Як кандыдаты на піўной дуэлі змагаліся

Нудоту апошніх «выбараў» мы вырашылі разбавіць успамінамі пра заліхвацкія кампаніі 1990-х гадоў. Аматарам такога жанру дакладна спадабаецца феерычная гісторыя паходу студэнта-анархіста Ігара Бухарава ў парламент у 1995 годзе.

Пікет у падтрымку студэнта-анархіста Ігара Бухарава

У сярэдзіне 1990-х гадоў геаграфія анархісцкага Мінску складалася з некалькі кропак: «Панікоўка», шэраг пакояў у інтэрнатах БДУ ды буфет «Ленінкі», дзе вольна прадавалася піва. Недзе ў гэтым «бермудскім трохкутніку» ўзімку 1995-га і нарадзілася ідэя — на выбары ў Вярхоўны Савет, анансаваныя на травень, высунуць нейкага студэнта.

Намер актыўна падтрымаў аргенцінец Серхіа, які вучыўся ў інстытуце замежных моваў. На радзіме Серхіа быў трацкістам, меў вопыт удзелу ў выбарчых акцыях, якім хацеў падзяліцца. Пры гэтым у яго быў выхад на беларускія незалежныя прафсаюзы, што валодалі капіравальнай тэхнікай.

Заставалася знайсці кандыдата. І тут раптам прагучала прозвішча студэнта філфака Ігара Бухарава. Яшчэ да непасрэднага знаёмства было відавочна, што гэта, мякка кажучы, незвычайная асоба. Напрыклад, распавядалі, што падчас праходжання педагагічнай практыкі Ігар, заявіўшыся ў клас «пад градусам», прымусіў вучняў «скланяць дзеяслоў нешта». Прычым дзеці падпарадкаваліся.

Цяпер ужо цяжка сказаць, чаму Ігар Віктаравіч Бухараў пагадзіўся на ўдзел у відавочнай авантуры. Магчыма, таму, што кандыдацтва давала шанец адтэрмінаваць загад аб выключэнні з універсітэту, які вось-вось павінен быў падпісаць дэкан. Акрамя таго, тым, хто сабраў подпісы і быў зарэгістраваны кандыдатам, дзяржавай выдавалася фантастычная па тых часах сума, эквівалентная 50 доларам. Мы ўсур’ёз марылі сабраць патрэбныя для рэгістрацыі подпісы, атрымаць грошы, і, забіўшы на выбары, замуціць на ўвесь інтэрнат грандыёзны сабантуй.

Адначасова намаляваўся нейкі імправізаваны выбарчы штаб Бухарава ў складзе 4–5 студэнтаў з вельмі супярэчлівымі палітычнымі поглядамі. Ігар лічыў сябе анархістам, будучы адначасова ў захапленні ад пасажаў Жырыноўскага (зрэшты, падобны дыягназ быў уласцівы шмат каму). Мая прапанова назваць выбарчую ініцыятыву «Левое студенческое движение» прайшла на ўра выключна дзякуючы яе правакацыйнай абрэвіятуры — ЛСД. Акрамя таго, слова «левы» нагадвала жарганізм «лявачыць» — займацца нефармальным бізнесам.

Збегалі ў краму па сёе-тое ды селі пісаць праграму кандыдата і план кампаніі. Паколькі ўсе прысутныя слухалі альтэрнатыўны рок, адразу ж усплыло імя Біяфры — лідара культавага панк-гурта Dead Kennedys, які ў 1979 годзе балатаваўся ў мэры пад вельмі экстравагантнай праграмай. У падобным сюррэалістычным ключы была вытрыманая і праграма Бухарава, аўтары якой бачылі Беларусь не «сумная буржуазнай дзяржавай», а самай «прыкольнай краінай Еўропы». У выпадку абрання наш кандыдат абяцаў пачаць беларускую каланізацыю Антарктыды (з адпаведным генацыдам пінгвінаў), ператварэнне Мінска ў сталіцу алімпійскага руху для людзей, якія пакутуюць на ментальныя хваробы, надаць азбуцы Морзе статус дзяржаўнай мовы… Найбольш цікавым быў пункт ускосна адрасаваны супрацоўнікам ЦВК. У выпадку адмовы рэгістраваць Бухарава ў якасці кандыдата, планавалася стварыць альтэрнатыўны Вярхоўны Савет — ды правесці ў яго выбары. Асобны пункт заклікаў АГЛ падтрымаць Бухарава, каб разам заняцца дыскрэдытацыяй інстытутаў дзяржавы. Каб не шакаваць знаёмага аргенцінца і яго прафсаюзных сяброў, гэты трэш і ўгар разбавілі пунктам пра студэнцкае самакіраванне.

Дагрукацца да сэрцаў выбаршчыка планавалася за кошт серыі правакацыйных улётак з выявамі, як зараз модна казаць, селебрыці. Памятаю, што на адной з іх была выяўленая Ала Пугачова, якая прызнавала, што Бухараў лепшы за Кіркорава. На іншай павінен быў красавацца Гітлер з «цытатай»: «Бухараў — гэта чалавек, якога я заўжды баяўся». Была яшчэ ўлётка з порназоркай Чычалінай. Так ці інакш, у Серхіа і яго прафсаюзнікаў такая творчасць захаплення не выклікала. У выніку кампрамісу свет пабачыла толькі пракламацыя «Яго шукае інтэрпол…», якую галоўным чынам і вывешвалі ў інтэрнатах.

Нягледзячы на слабы тэхнічна-матэрыяльны рэсурс, старт кампаніі быў някепскі. Высветлілася, што 24-гадовы Ігар Бухараў быў самым маладым грамадзянінам краіны, які вырашыў атрымаць мандат парламентарыя. Як вынік, яго імя час ад часу гучала па радыё. Па інтэрнатах БДУ, якія знаходзіліся на нашай 203-й выбарчай акрузе, папаўзлі чуткі пра нейкага сціплага студэнта, які вырашыў штурмаваць палітычны Алімп.

Давялося рэагаваць на падзею і афіцыйнаму выданню БДУ. Яго супрацоўніца, цяперашні рэдактар навінаў «Белсату» Кацярына Ткачэнка вылічыла і дапытала мяне ў якасці прадстаўніка штабу Бухарава. Сярод іншага занатавала наступны пункт праграмы Бухарава: «Пасля перамогі прымусіць выкладчыкаў універсітэтаў насіць касцюмы блазанаў». Цікава, якой была рэакцыя педагогаў, калі яны ўсё гэта чыталі?

Як ні дзіўна, адносная лакальная папулярнасць Бухарава адмоўна ўплывала на тэмпы збору подпісаў. Студэнты інтэрнатаў ахвотна адчынялі дзверы зборшчыкам і калектыўна падпісваліся за Бухарава. Але яны таксама і ахвотна налівалі. Маскоўскае анархісцкае выданне «Чёрная звезда», каментуючы кампанію Бухарава, апублікавала свой іранічны варыянт справаздачы бухараўскага штабу: «Першы дзень — 101 подпіс і 1 літр гарэлкі на дваіх. Другі дзень: 30 подпісаў і 1,5 літра на траіх. Трэці дзень — 2,5 літра і 1 подпіс на траіх».

Нягледзячы на тое, што збор подпісаў буксаваў, сама «бухараманія», наадварот, набірала абароты. Вакол штабу тусавалася ўсё больш маладых творчых людзей. Крэатыў не меў межаў. Напрыклад, 1 красавіка «бухараўцы» выйшлі на пікет стаматалагічнай паліклінікі, што тады знаходзілася ўнутры дворыка БДУ. Гэтая акцыя павінна была давесці наш пратэст супраць уздыму коштаў на чыгуначны транспарт. Нават жудасна ўзгадаць, што публічныя акцыі тады мелі паведамляльны характар — таму пікет перад уваходам у геаграфічны факультэт быў дазволены ды прайшоў без усялякіх канфліктаў з міліцыянтам, які мільгацеў недзе на заднім фоне.

Акрамя непасрэднай агітацыі за Бухарава складаліся падступныя планы супраць канкурэнтаў па акрузе, уключаючы Андрэя Рамашэўскага — правадыра Партыі аматараў піва (ПАП). Дзякуючы кантактам сярод журналістаў мегапапулярнае на той час «Знамя Юности» перадрукавала адкрыты ліст «ЛСД» на адрас кіраўніцтва ПАП. У лісце актывісты ПАП называліся «жаласнымі суслікамі, якія нічога не разумеюць у ячменных напоях». Камандзе Рамашэўскага прапанавалася правесці піўны двубой па катэгарычным прынцыпе: хто каго перап’е, той і застанецца балатавацца па акрузе. Лузер павінен быў зняць сваю кандыдатуру з выбараў.

На нашае здзіўленне, выклік быў прыняты. Дуэль адбылася ў піўным бары «Старое русла», што калісьці знаходзіўся насупраць ліцэю БДУ. Пераможцам павінна была быць каманда кандыдата з трох чалавек, якая хутчэй за візаві накаціць 10 куфляў піва (іх за свае грошы набылі ПАПаўцы). Па знаку секунданта (быў там і такі) «бойка» пачалася. Праўда, двубой цягнуўся хвілін 10–15. Гэтага часу нашым апанентам хапіла, каб выжлукціць усе свае дзесяць куфляў. Нам заставалася толькі прызнаць сябе прайграўшымі, праводзіць ужо «цёпленькіх» пераможцаў і застацца радасна дапіваць халяўнае піва. Пасля працягнулі ў інтэрнаце, прычым у кампаніі шматлікіх сяброў ПАП.

Менавіта ў штаб ПАП перайшла большасць «бухараўцаў» пасля таго, як надышоў дэдлайн здачы подпісаў, якія мы, на жаль, так і не сабралі. З іншага боку, травеньскія выбары на 203-й акрузе ў выніку не адбыліся праз нізкую яўку. Такі ж сумны пейзаж назіраўся амаль паўсюдна, што дазволіла гаранту асцярожна казаць пра магчымасць скасавання інстытута парламентарызму.

Гэтыя і іншыя аўтарытарныя тэндэнцыі пачалі закладаць падставы глабальнага палітычнага крызісу, які выбухнуў пратэстамі 1996-га. Пасля тых пратэстаў у жыцці было яшчэ шмат іншых эмацыйных падзей, аднак без усякіх прыступаў настальгіі даю зуб: для ўдзельнікаў бухараўскай кампаніі вясна 1995-га застанецца адным з самых запамінальных і фантастычных фрагментаў біяграфіі.

Апошні раз аўтар бачыў Ігара Бухарава напачатку нулявых. На той час, усё ж неяк скончыўшы БДУ, ён працаваў фатографам у Баранавічах.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: