Як Лукашэнка галасаваў за Шушкевіча

Першы сапраўдны беларускі парламент запрацаваў 30 гадоў таму. Менавіта той склад Вярхоўнага Савета пераўтварыў БССР у Беларусь і абвясціў яе незалежнай. Менавіта з таго складу парламента выйшлі дасюль самыя папулярныя беларускія палітыкі, у тым ліку два кіраўнікі нашай краіны. Паколькі цяпер Вярхоўнага Савета няма, як, па вялікім рахунку, і парламента паводле яго сутнасці і прызначэння, тагачасны дэпутацкі склад можна назваць легендарным.



Першая паласа газеты «Звязда» з рэпартажам пра першую сесію Вярхоўнага Савета

Першае пасяджэнне Вярхоўнага Савета 12 склікання адбылося 15 траўня 1990 года. І пачалося з хвіліны маўчання: адзін з новаабраных дэпутатаў, генеральны дырэктар светлагорскага прадпрыемства «Хімвалакно» памёр напярэдадні сесіі. Прадстаўнікоў дырэктарату і чыноўнікаў рознага ўзроўню ажно да міністраў у складзе Вярхоўнага Савета было шмат. Адных толькі дырэктараў розных прадпрыемстваў — 35 асобаў, старшыняў калгасаў і саўгасаў — 25. А яшчэ было мноства начальнікаў розных узроўняў з кампартыі. У выніку большасць у Вярхоўным Савеце склалася наменклатурна-камуністычная. Пазней на яе грунце ўтварылася група «Беларусь», якая падтрымлівала ўрад Вячаслава Кебіча. Ён быў абраны прэм’ер-міністрам якраз у першыя дні працы Вярхоўнага Савета.

 

Нягледзячы на ўмовы

Усяго дэпутатамі павінны былі стаць 360 чалавек: 310 — непасрэдна праз выбары, астатнія 50 — праз квоту для грамадскіх арганізацый (таварыстваў інвалідаў, сляпых, глухіх, арганізацыі ветэранаў вайны і працы). Першы тур выбараў прайшоў 4 сакавіка, другі — праз два тыдні. Паводле яго вынікаў былі абраныя толькі 229 дэпутатаў. Паўторныя выбары прайшлі пры канцы красавіка і ў пачатку траўня. Яны спатрэбіліся, бо для перамогі ў другім туры неабходна было, як і ў першым, набраць 50% плюс адзін голас.

Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты мелі права толькі зарэгістраваныя арганізацыі, працоўныя калектывы і сходы па месцы жыхарства. Адзінай жа дэмакратычнай арганізацыяй, якая мела рэгістрацыю, было Таварыства беларускай мовы. СМІ і прапаганда працавалі на вылучэнцаў ад кампартыі. Але ўсё-такі ў парламенце сфарміраваўся Дэмакратычны клуб з паўсотні чалавек і больш радыкальная апазіцыя БНФ з каля трох дзясяткаў чалавек. Менавіта яны і сталі прасоўвальнікамі пераменаў дзякуючы адпаведным настроям у грамадстве. Напрыклад, за тыдзень да выбараў Беларускі Народны Фронт зладзіў у Мінску 100-тысячны мітынг супраць недэмакратычнага ходу выбарчай кампаніі. Усяго да моманту пачатку дзейнасці Вярхоўнага Савета 12 склікання 6,5 тысячы чалавек паскардзіліся на парушэнні падчас першых больш-менш дэмакратычных парламенцкіх выбараў у Беларусі.

 

«Ні дабрабыту, ні незалежнасці»

Асноўнымі спосабамі агітацыі апазіцыі былі мітынгі і тактыка «ад дзвярэй да дзвярэй». Ключавымі пасланнямі сталі эканамічны заняпад, прывілеі для наменклатуры і наступствы Чарнобыльскай аварыі.

Вось як пачыналася выбарчая платформа БНФ: «Наша зямля забруджана радыенуклідамі ды нітратамі, паветра атручана выкідамі прамысловых прадпрыемстваў, а вада — сцёкамі з хворых палёў і жывёлагадоўчых фермаў. Наша сістэма прамысловасці не можа наладзіць выпуску тавараў, якія б знаходзіліся на ўзроўні міжнародных патрабаванняў. І што б ні радзіла наша зямля — на прылаўках магазінаў бракуе дастатковай колькасці прадуктаў. Мы не здабылі не толькі дабрабыту — мы не здабылі і незалежнасці. Сёння мы павінны прасіць у Масквы тое, што належыць нам па праву. Чарнобыльская катастрофа высветліла наш сапраўдны стан у Савецкім Саюзе — стан паўкалоніі, якая пастаўляе “цэнтру” сельскагаспадарчыя прадукты і тавары прамысловасці, а самі мы павінны пакорліва чакаць, пакуль гэты “цэнтр” выдзеліць нам дапамогу ў Чарнобыльскім горы».

Перадвыбарчая ўлётка з праграмай БНФ


БНФ адзначаў, што ідзе на выбары «з ідэямі палітычнага і эканамічнага плюралізму, культурнага адраджэння, ідэямі дэмакратыі, свабоды і суверэнітэту Беларусі». Гаварылася і пра няроўнасць: «У кастрычніку 1989 года на 65–100% павышана зарплата ўсім наменклатурным чыноўнікам, у той час як сотні тысяч беларусаў жывуць па-за рысай беднасці». Фронтаўцы заклікалі народ адмовіць у падтрымцы прадстаўнікам наменклатуры ды іх стаўленікам, бо тыя «страцілі не толькі права на ўладу, але і на чалавечы давер».

Памятаю адну з выбарчых сустрэч каля свайго пад’езда ў мінскім мікрараёне Серабранка. У нас балатаваўся паэт Анатоль Вярцінскі, галоўным яго канкурэнтам быў кіраўнік мясцовай раённай адміністрацыі. Мне было 12 гадоў. Мае бацькі і бацькі сябра былі за Вярцінскага. Ён тады працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», у якой некалькімі гадамі раней быў апублікаваны суперрэзанансны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты: дарога смерці». І мы з сябрам зладзілі акцыю: узняліся на агульны балкон аднаго з паверхаў у сваім пад’ездзе і некалькі разоў выгукнулі нешта пра тое, які наменклатуршчык дрэнны чалавек. І цэлы вечар з гонарам хадзілі як удзельнікі крутога апазіцыйнага ўчынку.

Выбары сапраўды праходзілі з ажыятажам. Конкурс склаў 5 чалавек на дэпутацкі мандат. Дэпутатамі не змаглі стаць многія вядомыя асобы. Напрыклад, Павел Калаур, цяперашні кіраўнік Нацыянальнага банка, і будучы прэм’ер-міністр Беларусі Уладзімір Ярмошын.

Сесія, якая пачалася 15 траўня 1990 года, праходзіла таксама горача.

 

Спікер і «задні праход»

Ужо праз тры дні пасля старту сесіі свежаспечаныя дэпутаты выбіралі спікера. Прэтэндэнтаў сярод парламентарыяў было трое. Першы — вылучэнец Кампартыі БССР, старшыня прэзідыуму папярэдняга складу Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей. Той самы, як праславіўся забаўнымі афарызмамі кшталту звароту да дэпутатаў, якія стаялі ў канцы парламенцкай Авальнай залы ў чарзе да мікрафона: «Не стойце ў заднім праходзе».

Дэпутат-касманаўт Уладзімір Кавалёнак, які прэтэндаваў на крэсла старшыні Вярхоўнага Савета. Фота vytoki.net


Супернікамі былі прарэктар па навуковай працы Белдзяржуніверсітэта Станіслаў Шушкевіч і касманаўт Уладзімір Кавалёнак. Асноўнымі канкурэнтамі былі Дземянцей і Шушкевіч. Кавалёнка вылучыла Апазіцыя БНФ, каб адцягнуць галасы ў Дземянцея. І дэмакратам удалося даць бой наменклатурнай большасці: справа дайшла да другога туру. Але там 167 галасамі супраць 118 перамогу атрымаў і стаў спікерам усё ж такі Мікалай Дземянцей. Затое такі вынік дазволіў Станіславу Шушкевічу стаць намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Праз год ён узначаліць парламент і, адпаведна, апынецца на чале незалежнай Беларусі. Кавалёнак у 1992 годзе складзе з сябе дэпутацкія паўнамоцтвы і пераедзе ў Маскву, каб узначаліць Ваенна-паветраную інжынерную акадэмію.

Цікава, што тымі днямі супраць наменклатуршчыка Дземянцея выступаў і галасаваў за кандыдатуру Шушкевіча дырэктар саўгасу «Гарадзец», дэпутат Аляксандр Лукашэнка. Ён расказваў у інтэрв’ю шклоўскай газеце «Ударны фронт» у нумары за 24 траўня 1990 года: маўляў, Дземянцей не здольны на пераўтварэнні, бо на ім «вісіць груз старых стэрэатыпаў». Што ён прыхільнік адміністратыўна-каманднай сістэмы і прадстаўнік партыйна-савецкага апарату. Так, Лукашэнка падаваўся дэмакратам і чахвосціў наменклатуру. Увогуле, асаблівасцю парламента Лукашэнка назваў барацьбу дзвюх ліній: «Прадстаўнікі першай хацелі б пакінуць усё, як было раней, “жыць як набяжыць”, другія рашуча выступаюць за радыкальныя пераўтварэнні». На жаль, пры кіраўніку краіны Лукашэнку з парламента знікла ўсялякая палітычная канкурэнцыя.

А вось што пісала гэтае шклоўскае выданне 10 лютага 1990 года пра Лукашэнку ў рэпартажы з сустрэчы яго ды іншых кандыдатаў з выбаршчыкамі 310-й Шклоўскай акругі: «Аддадзім належнае аратарскаму майстэрству гэтага кандыдата, чыё выступленне было даўжэй за іншых, тым болей апошнім, але ён здолеў трымаць ва ўвазе выбаршчыкаў»; «Прама заявіў: “У мяне — вясковая душа”. І зноў заклікаў абараніць чалавека, які хоча працаваць»; «Рэзка асудзіў павышэнне акладаў кіруючаму апарату, прайшоўся па бюракратах і адказаў, якім сам цяпер падвяргаецца ганенням».


Дэпутаты як міністры

Апрача выбараў спікера, жарсці віравалі падчас выбараў старшыняў парламенцкіх камісіяў. Рэч у тым, што статус старшыні камісіі быў вышэй за міністэрскі. Многія парламенцкія камісіі тады ўзначалілі асобы, якія з цягам часу сталі вельмі вядомымі ў краіне. Напрыклад, на чале камісіі па законнасці, пытаннях правапарадку і барацьбы са злачыннасцю стаў генерал міліцыі, будучы спікер парламенту Мечыслаў Грыб; камісіі па закандаўстве — Дзмітрый Булахаў, адзін з так званых «маладых ваўкоў», якія зрабілі з Лукашэнкі прэзідэнта; камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі (ацаніце назву) — будучы віцэ-прэм’ер і кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік; камісію па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе ўзначаліў будучы мэр Маладзечна і лідар апазіцыі пры канцы 1990-х гадоў Генадзь Карпенка; камісію па пытаннях працы, коштаў, занятасці і сацыяльнай абароненасці насельніцтва — будучы міністр працы Аляксандр Сасноў; камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны — народны паэт Ніл Гілевіч.

Сацыяльна-эканамічная сітуацыя была напружаная. Страйк у Гомелі ў канцы красавіка 1990 года. Фота vytoki.net


Прэса ў сярэдзіне траўня 1990 года штодня публікавала рэпартажы і фотаздымкі з Вярхоўнага Савета на тытульных палосах. Напрыклад, «Звязда» выходзіла з аптымістычнымі загалоўкамі кшталту «Верым у абнаўленне», «Зала нашага чакання». Былі і песімістычныя прагнозы. Аглядальнік апазіцыйнай газеты «Свабода», якая пачала выдавацца якраз у тым годзе, пісаў: «А якія правы наогул мае наш Вярхоўны Савет? За межы саюзных законаў яму сягаць не дазволена, а дэкларацыю пра незалежнасць ён, па ўсім відаць, не прыме».

Але гэты Вярхоўны Савет ужо 27 ліпеня 1990 года прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР, напісаную апазіцыйнымі дэпутатамі з Беларускага Народнага Фронту. А яшчэ праз год яна набыла сілу Канстытуцыйнага закона. Але гэта ўжо іншая натхняльная гісторыя…

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: