Яшчэ раз пра вайну, альбо Фікусы ў кадушках

Кожны год адбываюцца аднолькавыя, як пад капірку, святкаванні Дня Перамогі.

1939 год, Брэст. Сумесны парад войскаў нацысцкай Германіі і СССР

Адны і тыя ж словы з трыбун, адны і тыя песні і фільмы на экранах. Гімнасцёркі, стрэлы, акопы… Мала засталося людзей, якія памятаюць пра фронт, партызанку і акупацыю.

Яшчэ ў 1990-я гады ў незалежным друку загучалі галасы, што надышоў час пра падзеі і прычыны Другой сусветнай вайны сказаць «усю праўду». Абнародаваны факты, пра якія раней небяспечна было гаварыць, і смелыя трактоўкі гэтых фактаў. Аднак жа (і гэта таксама факт) «праўдаў» заўсёды бывае некалькі. Якая каму выгадная, той і трымаюцца да апошняга ўздыху. Ніхто з савецкіх стратэгаў не ўзяў на сябе адказнасці за катастрофу першых месяцаў вайны. Хіба гэта не парадокс, што мілітарызаваная, «заточаная» на вайну савецкая імперыя аказалася не гатовай абараняцца?!

Першымі прынялі на сябе ўдар агрэсараў прыгранічныя дывізіі Брэста і Беласточчыны. У 8-й стралковай дывізіі 10-й арміі праходзіў службу малады настаўнік Пётр Архіпавіч Нікодаў. Ураджэнец Магілёўшчыны, ён доўгі час працаваў дырэктарам Плешчаніцкай СШ №1.

«Мы стаялі пад Ломжай, за Беластокам. Некалькі артылерыйскіх часцей размяшчалася ў летнім лагеры. Была субота, дзень памыўкі. Пасля лазні салдатаў паставілі дзяжурыць на «лёгкі пост» — ахоўваць калодзеж у недалёкай вёсцы. Адзін заступіў на пост, а двое падаліся на вечарынку.

У чатыры гадзіны раніцы пачаліся баявыя дзеянні: налёт на блізкі аэрадром. Абстрэл, бамбёжка, трасіруючыя кулі… Як у кіно. Пабудзіў сваіх: «Уставайце! Вайна!» Хлопцы не паверылі. Маўляў, планаваліся армейскія манёўры. «Дык жа крыжы на самалётах!» — «А ты бачыў у цемры тыя крыжы?» Гэтак падыскутавалі — і зноў паснулі. Ажно едзе конны раз’езд, пытаюцца, дзе граніца. Разведку паслалі… Устрывожыліся.

Бачу, бягуць камдыў Боўкун з палітруком. З вёскі, дзе яны стаялі на кватэры, іх выклікалі ў часць. Потым прыбег узмакрэлы развадзяшчы: так і так, аб’яўлена баявая трывога, рыхтуйся да адпраўкі. Мяне забралі, і наш «арудзійны разлік» у складзе 12 чалавек паехаў да граніцы. Толькі мы занялі адзін населены пункт на баку немцаў, па нас ударыла іхняя артылерыя. Праўда, неяк раптам усё сціхла. А ўначы мы атрымалі загад адступаць на ўсход. Пачаўся кашмар акружэння, так званы Беластоцкі кацёл. Адступалі тры арміі Заходняй акругі: 10-я, 4-я і 3-я».

1939 год, Брэст. Сумесны парад войскаў нацысцкай Германіі і СССР

У Мінску панаваў хаос, рабаваліся пакінутыя дамы і кватэры. Горад гарэў, бо не было каму арганізаваць тушэнне пажараў пасля бамбёжак. (Кіраўніцтва БССР спешна з’ехала на трэці дзень вайны.) Тым часам адбываўся вялікі зыход жыхароў з палаючага Мінска. Шматлікіх бежанцаў абганялі палутаркі начальнікаў з мэбляй і фікусамі ў кадушках. Пад такім самым фікусам, кажуць, выязджаў і першы сакратар ЦКПБ(б) Панцеляймон Панамарэнка.

Разам з іншым сыходзілі з горада супрацоўнікі газеты «Советская Белоруссия», у тым ліку цяжарная Марыя Міхайлаўна Ваганава: «Перш ішлі на Маскоўскую шашу. Потым нехта абвясціў, што ў Барысаве нямецкі дэсант, і ўсе павярнулі на Магілёў. Пераначавалі ў жыце, і далей маці ісці ўжо не магла. Па шашы імчалі машыны з цэкоўскімі і саўмінаўскімі работнікамі. Адну машыну спыніў міліцыянер, грозчы пісталетам. Маці з сястрой упіхнулі ў кузаў. Кіроўца давёз іх да Чэрвеня і аддаў свае рэчы: коўдру з абрэзкаў, цёплую мужчынскую бялізну, кашулі… Усё гэта потым спатрэбілася і пайшло на пялюшкі. (Паводле Сяргея Ваганава «Мосцік над вечнасцю».)

Начальнікі, адказныя за эвакуацыю, ратавалі найперш музейныя і матэрыяльныя каштоўнасці (банкаўскую наяўнасць, напрыклад). Стараліся вывезці партыйныя архівы і сакрэтныя справы НКУС — расстрэльныя спісы і таму падобнае. Між тым, не зрабілі неабходнага: не забяспечылі вывазу ў тыл дзіцячых устаноў на Міншчыне і ва ўсходніх абласцях. Застаўся і дзейнічаў пры акупацыі дзіцячы дом у Сёмкаве. Ваеннаслужачыя 100-й дывізіі, спешна адступаючы, мусілі пакінуць сваіх дзяцей у піянерскім лагеры. У Астрашыцкім Гарадку на базе гэтага лагера немцы адкрылі прытулак. Адзін з лагойскіх хлопцаў, пакідаючы сталіцу, на ўскраіне агледзеў групу ясельных, кінутых выхавацелямі дзяцей. Пад малечу клапатліва паслалі посцілку.

Кампазітар Алесь Рашчынскі (светлая яму памяць) даводзіў у адной газетнай публікацыі, чаму для яго вайна не «Айчынная», а Другая сусветная. «Мяне не цікавіць, была «Советская Армия» падрыхтавана да вайны ці не. Яна павінна была быць падрыхтавана! Але бяда ў тым, што ўсе імперскія арміі падрыхтаваны не для абароны сваёй краіны, а для нанясення ўдару першымі. Галоўнае для мяне — тое, што гэтая армія не абараніла маю Айчыну (і маю маці) ад фашыстаў, а здала яе на тры трагічныя гады».

Ёсць такая прымаўка: дагуляліся, як цяля на вяроўцы… Шашні з нацыстамі — гандаль, эканамічная дапамога Вермахту, падрыхтоўка лётчыкаў і іншых спецыялістаў — да дабра не давялі. Усё гэта было. Існавала. Мела, як кажуць, месца. Аднак сам факт перамогі над фашызмам дазваляе замоўчваць многае, што сучаснай моладзі варта было б ведаць. Скажам, пра сумесны вайсковы савецка-германскі парад у Брэсце, здымкі якога разышліся па ўсіх тэлеграфных агенцтвах свету. Альбо пра тое, што пасля заключэння дагавору аб ненападзе міністр замежных спраў Германіі Рыбентроп атрымаў галоўную савецкую ўзнагароду — ордэн Леніна.

Замоўчваецца і многае іншае.

Але асабліва ўразіў мяне лёс генерала Нічыпаровіча.

Военачальнік з беларускім прозвішчам, У.І.Нічыпаровіч нарадзіўся ў Маскоўскай вобласці (1900–1945), быў удзельнікам грамадзянскай вайны. З 1924-га знаходзіўся на камандных пасадах у Беларускай ваеннай акрузе. Калі пачалася вайна, узначальваў механізаваную дывізію ў Гайнаўцы (былая Беластоцкая вобласць). Адступаючы, пад налётамі германскай авіяцыі, прайшоў 600 кіламетраў да Мінска. Праз лінію фронту прабіцца не змог. У занятай ворагам сталіцы сабраў групу лейтэнантаў і ў зручны момант рушыў на Рудзенск, дзе на той час ужо дзейнічала некалькі атрадаў. З камандзірам Сяргеевым адбылася такая прыблізна гаворка: «Дзе твая дывізія, палкоўнік?» — з’едліва спытаў Сяргееў. — «Там, дзе і тваё НКВД», — «Маё НКВД пры мне», — запярэчыў камандзір атрада. (Атрад сапраўды складаўся з супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі.)

Агульнай мовы афіцэры не знайшлі, і Нічыпровіча ўзялі простым байцом у атрад Пакроўскага, былога старшыні Клічаўскага райкома партыі. Калі атрад трапіў у аблогу, палкоўнік прапанаваў план дзеянняў. Дзякуючы гэтаму плану, партызанам удалося адбіцца практычна без стратаў, затое немцы страцілі 70 забітымі. Пасля бою адбылося аб’яднанне двух атрадаў, і партызаны выбралі Уладзіміра Іванавіча сваім камандзірам. Узбуйнены атрад ён назваў у гонар сваёй дывізіі 208-м партызанскім палком.

З аб'яднанага атрада пад кіраўніцтвам палкоўніка Нічыпаровіча сышоў Сяргееў з 16-ю супрацоўнікамі НКУС/ Пакроўскі зрабіўся камісарам атрада, аднак затаіў крыўду. І сышоў пазней, з 80-ю партызанамі. Пакроўскі стварыў асобны атрад  — «За Савецкую Беларусь».

Камандзірскі талент Нічыпаровіча яскрава праявіўся падчас славутага Клінкоўскага бою ў сакавіку 1942-га (Чэрвеньскі раён). Падчас блакады на 500 партызан кінулі тры палкі — СС, казацкі і артылерыйскі, а таксама танкавую роту і пяць самалётаў. У выніку трохдзённага бою (па іншых звестках, бой ішоў да пяці дзён) эсэсаўцаў рассеялі, казацкі полк — пабілі, нямецкія гарматы — забралі, танкі папалілі і збілі адзін самалёт. Страты ў жывой сіле былі мінімальныя: 36 параненых і 6 забітых.

Палкоўнік аб’яднаў партызанскія сілы Клічаўскага раёна, узначаліў аператыўны цэнтр брыгады. Поспехі палкоўніка ацаніла вышэйшае камандаванне: яго ўзнагародзілі ордэнам Леніна. Між тым Панцеляймону Панамарэнку пайшлі даносы: маўляў, Нічыпаровіч ігнаруе ролю камуністычнай партыі: уласным загадам па 208-м палку абвясціў у раёне Савецкую ўладу… А роля партыі — дзе? Ён што, вышэй за партыю?

Партызанскага камандзіра адклікалі ў Маскву. Званне генерал-лейтэнанта і вучоба ў Акадэміі Генштаба не перашкодзілі арышту. Пачаліся допыты на Лубянцы, абвінавачванні ва ўсіх грахах, нават у правале мінскага падполля. Генерала не пазбавілі звання і ўзнагарод, але пакінулі ў турме да вызвалення тэрыторыі і «высвятлення акалічнасцей». Чырвоная Армія з баямі падступала да Берліна, а справай рэпрэсаванага ніхто не займаўся. Тады генерал абвясціў галадоўку. «Захочет есть — покушает», — па-філасофску адрэагаваў галоўнакамандуючы. Так страцілі перспектыўнага военачальніка, які мог сумесна з Жукавым штурмаваць клятыя Зеелаўскія вышыні. (Яны, дарэчы, лічыліся сябрамі.) Ці было б столькі ахвяр у гэтай вайне, каб не тысячы замардаваных і расстраляных у 30-я гады камандзіраў?

Былыя партызаны — хто з Нічыпаровічам ваяваў — плакалі, успамінаючы свайго камандзіра. Сярод іх — Барыс Хаймовіч, які першы вывеў у лес падпольную групу з мінскага гета. А пераказаў мне ўспаміны бацькі-камісара паэт Фелікс Баторын.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: