Ён мог апынуцца ў Курапатах

Памятаеце знакамітую даваенную савецкую браму ў Коласава з надпісам «Прывітанне працоўным Захаду»? 3 1924 года такога кшталту брамы стаялі на ўсіх савецкіх памежных чыгуначных пераездах і КПП. Яны заклікалі замежнікаў ехаць у «імперыю Сталіна», дзе кожны меў працу і мог бясплатна вучыцца.

Брама ў Ліпенях пад Заслаўем

У існаванне савецкага «раю на Зямлі» верылі і шматлікія жыхары Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. Нацыянальны ціск з боку польскіх уладаў, эканамічныя праблемы на «крэсах» прымушалі шматлікіх беларусаў папаўняць шыхты падпольнай КПЗБ ці бегчы за мяжу. Да таго ж, праз той кардон, нягледзячы на памежныя пасты, было няцяжка прайсці.

Асабліва шмат беларусаў пабегла ў БССР у канцы лета 1939 года, калі стала зразумела, што вайны з Германіяй Польшчы не пазбегнуць. Атрымаўшы позвы, большасць нашых суайчыннікаў збірала рэчы і ішла ў мабілізацыйныя камісіі, каб трапіць у Войска Польскае. Аднак былі і тыя, хто не хацеў бараніць «белага арла». Сярод апошніх аказаўся і ўраджэнец мястэчка Крэва 28-гадовы Іван Рапацэвіч. «Летам 1939 года польскія ўлады аб’явілі прызыў моладзі ў войска. Польшча рыхтавалася да вайны з Германіяй. Я таксама атрымаў позву. [...] Ухіляючыся ад службы ў польскім войску, шмат хто сыходзіў праз мяжу ў Савецкую Расію. [...] Не было вёскі, з якой нехта не накіраваўся б у Саюз», — узгадваў ва ўспамінах Іван Мікалаевіч.

Абвяшчэнне Мабілізацыі, жнівень 1939 года

Усеагульная мабілізацыя на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай пачалася ў 20-х днях жніўня 1939 года. Большасць мужчынскага насельніцтва Польшчы атрымала позвы (так званыя «карткі»), і на падставе іх павінна была з’явіцца на прызыўныя пункты. Аднак рабілі гэта не ўсе. 21 жніўня 1939 года Рапацэвіч са сваім сябрам Вінцэнтам Грынкевічам дабраліся да дзяржаўнай мяжы паміж Польшчай і БССР. Вось яны, бела-чырвоны польскі і чырвона-зялёны савецкі памежныя слупы. Прамяні сонейка на савецкім гербе быццам заклікаюць ісці наперад, у «першую краіну працоўных і сялян». Пералезлі праз калючы дрот — і бягом наперад. Ззаду засталося мястэчка Радашковічы, наперадзе савецкая вёска Чыравічы. «Мы ж да сваіх ідзем, да беларусаў. Урэшце, зразумеюць, што не хочам мы “за паноў і буржуяў” ваяваць. Хочам вучыцца ў беларускім універсітэце і служыць у непераможнай Чырвонай Арміі», — прыкладна так разважалі крэўскія хлопцы, калі падышлі да брамы з надпісам па-руску «НКВД БССР Пограничная застава».

«Кто такие, а ну руки вверх», — пачуліся крыкі з боку жаўнераў у зялёных фуражках. «Браткі, свае мы, беларусы. Польшча з германцам ваяваць збіраецца, а мы не хочам за іх гінуць», — закрычалі перабежчыкі. «Молчать. Под арест их», — загадаў савецкі афіцэр-памежнік.

Польскія памежнікі ля памежных слупоў

Радзіма сустракае… допытамі і лагерам

Хлопцаў дапыталі на заставе і накіравалі ў Заслаўе. На працягу тыдня перабежчыкаў трымалі ў турме 15-га памежнага атрада. Некалькі разоў дапытвалі, пры гэтым асаблівы акцэнт ставілі на мэце пераходу мяжы. Афіцэр-памежнік некалькі разоў перапытваў: «Какие объекты должны были увидеть и описать? Какие данные должны были собрать для польской разведки?». «Але ж ніякіх. Атрымаў позву з польскай вайсковай мабілізацыйнай камісіі. 22 жніўня павінен быў прыйсці да іх. А там бы супраць германцаў накіравалі. А на што я буду за іх ваяваць, калі мяне польская настаўніца лінейкай за беларускую мову біла», — адказваў на допыце Рапацэвіч.

Савецкі памежнік ля брамы ў Коласава

Праз тыдзень хлопцаў з Крэва павезлі ў турму ў Мінск. «Мяне размясцілі ў камеры, што была ў падвале. Грынкевіча павялі далей па калідоры — і больш я яго не бачыў», — узгадваў пазней Іван Мікалаевіч. У невялікай камеры сядзелі 22–23 чалавекі. Людзей было вельмі шмат, таму адпачывалі яны па чарзе. Пакуль адны спалі, іншыя вымушаныя былі стаяць. Умовы знаходжання былі жудаснымі. Галіцца і мыцца не давалі. За ўвесь час знаходжання яго толькі два разы выводзілі на шпацыр. Па некалькі разоў на тыдзень ноччу перабежчыка выводзілі на допыты. «Канвойны адчыняў акенца камеры і называў толькі першую літару прозвішча чалавека. Калі трэба, дадаваў імя і прозвішча», — распавядаў Рапацэвіч.

«Данные о каких военных объектах ты должен был собрать? Нам известно, сволочь панская, зачем ты сюда пришел. Отвечай на вопрос, тебе же легче будет», — крычаў на жыхара Заходняй Беларусі следчы. Рапацэвіч маўчаў, і яго пачалі біць. На допыце прысутнічала пяць (!) следчых. Білі ўсе. Потым збітага хлопца падымалі на ногі, уключалі ў твар лямпу, і адзін са следчых ціхім голасам пытаў: «Какое задание ты получил от польской разведки и сколько денег за это тебе отвалили твои хозяева». «Але ж пан, ой, таварышч…Грамадзянін следчы, я ж кажу, што пры Польшчы нацярпеўся і ніколі б, ні за якія грошы не пайшоў бы на іх працаваць. Я хачу быць савецкім грамадзянінам», — выціраючы кроў з разбітых носа і рота казаў Мікалай. «Твое место в земле, гад ползучий», — закрычаў у адказ следчы.

«Следства» працягвалася да глыбокай восені 1939 года. Знясілены хлопец не вытрымаў катаванняў і… «прызнаўся» ў супрацы з польскай выведкай, а таксама падпісаў усе пратаколы допытаў, якія «згатавалі» нкусаўцы. «Разам са мной у камеры сядзеў Бесараб Мацвей Іванавіч з Навагрудскага раёна. Ён застаўся жывы. […] А вось Якімовіч Серафім Рыгоравіч ці ацалеў, не ведаю. З намі сядзелі два польскія памежнікі. […] Прозвішча аднаго я памятаю — Ермашэвіч з Берасцейскай вобласці. Было два латышы, але прозвішчы іх я не памятаю. І адзін румын, які ад допытаў звар’яцеў. А так, у асноўным, у камеры былі заходнія беларусы, усе маладыя мужчыны. […] Мы ведалі такое правіла: калі канвойны казаў збірацца з рэчамі, значыць, гэты арыштант да нас у камеру ўжо больш не вернецца. Сярод зняволеных ішлі тады размовы, што тых, хто сыходзіў “з рэчамі”, вывозілі на расстрэл у Зялёны Луг», — узгадваў Іван Рапацэвіч.

1 лістапада 1939 года адбыўся суд Вайсковага трыбунала Беларускай вайсковай акругі. Дзяржаўным абвінаваўцам быў афіцэр НКУС Тарасенка. Ні сведкаў, ні адваката на працэсе не было. Жыхара мястэчка Крэва Віленскага ваяводства Польшчы Івана Рапацэвіча абвінавацілі ў злачынствах, прадугледжаных артыкуламі 120 і 68а Крымінальнага кодэкса БССР — парушэнне мяжы і збор выведвальных дадзеных. Абвінавачанні былі цяжкія, аднак цвёрдасць заходнебеларускага хлопца падчас допытаў захавала яму жыццё. У выніку Рапацэвіч быў прысуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі ў ГУЛАГу.

Хутка беларуса накіравалі ў лагер у Свярдлоўскай вобласці.

Памежнікі 15-га атрада з Заслаўя

З лагера на фронт

12 жніўня 1941 года быў выдадзены Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прадастаўленні амністыі польскім грамадзянам, якія ўтрымліваліся ў зняволенні на тэрыторыі СССР, паводле якога ўсе польскія «ваеннапалонныя» і грамадзянскія асобы, якія знаходзіліся ў савецкіх лагерах, турмах ці ў спецпасяленнях, былі вызваленыя. У верасні 1941 года Іван Рапацэвіч атрымаў свабоду, і зімой таго ж года Свярдлоўскім гарадскім вайсковым камісарыятам ён быў прызваны ў Чырвоную Армію.

У складзе савецкага войска беларус з Крэва прайшоў усю вайну. 23 сакавіка 1945 года Іван Мікалаевіч быў прадстаўлены да ўзнагароджання медалём «За Адвагу». «У баі на поўдзень ад мястэчка Яўнпілс Латвійскай ССР камандзір гарматы 2-й батарэі чырвонаармеец Рапацэвіч Іван Мікалаевіч знішчыў два зянітных кулямёты, да 10 жаўнераў і афіцэраў праціўніка, чым забяспечыў паспяховае выкананне баявога задання», — адзначалася ў узнагародным лісце. Акрамя гэтага жаўнер атрымаў некалькі медалёў за вызваленне гарадоў.


«Пасля вайны, калі я вярнуўся дадому, да мяне кожны дзень прыходзілі сваякі тых, хто пайшоў праз мяжу, і пыталі пра лёс сваіх. Але па сёння пра іх нічога не вядома. Я лічу, што яны расстраляныя ў Курапатах. Увогуле, калі праверыць усе нашы мясцовыя вёскі, то можна вызначыць тысячы людзей, якія тады перайшлі савецка-польскую мяжу і больш не вярнуліся», — адзначаў ветэран.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: