Як выглядаў гродзенскі Стары замак 100 гадоў таму, да рэканструкцыі і цяпер

У гродзенскім Старым замку працягваецца рэканструкцыя. TUT.BY паглядзеў, як цяпер выглядае гістарычны комплекс і параўнаў з тым, якім замак быў да рэканструкцыі, а заадно і 100 гадоў таму. А яшчэ даведаўся, што зараз адбываецца на будаўнічай пляцоўцы.

Рэканструкцыя Старога замка ў Гродне з самага пачатку выклікала шмат спрэчак у навуковых колах. Яе нават называлі «адкрытай фальсіфікацыяй помніка». Гістарычным помнікам зацікавіліся ў свой час у польскім сойме. Намеснік старшыні Камісіі па замежных справах сейма Рэспублікі Польшча Роберт Тышкевіч накіраваў ліст міністру культуры і нацыянальнай спадчыны краіны Пятру Глінскаму. Амбасадар быў занепакоены лёсам Старога замка ў Гродне і тымі працамі, якія вяліся на гістарычным аб'екце.


У другой палове 2014 года на рэканструкцыю Старога замка, які яшчэ раней быў уключаны ў праграму «Замкі Беларусі», было выдзелена 7 млрд рублёў. Але неўзабаве праграма была згорнутая. З-за адсутнасці фінансавання праца над праектам была таксама прыпыненая. У 2016 годзе праект быў замарожаны, але пасля працяглага перапынку працы ў рэшце рэшт працягнулі з 2017 года. Праект атрымаў фінансаванне з рэспубліканскага і мясцовага бюджэту.

Праект першай чаргі ўключае ў сябе рэканструкцыю палаца і сярэдняй вежы. Менавіта там цяпер ідуць асноўныя будаўнічыя работы.


За аснову рэканструкцыі Старога замка быў узяты праект сталічнага архітэктара Уладзіміра Бачкова. Некалькі гадоў таму ён быў зацверджаны навуковым кіраўніком рэканструкцыі Старога замка і перабраўся з Мінска ў Гродна. У свой час Бачкоў займаўся рэканструкцыяй Нясвіжскага замка, і яго праца выклікала бурную крытыку. Архітэктар выбраў варыянт рэканструкцыі адной з вежаў, якая не адпавядала стылістыцы замка. У выніку вежу давялося перабудоўваць.



У інтэрв'ю TUT.BY дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка казаў: замак першапачаткова быў пабудаваны пры Стэфане Баторыю архітэктарам Санці Гучы ў рэнесансным стылі. Да гэтага перыяду трэба і вяртацца. Усе пазнейшыя змены — «бягучыя рамонты для прыстасавання палаца пад гаспадарчыя патрэбы».

Да грамадскасці прыслухаліся.


Улетку 2018 года правялі круглы стол, прысвечаны рэканструкцыі Старога замка. Туды запрасілі, здаецца, усіх зацікаўленых (ад прадстаўнікоў Інстытута гісторыі НАН да Гродзенскага УКБ і «Гроднаграмадзянпраект»). А яшчэ нядаўна для таго, каб знаёміць грамадскасць з тым, што зараз адбываецца ў замку, была створана спецыяльная група ў Facebook, якую вядзе начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. Яна распавяла TUT.BY, што зараз адбываецца ў сценах Старога замка.

  На дадзены момант ідзе рэалізацыя праекта першай чаргі. У працэсе працы ёсць некаторыя змены. Напрыклад, былі ўлічаны пажаданні польскіх экспертаў з нагоды ўязной вежы і яна будзе выглядаць па-іншаму, — кажа Алена Клімовіч.



Нагадаем, знешні выгляд уязной вежы выклікаў ледзь не самыя вялікія спрэчкі ў акадэмічных колах. Першапачаткова аўтары рэканструкцыі прапаноўвалі свой варыянт купала, які меў круглявую форму. Беларускія архітэктары кіраваліся выявай замка на гравюры Тамаша Макоўскага. Аднак польскія спецыялісты прапанавалі некалькі іншую форму. Аказалася, што першапачатковы купал, які прапанаваў аўтар праекта рэканструкцыі Уладзімір Бачкоў, не зацвердзілі ні ў Міністэрстве культуры, ні ў «Гроднаграмадзянпраекце» (арганізацыя, якая адказвае за распрацоўку будаўнічага плана), таму і былі запрошаныя польскія эксперты, якія і далі сваё заключэнне.

Максімальная задача, якая стаіць перад намі — гэта, вядома, захаваць старадаўнія будынкі. Але трэба памятаць, што мы ўзводзім комплекс будынкаў пад патрэбы музея. Неабходна ўлічваць, як будуць унутры памяшканняў перамяшчацца людзі, якая будзе нагрузка на будынак. Усімі разлікамі займаюцца спецыялісты. Ці вось прыклад. Сёння ніхто не будзе ацяпляць замак камінамі, як раней. Сучасныя патрабаванні такія, што ў такіх будынках павінна быць адмысловая вентыляцыя. Таму праект быў зроблены, улічваючы і тое, што трэба неяк размясціць сучасныя тэхналогіі, — кажа Алена Клімовіч.

Зараз спецыялісты прыступілі да распрацоўкі праекта ўнутранага дэкору Старога замка. Гісторыкі вывучаюць старыя дакументы і візуальныя крыніцы. У групе ў Facebook на абмеркаванне таксама выклалі некалькі варыянтаў геральдычных элементаў, якія могуць з'явіцца ў залах адрэстаўраванага гістарычнага аб'екта.

А яшчэ паглядзіце, як выглядалі Стары і Новы замкі амаль 100 гадоў таму:

Фота: nac.gov.pl

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!