Як у XXI стагоддзі Сталін перамог і Леніна, і Мікалая ІІ

18 снежня нарадзіўся Іосіф Сталін, адна з найбольш крывавых асобаў XX ст. Разам з тым, часопіс Time, які рэгулярна змяшчае на вокладцы выявы найбольш уплывовых лідараў свету, мог бы і зараз змясціць выяву Іосіфа Вісарыёнавіча. Праз 66 год пасля смерці… Чаму так? Адказ на belsat.eu дае Алесь Кіркевіч.
Усё проста: вобраз Сталіна апынуўся неўміручым, нягледзячы на ўсе «развянчанні культу», на разбітыя яшчэ ў 1950-ых бетонныя помнікі ды барэльефы, на перабудову і дэмакратыю, на «пакаянне» Расіі ў 1990-ыя ды тысячы храмаў з залатымі купаламі, якія паўстаюць на прасторах СНД штогод. Сталін наўпрост перарос фармат рэальнай асобы, некалі жывога чалавека, і пераўтварыўся ў сімвал або «злы дух», які, падобна толкінаўскаму Саўрону, адно шукае целы для новых і новых інкарнацыяў.

Падавалася б, скрайне несімпатычны нават знешне персанаж. Твар пабіты воспінамі. Невысокі, зусім не атлетычнага складу. Пасрэдны аратар і тым больш пасрэдны мысляр-ідэолаг. Яшчэ больш пасрэдны стратэг, хай сабе і ў кіцелі генералісімуса… Але менавіта ягоныя партрэты працягваюць з’яўляцца на білбордах, цішотках, транспарантах. Нават на беларускіх інтэрнэт-аўкцыёнах у рубрыцы «Хачу набыць» людзі шукаюць кнігі, накшталт, «Праўда пра Сталіна», «Абылганы Сталін», «Здраджаны 1937-мы год» і г. д.

Як ні дзіўна, што ў Расіі, што ў нас Сталін аб’яднаў цалкам розных людзей, далёка не заўсёды маргіналаў ды выжыўшых з розуму былых партыйных супрацоўнікаў. Прыхільнікі савецкага наратыву, прыхільнікі імперскага наратыву, аматары «жорсткай рукі» і 9 траўня, байкеры і «крепкие хозяйственники», эпатажныя патлатыя маладзёны і дзеючыя сілавікі ў мундзірах. Сталін — гэта тое агульнае, што прымушае іх распраўляць плечы, пускаць слязу ды сціскаць сківіцы пры словах «Еўропа», «дэмакратыя» ці «нацыянальная культура».

Падаецца, чаму б аматарам Саюзу не аб’яднацца вакол Леніна? Чаму б аматарам імперыі не насіцца з культам Мікалая II? Наогул, ці мала розных кутузавых і дастаеўскіх, з якіх можна рабіць іконы «рускага свету»? Чаму — ён? Чаму Сталіну пакланяюцца манархісты, хоць ён знішчаў тую імперыю і дабіваў яе эліту? Чаму пакланяюцца камуністы, хоць ён высек пад корань усіх арганізатараў той рэвалюцыі, стварыў РПЦ ды вярнуў «залатыя пагоны» ў войска?

Думаю, справа ў ідэалогіі. Дакладней, у яе адсутнасці. Цар Мікалай — гэта ідэалогія. Гэта пафас традыцыі, сусальнае золата, эпалеты, лабірынты манаршай генеалогіі, хросныя хады… Ленін — гэта таксама ідэалогія. Новы свет, новы чалавек, сталёвая воля, гатоўнасць плаціць любы кошт за свае навязлівыя ідэі… А Сталін — гэта не ідэалогія. Гэта адмаўленне і дэструкцыя ўсяго, што можа ўяўляць мінімальную небяспеку. Гэта ніцшэанская прага да ўлады ў аголеным выглядзе.

Паўтаруся, запыт на Сталіна — гэта не запыт на ідэалогію. І нават не запыт на «ватную» эстэтыку з вайсковымі парадамі, партсігарамі з выявамі Крамля ды іншымі хітамі, накшталт «Утро красит нежным светом…» Гэта запыт на форму праўлення, форму мыслення, форму адносінаў да саміх сябе, сваіх родных і суседзяў. Запыт на магчымасць быць далучаным да вялікага і велічнага, дзе або ты, або цябе. Запыт на магчымасць адмаўляць усё, а таксама і сябе як асобу.

Дзе там меланхалічнаму цару Мікалаю ці эксцэнтрычнаму Леніну да гэтых філасофскіх вышыняў? Падобна, што менавіта Сталін убачыў у чалавеку тое жывёльнае, што і варта паставіць у «чырвоны кут». Не партыйнага лідара, не праграму, не запаветы будаўніка камунізму, а… люстэрка. Глядзіш і бачыш невысокага чалавека з тварам, пабітым воспінкамі. Не мысляра. Не стратэга. Звычайнага сябе. Якога любіш і ненавідзіш адначасова. Складаныя сістэмы часта ламаюцца. Простыя сістэмы — вечныя і ўніверсальныя. Таму Сталіна на вокладцы Time, з тым ці іншым тварам, мы яшчэ ўбачым…

belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: