«Ёсць homo sovieticus, якія проста не даюць нічому развівацца»

Як прадпрымальнік аднаўляе старажытную сядзібу заснавальніка Віцебскага батанічнага саду, каб стварыць там культурны цэнтр.

Сядзіба Уладзіміра Адамава ў Вялікіх Лётцах

Інвестпраект даводзілася перапісваць некалькі разоў

Даехаць да вёскі Вялікія Лётцы, дзе размяшчаецца колішняя сядзіба слыннага батаніка Уладзіміра Адамава, можна з Віцебска аўтобусам, ці электрычкай, але тады да месца прызначэння яшчэ некалькі кіламетраў давядзецца дабірацца пешкі. На шчасце, ля чыгуначнай станцыі мяне сустракае сённяшні ўласнік сядзібы Максім Жукаў з сынам, і за лічаныя хвіліны на машыне мы дабіраемся да маёнтка.

З дарогі сядзібны дом адразу не ўбачыш: ён хоць і ўражвае сваімі памерамі — двухпавярховая будыніна з дзясяткамі вокнаў, — але нібыта прыхаваны ў ценю раскідзістых дрэваў, бліжэй да возера Лётцы. Сапраўды, райскае месца для закладкі батанічнай калекцыі.

Максім — з тых, хто мала гаворыць, але шмат робіць. Пошукі месца для культурніцкай пляцоўкі ён пачаў год 10 таму. У 2017-м выпадкова даведаўся пра Адамаўскі фэст — прысвечанае вядомаму земляку свята, якое штолета праводзіцца ў Вялікіх Лётцах. Падчас яго ладзіліся розныя імпрэзы, у тым ліку экскурсія па мястэчку, дзе можна было ўбачыць старажытную брукаванку, якая злучала Полацк з Пецярбургам, і 300-гадовы дуб, а таксама сядзібу батаніка, чыя калекцыя паклала пачатак Віцебскаму батанічнаму саду.

«Нягледзячы на тое, у якім стане быў дом, месца мне вельмі спадабалася, — кажа Максім Жукаў. — Але тады аказалася, што сядзібу ўжо нехта набыў за адну базавую. А потым я даведаўся, што гэты чалавек не справіўся з умовамі — ён павінен быў за тры гады зрабіць з сядзібы жылы дом. Нічога не атрымалася, і мы пачалі працэдуру перадачы маёнтка».

Максім Жукаў

Максім Жукаў

Бюракратычна-папяровая цяганіна доўжылася восем месяцаў. Максім распавядае, што даводзілася шэсць ці сем разоў перапісваць інвест-праект: чапляліся то да непастаўленай коскі, то да сумы, якую прадпрымальнік збіраўся ўкласці ў рэнавацыю сядзібы і якая, на думку чыноўнікаў, была замалой. Многія б даўно махнулі рукой, але Максіма цяжкасці не спынілі. Нарэшце сёлета ў лютым асноўныя дакументы былі атрыманыя і, як кажа шчаслівы ўладальнік сядзібы, пачалася расчыстка аўгіевых стайняў.

«Увесь дом і тэрыторыя побач уяўлялі сабой аграмадны сметнік», — узгадвае Максім, які ўжо павывозіў большую частку ўсялякай старызны і ламачча. За тры месяцы было сабрана больш за 50 мяхоў смецця, тона металалому і безліч драўляных канструкцый ды старой савецкай мэблі.

Яшчэ не ўсё ламачча вывезлі з сядзібы

Яшчэ не ўсё ламачча вывезлі з сядзібы

На тэрыторыі маёнтка мясцовыя жыхары паспелі не толькі зрабіць сметнік, але і самавольна ўзвесці гаспадарчыя пабудовы. Цяпер Максім спрабуе дамовіцца, каб гаспадары збудаванняў прыбралі іх. Дарэчы, ініцыятыву стварэння культурнага цэнтру ў сядзібе большасць мясцовых успрыняла пазітыўна.  

Гаспадарчыя пабудовы мясцовых жыхароў на заднім двары сядзібы

Гаспадарчыя пабудовы мясцовых жыхароў на заднім двары сядзібы

Асноўную частку працаў Максім выконвае самастойна, хаця на сядзібе ладзілася некалькі суботнікаў, падчас якіх валанцёры вычышчалі тэрыторыю будучага культурнага комплекса. Вялікі ўнёсак па добраўпарадкаванні дома Адамава зрабілі і супрацоўнікі мясцовага дзіцячага дома — будынак сядзібы таксама некалі быў яго часткай, пакуль летась у верасні яго не закрылі.

Гісторыя ў палову тысячагоддзя

Упершыню Лётцы ўзгадваюцца як маёнтак Ляцецкіх (гербу «Ліс») у 1527 годзе, калі тыя судзіліся са сваякамі за адну з вёсак. Увогуле людзі сяліліся тут, прынамсі, ужо ў Х стагоддзі — на супрацьлеглым ад сядзібы беразе возера Лётцы захавалася старажытнае гарадзішча.

У ХІХ стагоддзі ўладальнікам маёнтка стаў пецярбургскі генерал Шварц. Меркавана, пасля паўстанняў 1830-31 і 1863-64 гадоў Лётцы адабралі ў мясцовых гаспадароў і перадалі расійскаму генералу, які асабліва адзначыўся ў службе, але дакументальных пацверджанняў гэтаму пакуль няма. Дачка Шварца паўторна выйшла замуж за чалавека з прозвішчам Адамаў, і яе сын, той самы батанік, пераехаў з Пецярбурга ў Лётцы на сталае месца жыхарства.

У маёнтку Уладзімір Адамаў заклаў вялікі батанічны сад, дзе налічваліся сотні відаў раслін, у тым ліку рэдкіх, многія з якіх прывозіліся з-за мяжы. Па спуску да возера ад сядзібы размяшчаліся тэрасы, таксама засаджаныя раслінамі. Тыя тэрасы, а таксама некаторыя віды раслін, яшчэ захаваліся. А з параднага боку сядзібы знаходзілася серыя каскадных сажалак — з іх засталася толькі адна, дый тая нагадвае цяпер зарослы пажарны вадаём.

Што да сядзібнага дома, ён шматкроць перабудоўваўся, у тым ліку глабальна. Асноўны яго масіў быў пабудаваны ў ХІХ стагоддзі, хаця ўсярэдзіне будынка выразна бачная больш старажытная частка са спічастымі скляпеннямі, якая датуецца ХVІІ стагоддзем.


Спічастыя скляпенні сведчаць, што гэтая частка дома была пабудаваная напрыканцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя

Драўляны другі паверх — таксама арыгінальны, з ХІХ стагоддзя. Апроч таго ў будынку ёсць сутарэнні, куды вядзе падземны ход, настолькі вялікі, што харчы для захавання туды можна было завозіць вазамі. Да 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя на другім паверсе сядзібы яшчэ быў балкон, які трымаўся на чатырох калонах, але нейкі мясцовы заггас іх знішчыў.

У будынку можна ўбачыць некалькі арыгінальных комінаў (меркавана, у доме было чатыры печы), ляпніну і разеткі на столі, а таксама самую першую фарбу і накат на сценах — аналаг сучасных шпалераў.


Калі ў 1917 годзе ўсталявалася савецкая ўлада, да Адамава падсялілі беспрытульнікаў. Яшчэ да рэвалюцыі ў доме была каналізацыя, гарачая і халодная вада, і батанік скардзіўся, што новыя суседзі забілі яму ўсе ватэр-клазеты. А ў 1920-х гаспадара ўвогуле вышчамілі з уласнага дома, і ён мусіў з'ехаць спачатку ў Мінск, а потым у крымскую Нікіту, дзе зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё знакамітага Нікіцкага батанічнага саду.

Пасля ў сядзібным доме размяшчаўся дзіцячы дом, потым — інтэрнат для яго супрацоўнікаў. Апошнія больш за дзесяць гадоў будынак пуставаў і разбураўся.

У будучыні Максім плануе стварыць у сядзібе гістарычную экспазіцыю, хаця пакуль, прызнаецца, не было часу даследаваць архівы. Але і тое, што ёсць — копіі дакументаў з адкрытых крыніц, а таксама знойдзеныя падчас расчысткі кафлі з печаў — можа стаць пачаткам калекцыі.  

«Спадчына» з савецкіх часоў

Калі ўмовы не будуць выкананыя, сядзібу забяруць

Інвестпраект Максіма па рэнавацыі сядзібы Адамава разлічаны на тры гады. Потым камісія з райвыканкама вызначыць, ці выкананыя яго ўмовы. Калі так, то сядзіба застанецца ва ўласнасці прадпрымальніка, калі не — яе забяруць і яшчэ дадуць штраф. Таму пакуль планы на будучыню Максім будуе асцярожна і далей за бягучы рамонт і расчыстку прысядзібнай тэрыторыі стараецца іх не агучваць.

За апошні месяц у сядзібе падключылі электрычнасць, цяпер праводзяць ваду. Для гэтых мэтаў на платформе Ulej.by быў абвешчаны краўдфандынг, у якім вы яшчэ можаце паспець паўдзельнічаць: да завяршэння кампаніі засталося менш за два тыдні, а сабрана толькі палова ад патрэбнай сумы. Калі яе не збяруць, грошы альбо давядзецца вярнуць назад ахвярадаўцам, альбо даплаціць з уласнай кішэні, каб можна было забраць ахвяраванні і пусціць іх у справу. Максім схіляецца да другога варыянту і прызнаецца, што вялікага поспеху ад краўдфандынгу не чакаў.

У будучыні сядзіба можа стаць добрым турыстычным аб’ектам. Апроч штогадовага Адамаўскага фэсту (сёлета ён адбыўся 16 чэрвеня) тут плануецца ладзіць опэн-эйры з выступленнямі музыкаў, фотавыставамі, майстар-класамі рамеснікаў і многім іншым. У планах таксама — зрабіць спуск да возера і ўладкаваць пляж з пірсам і лодкамі. Але ўсё гэта патрабуе шматлікіх дазволаў і ўкладанняў, таму магчыма будзе хіба ў далёкай перспектыве.

Бліжэйшую ж імпрэзу ў Вялікіх Лётцах мяркуюць правесці 14 ліпеня — хацелася б зладзіць канцэрт і выставу, праўда, фармат яшчэ ўдакладняецца. Да таго ж яшчэ дакладна не вядома, ці адбудзецца мерапрыемства: пакуль ідуць перамовы з мясцовай міліцыяй наконт аплаты яе паслуг па ахове парадку.  

Максім Жукаў з сынам на фоне сцэны, дзе праходзіў канцэрт падчас Адамаўскага фэсту

Максім Жукаў з сынам на фоне сцэны, дзе праходзіў канцэрт падчас Адамаўскага фэсту

Затое без усялякіх дазволаў можна арандаваць адну з залаў сядзібы і праводзіць там свае мерапрыемствы і майстар-класы — тым больш, што частку неабходнага абсталявання для гэтага тут гатовыя прадаставіць.

Дапамагчы ініцыятыве можна не толькі фінансава. Гаспадар запрашае ўсіх ахвотных у любы час прыязджаць у Вялікія Лётцы і ладзіць летнікі па расчыстцы тэрыторыі ад хмызняка і смецця: на заднім двары ёсць месца для намётаў і мангалаў, хутка можна будзе начаваць і ў спальніках у сядзібным доме. Свежае паветра і возера — выдатныя бонусы да працы па аднаўленні гістарычнага аб’екта. Калі вы прагнеце спрычыніцца да годнай справы, звяртайцеся да Максіма Жукава па тэлефоне +375333088088.

Возера Лётцы з боку сядзібы

Возера Лётцы з боку сядзібы

Аднаўляць гісторыю нягледзячы ні на што

Пра тое, каб зарабляць на сядзібе, прадпрымальнік пакуль нават не думае. Сродкі, якія плануецца атрымліваць з мерапрыемстваў у маёнтку, будуць ісці на яго падтрымку. Максім смяецца, што тут ён толькі «прасаджвае» грошы, якія зарабляе на асноўнай працы. У звычайным жыцці гаспадар сядзібы — гукарэжысёр, займаецца продажам і арэндай прафесійнай гукавой апаратуры і арганізуе канцэрты ў віцебскіх клубах.

На пытанне, ці не страшна было брацца за рэнавацыю сядзібы, разумеючы, колькі высілкаў давядзецца на гэта пакласці, Максім адказвае па-філасофску: «Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць».

Інтэр'еры сядзібы

Хаця нават атрымаць ва ўласнасць занядбаны, нікому не патрэбны будынак аказалася не такой лёгкай справай. Спачатку Максім думаў узяць закінуты будынак былой пошты, але яму сказалі, што там размяшчаюцца два транспартныя прадпрыемствы (пабачыўшы гэтае збудаванне, шчыра магу сказаць, што там могуць размяшчацца хіба што павукі ды падобныя да іх насельнікі закінутых дамоў). Таксама разглядаў магчымасць давесці да ладу руіны былой вадацяжнай станцыі на іншым беразе возера, але і яна нібыта выкарыстоўвалася мясцовай ЖКГ. Максім кажа, што так паўсюль: лепей няхай разбураецца, чым людзі возьмуць і адновяць.

«Такое наплявальніцкае стаўленне, бо адбываецца поўная дэградацыя сельскага насельніцтва. Ды і гарадское насельніцтва не ведае сваіх дзядуль-бабуль, не кажучы ўжо пра тое, што было раней, — разважае суразмоўца. — Ёсць homo sovіeticus, якія проста не даюць нічому развівацца. Няхай лепш усё разваліцца, але ты не будзеш тут ні культуру несці, ні грошы зарабляць, ні раскрываць гісторыю гэтых мясцін, каб людзі даведваліся, што Беларусь была калісьці моцнай еўрапейскай дзяржавай, а не прыдаткам усходняй імперыі, а беларуская мова існуе больш за паўтысячагоддзя, і гэта не дыялект рускай».

Зрэшты, Максім нават рады, што яму ўдалося атрымаць не будынак былой пошты, хоць з ім праблем і выдаткаў было б менш, а сядзібу.

«Калі ведаеш, што на гэтым месцы людзі жывуць як мінімум паўтысячы гадоў, хочацца аднаўляць яго гісторыю, і гэта зусім іншыя эмоцыі. У Чэхіі тысячы замкаў — а ў нас усё разбурана, хаця таксама так было. Таму падобныя збудаванні, якія засталіся ад нашай гістарычнай спадчыны, вельмі каштоўныя, бо захаваліся ў арыгінале», — перакананы Максім Жукаў.


Шкада, што гэтага не разумее дзяржава, думала я, ад'язджаючы з Вялікіх Лётцаў. І ў той жа час цешылася: падобна, што гэтым разам гістарычная спадчына трапіла ў надзейныя рукі, і сядзіба Адамава будзе адноўленая для нашчадкаў. І кожны з нас можа зрабіць для гэтага свой пасільны ўнёсак, праўда ж?




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!