Як экспануецца самы вялікі залаты скарб вікінгаў (шмат фота)

У Музеі гісторыі і культуры горада Штральзунда (паўночна-ўсходняя Германія) захоўваецца, на думку супрацоўнікаў, самы вялікі залаты скарб вікінгаў у свеце. Гістарычны цэнтр Штральзунда ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Як выглядае ўся гэта прыгажосць?


Спачатку на месцы Штральзунда была вёска з заходнеславянскім насельніцтвам. Горад на гэтым месцы стварылі каланісты-германцы. У 1234 г. Штральзунд афіцыйна атрымаў гарадскія правы па Любекскім праве. Гэта дата лічыцца годам заснавання горада. У 1293 г. Штральзунд уступіў у Ганзейскі гандлёвы саюз, карыстаўся адноснай аўтаноміяй. Па выніках Трыццацігадовай вайны ў 1630 г. адышоў да Швецыі. Пасля Напалеонаўскіх войнаў, па Венскім міры 1815 г., стаў часткай Прусіі.




У гістарычным цэнтр Штральзунда захаваліся будынкі эпохі цаглянай готыкі, Рэнэсансу, Барока, Гістарызму і Югендстылю. Найбольш яркія помнікі – бадай, гатычная Ратуша і сабор святога Мікалая. Апошні можа быць цікавы беларусам тым, што гэтага святога вельмі шанавалі на нашых землях і па ўсёй Еўропе. Будынкі некалькіх сярэднявечных манастыроў у Штральзундзе цяпер прыстасаваныя пад жытло, якое ўражвае сваё мініяцюрнасцю і ўтульнасцю.




Музей гісторыі і культуры Штральзунда мае ў экспазіцыі два скарбы эпохі вікінгаў. Той, што лічыцца самым вялікім па вазе золата скарбам вікінгаў у свеце, быў знойдзены пасля шторму 13 лістапада 1872 г. на востраве Хідэнсэ у Балтыйскім моры, недалёка ад Штральзунда. Магчыма, скарб ляжаў на дне і хвалямі быў вынесены на бераг. Аднак, абставіны выяўлення скарбу даволі загадкавыя. Рудольф Байер, першы дырэктар музея ў Штральзундзе, лічыў, што знаходка паходзіць з тарфяніка на востраве. Скарб складаецца з шыйнай грыўны, дыскападобнай фібулы і амулетаў, якія спалучаюць м’ёльнір (паганскі молат Тора) і хрысціянскія крыжы. Па канцэпцыі такія амулеты нагадваюць падвескі эпохі ранняга хрысціянства, знойдзенныя на тэрыторыі Беларусі. На адным баку такога ўпрыгожвання маглі быць хрысціянскія сімвалы, а на другім – выявы вужакаў, якія даследчыкі адносяць да элементаў паганскага культу.

Другі скарб складаюць залатыя бранзалеты, знойдзенныя ў Пэнэмундэ, на востраве Юздам у Балтыйскім моры, таксама недалёка ад Штральзунда, вельмі блізка ад сучаснай мяжы з Польшчай. Гэтыя скарбы лічацца сімваламі музея, выява фібулы скарба з Хідэнсе ўпрыгожвае ўваходны білет.
Хутчэй за ўсё, упрыгожванні са скарба з Хідэнсэ насілі жанчыны, магчыма, дзеці, пра што сведчыць іх памер. Бранзалеты з Пэнэмундэ маглі насіць і жанчыны, і мужчыны, на запясцях ці прадплеччах. Палова бранзалета з Пэнэмундэ ў часы вікінгаў была роўная па кошце каню. Некаторыя з рэчаў у складзе скарба разламаныя, што ўказвае на іх выкарыстанне ў гандлёвых аперацыях.



Музей месціцца ў будынку сярэднявечнага кляштара, мае вялікія выставачныя плошчы. Акрамя золата вікінгаў тут можна пабачыць карціны XVIII – пачатку ХХ стагоддзя, шэдэўры сакральнага мастацтва, калекцыю дзіцячых цацак, агледзець інтэр’еры кляштара, даведацца, якімі рамёствамі займаліся гараджане Штральзунда ў Сярэднявеччы і нават у якіх кватэрах жылі ў часы ГДР.

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць