Як два царскія генералы пасварыліся

Сто пяць гадоў таму пачалася Першая сусветная вайна — і жахі сусветнай бойні абрынуліся на Беларусь.

Руская артылерыя. Фота yandex.by

«Забілі, значыць, Фердынанда нашага...»

Як вядома, нагодай да сусветнай вайны паслужыў замах Гаўрылы Прынцыпа, сябра арганізацыі «Млада Босна», на эрцгерцага Аўстра-Венгрыі Фердынанда ў Сараева. Па іроніі гісторыі, Фердынанд быў адным з найбольш лаяльных да славянаў прадстаўнікоў Габсбургаў. У той жа час Аўстра-Венгерская імперыя праводзіла ў анексаванай ёй Босніі і Герцагавіне правакацыйныя ваенныя вучэнні. Чальцы «Млада Босні», рамантыкі і ідэалісты, падзялялі пераважна анархісцкія і сацыялістычныя погляды, але іх маглі выкарыстоўваць у сваіх мэтах і сербскія ваенныя-змоўшчыкі з таямнічай арганізацыі «Чорная рука».

Зрэшты, у беларускіх гарадах і мястэчках тады гэтых перыпетыяў не ведаў ніхто. Дый пра наступствы вайны задумваліся далёка не ўсё. І калі 1 жніўня 1914 года Германія абвясціла вайну Расійскай імперыі — у цэрквах адслужылі ўрачыстыя набажэнствы, земскія і гарадскія кіраўнікі сталі абмяркоўваць праблемы размяшчэння параненых і скалечаных, а энтузіясты — запісвацца ў войска. Зразумела, усе бакі, што ўступілі ў вайну, абвінавачвалі ў агрэсіі адзін аднаго. І ў манархічнай Расіі, і ў рэспубліканскай Францыі казалі пра спрадвечны прускі мілітарызм, а ў імператарскай Германіі — пра «рускі царызм». У Пецярбургу абураліся прыгнётам славян у Аўстра-Венгрыі, у Вене абяцалі даць свабоду і расійскім, і «сваім» палякам і ўкраінцам. Праўда, у Будапешце былі супраць. Пра беларусаў жа не казаў ніхто.


Паўтары сотні ракаў

Віленская ваенная акруга лічылася адной з найлепшых у Расійскай імперыі. Крэпасці ў Брэст-Літоўску, Гродна, Коўна, Асаўцы і Бабруйску павінны былі, пры неабходнасці, стаць магутнымі вузламі абароны. Але расійскі Генштаб планаваў наступальную тактыку. Менавіта з беларускага плацдарму імператарская армія мела намер нанесці вырашальны ўдар Германіі: спачатку па Усходняй Прусіі, а затым — на Берлін. Загадзя былі пабудаваныя жалезныя дарогі — Палеская, Лібава-Роменская і іншыя, па якіх і пачалося перакідванне воінскіх частак да заходніх межаў. Немцы ж спадзяваліся, што «азіяты» зацягнуць сваю мабілізацыю і дадуць ім час расправіцца з Бельгіяй і Францыяй.

Войскі Віленскай ваеннай акругі былі зведзеныя ў 1-ю армію пад камандаваннем генерала Паўла фон Рэненкампфа. У пачатку мінулага стагоддзя ён камандаваў брыгадай кавалерыі ў Барысаве. Паводле сведчанняў таварышаў па службе, Павел Карлавіч вызначаўся добрым апетытам, выпіваў за абедам 2–3 чаркі гарэлкі і закусваў іх паўтары сотняй ракаў. Любіў жанчын, а свой і афіцэраў выхад да габрэйскіх дзяўчат, што шпацыравалі кожны вечар, называў не іначай, як «аглядам жарабіц». Са сваёй трэцяй жонкай ён развёўся і ажаніўся чацвёрты раз.

Павел фон Рэненкампф. Фота wikipedia.org

Фон Рэненкампф удзельнічаў у падаўленні «баксёрскага паўстання» ў Кітаі і ў руска-япон­скай вайне, быў цяжка паранены пад Ляаянам. А ў перыяд рэвалюцыі 1905 года душыў страйк чыгуначнікаў у Маньчжурыі і Чыце, вешаючы актывістаў на занятых яго войскамі станцыях. За гэтыя ці за іншыя «заслугі», але па вяртанні ў Вільню ён быў прызначаны камандзірам III армейскага корпуса. Генерал сапраўды нядрэнна рыхтаваў свой корпус да вайны, у манеўраванні і ў стральбе яго салдаты былі на вышыні. Але далейшай імклівай кар’еры генерала паспрыяла і іншая акалічнасць — камандзіры 3-га драгунскага Наварасійскага палка ў Коўна князі Беласельскі-Белазёрскі і Даўгарукі сталі флігель-ад’ютантамі цара. Яны і замовілі перад Мікалаем слоўца за свайго камандзіра корпуса. І ў 1913 годзе фон Рэненкампф стаў генерал-ад’ютантам світы Яго Вялікасці і камандуючым Віленскай ваеннай акругай. У яго войсках быў уведзены новы пяхотны статут, складзены Рэненкампфам з улікам вопыту руска-японскай вайны.

Усё б нічога, толькі камандуючым Варшаўскай ваеннай акругай, а затым і 2-й арміяй, з якой Рэненкампфу разам належала браць Усходнюю Прусію, быў генерал Аляксандр Самсонаў. Бліскучы кавалерыйскі камандзір, герой руска-японскай вайны і закляты вораг Паўла Карлавіча.


«Брала руская брыгада ўсходне-прускія палі...»

Канфлікт завязаўся яшчэ на «сопках Манчжурыі». Сібірскай казацкай дывізіі Самсонава давялося адступіць і пакінуць Яньтайскія вугальныя капальні з-за таго, што Рэненкампф своечасова не аказаў яму дапамогі. Пагаворвалі, што з-за гэтага справа дайшла да рукапрыкладства. І вось камусьці хапіла розуму прызначыць менавіта гэтых двух генералаў камандаваць стратэгічнай аперацыяй, ад якой залежаў зыход вайны.

Аляксандр Самсонаў.

Пры гэтым нямецкае камандаванне ўжо ведала пра планы рускага боку ва Усходняй Прусіі — перад пачаткам вайны менавіта з Віленскай акругі адбылася ўцечка інфармацыі. Германцы выпрацавалі свой план: заняўшы абарону, па чарзе разбіць абедзве рускія арміі, якія вымушаныя будуць наступаць, абыходзячы з двух бакоў Мазурскія азёры.

Адзінае, чаго не разлічылі немцы, — хуткай мабілізацыі і разгортвання войскаў. Ужо ў пачатку жніўня расійскія часткі сталі ўрывацца ва Усходнюю Прусію. А яшчэ камандаванне 8-й арміяй генерала фон Прытвіца, што абараняла Усходнюю Прусію, не ўлічыла занадта палкі тэмперамент камандзіра 1-га корпуса генерала Франсуа. У сваю чаргу, гэты немец з французскім прозвішчам вырашыў, што ніводны рускі салдат або казак не павінен уступіць у нямецкую вёску. І, насуперак распараджэнню камандавання, сам рушыў наперад.

Знаходжанне царскай арміі ва Усходняй Прусіі суправаджалася эксцэсамі. Карнет 1-га Сумскага гусарскага палка Уладзімір Літауэр успамінаў пасля: «Мы занялі Ангенбург. Палкоўнік Рахманінаў ішоў па вуліцы і ўбачыў групу гусар каля ўваходу ў краму. Калі Рахманінаў падышоў бліжэй, гусары пабеглі. Унутры відавочна нешта адбывалася. Дзверы крамы была сарваная з завесаў; у памяшканні панаваў страшэнны бардак. Рахманінаў увайшоў і пачуў галасы, што даносіліся аднекуль знізу. Ён зразумеў, што краму рабуюць. Спусціўшыся па лесвіцы ў склеп і гучна лаючыся, Рахманінаў загадаў злодзеям выходзіць. Першым з’явіўся камандзір нашай брыгады. “Ну, і чаму ж вы лаецеся, палкоўнік?” — спакойна спытаўся ён».

17 жніўня адбыўся першы буйны бой у Сталупенена. Нямецкі генерал Франсуа адразу ж атакаваў правы фланг аднаго з карпусоў 1-й арміі Рэненкампфа. І адразу нанёс яму паразу, захапіўшы некалькі тысяч палонных. З гарачкі Франсуа лічыў, што ваюе з усім правым флангам рускага войска. Але ён зусім не падазраваў, што яшчэ правей спакойна прасоўваюцца тры рускія дывізіі. Камандаванне нямецкай арміі загадала Франсуа тэрмінова адступаць, але той заявіў: «Толькі калі ра­заб’ю рускіх». У выніку напышлівы немец ледзь не быў разбіты сам — 159-ы пяхотны Абхазскі полк з Гомеля і 160-ы Гурыйскі з Рагачова, разам з іншымі часткамі, глыбока ахапілі яго левы фланг. Франсуа вымушаны быў спешна адступіць, рускія войскі занялі Сталупенен і вызвалілі сваіх палонных.

Нямецкая пяхота. Фота yandex.by

20 жніўня немцы ўступілі ў сустрэчны бой ля Гумбінена. Колькасная перавага была на баку германскага войска. На паўночным крыле нястомны Франсуа зноў пацясніў рускія часткі, але неўзабаве тыя атрымалі падмацаванне і прымусілі адысці 1-ы германскі корпус. У цэнтры наступаў корпус генерала Макензі. І тут вельмі непрыемным сюрпрызам для немцаў стала добрая агнявая падрыхтоўка рускіх стралкоў і артылерыстаў. Цэлыя нямецкія падраздзяленні былі змеценыя іх засяроджаным агнём. Відавочцы апісваюць, як нямецкая конная батарэя, што спрытна разварочвалася ў баявы парадак, была імгненна знішчаная рускімі артылерыстамі. Трэба сказаць, што ва ўсіх ваюючых войсках, у тым ліку ў нямецкім, тады яшчэ слаба ўяўлялі моц новай зброі і іншыя ўмовы вайны. Германская пяхота ў прыкметных касках — «пікельхаўбе», шчыльныя пастраенні войскаў — усё гэта ўяўляла добрую цэль. Скрываўленыя, знявечаныя трупы пакрылі лугі і прасекі прускіх лясоў. Корпус Макензі страціў 8000 чалавек і адступіў. Затым была вымушана адысці і ўся 8-я нямецкая армія.

У ацэнцы вынікаў бою ля Гумбінена рускія і нямецкія ваенныя, безумоўна, разыходзяцца. Паводле ацэнак расійскага боку, гэта была буйная перамога віленскай арміі. Немцы былі вымушаныя адступіць, ва Усходнюю Прусію з заходняга фронту Германія тэрмінова перакінула два дадатковыя корпусы. Кажуць, што тых карпусоў і не хапіла немцам у бітве на Марне, каб хутка зламаць Францыю.

Натуральна, немцы лічылі па-іншаму. Начальнік аператыўнага аддзела штаба 8-й арміі Макс Гофман увечары 20 жніўня ацэньваў нямецкі стан як спрыяльны, і рыхтаваўся да новага наступу. Але раптам атрымаў вестку — з другога боку Мазурскіх азёр на Усходнюю Прусію пачала прасоўванне 2-я армія генерала Самсонава. Гэта ледзь не зрынула кайзераўскіх генералаў у шок. Цяпер усходне-прускай групоўцы пагражалі «клешчы».

Камандуючы 8 арміяй фон Прытвіц ужо хацеў адступаць за Віслу, але Гофман, па яго словах, адгаварыў яго. Немцы хутка змянялі свой план: зараз трэба было спешна адарвацца ад войска Рэненкампфа і разбіць Самсонава.

Але пры гэтым частку сваіх сіл немцы планавалі пакінуць для прыкрыцця ад «беларускай» арміі. «Ніхто ж не мог нават выказаць здагадку, — пісаў пасля Гофман, — што Рэненкампф, атрымаўшы раніцай паведамленне пра адыход германскіх войскаў, спакойна і пасіўна застанецца на месцы. Наадварот, варта было чакаць, што ён з усімі сіламі энергічна кінецца за намі». Але фон Рэненкампф — не кінуўся.

Штыхавы бой ва Усходняй Прусіі, паштоўка

Таненберг-1914

Адыходзячы, немцы са здзіўленнем асэнсавалі, што іх ніхто не пераследуе. Тым часам камандуючым 8-й арміяй замест фон Прытвіца быў прызначаны энергічны Паўль фон Гіндэнбург.

Першапачаткова арміі генерала Самсонава атрымалася пацясніць адну з нямецкіх дывізій. І тады натхнёнае поспехам камандаванне варшаўскай арміі аддало загад аб пераходзе да агульнага наступу. Да таго ж, загад быў перададзены па радыёстанцыі адкрытым тэкстам. Верагодна, што ў новага начальніка нямецкага штаба фон Люндэдорфа яшчэ доўга здзіўлена тапырыліся вусы:

— Гер Гіндэнбург, я вельмі баюся, што гэтая радыёграма — спрытны ход Самсонава па нашай дэзінфармацыі.

Генерал Гофман, што доўгі час служыў у Пецярбургу ў якасці ваеннага аташэ, гэта значыць — выведніка, мог яго супакоіць:

— Гэта звычайная для іх справа. У іх нават ёсць адмысловае слова для яго абазначэння. Як гэта будзе па-руску? Мой генерал, я яго забыў... Увогуле, рускія вельмі смелыя — але бестурботныя.

Генерал Гофман

Бестурботнасць вышэйшага генералітэту каштавала крыві салдатам і афіцэрам расійскай арміі, якія адважна змагаліся і былі ўжо на паўдарозе да перамогі ва Усходняй Прусіі. Большасць асабістага складу віленскай арміі, дый частку варшаўскай, складалі ўраджэнцы Беларусі.

26 жніўня немцы сустрэлі войска Самсонава добра падрыхтаваным контрударам. Кровапралітныя баі разгарнуліся ў раёне Таненберга, дзе ў 1410 годзе арміі ВКЛ і Польшчы ўшчэнт разграмілі тэўтонцаў. Варшаўская армія панесла цяжкія страты і апынулася ў акружэнні. Самсонаў адчайна чакаў дапамогі.

А што ж віленская армія? Увесь гэты час Рэненкампф па-ранейшаму стаяў на месцы. Адно невялікія разведвальныя групы кавалерыстаў гойсалі па навакольных лясах. Толькі 28 жніўня 1-я армія атрымала загад ісці на злучэнне з Самсонавым. Але ўжо на наступны дзень камандуючы Заходнім фронтам Жылінскі адмяніў наступ. Ён лічыць, што Самсонаў па яго загадзе ўжо адыходзіць. На самай справе варшаўская армія сцякала крывёю ў цяжкіх баях з германцамі. Нарэшце, 30 жніўня 1-я кавалерыйская дывізія Васіля Гурко, сына героя руска-турэцкай вайны і прадстаўніка старадаўняга беларускага шляхецкага роду, атрымала загад здзейсніць рэйд для ўстанаўлення сувязі з Самсонавым. Але было ўжо занадта позна...

Аляксандр Самсонаў.


Напярэдадні генерал Самсонаў асабіста ўзначаліў спробу прарыву з акружэння аднаго з карпусоў на злучэнне з Рэненкампфам. Але нямецкае кальцо прабіць не ўдалося... На світанку 30 жніўня Аляксандр Самсонаў застрэліўся ў варожым асяроддзі. Амаль уся яго армія была знішчаная альбо трапіла ў палон. Затым немцы павярнулі войскі супраць 1-й арміі і з цяжкімі баямі прымусілі яе адысці за Нёман. Рэненкампф, кінуўшы сваё войска, на аўтамабілі збег у Коўна.

Нават нямецкае камандаванне было шакаванае — чаму камандуючы 1-й арміяй не дапамог Самсонаву? «Усялякае прасоўванне Рэненкампфа павінна было прадухіліць катастрофу пад Таненбергам», — лічыў Гофман. Балазе, дзякуючы яму немцы ведалі, як Рэненкампф ужо адзін раз «падставіў» Самсонава ў Маньчжурыі. І збольшага прымалі гэта ў разлік. Але ўсё ж не думалі, што варшаўская армія не атрымае ўвогуле ніякай (!) дапамогі ад віленскай.

Рускія палонныя. Фота yandex.by


Сёння бяздзейнасць фон Рэненкампфа апраўдваюць рознымі прычынамі. Паводле адной версіі, яго войскі былі скрайне аслабелыя доўгімі маршамі і панеслі цяжкія страты пад Гумбіненам. Але хіба немцы не былі выматаныя і не мелі мноства забітых і параненых? Але яны змаглі здзейсніць яшчэ адзін пераход і разбіць свежую армію Самсонава. А Рэненкампф прастаяў больш за тыдзень, так і не аказаўшы ніякай дапамогі Самсонаву.

Яшчэ кажуць пра адсут­насць у яго рэсурсаў для працягу наступу. Ёсць яшчэ адна версія — Рэненкампф атрымаў загад ад камандуючага Заходнім фронтам генерала Жылінскага наступаць на злучэнне з 2-й арміяй на Кёнігсберг. І абвінавачваюць у памылковым рашэнні і зрыве аперацыі камандуючага фронтам.

Так што ж адбылося ва Усходняй Прусіі на самай справе? Фон Рэненкампф быў часткай «нямецкай змовы» ў рускай арміі? Ён па-ранейшаму працягваў зводзіць асабістыя рахункі з Самсонавым? Або камандзір віленскай арміі — герой, абгавораны нядобразычліўцамі?

Вінаватымі ў паразе былі ўсе — цар, што ўцягнуў народы Расійскай імперыі ў непатрэбную ім вайну. Царская Стаўка, якая распыляла сілы на два франты — ва Усходняй Прусіі і ў Галіцыі, супраць другараднай Аўстра-Венгрыі, замест засяроджвання іх супраць галоўнага праціўніка — Германіі. Камандуючы Заходнім фронтам Жылінскі і камандуючы 1-й арміяй Рэненкампф, якія не дамагліся ўзгодненых дзеянняў сваіх войскаў.

А ў выніку заходняя частка нашай краіны была акупаваная нямецкімі войскамі, гарады і вёскі былі спустошаныя падчас адступлення. Мільёны беларусаў сталі бежанцамі альбо загінулі на фронце. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!