Язэп Барадзюля — рэпрэсаваны беларускі святар, які выжыў

4 верасня 1893 года нарадзіўся беларускі каталіцкі святар Язэп Барадзюля, які 25 гадоў свайго жыцця правёў у савецкіх лагерах і высылках. Барадзюля ўвайшоў у кола заснавальнікаў «Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці», з якой пасля выйшла «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Сузаснавальнік БХД ксёндз Адам Станкевіч у сваім дзённіку ў 1947 годзе напісаў пра Барадзюлю наступнае: «Ксёндз Язэп Барадзюля, беларус з Віцебшчыны, застаўся поўны веры і добрых надзей. Мучанік, сапраўды Бог з гэтым чалавекам». Каб пераканацца ў гэтых словах, дастаткова даведацца ўсяго сем фактаў пра святара…

1. Беларус, які абраў служэнне на малой радзіме замест вучобы ў Польшчы

Язэп Барадзюля паходзіць з вёскі Козікі, што знаходзіцца цяпер у Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці. Вучыўся ён у народнай школе, потым — у Віцебскім гарадскім вучылішчы. У 1917 годзе Барадзюля скончыў Магілёўскую рыма-каталіцкую семінарыю, якая тады знаходзілася ў Пецярбургу. Пасля атрымаў накіраванне ў Пецярбургскую духоўную рыма-каталіцкую акадэмію, дзе прабыў да 1919 года, пакуль установу не ліквідавалі. Згодна з Рыжскай дамовай яна была перанесена ў Люблін.

Аднак Барадзюля не паехаў вучыцца ў Польшчу, а прыняў прызначэнне святара ў Полацку. Сам ён патлумачыў свой выбар так: «Я беларус, які не меў нікога знаёмага ў Польшчы».

У Полацку Барадзюля праслужыў толькі 8 месяцаў. Пасля яго паставілі настаяцелем трох касцёлаў Камена-Губінскага (цяпер вёска Губіна, Лепельскі раён — аўт.), Бешанковіцкага і Ушацкага. Аднак часткова ён служыў яшчэ ў Лепельскім і Ульскім касцёле.

2. Светач для беларусаў у няпростыя часы



У Камена-Губінскі касцёл Барадзюля прыехаў у той час, калі ішла савецка-польская вайна, а само Губіна знаходзілася на нейтральнай тэрыторыі: некалькі разоў яно пераходзіла то да саветаў, то да палякаў. Мінулы пробашч касцёла, баючыся пераследу, пайшоў з польскім атрадам.

Што пабачыў айцец Язэп, калі прыехаў на новае месца службы?... Цэнтральныя дзверы касцёла былі выламаныя, кнігі і касцельныя рэчы раскіданыя па падлозе, а ўваход быў занесены снегам… Аднак званы на касцельных вежах захаваліся, таму Барадзюля са сваім бацькам па прыездзе пачаў у іх званіць, тым абвяшчаў усім, што прыехаў ксёндз. На звон збегліся людзі. І дзверы адрамантавалі, і двор расчысцілі, і прынеслі касцельныя рэчы, якія схавалі ў сябе па хатах. Святар узгадваў, што 8 снежня, на свята Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, ён адслужыў у касцёле службу з мноствам народу.

3. Выжыў пасля тыфу

У той час у ваколіцах, дзе служыў айцец Язэп, панавала эпідэмія тыфу. Хворых было шмат, таму святар пастаянна ездзіў па хатах, служыў жыхарам ваколіцы. Дзеля таго, каб выехаць у вёску і пахрысціць хворае дзіця, бывала, святар праязджаў і бальшавіцкія, і польскія кардоны. Аднойчы па вяртанні з вёскі святара затрымалі бальшавікі і абвясцілі яго польскім шпіёнам. Пашанцавала Барадзюлю толькі таму, што начальнікам атрада быў католік-мадзяр. Ён праверыў рэчы святара, дапытаў пра яго мясцовых сялян. Тыя пацвердзілі, што ён — сапраўды ксёндз. Так яго адпусцілі.

Не атрымалася пазбегнуць тыфу айцу Язэпу. На яго ксёндз захварэў у 1920 годзе, калі быў у Бешанковічах. Знаходжанне ў горадзе і выратавала Барадзюлю, бо там стаяў полк Чырвонай Арміі, дзе быў доктар. Тэмпературыў Барадзюля сем тыдняў. Рыска на тэрмометры аднойчы паказала нават 41,5 градусаў… Але ксёндз выжыў. Пэўна таму, што яго святарскі і пакутніцкі шлях тады толькі пачынаўся.

4. Не пагадзіўся на супрацу з саветамі, нават у абмен на магчымасць служэння ў касцёле

У 1925 годзе пайшла масавая хваля рэпрэсій рыма-каталіцкага духавенства. Па Барадзюлю прадстаўнікі Мінскага ОГПУ прыехалі ў канцы 1926 года. 1 студзеня 1927 яго прывезлі ў Мінск і пасадзілі ў адзіночную камеру — у падзямелле без вокнаў.

Доўгія допыты не прыносілі чэкістам чаканага выніку: Барадзюля не прызнаваў сваёй віны. Каб запалохаць і прымусіць прызнаць віну, Барадзюлю на пачатку сакавіка выклікалі з рэчамі і павезлі за горад. У маладым сасновым лесе яму загадалі капаць сабе яму. Аднак недзе праз паўгадзіны прыехаў чэкіст на матацыкле і сказаў: «Адставіць!». Разам з рыдлёўкай Барадзюлю прывезлі назад і пасадзілі ўжо ў камеру, дзе было сем чалавек.

Пасля святару прапаноўвалі супрацу з чэкістамі: абяцалі магчымасць служэння ў Мінску, зрабіць біскупам і поўнасцю забяспечыць матэрыяльна. Калі святар ад гэтага адмовіўся, то тады ўжо яму паабяцалі Салаўкі. Гэтае абяцанне стрымалі. Барадзюлю тады далі яго першыя тры гады зняволення.

5. Заставаўся пастырам і ў сталінскіх лагерах

Пасля трох гадоў асуджэння Барадзюлю з высылкі не адпусцілі: Масква вырашыла саслаць яго яшчэ на тры гады ў Архангельск. Там ён сустрэў рыма-каталіцкіх, грэка-каталіцкіх святароў і шмат ссыльных вернікаў. Айцец Язэп разам з іншымі святарамі ім служылі: хрысцілі, спавядалі, вянчалі... Калі пра гэта даведаліся ў ГПУ, то іх пагналі далей на Поўнач.

Летам 1933 года Барадзюлю вызвалілі. Ён вярнуўся ў Віцебск і мусіў стаць настаяцелем касцёлаў святога Антонія і святой Барбары. Але пражыў ён там толькі два тыдні. ОГПУ не дазволіла Барадзюлю працаваць пробашчам і імкнулася схіліць яго да супрацы, на якую ксёндз не пагадзіўся. Напрыканцы таго ж года яго зноў выслалі ў Архангельск — у новую высылку тэрмінам на тры гады. Праўда, праз тры гады ён не выйшаў: святара асудзілі зноў і адправілі ў Нарыльск. У 1939 годзе яго зноў асудзілі і далі сем гадоў лагераў…

Нягледзячы на тое, што працаваў ён у высылках у розных месцах, але заставаўся да канца верным свайму святарскаму пакліканню.

Некаторы час Барадзюля працаваў фельчарам у бальніцы. Да яго звярнуўся адзін крымінальнік і папрасіў, каб Барадзюля даў яму 300 грамаў спірту. Святар, вядома, яму адмовіў. І асуджаны данёс кіраўніцтву, што Барадзюля ў бальніцы спавядае хворых. Святара знялі на агульныя працы. Аднак Барадзюля звярнуўся да начальства з просьбай разабрацца. Праверылі. Выйшла, што ва ўсёй бальніцы не было ніводнага каталіка і нават праваслаўнага, а толькі магаметане, будысты, яўрэі. Даносчыка пакаралі цяжкімі работамі, а Барадзюля застаўся на сваёй працы — да мая 1945 года. А ў 1946 года ён атрымаў паперы аб вызваленні.

З той прычыны, што касцёлаў у Віцебску ўжо не было, Барадзюля паехаў у Рыгу. Спачатку ксёндз служыў у Даўгаўпілсе, а з 1947 года — у Пасіене Лудзенскага дэканату ў Латвіі. Праўда, праслужыў тут нядоўга — да 7 лістапада 1949 года, пакуль яго зноў не арыштавалі…

На гэты раз святара асудзілі на пажыццёвую высылку ў Краснаярскі край. Жыў ён у былой лазні ў сяле, якое складалася з сялянаў-беларусаў, якія выязджалі на пасяленне ў Сібір у пошуках лепшай долі. Кожны дзень ён мог дазволіць сабе служыць імшу. Там Барадзюля і даведаўся аб смерці Сталіна. У кастрычніку 1954 года святар выехаў з Сібіры і атрымаў прызначэнне стаць пробашчам у Піедруі Браслаўскага дэканату.

6. Святар, якога суправаджалі цуды


Тыя, хто былі знаёмыя з Барадзюлем пры жыцці, узгадвалі, што ў яго быў абраз з выявай Хрыста, які ён захоўваў да канца сваіх дзён. Сам святар успамінаў, што знайшоў яго ў 1958 годзе. Гэта быў абраз Хрыста ў акруглай раме. Справа ў тым, што ў найгоршыя свае часы, часы адчаю, яму прысніўся сон з гэткім самым абразом.

Гэта было ў 1938 годзе, якраз напярэдадні чарговага прысуду. Тады Барадзюля знаходзіўся ў роспачы. Ксяндзу прыснілася, што ён горка моліцца і бачыць срэбны крыж, на паласе якога намаляваныя лічбы: 84 і 58. А над дзвярыма ў акруглай раме вісіць абраз Хрыста. Перад гэтым абразом у сне святар і маліўся. Тады ён пачуў словы: «Злітуюся над табой! Злітуюся над табой!»

У хуткім часе пасля візіі святара зноў арыштавалі і пасадзілі на чатыры месяцы ў турму. Увесь гэты час ксёндз разважаў над тым, што б маглі азначаць тыя лічбы… І толькі 26 лістапада 1939 года, калі яго асудзілі, ён зразумеў значэнне лічбаў. Асудзілі яго на сем гадоў турмы (84 месяцы) па 58 артыкуле. Так, гэты сон падмацаваў святара ў тым, што ён вытрымае ўсе цяжкасці, якія яго яшчэ чакаюць наперадзе.

7. Той, які выжыў

Пасля свайго вызвалення айцец Язэп нядоўга змог паслужыць святаром. У 1958 годзе яму забаранілі адпраўляць імшу ў касцёле. «Цяпер мяне ўжо не судзілі і не ссылалі, а толькі паралізавалі маю духоўную дзейнасць ды ізалявалі ад службы ў касцёле», — узгадваў тыя часы Барадзюля.

Забарона на служэнне дзейнічала дваццаць гадоў. І толькі 13 сакавіка 1978 года ўпаўнаважаны па справах рэлігіі ў Рызе дазволіў ксяндзу служыць у касцёле. Язэпу Барадзюлю тады споўнілася 85 гадоў, ён стаў служыць у касцёле святога Альберта ў Рызе. У шасцідзясятых гадах па загадзе Генеральнага Пракурора Масквы ўсе справы Барадзюлі былі ануляваны. Гэта азначала, што ксёндз быў асуджаны незаконна.

Але ксёндз Барадзюля выжыў. Хоць дваццаць пяць гадоў свайго жыцця правёў у высылках. Сам Барадзюля пісаў, што ўсе гэтыя гады зняволення і пераследу яму дапамагалі трымацца словы яго бацькі. З ім ксяндзу дазволілі перасячыся на вакзале ў Віцебску, калі яго першы раз этапам адпраўлялі на Салаўкі: «Бацька не плакаў, не паказваў сваіх пакутаў і трымаўся бадзёра. А на развітанне сказаў: "Там, куды цябе вязуць, сонца свеціць?" Адказваю: "Свеціць". — "А вада таксама ёсць?" Адказваю: "Ёсць!" — "Значыць, сонца свеціць, вада ёсць, а пайку хлеба, ведаю, даюць і катаржнікам. Але ты не катаржнік... Я ведаю: ты не вінаваты... Значыць, жыць можна!" Гэтыя ж бацькоўскія словы сталі для мяне праграмай і яркай пуцяводнай зоркай легендарнага жыцця. У самыя цяжкія і крытычныя моманты я казаў сам сабе: "Сонца свеціць? Свеціць! Вада ёсць? Ёсць! Пайку далі? Далі... Жыві!" І выжыў».

У вечнасць Язэп Барадзюля адышоў, калі яму споўнілася дзевяноста гадоў. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: