Як раней «замахваліся» на Лукашэнку і што паказала следства?

Лукашэнка не ў першы раз распавядае журналістам пра замах на сябе. Самы сур’ёзны такі выпадак адбыўся ў чэрвені 1994 года, за тыдзень да першага туру першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Лукашэнка ў 1994 годзе


«Мэрсэдэс», у якім тады яшчэ кандыдат у прэзідэнты ехаў з Віцебска ў Лёзна, нібыта абстралялі з іншамаркі, якая абагнала яго. Але каманда Лукашэнкі заявіла пра замах толькі раніцай, узгадвае Еўрарадыё.

Вось што па гарачых слядах пісала пра гэты выпадак газета «Советская Белоруссия» у артыкуле «На белым “Мэрсэдэсе”, будучы абстралянымі, яны паехалі ў лазню?..». Так, тады заснавальніцай СБ яшчэ не была адміністрацыя Лукашэнкі.

«Замах» здарыўся ў чацвер, 16 чэрвеня 1994 года, каля 23:30. Лукашэнку везлі з Віцебска ў Лёзна на белым «Мэрсэдэсе», за рулём якога сядзеў Іван Ціцянкоў — дэпутат Вярхоўнага савета і дырэктар СП «Тайм-инвест». У машыне быў яшчэ адзін чалавек: давераная асоба Лукашэнкі Віктар Шэйман — баявы афіцэр, які прайшоў Афганістан.

«Мэрсэдэс ішоў з хуткасцю кіламетраў 120 у гадзіну, калі яго абагнала цёмная іншамарка. Пачуўшы два хлапкі і зразумеўшы, што іх абстрэльваюць, Ціцянкоў у афекце апусціў галаву на стырно, а калі падняў яе, дык на шашы да самага гарызонту ўжо не ўбачыў сігнальных агнёў машыны “злыдняў”. Ён рэзка затармазіў. Спыніліся на абочыне і ўбачылі, што левыя заднія дзверы “Мерседэса” прашытыя куляй», — узнаўляе падзеі журналістка «Савецкай Беларусі».

Аднак следчая група, якая прыбыла на месца здарэння на наступны дзень, не знайшла на асфальце слядоў экстранага тармажэння. Акрамя таго, каб усадзіць кулю ў дзверы так, як яна ўвайшла туды, «налётчык» мусіў страляць над дахам іншамаркі, стоячы на ўвесь рост на яе падножцы. Пры хуткасці ў 130-140 км/г гэта наўрад ці магчыма.


«Пасля правядзення следчага эксперыменту, у суботу, 18 чэрвеня, на прэс-канферэнцыі перад журналістамі кіроўца (Ціцянкоў — НЧ.) рэзка “скінуў хуткасць” — сказаў, што “Мэрсэдэс” рухаўся ўсяго-та кіламетраў 70 за гадзіну, — працягвае СБ. — Цёмная іншамарка “бандытаў” у гэтым дэтэктыве прысутнічае як цень, якая імгненна прамільгнула і бясследна знікла. Ніхто з траіх мужчын у “Мэрсэдэсе” не заўважыў, была яна падобная напрыклад, на БМВ, Пежо ці Кадылак».

Ёсць яшчэ некалькі дзіўных абставінаў. Па-першае, чаму «налётчыкі», якія напалі на кандыдата ў прэзідэнты ўначы на пустой дарозе, не давялі «задуманае» да канца, а паспяшаліся схавацца, ледзь пачаўшы страляць? Па-другое, чаму каманда Лукашэнкі завяла аб «замаху» не адразу, а толькі на наступную раніцу? І па-трэцяе, як Лукашэнка і яго прыхільнікі правялі ноч паміж «замахам» і паведамленнем пра яго?

Ціцянкоў на прэс-канферэнцыі расказаў, што Лукашэнка сказаў камандзе — маўляў, дайце мне паспаць. Дзіўная рэакцыя для чалавека, на якога толькі што замахваліся. «Советская Белоруссия» піша, што ў Дабрамыслях, куды кіраваўся «Мэрсэдэс», для Лукашэнкі і яго набліжаных была прыгатавана лазня, дзе яны і адпачывалі.

18 чэрвеня Лукашэнка сказаў журналістам, што правакацыю з замахам на яго магла зладзіць каманда прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, які ў 1994 годзе таксама ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах. Але да таго часу пра «замах» ужо выказаліся сілавікі. Намеснік міністра ўнутраных спраў Люцыян Сабалеўскі заявіў, што «Замах быў імітаваны». Кіраўнік прэс-службы КДБ Пётр Снапок сказаў: «Ёсць падставы сцвярджаць, што замаху на Лукашэнку не было».


Расследаванне справы аб «замаху» не прынесла вынікаў. Праз тыдзень пасля яго Лукашэнка выйграў першы тур прэзідэнцкіх выбараў, а следам і другі. Наколькі важкі ўклад у гэтыя перамогі ўнесла шуміха вакол таямнічай іншамаркі на начной дарозе паміж Віцебскам і Лёзна? Пытанне рытарычнае.

Пазней Лукашэнка выказаўся пра тыя падзеі: «Нягледзячы на тое, што ні я, ні мая каманда не абвінавачвалі нікога ў арганізацыі гэтага інцыдэнту і толькі канстатавалі факт стральбы, мяне неадкладна прадставілі ледзь не арганізатарам няўдалага замаху на самога сябе».

І ўжо 12 жніўня 1994 года Лукашэнка вызваліў Люцыяна Сабалеўскага ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: