.

Рафал Пратасавіцкі

Рафал Пратасавіцкі

Напярэдадні пачатку Другой сусветнай вайны дзейнасць польскіх дыпламатаў у СССР яшчэ больш ускладнілася. Варшава не была ўпэўненая ў пазіцыі Крамля ў выпадку нападу Германіі на Польшчу. У жніўні 1939 года пляцоўку Другога аддзела польскага Галоўштаба ў Консульстве ў Мінску, якое знаходзілася па вуліцы Савецкая, 92, узначальваў маёр Рафал Пратасавіцкі, які ў сталіцы БССР карыстаўся псеўданімам Уладзіслаў Вольскі. «У сувязі з тым, што Саветы выкарыстоўвалі метады, якія больш нідзе не выкарыстоўваліся, у СССР трэба было высылаць добра падрыхтаваных людзей, якія выдатна ведалі тэрыторыю», — адзначаў польскі выведнік.

Вялікую ўвагу Пратасавіцкі надаваў вывучэнню перспектыў збліжэння Берліна і Масквы. Летам 1939 года ён шмат ездзіў па тэрыторыі Савецкай Беларусі, і не мог не заўважыць, што ў памежнай рэспубліцы адбываецца канцэнтрацыя войскаў Чырвонай Арміі. Танкі, артылерыя, кавалерыя і пяхота сцягваліся на мяжу з Другой Рэччу Паспалітай.

Савецка-польская мяжа

Савецка-польская мяжа

Кіраўнік польскай выведвальнай пляцоўкі ў Мінску накіраваў у Варшаву дэпешу, у якой адзначаў, што савецка-германскі пакт аб ненападзе ўтрымлівае і таемны пратакол, які тычыцца тэрытарыяльных зменаў у Еўропе. «У вайне Польшчы і, магчыма, хаўруснікаў супраць Германіі Саветы таксама прымуць удзел. Аднак не ў фармальным вайсковым хаўрусе з Германіяй, а самастойна, уласнаручна і ў абмежаваных мэтах, што звязана з антынямецкімі настроямі грамадства і сусветнага інтэрнацыяналу», — адзначаў Пратасавіцкі.

Аднак інфармацыю маёра ў польскай сталіцы «не заўважылі». Пазней афіцэр выведкі паведаміў у Варшаву, што ў Беларускай асаблівай акрузе адмененыя манеўры, якія былі прызначаны на восень 1939 года, і спынена перакідка войскаў на Далёкі Усход. На гэта варшаўскія стратэгі таксама не звярнулі ўвагі.

Парад, Заходняя Украіна

Парад, Заходняя Украіна

Вольскі-Пратасавіцкі спрабаваў перадаваць паведамленні з дапамогай радыёстанцыі. Тэкст радыёграмы быў наступны: «Таварыш Рыдз-Сміглы, наперад». Гэта азначала, што савецкія войскі сканцэнтраваныя на мяжы з Другой Рэччу Паспалітай і хутка распачнуць баявыя дзеянні. 16 верасня 1939 года маёр праз Бухарэст перадаў сваё апошняе паведамленне, што Чырвоная Армія сканцэнтраваная на мяжы з Польшчай і гатовая для «кідку на Захад». На наступны дзень савецкія ўлады інтэрнавалі супрацоўнікаў Генконсульства Другой Рэчы Паспалітай у Мінску. Паводле адной інфармацыі, у будынак дыпустановы ўварваліся «незадаволеныя» савецкія грамадзяне, якія сарвалі шыльду з польскім арлом ля ўвахода ў будынак. Пазней у калідоры консульства з’явіўся супрацоўнік НКУС. Толькі праз месяц польскія дыпламаты змаглі пакінуць тэрыторыю СССР і праз Скандынавію выехаць у Францыю. Але тады ўратаваліся не ўсе.

Савецкія і нямецкія вайскоўцы ў Польшчы, верасень1939-га

Савецкія і нямецкія вайскоўцы ў Польшчы, верасень1939-га

Напярэдадні вайны

Яшчэ ў верасні 1938 года консульскі аддзел МЗС Другой Рэчы Паспалітай распрацаваў сакрэтную інструкцыю для сваіх дыпламатычных устаноў у Чэхаславакіі, Германіі і СССР на выпадак уварвання на тэрыторыю ўстановы варожых асобаў. Перш за ўсё, супрацоўнікі консульства павінны былі знішчыць шыфры. Далей трэба было спаліць усю дакументацыю з грыфам «сакрэтна». У выпадку пачатку ваенных дзеянняў дыпламаты павінны былі знішчыць пячаткі, гербы, пашпартныя кніжкі, сцягі. Супрацоўнікам консульстваў і амбасадаў прызначаліся нейтральныя дзяржавы, куды тыя павінны былі эвакуявацца. Новую інструкцыю па гэтым пытанні супрацоўнікі Консульства Другой Рэчы Паспалітай у Кіеве атрымалі ў сакавіку 1939 года.

У мінскім і кіеўскім консульствах былі радыёстанцыі, якія выкарыстоўвалі для сувязі з пляцоўкамі Другога аддзела польскага Галоўштаба (кіеўскае консульства мела сувязь з пляцоўкай польскай выведкі ў Роўна, а мінскае — з Экспазітурай №1 Другога аддзела Галоўнага штаба Войска Польскага ў Вільні. — І.М.). Польскія ўлады разлічвалі, што ў выпадку крызіснай сітуацыі праз гэтыя радыёстанцыі яны перададуць сваім дыпламатам інфармацыю пра завяршэнне дзейнасці і падрыхтоўку да эвакуацыі. Дзеля гэтага ў польскіх дыпустановах у СССР былі ўведзены кругласутачныя дзяжурствы ля радыёстанцый. У траўні 1939 года польскія консульствы на тэрыторыі СССР атрымалі валютны грашовы рэзерв на тры месяцы.

Перад пачаткам вайны ў Консульстве Польскай Рэспублікі ў Кіеве (размяшчаўся на вуліцы К. Лібкнехта, 1) працавалі шэсць супрацоўнікаў: саветнік Амбасады Польшчы ў СССР, кіраўнік Генконсульства Ежы Матусінскі; супрацоўнікі Людамір Чэрвінскі, Генрых Славікоўскі, Генрых Вісьнеўскі, Юзаф Здановіч (на самай справе, капітан выведкі Ян Крачкевіч), Антоні Пянькоўскі (так называлі супрацоўніка выведкі, ротмістра Уладзімежа Прасіньскага), сакратар консульства Эўгеніўш Зарэмбскі (маёр Мечыслаў Зігфрыд Славікоўскі), Юзаф Здановіч (капітан Ян Крачкевіч), а таксама два кіроўцы і два рамізнікі.

«Знікненне» консула

З 4 верасня 1939 года Консульства Польшчы ў Кіеве пачало паведамляць Варшаве, што Саветы сцягваюць войскі да мяжы з Другой Рэччу Паспалітай. 10 верасня 1939 года НКУС забараніў супрацоўнікам польскага консульства выязджаць з горада на машыне. 12 верасня Эўгеніюш Зарэмбскі (маёр Мечыслаў Славікоўскі) паехаў цягніком у Маскву. Па дарозе ён увесь час бачыў вайсковыя эшалоны, што рухаліся на Захад. Пасля сустрэчы з амбасадарам Гжыбоўскім маёр Славікоўскі вырашыў паведаміць пра ўбачанае польскім уладам. 14 верасня 1939 года ён паспрабаваў выслаць з Кіева дэпешу ў Польшчу, аднак аказалася, што савецкая пошта ўжо не прымала адпраўленні ў Другую Рэчы Паспалітую. 16 верасня 1939 года ў 0.15 ночы ён разам з Генрыхам Славікоўскім выехалі на цягніку ў Польшчу (у бок Корасценя. — І.М.). «Мы ехалі ўначы і бачылі цягнікі з войскам, што стаялі на станцыях. Яны былі накіраваныя ў бок нашай мяжы. Мы зразумелі, што канцэнтрацыя войска, якое чакала загаду аб пачатку аперацыі, ужо была скончаная», — пісаў ва ўспамінах Славікоўскі.

Савецкія памежнікі нішчаць польскія слупы, верасень 1939 года

Савецкія памежнікі нішчаць польскія слупы, верасень 1939 года

У Роўна польскія дыпламаты ўжо не сустрэлі польскія ўлады і выехалі на станцыю Здалбуніў, каб вярнуцца ў Кіеў, аднак раніцай 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. Калі 21 верасня 1939 года маёр Мечыслаў Славікоўскі і практыкант Генрых Славікоўскі паспрабавалі вярнуцца ў Кіеў, супрацоўнікі НКУС арыштавалі іх у Шэпэціўцы.

Чырвоная Армія пераходзіць савецка-польскую мяжу 17.09.1939


Чырвоная Армія пераходзіць савецка-польскую мяжу 17.09.1939

19 верасня 1939 года савецкія ўлады праінфармавалі польскіх дыпламатаў, што яны больш не карыстаюцца дыпламатычным імунітэтам. 22 верасня 1939 года ў Маскву прыехалі супрацоўнікі польскага консульства з Ленінграда, а праз некалькі дзён — з Мінска.

Чырвонаармейцы размаўляюць з палоннымі жаўнерамі Войска Польскага

Чырвонаармейцы размаўляюць з палоннымі жаўнерамі Войска Польскага

Раніцай 17 верасня 1939 года людзі ў «валошкавых» фуражках узялі ў ачапленне будынак Генконсульства Польшчы ў Кіеве і забаранілі супрацоўнікам выходзіць з будынка. 30 верасня 1939 года Ежы Матусінскага выклікалі ў прадстаўніцтва Наркамата замежных спраў (НКЗС) у Кіеве і праінфармавалі, што супрацоўнікі консульства павінны рыхтавацца да выезду ў Маскву. Тады ж консул даведаўся пра лёс затрыманых Эўгеніюша Зарэмбскага і Генрыха Славікоўскага. Ноччу з 30 верасня на 1 кастрычніка 1939 года консула Матусінскага зноў выклікалі ў прадстаўніцтва НКЗС у Кіеве, каб удакладніць дэталі выезду персаналу консульства ў Маскву. Матусінскі паехаў на сустрэчу ў суправаджэнні кіроўцаў Анджэя Аршынскага і Юзафа Лычка.

У 6 гадзін раніцы супрацоўнікі консульства адчулі нядобрае і накіравалі рамізніка, каб той праверыў, ці знаходзіцца ля савецкай установы машына консула. Аднак савецкія ўлады забаранілі супрацоўнікам консульства выходзіць з будынку. У 9 гадзін раніцы віцэ-консул «Юзаф Здановіч» патэлефанаваў у НКЗС і атрымаў адказ, што там нічога не ведаюць пра візіт і знаходжанне пана Матусінскага. Праз паўгадзіны патэлефанавалі ўжо ў консульства: савецкі чыноўнік спакойным голасам паведаміў, што польскага консула… не выклікалі ў НКЗС. У 14 гадзін у польскае Генконсультва прыйшлі так званы Эўгенюш Зарэмбскі і Генрых Славікоўскі. 4 кастрычніка 1939 года супрацоўнікі Генконсульства Польшчы ў Кіеве выехалі ў Маскву.

«…арыштаваць па-за памяшканнем былога консульства»

Лёсам польскага консула з Кіева цікавіўся амбасадар Італіі ў СССР Аўгуста Роса, аднак савецкі бок нічога новага не паведаміў. 5 кастрычніка 1939 года амбасадар Германіі Вернэр фон Шуленбург закрануў гэтае пытанне ў размове з савецкім наркамам замежных спраў Вячаславам Молатавым. Апошні ўпэўніў немца, што «Матусінскі не знаходзіўся ў савецкіх руках». 10 кастрычніка 1939 года польскія дыпламаты выехалі з СССР у Фінляндыю.

Што ж адбылося на самай справе з консулам Ежы Матусінскім? У Архіве СБУ захоўваюцца дакументы, датычныя гэтай справы. Загад супрацоўнікам НКУС пра арышт польскага дыпламата аддаў асабіста кіраўнік савецкай Украіны Мікіта Хрушчоў.

Мікіта Хрушчоў, 1930-я гады

Мікіта Хрушчоў, 1930-я гады

Пра тое, што загад аб правядзенні аперацыі давай сам Хрушчоў, сведчыць сакрэтная шыфр-тэлеграма № 3149, накіраваная на імя кіраўніка НКУС Лаўрэнція Берыі, у якой, у прыватнасці, пазначалася: «[Па] распараджэнні ЦК КП(б)У тав. Хрушчова мной сёння [у] 1 гадзіну 30 хвілін ночы арыштаваны польскі консул Матусінскі і шафёры Лычак і Аршынскі, якія знаходзіліся пры ім. Прашу ўказанняў [у] адносінах астатняга складу консульства. Гарлінскі». З гэтага дакумента можна зрабіць выснову, што нкусаўцы былі гатовыя арыштаваць усіх польскіх дыпламатаў у сталіцы савецкай Украіны, аднак такога распараджэння Крэмль не даў, відавочна, баючыся міжнароднага скандалу.

Хрушчоў у Заходняй Украіне, верасень 1939 года

Хрушчоў у Заходняй Украіне, верасень 1939 года

«30 верасня, у 24 гадзіны мяне выклікаў да сябе ў ЦК тав. Бурмістрэнка і аб’явіў, што з Масквы тав. Хрушчоў перадаў распараджэнне ЦК ВКП(б) арыштаваць па-за памяшканнем былога консульства былога консула Польшчы Матусінскага. Я гэта пытанне ўзгадніў з таварышам Мамулавым, пасля чаго ў 2 гадзіны 1 кастрычніка арыштаваў на вуліцы ў машыне былога польскага консула і двух яго кіроўцаў, папярэдне арганізаваўшы выклік Матусінскага па тэлефоне з консульства. Арыштаваныя змешчаныя пад варту. У памяшканні былога консульства знаходзіцца 17 чалавек былых служачых консульства і членаў іх сем’яў. Прашу вашых указанняў. Гарлінскі», — адзначалася ў сакрэтным нкусаўскім дакуменце, накіраваным Лаўрэнцію Берыі.

Удзельнікі спецаперацыі па арышце польскага дыпламата далі распіскі: «Даю гэтую падпіску начальніку 3-га Спецаддзела НКУС УССР капітану Дзяржбяспекі тав. Заўгароднему ў тым, што я абавязуюся аб правядзенні аперацыі ў ноч 30.09.1939 на 1.10.1939 нікому і ні пры якіх абставінах не распавядаць. У адваротным выпадку нясу адказнасць па ўсёй строгасці закона».

У руках НКУС

Пасля арышту Матусінскага пачалі дапытваць. Вось вытрымка з аднаго з пратаколаў:

«Пытанне: На допыце 13 кастрычніка 1939 года вы паказалі, што перад сваім ад’ездам з Варшавы ў СССР вы мелі гутарку спецыяльнага парадку з афіцэрамі выведкі. [...] Выкладзіце падрабязна, якія пытанні пры гэтым абмяркоўваліся?

Адказ: З супрацоўнікамі 2 аддзела Польгенштаба я сапраўды меў і наступныя сустрэчы. [...] Незбжыцкі (кіраўнік аддзела «Усход» польскай выведкі. — І.М.) папрасіў мяне распавесці пра абстаноўку і ўмовы маёй працы ў Кіеве. На працягу гутаркі ён задаў мне некалькі пытанняў. У прыватнасці, яго цікавіла, якой будзе магчымая пазіцыя Савецкага Саюза ў выпадку ваеннага сутыкнення Польшчы з Германіяй. Ці можна разлічваць, што СССР пойдзе на вайну з Германіяй? [...] Падчас гутаркі, якой кіраваў Незбжыцкі, абмяркоўвалася тры пытанні.
1. Судэцкія падзеі і магчымасць выступлення СССР для аказання ўзброенай падтрымкі Чэхаславакіі; 2. Мерапрыемствы савецкай контрвыведкі ў адносінах польскага консульства ў Кіеве; 3. Пра плануемыя ў адказ рэпрэсіі ў адносінах да савецкага паўпрадства ў Варшаве і савецкага консульства ў Львове. [...] Казалі, што асноўнай выведвальнай задачай з’яўляецца высвятленне таго, ці адбываецца канцэнтрацыя Чырвонай Арміі на савецка-польскай мяжы. [...] На гэта даручэнне я заўсёды арыентаваў аднаго з прыкамандзіраваных да мяне кіроўцаў 2-га аддзела, які выязджаў па чыгуначнай дарозе для асабістых назіранняў за вайсковымі эшалонамі».

А вось вытрымка з пратакола допыту консула Ежы Матусінскага ад 9–10 снежня 1939 года:

«Пытанне: Распачынайце паказанні пра польскую выведвальную агентуру ў СССР.

Адказ: Мне вядомыя наступныя агенты польскай выведкі, якія займаліся шпіянажам на тэрыторыі СССР. Пятроўскі — былы ўпаўнаважаны НКУС у Кіеве. [...] Юшкевіч — былы ўпаўнаважаны НКУС у Кіеве. [...] Данец — артыст у Кіеве (спявак); Петрусенка — артыстка (спявачка); Зарэмбоўская — пражывае ў Кіеве. Гадоў каля 80-ці. [...] Гербіх Ванда — жыве ў Кіеве, здаецца, асістэнтка ўрача. Франко Пётр — сын вядомага ўкраінскага пісьменніка Франко Івана. [...] Тэнэнвурцэль — жанчына сталага веку, яўрэйка, пражывае ў Харкаве. [...] Карповіч, 13 гадоў, беларус. У ліпені 1939 года Карповіч з’явіўся ў консульства, сказаў, што ён збег з дзіцячага дома ў сувязі з тым, што яго абвінавацілі ў крадзяжы бялізны. Карповіч патлумачыў, што ў консульства прыйшоў таму, што некалі ўжо быў тут з маці, якая ўзбуджала хадайніцтва аб выездзе ў Польшчу, дзе ў іх у Заходняй Беларусі маюцца нейкія сваякі. На пытанне Карповічу, ці ён жадае ехаць у Польшчу, ён адказаў адмоўна. Калі я запытаў, чаго ён жадае, ён адказаў: “Дайце трошкі грошай”».

Пазней арыштаванага польскага консула Ежы Матусінскага накіравалі ў Маскву.

Да сёння няма адназначнага адказу, чаму савецкія ўлады пайшлі на арышт польскага консула. Па прызнанні аднаго з арыштаваных кіроўцаў, які ацалеў у сталінскіх лагерах і потым уратаваўся з Арміяй Андэрса, Саветы арыштавалі Матусінскага, бо лічылі яго кіраўніком рэзідэнтуры. Пры гэтым чэкісты не ўзялі пад арышт тых асобаў са складу польскага консульства ў Кіеве, хто фактычна шпіёніў супраць СССР. Да таго ж ёсць пытанне, чаму НКУС не арыштавала польскага консула ў Мінску і супрацоўнікаў польскай амбасады ў Маскве? Можна дапусціць, што «спецаперацыя» была ідэяй Хрушчова, які банальна жадаў выслужыцца перад Сталіным.


Праўда пра трагедыю

Знікненнем польскага дыпламата ў СССР працягвалі займацца польскія ўлады ў выгнанні. Пасля заключэння польска-савецкай дамовы аб супрацоўніцтве 12 ліпеня 1941 года польскія чыноўнікі на тэрыторыі Савецкага Саюза шукалі адказы, што здарылася з Ежы Матусінскім. Пасля амністыі ў жніўні 1941 года з савецкіх лагераў, турмаў і спецпасяленняў пачалі вызваляць грамадзян Другой Рэчы Паспалітай. У польскае прадстаўніцтва ў Маскве звярнуўся капітан Кіпаньскі, які распавёў, што на Лубянцы сустракаў аднаго з кіроўцаў польскага консула ў Кіеве, які расказаў, што Матусінскі быў арыштаваны НКУС.

23 верасня 1941 года амбасада Польшчы запатрабавала ад НКЗС пачаць пошук Матусінскага і яго кіроўцаў. Аднак бальшавікі маўчалі. У гэтай сітуацыі зноў дапамаглі паказанні польскіх вязняў, што выходзілі на волю па амністыі. Ротмістр Тадэвуш Тхужэўскі згадаў, як у ліпені 1941 года падчас эвакуацыі адной з маскоўскіх турмаў у Саратаў ён сустрэў кіроўцу Анджэя Аршынскага, які распавёў пра арышт Матусінскага. Урэшце да польскіх уладаў на Бліжнім Усходзе звярнуўся той самы кіроўца консульства Польшчы ў Кіеве Анджэй Аршынскі. Ён паведаміў, што ў 2.20 ночы 1 кастрычніка 1939 года машына консульства выехала ў Наркамат. Побач з будынкам савецкай установы стаяў легкавы аўтамабіль. Калі машына з польскімі дыпламатамі яго праехала, з аўто выйшлі шэсць мужчын у цывільнай вопратцы. Трое з іх выхапілі зброю і скіравалі яе на консула Матусінскага. Пачуўся крык: «Рукі ўверх». Консула запыталі, ці ён узброены, а калі пачулі, што ён дыпламат, адказалі: «Мы ведаем». Усіх траіх затрыманых абшукалі і ў машыне НКУС перавезлі ў турму на вул. Караленкі.

Польскіх грамадзян размясцілі ў асобных камерах. На працягу васьмі дзён Аршынскага ні разу не дапытвалі. У пэўны дзень кіроўцу вывелі з камеры і вывезлі на вакзал, дзе ён убачыў консула Матусінскага. Арыштаваныя правялі ноч у турэмным вагоне. Анджэй Аршынскі чуў голас консула, які прасіў канвойнага даць яму газету, а таксама голас іншага кіроўцы Юзафа Лычка, які скардзіўся, што яму холадна. 10 кастрычніка цягнік быў у Маскве. Польскіх вязняў перавезлі на Лубянку. Там кіроўцу пачалі дапытваць, абвінавачваючы ў шпіянажы супраць СССР. Асабліва шмат пытанняў было пра супрацоўнікаў консульства Польшчы ў Кіеве і іх «шпіёнскую» дзейнасць. Кіроўцу закідалі, што ён вазіў Матусінскага на сустрэчу з савецкімі грамадзянамі, на якіх польскі дыпламат аддаваў чалавеку нейкія рэчы. Асабліва нкусаўцаў цікавіў так званы Эўгеніюш Зарэмбскі, які сапраўды быў супрацоўнікам польскай выведкі. Пра яго Аршынскага пыталі больш, чым нават пра Матусінскага.

У 1941–1943 гадах польскія ўлады некалькі разоў спрабавалі высветліць лёс Ежы Матусінскага і шафёра Юзафа Лычка, аднак безвынікова. Пазней удалося высветліць, што другі кіроўца консульства Польшчы ў Кіеве таксама быў вызвалены падчас амністыі 1941 года, аднак неўзабаве загінуў на тэрыторыі СССР пры нявысветленых абставінах. Пасля раскрыцця праўды пра Катынскае злачынства ў 1943 годзе стала зразумелым, што Матусінскі, хутчэй за ўсё, стаў ахвярай сталінскіх катаў, і яго парэшткі былі пахаваныя ў адной з безыменных расстрэльных брацкіх магіл.

Застаецца адзначыць, што 15 сакавіка 1940 года быў вырашаны лёс будынку былога Генконсульства Польшчы ў сталіцы савецкай Беларусі па адрасе вул. Савецкая, 92. Яго па рашэнні Пасяджэння Бюро ЦК КП(б)Б № 137 перадалі НКУС БССР. А вось будынак на вул. Спірыдонаўскай, 30, дзе да 9 кастрычніка 1939 года знаходзілася амбасада Польшчы ў Маскве, пазней аблюбавалі прадстаўнікі Германскага вайсковага аташата і гандлёвай місіі. Паперы гэтых устаноў знайшлі на сталах і ў шафах польскія чыноўнікі, якія вярнуліся ў будынак пасля заключэння польска-савецкай дамовы 30 ліпеня 1941 года.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: